КАЦЭБУ́ ЗАЛІ́Ў,
у Чукоцкім м., каля зах. берага Аляскі. Даўж. 330 км, шыр. ад 54 да 130 км, глыб. 13—25 м. Большую ч. года ўкрыты льдамі. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (каля 0,5 м). Названы ў гонар рас. мараплаўца О.Я.Кацэбу, які адкрыў заліў у 1816.
т. 8, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МПА БЕ́РАГ (Kemp Coast),
частка ўзбярэжжа Антарктыды на У ад Зямлі Эндэрбі (56° — 59°40′ усх. д.). Абмываецца морам Садружнасці. Б. ч. тэрыторыі знаходзіцца пад мацерыковым лёдам, які ўтварае высокія ледзяныя абрывы. Адкрыты англ. экспедыцыяй у 1833, пазней названы імем П.Кемпа — капітана судна «Магнет» гэтай экспедыцыі.
т. 8, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕТАСТА́ТЫКА (ад грэч. kinētos які рухаецца + статыка),
раздзел механікі, у якім разглядаюцца спосабы рашэння дынамічных задач з дапамогай аналіт. або графічных метадаў статыкі. У аснову К. пакладзены Д’Аламбера прынцып. Метады К. знаходзяць выкарыстанне пры рашэнні шэрагу дынамічных задач, пераважна ў дынаміцы машын і механізмаў (гл. Кінетастатыка механізмаў).
т. 8, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЗІЯ (ад лац. corradere скрэбці, саскрабаць),
механічнае дэнудацыйнае ўздзеянне на горныя пароды абломкавага матэрыялу (галька, валуны, пясок), які рухаецца вадою, лёдам, ветрам ці перамяшчаецца гравітацыйна па схілах. Пры К. абточваюцца, паліруюцца, высвідроўваюцца подсцільныя пароды, у выніку чаго на паверхні парод утвараюцца барозны, лагчыны і інш. паглыбленні.
т. 8, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПАЛО́ГІЯ (ад грэч. karpos плод + ...логія),
раздзел марфалогіі раслін, які вывучае плады і насенне, іх марфагенез, будову, фізіял. працэсы, метады ацэнкі і кантролю насеннага матэрыялу і інш. Займаецца стварэннем генет. класіфікацыі, складаннем вызначальнікаў пладоў і насення раслін, якія засмечваюць насенны матэрыял. Насенне культ. раслін вывучае таксама насенняводства.
т. 8, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯВЕ́Ц,
старажытнаруская ўдарная зброя, разнавіднасць баявой сякеры. Меў вузкае лязо, падобнае да дзюбы (рус. «клюв», адсюль назва) і малаткападобны абух. Выкарыстоўваўся ў 10—17 ст. для паражэння праціўніка, які меў засцерагальнае ўзбраенне. К. і яго разнавіднасць чакан служылі таксама знакамі адрознення военачальнікаў. Іл. гл. да арт. Кісцень.
т. 8, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́Я ВАРО́ТЫ (Golden Gate),
праліў, які яднае бухту Сан-Францыска на зах. беразе ЗША з Ціхім ак. Даўж. 8 км, шыр. 1,5—3 км, глыб. да 43 м. На паўн. беразе — фарты, на паўд. — г. Сан-Францыска. Цераз праліў пабудаваны ў 1937 вісячы мост даўж. 3100 м.
т. 6, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМА́ЗАЧНАЕ МА́СЛА,
вадкі змазачны матэрыял, які выкарыстоўваюць для змазкі вузлоў трэння розных механізмаў. Паводле спосабу атрымання падзяляюць на нафтавае масла, сінтэтычнае масла, масла расліннага і жывёльнага паходжання (напр., рыцына), па прызначэнні — на індустрыяльнае масла, маторнае масла, трансмісійнае масла і інш. Адпрацаванае З.м. рэгенерыруюць для паўторнага выкарыстання.
т. 7, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЯРОВАСЛАІ́СТЫ ПЛА́СТЫК дэкаратыўны,
ліставы абліцовачны матэрыял. Таўшчыня 1—3 мм. Мае каляровы верхні слой, які звычайна імітуе каштоўныя пароды дрэў. Вызначаецца высокай трываласцю і ўстойлівасцю да цеплавога і хім. ўздзеянняў. Атрымліваюць гарачым прасаваннем паперы, прамочанай тэрмарэактыўнымі палімерамі. Выкарыстоўваюць у буд-ве, вытв-сці мэблі і інш.
т. 12, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТОКАСЧАПЛЕ́ННЕ,
поўны магнітны паток, які пранізвае эл. контур (напр., у шпулі індуктыўнасці — магн. паток, «счэплены» з усімі яе віткамі). Калі з кожным вітком шпулі індуктыўнасці «счэплены» адзін і той жа магн. паток Φ, то П. Ψ = NΦ, дзе N — агульная колькасць віткоў. Адзінка П. ў СІ — вебер.
т. 12, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)