РУЖА́НСКАЯ ПУ́ШЧА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1986 з мэтаю захавання прыроднага комплексу з гасп.-каштоўных, рэдкіх і знікаючых відаў раслін. Пл. 2778 га. Рэльеф хвалісты. Складаныя шыракалістыя і мяшаныя лясы: ялова-грабава-ляшчынава-чарнічныя і кіслічныя дубровы, хвойнікі, асіннікі; на ўзвышшах хвойнікі і бярэзнікі імшыстыя і верасовыя. У расл. покрыве каля 400 відаў раслін, у т. л. лек., дэкар. і гасп.-каштоўныя: ворлікі звычайныя, званочак персікалісты, гладыш шыракалісты, ландыш майскі, наперстаўка буйнакветкавая, чараўнік двухлісты, чына гладкая; жаўтазель германскі, кадзіла сармацкае, купальнік горны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ ЦЭНТРАЛІЗАВА́НАЯ ДЗЯРЖА́ВА Расійская дзяржава, Рускае царства,

шматнацыянальная манархічная дзяржава, якая ўзнікла ў канцы 15 — пач. 16 ст. ў выніку далучэння да Маскоўскага вялікага княства зямель і княстваў Паўн.-Усх. Русі. Маскоўскі вял. кн. Іван III [1462—1505] першы пачаў называць сябе вял. князем і «гасударам усяе Русі». Вярх. ўлада ў дзяржаве належала вял. князю, з 1547 — цару. Дарадчы орган — Баярская дума, з 1549 склікаліся земскія саборы. Тэр. Р.ц.дз. ў 1550-я г. складала каля 3 млн. км², насельніцтва — 7—9 млн. чал. (рускія, татары, удмурты, мары, мардва, чувашы, карэлы і інш.). Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт. Расія.

т. 13, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ТА (Ruta),

род кветкавых раслін сям. рутавых. 7 відаў (па інш. звестках каля 70 разам з родам Haplophyllum). Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і ўмераным поясе Азіі. Здаўна ў Еўропе культывуецца Р. духмяная (R. graveolens) як прыпраўная і лек. расліна. Інтрадукавана ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі.

Шматгадовыя пахучыя травы або паўкусты. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, сабраныя ў шчыткападобную мяцёлку на верхавінцы сцябла. Плод — каробачка. Р. духмяная — ядавітая, мае ў сабе эфірны алей, які аказвае моцнае мясцовае раздражненне. Лісце і кветкі ўжываюцца як прыправа. Лек., тэхн., харч., дэкар. і інсектыцыдныя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рута.

т. 13, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБААХО́ЎНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

тэхнічныя канструкцыі для прадухілення траўміравання і гібелі рыбы ў месцах водазабору, каля гідратэхн. збудаванняў (напр., помпавых станцый). Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюцца на мех., гідраўлічныя і фізіялагічныя. Механічныя ў выглядзе жалюзі, сетак, сеткавых барабанаў, конусаў з рыбаадводамі ствараюць перашкоды на шляху перамяшчэння рыб. У гідраўлічных Р.з. струмень накіроўвае рыб у бяспечны бок ад гідратэхн. збудаванняў. У фізіялагічных Р.з. выкарыстоўваюць адпужвальныя раздражняльнікі (эл., светлавыя, гукавыя сігналы і інш.). Эфектыўнасць Р.з. да 80%. На Беларусі найб. пашыраны мех. Р.з., на водазаборах тэхн. водазабеспячэння часцей выкарыстоўваюцца сеткавыя барабаны, на пітных водазаборах — касетна-гравійныя фільтры.

Т.​М.​Шаўцова.

т. 13, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЖО́Ў (Уладзімір Рыгоравіч) (1.5.1914, в. Майсееўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1974),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы камандзіраў батальёнаў і штабных работнікаў (1942). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Бранскім, 1-м Укр. франтах. Удзельнік Маскоўскай, Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Польшчы, баёў у Германіі. Мотастралк. батальён на чале з маёрам Р. вызначыўся ў баях каля г. Кельцы (Польшча) у студз. 1945, калі прарваў абарону праціўніка, перарэзаў шашэйную дарогу і чыгунку на Кракаў, першы фарсіраваў р. Одэр, захапіў плацдарм і ўтрымліваў яго да падыходу падмацавання. Пасля вайны да 1962 на парт. рабоце.

У.Р.Рыжоў.

т. 13, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЖСКІ ЗАЛІ́Ў.

У Балтыйскім м., каля берагоў Латвіі і Эстоніі. Аддзелены ад адкрытай ч. мора Курземскім п-вам і а-вамі Маанзундскага архіпелага, злучаецца з ёй Ірбенскім пралівам і мелкаводным бас. Вяйнамеры. Пл. 18,1 тыс. км², даўж. 174 км, глыб. да 67 м. У цэнтр. ч. заліва пясчаная водмель Грэтагрунд з в-вам Рухну; у паўн. — дробныя а-вы Абрука, Кіхну і інш. Берагі нізінныя, пясчаныя з градамі дзюн і берагавых валоў (выш. да 20—30 м). Ледастаў ад снеж. да красавіка. Буйны порт — Рыга, гарады-курорты Юрмала (Латвія) і Пярну, на в-ве Саарэмаа г. Курэссаарэ (Эстонія).

т. 13, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКАЯ НУМАРА́ЦЫЯ, рымскія лічбы,

умоўныя знакі для запісу лікаў у непазіцыйнай (рымскай) сістэме лічэння. Узніклі каля 500 да н.э. ў этрускаў і выкарыстоўваліся ў Стараж. Рыме.

Знакі для дзесятковых разрадаў: I = 1, X = 10, C = 100, M = 1000, для іх палавін: V = 5, L = 50, D = 500. Натуральны лік запісваецца камбінацыяй такіх лічбаў. Пры гэтым, калі меншая лічба стаіць пасля большай, то яны складаюцца, а калі меншая перад большай — меншая адымаецца ад большай. Напр., VI = 5 + 1 = 6, IV = 5−1 = 4. Выконваць арыфм. дзеянні над вял. лікамі ў такім запісе нязручна, таму Р.л. карыстаюцца вельмі абмежавана.

т. 13, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНА́ЛЬДЗІ ((Rinaldi) Антоніо) (каля 1710—10.4.1794),

італьянскі архітэктар. Вучыўся ў Л.Ванвітэлі. З 1751 працаваў у Расіі, у 1756—90 прыдворны архітэктар. Збудаванні Р. адлюстроўвалі пераход ад складанай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і пластычнага багацця дэталей архітэктуры барока (палацы Пятра III, 1758—62, Кітайскі, 1762—74, у г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.), мудрагелістай дэкаратыўнасці ракако (інтэр’еры Кітайскага палаца) да характэрных класіцызму стрыманага вонкавага аблічча будынкаў, прастаты чляненняў і выразнасці аб’ёмаў (палацы Гатчынскага палацава-паркавага ансамбля, Мармуровы ў Пецярбургу, 1768—85). Работы Р. адметныя высокім майстэрствам унутр. аддзелкі, увядзеннем у арх. кампазіцыю жывапісных і скульпт, пано.

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́НІ ((Reni) Гвіда) (4.11.1575, г. Вергата, Італія — 18.8.1642),

італьянскі жывапісец. Зазнаў уплыў братоў Карачы, вывучаў творчасць Рафаэля, Караваджа, ант. мастацтва. Працаваў пераважна ў Рыме (з 1605) і Балонні (з 1622). У творчасці спалучаў вытанчанасць гарманічна-ясных, часта рэльефападобных кампазіцый з каларытам, пабудаваным на градацыях цёплых залацістых ці высветленых серабрыстых тонаў; у балонскі перыяд узмацніліся рысы элегантнай халоднай ідэалізацыі, часам сентыментальнасці. Сярод твораў: фрэска «Аўрора» ў Палацца Палавічыні-Распільёзі ў Рыме (каля 1610), карціны «Юнацтва дзевы Марыі» (1610-я г.), «Віфлеемскае забіванне немаўлят» (1612), «Аплакванне Хрыста» (1614—18), «Іосіф і жонка Пентэфрыя» і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СААКА́ДЗЕ Георгій, Вялікі Маўраві (каля 1580, с. Пелі, Грузія — 13.10.1629), грузінскі дзярж. дзеяч і палкаводзец. Паходзіў з царскіх азнауры. У 1608—12 правіцель (маўраві) Тбілісі. У выніку феад. міжусобіц у 1612 уцёк у Іран. У 1620 шах Ірана Абас / прызначыў С. апекуном малалетняга цара васальнага Картлійскага царства Сімона II — фактычным правіцелем дзяржавы.

У 1625 С. ўзначаліў антыіранскае паўстанне. Пасля паражэння ў Марабдзінскай бітве 1.7.1625 вёў партызанскую вайну, якая прымусіла шаха Ірана прызнаць царом Тэймураза I. Неўзабаве С. падняў мяцеж супраць Тэймураза I, але ў 1628 разбіты, уцёк у Турцыю, дзе быў забіты.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)