ПАНГЕ́Я (ад пан... + грэч. gē зямля),

старажытны гіганцкі суперкантынент, які аб’ядноўваў усе сучасныя кантыненты і ў геал. гісторыі Зямлі існаваў тройчы: П. 0, П. 1, П. 2.

Познаархейская кратанізацыя зямной кары пачалася 3 млрд. г. назад (на мяжы ранняга і позняга архею) і завяршылася 2,7—2,5 млрд. г. назад, пра што сведчыць узрост найб. стараж. адкладаў платформавага чахла. Магчыма, у гэты час зямная кара ўтварала суцэльную абалонку, або ўсеагульнае скучванне ў канцы архею прывяло да яе канцэнтрацыі ў выглядзе суперкантынента П. 0 у адным паўшар’і і ўтварэнню першаснага акіяна ў другім паўшар’і. У пач. пратэразою ўзніклі протагеасінкліналі, якія падзялілі П. 0 на вял. колькасць протаплатформ. Развіццё раннепратэразойскіх протагеасінкліналей завяршылася пераважна да 1,8—1,75 млрд. г. назад (у канцы ранняга пратэразою). Протаплатформы апынуліся моцна спаянымі протагеасінклінальнымі складкавымі сістэмамі і паясамі тэктона-тэрмальнай перапрацоўкі з нарошчваннем кантынент. кары. Утварыўся суперкантынент П. 1. З гэтага часу на плошчы сучасных стараж. платформ усталяваўся кантынент. рэжым з пашыраным наземным вулканізмам. Існаванне П. 1, як і П. 0, пацверджана палеамагн. данымі (падабенства крывых блукання полюсаў Зямлі) і пераходнымі палеаструктурамі. У раннім рыфеі фіксуюцца пач. працэсы распаду П. 1 у вобласці Паўд.-Усх. Азіі, новаўтварэнне акіянскіх басейнаў і ўзнікненне мікракантынентаў, з перыферыяй якіх звязана станаўленне афіялітавых паясоў. У познім рыфеі адбыўся распад П. 1 на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію, узніклі планетарныя рухомыя паясы. У канцы палеазою (позняя перм) зноў аднавілася суцэльнасць кантынент. кары: Лаўразія і Гандвана разам з Кітайска-Карэйскай платформай і Паўднёва-Кітайскай платформай утварылі адзіны звышкантынент, якому А.Вегенер (гл. Вегенера гіпотэза) даў назву П. (у адрозненне ад рыфейскага суперкантынента П. 1, мае назву П. 2).

Распад П. 2 пачаўся 200 млн. г. назад у канцы трыясавага — пач. юрскага перыяду мезазойскай эры і звязваецца, паводле гіпотэзы «Новая глабальная тэктоніка», з утварэннем новай сістэмы канвекцыйных ячэек у мантыі. Гл. таксама Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НШЧЫНА, адработачная рэнта,

разнастайная дармавая прымусовая праца феад.-залежных сялян з уласнымі прыладамі працы ў гаспадарцы феадала; форма зямельнай рэнты. Неабходнасць прымусу сялян да П. абумовіла ўзнікненне і развіццё прыгоннага права. У Зах. Еўропе П. пашырылася з 8—9 ст., з 12—13 ст. выцяснялася аброкам і да 14—16 ст. знікла. У краінах Усх. і Цэнтр. Еўропы асабліва пашырылася і стала асновай прадпрымальніцкай дваранскай гаспадаркі ў 16—17 ст. Паступова скасоўвалася тут з 2-й пал. 18 ст. На стараж. рус. землях П. складвалася з часоў Кіеўскай Русі. У Еўрап. Расіі яна значна пашырылася ў 15—16 ст., у 17—1-й пал. 18 ст. разам з натуральным аброкам была асн. формай феад. эксплуатацыі прыгонных сялян, з 2-й пал. 18 ст. пераважала сярод іх павіннасцей ў паўд. чарназёмных губернях Расіі, у Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне. Працягласць П. юрыдычна не была абмежавана і дасягала 4—6 дзён у тыдзень. Указ Паўла I ад 1797 толькі рэкамендаваў памешчыкам скараціць яе да 3 дзён. Пасля адмены ў Расіі прыгоннага права (1861) П. фактычна захавалася пад назвай «здольшчыннай павіннасці» часоваабавязаных сялян да 1882, калі была юрыдычна скасавана, у форме адработак існавала да 1917.

На Беларусі вядома з 14 ст. з канчатковым усталяваннем феад. уласнасці на зямлю. Па шырылася ў 15—16 ст., калі склалася фальварковая сістэма (гл. Фальварак), якая прывяла да масавага запрыгоньвання сялян. Паводле «Уставы на валокі» 1557 (гл. таксама Валочная памера) за карыстанне валокай зямлі цяглыя сяляне павінны былі працаваць на П. 2 дні ў тыдзень, выконваць інш. феад. павіннасці (талокі, згоны); агароднікі за надзел абавязаны былі працаваць на П. 1 дзень у тыдзень. У 18 ст. П. складала 4—7 рабочых дзён у тыдзень з 0,5 цяглай валокі. На Беларусі пад уплывам паўстання 1863—64 скасавана ў 1864.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКАЯ ВАЙНА́,

узброеная барацьба народных мас (асобных сац. груп і слаёў) за вызваленне (незалежнасць) краіны ці часткі яе тэрыторыі, нац., сац. і інш. свабоды. Можа весціся супраць іншаземных заваёўнікаў і ўзбр. праціўніка ўнутры краіны, пры гэтым прымае формы нац.-вызв. ці грамадз. вайны. Мэты П.в.: знішчэнне жывой сілы, ваен. тэхнікі і матэрыяльных сродкаў праціўніка, зрыў мерапрыемстваў яго ўлад, парушэнне камунікацый, работы тылу, кіравання і інш. Асн. формы П.в.: налёты на штабы і гарнізоны праціўніка, дыверсіі, «рэйкавая вайна», знішчэнне вайск. складоў і інш. ваен. маёмасці, а пры наяўнасці буйных партыз. фарміраванняў — утрыманне тэрыторый, раёнаў, аб’ектаў і інш. (гл. Партызанская зона).

П.в. на тэр. Беларусі праходзілі ў час нац.-вызв. паўстанняў і шэрагу інш. войнаў, у т. л. ў 1812 (гл. Партызанскі рух у вайну 1812), у 1918—20 (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў час германскай і польскай інтэрвенцыі 1918—20), асабліва актыўна ў 1941—44. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну набыў ваен.-стратэг. характар, а П.в. стала важным фактарам перамогі СССР і яго саюзнікаў ў шэрагу буйных аперацый 2-й сусв. вайны, у т. л. ў Беларускай аперацыі 1944. Кіраўніцтва партыз. рухам у Вял. Айч. вайну ажыццяўлялі органы дзярж. (паліт.) улады, а таксама іх спец. органы на акупіраванай тэр. СССРЦэнтральны штаб партызанскага руху на чале з П.К.Панамарэнкам, непасрэдна на тэр. Беларусі — Беларускі штаб партызанскага руху на чале з П.З.Калініным і інш.

У гады 2-й сусв. вайны партыз. рух у шэрагу краін Еўропы і Азіі, у т. л. ў Польшчы, Югаславіі, Францыі, Грэцыі, Італіі, Кітаі, Бірме (цяпер М’янма), на Філіпінах і інш., перарос у нац.-вызв. і П.в. Пасля 2-й сусв. вайны тактыка П.в. актыўна выкарыстоўвалася ў многіх краінах (В’етнам, Лаос, Алжыр і інш.), шэрагу рэгіёнаў Азіі, Афр. кантынента і Паўд. Амерыкі як партызанамі, так і тэрарыстамі (гл. Тэрарызм).

Р.​Ч.​Лянькевіч, У.​І.​Свекла.

т. 12, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСАКА́ЛЛЯ (італьян. passacaglia, ісп. pasacalle ад ісп. pasar праходзіць + calle вуліца),

1) песня, з 16 ст. танец ісп. паходжання ў суправаджэнні гітары. Узнікла як музыка для выканання на вуліцы (адсюль назва), а таксама як інстр. ўстаўкі ў песнях і танцах. У 17 ст. ў Францыі — урачысты сольны танец 3-дольнага памеру (у оперу і балет П. ўвёў Ж.​Б.​Люлі), у Італіі спачатку як рытурнела ў сцэн. музыцы — невял. 2—3-тактавыя пабудовы ў вытрыманай акордавай фактуры з раўнамернай рытмікай.

2) Інстр. муз. п’еса.

Характэрныя рысы набыла ў Італіі ў 17 ст.: стрымана-засяроджаны, узнёслы характар музыкі, плаўны рух, умерана-павольны тэмп, 3-дольны памер са зменай гармоніі пры змене такта, прынцып варыяцый на баса астыната, што стварае драм., трагедыйны характар музыкі. Як самаст. інстр. п’еса створана Дж.​Фрэскабальдзі (1637), які ўвёў яе ў сюіту. Сустракалася ў опернай музыцы (К.​Мантэвердзі, Люлі), у інстр. найчасцей уваходзіла ў сюіту (Ф.​Куперэн) або існавала як сольная п’еса. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. — буйная, развітая форма пераважна ў арганнай музыцы ням. кампазітараў (Г.​Ф.​Гендэль, І.​С.​Бах). У 19 ст. амаль знікла. У 20 ст. ў сувязі з тэндэнцыямі неакласіцызму, павышэннем ролі поліфаніі і прынцыпу basso ostinato П. найчасцей уваходзіць у буйныя муз. формы. У рас. музыцы найб. паслядоўна і глыбока П. распрацавана ў творчасці Дз.​І.​Пастаковіча, які пашырыў рамкі жанру, выкарыстоўваў П. ў пераломных, кульмінацыйных момантах цыклічных форм як выразны маст. сродак.

У бел. музыцы жанр П. прадстаўлены ў творчасці Г.​Вагнера, Г.​Гарэлавай, Л.​Гуціна, У.​Дамарацкага, А.​Залётнева, Э.​Зарыцкага, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса і інш.

Літ.:

Бобровский В. Претворение жанра пассакальи в сонатно-симфонических циклах Д.​Шостаковича // Музыка и современность. М., 1962. [Вып. 1];

Цуккерман В.А. Анализ музыкальных произведений: Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.

А.​У.​Валадковіч.

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАРА́ЛЬ (франц. pastorale ад лац. pastoralis пастухоўскі),

у літаратуры — ідылічны твор любоўна-лірычнага характару з жыцця пастухоў і пастушак; жанравая разнавіднасць букалічнай паэзіі. Жанр. формы П. — эклога, паэма, раман, драма. Вытокі П. ў ант. паэзіі (буколікі Феакрыта, Вергілія) і л-ры ранняга Адраджэння (Ф.​Петрарка, Дж.​Бакачыо); пашырылася ў канцы 15—17 ст. (творы А.​Паліцыяна, Т.​Таса і інш.). У Расіі найб. выявілася ў творчасці М.​Карамзіна, А.​Сумарокава. Форму П. выкарыстаў у «Сялянцы» («Ідыліі») В.​Дунін-Марцінкевіч.

У музыцы П. — невял. опера, пантаміма ці балет (а таксама іх асобныя сцэны) на ідылічны вясковы сюжэт. Узнікла пад уплывам ант. паэзіі. Пастаральныя оперы пісалі Г.​Ф.​Гендэль («Ацыс і Галатэя»), В.​А.​Моцарт («Басцьен і Басцьена»), Ж.​Ж.​Русо («Вясковы чараўнік») і інш. Узор стылізацыі П. — інтэрмедыя «Шчырасць пастушкі» ў оперы «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага. Існуюць П. як вак. ці інстр. п’еса, што малюе карціны прыроды або жанравыя сцэны вясковага жыцця. Вак. П. ахопліваюць творы ад мадрыгала да сольнай песні ў суправаджэнні фп. Сольныя П. ёсць у І.​Гайдна, Моцарта, Ф.​Шуберта, Г.​Вольфа і інш. Інстр. П. ствараліся як частка канцэрта або цыклічнага твора (concerto grosso А.​Карэлі і інш.) і як самаст. творы для скрыпкі, фп., аргана. Сімф. П. часам бываюць асобнымі часткамі цыклічнага твора (3-я ч. «Фантастычнай сімфоніі» Г.​Берліёза «Сцэна ў палях») або цэлымі цыкламі («Поры года» А.​Вівальдзі, 6-я «Пастаральная сімфонія» Л.​Бетховена). Характэрныя рысы інстр. П. — плаўны, спакойны рух мелодыі, часта падвоенай у тэрцыі, вытрыманыя гукі (бурдон) у басе суправаджэння, што ўзнаўляюць гучанне нар. валынкі, рытм сіцыліяны (памер ​6/8, ​12/8). У бел. музыцы інстр. П. стварылі Э.​Зарыцкі (П.-канцэрціна для сімф. арк.), Я.​Касалапаў (для фп. ў 4 рукі), А.​Мдывані («Крэшчэнда» для валторны з камерным арк.), В.​Сярых (Пастаральная саната для флейты і фп.), А.​Чыркун (Паэма-П. для сімф. арк.) і інш.

т. 12, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОСТ ВАЕ́ННЫ,

часовае збудаванне для пераправы войск, тэхнікі і вайск. грузаў цераз перашкоды (раку, канал, роў і інш.). Узводзяць у ходзе баявых дзеянняў сіламі мостабуд. часцей з дапамогай спец. машын і механізмаў на шляхах руху, манеўраў, падвозу ці эвакуацыі. Паводле прызначэння М.в. бываюць аўтадарожныя, чыг., пешаходныя, сумяшчальныя; паводле канструкцыі — высака-, нізка- і падводныя, на жорсткіх апорах, зборна-разборныя шматразовага выкарыстання, камбінаваныя, механізаваныя, наплаўныя масты і інш.

Вядомы з глыбокай старажытнасці. Напр., у 5 ст. да н.э. наплаўныя масты пабудаваны персамі цераз праліў Басфор і р. Дунай у час вайны са скіфамі; у 1 ст. да н.э. мост на палях даўж. 600 м цераз р. Рэйн узведзены ў час паходу Юлія Цэзара на германцаў. Першы ў Кіеўскай Русі М.в. ў 12 ст. будавалі цераз р. Дняпро; у 14—17 ст. такія масты наладжвалі цераз Нёман, Зах. Дзвіну і інш. ў час войнаў, якія вяліся ў ВКЛ. У пач. 17 ст. ў нідэрландскай арміі з’явіліся пантонныя паркі (гл. таксама Пантон), у Расіі — у 18 ст.; шырока выкарыстоўваліся ў час вайны 1812 франц. і рас. войскамі, у т. л. на тэр. Беларусі. Хуткае ўзвядзенне 26 11.1812 двух М.в. (даўж. каля 110 м, шырыня больш за 3,5 м) цераз р. Бярэзіну дазволіла Напалеону пазбегнуць поўнага знішчэння ўсёй арміі, выратаваць гвардыю і значную частку баяздольных войск. У 1-ю сусв. вайну ў англ. арміі ствараліся спец. масты для праходу танкаў на полі бою. У 2-ю сусв. вайну сав. войскі будавалі пераважна наплаўныя і нізкаводныя, для пераадолення шырокіх рэк (Дняпро, Нёман, Вісла і інш.) наводзілі камбінаваныя і высакаводныя масты.

У 2-й пал. 20 ст. атрымалі развіццё маставыя і мостабуд. сродкі, прызначаныя для ўзвядзення М.в. ў сціслыя тэрміны.

Да арт. Мост ваенны. Навядзенне пантоннага моста цераз р. Нёман у час вучэнняў. 1999.

т. 10, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.

На Пд Віцебскай вобл., паўд.-ўсх. ч. Ушацка-Лепельскага ўзвышша. Працягласць з Пн на Пд 20 км, з 3 на У ад 6 км (на Пн) да 24 км (на Пд). Найб. выш. 279 м (за 6 км на ПнУ ад в. Новыя Валосавічы Лепельскага р-на. У тэктанічных адносінах Л.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх. схілу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты асадкавым чахлом з парод верхняга пратэразою, верхняга дэвону і антрапагену. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 70—100 м) складзена з адкладаў бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Сучасны рэльеф створаны на Пн паазерскім, на астатняй тэрыторыі сожскім ледавікамі. Ледавікова-акумуляцыйны сярэдне- і буйнаўзгорысты рэльеф пашыраны ў цэнтры і на У узвышша. Валападобныя і купалападобныя марэнныя ўзгоркі выш. 15—30 м, радзей 40 м утвараюць грады, арыентаваныя на ПнУ, на У — у паўд.-ўсх. напрамку. Узгоркі і грады падзяляюцца лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод; характэрны западзіны тэрмакарставага і суфазійнага паходжання. На крайнім У трапляюцца невял. азёрныя катлавіны. У зах. ч. ўзвышша дробнаўзгорысты, месцамі платопадобны рэльеф з ваганнямі адносных вышынь да 5—10 м. Узвышша складзена з валунных супескаў і суглінкаў, месцамі з пясчана-галечнага матэрыялу. У цэнтр. ч. маламагутнае покрыва (да 0,5 м) з лёсападобных суглінкаў. Рачная сетка належыць да бас. Зах. Дзвіны. Гал. рэкі Свядзіца і Байна (прытокі Эсы), Ула, Лукомка. Азёры Турыцкае, Сарочынскае, Слідзец і інш. Глебы дзярнова-палева-падзолістыя, сярэднеападзоленыя на лёсападобных суглінках, дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя на водна-ледавіковых лёгкіх суглінках, дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя глебы на сярэдніх і лёгкіх марэнных суглінках, дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя на водна-ледавіковых і марэнных супесках. У цэнтр. ч. ўзвышша лясістасць 10—15%, лясы шыракаліста-яловыя зеленамошна-кіслічныя з дамешкамі дубу, ліпы, таксама шэраальховыя злакавыя; на З лясістасць да 30%, пашыраны больш буйныя масівы хваёвых кусцікава-зеленамошных лясоў.

Н.​К.​Кліцунова.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БЛІН-БРЭ́СЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 1-га Бел. фронту (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі) 18 ліп. — 2 жн. ў Вял. Айч. вайну; састаўная частка стратэг. Беларускай аперацыі 1944. Удзельнічалі арміі 8-я гвардз., 28, 47, 48, 61, 65, 69, 70, 1-я Войска Польскага, 6-я і 16-я паветр., 2-я танкавая і некалькі карпусоў. Мэта аперацыі: ударамі левага крыла фронту ў абыход Брэсцкага ўмацаванага раёна з Пд і Пн разграміць люблінскую і брэсцкую групоўкі праціўніка і выйсці шырокім фронтам да р. Вісла. Сав. войскам процістаялі асн. сілы ням. 2-й палявой, частка сіл 4-й танк. армій, 9-я палявая армія. У выніку перагрупоўкі войск на напрамку гал. ўдару была дасягнута перавага сав. сіл над праціўнікам: па асабовым складзе ў 3 разы, па артылерыі і танках у 5 разоў, было больш самалётаў. Ужо ў першы дзень аперацыі вызвалена Жабінка, 20 ліп. — Кобрын і Маларыта, 22 ліп. — Камянец, 23 ліп. — Дамачава, 24 ліп. — Люблін, 28 ліп. — Брэст і Высокае. Поспеху Л.-Б.а. садзейнічала наступальная Львоўска-Сандамірская аперацыя 1944 1-га Укр. фронту, якая пачалася 13 ліп., а таксама ўдзел у баях партыз. падраздзяленняў, у т. л. брыгады імя Леніна. 31 ліп. сав. танкі выйшлі да Прагі — прадмесця Варшавы на правым беразе Віслы. З 28 ліп. да 2 жн. 8-я гвардз. і 69-я сав. арміі фарсіравалі на Пд ад Варшавы Віслу і захапілі плацдармы на яе зах. беразе ў раёнах Мангушава і Пулавы. У выніку аперацыі войскі 1-га Бел. фронту завяршылі вызваленне Беларусі ад акупантаў, выйшлі на тэр. Польшчы і стварылі ўмовы для наступлення на варшаўска-берлінскім напрамку. 47 вайск. злучэнням і часцям прысвоены ганаровыя найменні «Брэсцкіх», 12 — «Кобрынскіх», 16 — «Люблінскіх», 9 — «Ковельскіх». У гонар войск 1-га Бел. фронту ў Брэсце пастаўлены помнік.

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДЗІ «ПАХО́ЖЫЯ»,

«людзі вольныя», феадальна-залежныя сяляне ў ВКЛ у 15—1-й пал. 17 ст., якія карысталіся правам вольнага пераходу ад аднаго феадала да другога і не былі прымацаваны да зямлі, як айчызныя людзі, людзі «непахожыя» або чэлядзь нявольная. Лічыліся асабіста вольнымі. У 15 ст. Л.«п.» складалі найб. групу сялянства. У актах 16 ст. Л.«п.» называюцца таксама людзьмі прыбылымі, «прыхожымі». Пераходзячы да інш. землеўладальніка, Л.«п.» павінны былі выплаціць грашовы эквівалент усіх павіннасцей, выканаць умовы «выхаду» і папярэдзіць пра гэта землеўладальніка. Л.«п.» маглі ўзяць з сабой сваю маёмасць. Феадал не меў права затрымліваць выхад Л.«п.» ці прысвойваць іх рухомыя рэчы («дамовыя статкі»). Колькасць Л.«п.» скарачалася па меры ўзмацнення паліт. правоў шляхты. У Статутах ВКЛ 1529 і 1566 тэрмін даўнасці, паводле якога «пахожы» селянін траціў права пераходу і станавіўся «непахожым», не быў агавораны, хоць у Статуце ВКЛ 1529 прыводзіцца 10-гадовы тэрмін земскай даўнасці. Гэты артыкул Статута феадалы Беларусі і дзярж. апарат выкарыстоўвалі, каб запрыгоніць Л.«п.», што пражылі ў іх маёнтках больш за 10 гадоў. Статут ВКЛ 1588 канстатаваў узмацненне працэсу запрыгоньвання Л.«п.». «Пахожы» селянін мог пайсці ад феадала, толькі адпрацаваўшы льготныя гады або заплаціўшы па 6 грошаў за льготны тыдзень. Калі ж «пахожы» селянін прабыў («засидел») у пана 10 гадоў, то незалежна ад таго, атрымліваў ад шляхціца дапамогу ці не, ён пазбаўляўся права пераходу і разам з дзецьмі пераводзіўся ў становішча отчыча. Ён мог адкупіцца, аддаўшы пану 10 коп грошаў і выплаціўшы атрыманую ад пана дапамогу. Але заплаціць такія грошы селянін фактычна не меў магчымасці. Збеглых Л.«п.» феадалы адшуквалі ўжо як отчычаў. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. «пахожыя» і «непахожыя» сяляне зліліся ў адну групу прыгоннага сялянства.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЙ МІКАЛА́ЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ́ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры барока ў Магілёве. У комплексе мураваныя Мікалаеўская і Ануфрыеўская цэрквы, жылы дом (шпіталь), званіца, капліца, агароджа з брамай. Мікалаеўская царква. У 1636 кароль Уладзіслаў IV даў прывілей мітрапаліту П.​Магіле на буд-ва ў Магілёве царквы св. Мікалая. Напачатку ўзведзены драўляныя царква і манаскія келлі. У 1669—72 пабудавана мураваная царква — трохапсідная крыжова-купальная базіліка з 8-гранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Гал. фасад падзелены карнізам на 3 гарыз. ярусы і завершаны 2 вежамі з фігурным франтонам паміж імі. 1-ы ярус масіўны, аздоблены 3 паўцыркульнымі нішамі, 2-і — «глухой» аркатурай з ляпным расл. арнаментам і спаранымі нішамі з гіркамі, у 3-м такі ж аркатурны матыў больш насычаны дэкар. аздобай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, крылы трансепта завершаны фігурнымі шчытамі. У інтэр’еры 4-ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) работы мясц. майстроў, фрэскавая кампазіцыя «Тройца новазапаветная» (канец 17 ст.), сюжэтны і арнаментальны жывапіс 1-й пал. 18 — пач. 19 ст. Размалёўкі зроблены ў тэхніцы фрэскі і клеявымі фарбамі (захаваліся фрагментарна). Ануфрыеўская царква («цёплая», зімовая) пабудавана ў 1798. Уяўляе сабой крыжова-купальны аб’ём, над сяродкрыжжам — светлавы цыліндрычны барабан, завершаны сферычным купалам. Крылы трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі і дэкарыраваны пілястрамі. Жылы дом узведзены ў 17 ст. як шпіталь і царк. жылы дом. 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Тарцовы фасад завершаны шчытом фігурнага абрысу і дэкарыраваны 3 спаранымі арачнымі нішамі. Агароджа з брамай будаваліся ў 17—18 ст. Агароджа мае 2 уваходы, зах.гал. ўязная брама з лучковым праёмам. У паўд.-ўсх. баку ўбудавана 1-павярховая квадратная ў плане шатровая капліца. Званіца пабудавана ў 17—18 ст. Квадратнае ў плане 2-яруснае збудаванне з высокім шатровым дахам. Комплекс пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, цяпер на рэстаўрацыі. Некат. памяшканні комплексу займае жаночы манастыр. Таксама тут знаходзіцца рэзідэнцыя архіепіскапа магілёўскага і мсціслаўскага Максіма.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс.

т. 9, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)