ЛАМБРО́ЗА ((Lombroso) Чэзарэ) (6.11.1835, г. Верона, Італія — 9.10.1909),
італьянскі судовы псіхіятр і крыміналіст, заснавальнік антрапалагічнай школы права. Скончыў Павійскі ун-т (1858). З 1862 праф. Павійскага, з 1896 Турынскага ун-таў. Л. сцвярджаў, што злачынства звычайная з’ява, што існуе асобы тып «прыроджанага злачынцы», які не можа не рабіць злачынства; ён валодае асобымі фіз. прыкметамі («стыгматамі»), напр., у яго нізкі лоб, сплюшчаны нос, рэдкая барада і да т. п. Пазней Л. прызнаваў значэнне сац. прычын злачыннасці, што дало падставу лічыць яго тэорыю біясацыялагічнай. Паводле сваіх паліт. поглядаў Л. — прыхільнік расавай тэорыі.
Тв.:
Рус. пер. — Гениальность и помешательство: [Сб. работ]. М., 1995.
т. 9, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКЛАСІ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАГА РО́СТУ,
агульны тэрмін, які адносіцца да распрацаваных у межах неакласічнай эканамічнай тэорыі мадэляў эканамічнага росту; асн. ўпор у гэтых мадэлях робіцца на лёгкасць замяшчэння паміж капіталам і працай у вытв. функцыі, што забяспечвае ўстойлівы эканам. рост. У адрозненне ад кейнсіянства на першы план вылучаецца праблема патэнцыяльна магчымага тэмпу росту эканомікі і фактараў, што яго вызначаюць. Выкарыстанне вытв. функцый пры аналізе стат. даных, што характарызуюць працэс эканам. росту ў асобных краінах, стала пачаткам даследаванняў па ацэнцы ролі асобных фактараў росту: колькасных (рост прац. сілы і асн. капіталу) і якасных, якія з’яўляюцца вынікам тэхн. прагрэсу.
т. 11, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́НСТВА САСТА́ВУ ЗАКО́Н,
закон, паводле якога кожнае пэўнае злучэнне хімічнае, незалежна ад спосабу яго атрымання, складаецца з адных і тых жа элементаў і суадносіны іх мас пастаянныя. Сфармуляваны ў пач. 19 ст. франц. хімікам Ж.Прустам. Устанаўленне П.с.з. істотна паўплывала на фарміраванне асноў атамна-малекулярнага вучэння. У пач. 20 ст. М.С.Курнакоў паказаў, што акрамя злучэнняў пэўнага саставу (дальтанідаў) існуюць злучэнні пераменнага саставу (берталіды), якія не падпарадкоўваюцца П.с.з. (напр., металіды). Далейшае развіццё ўяўленняў аб берталідах прывяло да таго, што П.с.з. разглядаецца як асобны выпадак агульных заканамернасцей, што апісваюць састаў хім. злучэнняў (гл. Стэхіяметрыя).
т. 12, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́ЛЬНАЙ ДАБРЫНІ́ ТЭО́РЫЯ,
этычная канцэпцыя, прыхільнікі якой лічаць, што ў маральнай дзейнасці большае значэнне мае дзеянне (тое, што робіцца, зроблена), чым матыў, заахвочванне (тое, для чаго робіцца). М.д.т. называюць таксама этыкай добрай волі. Падобны пункт погляду прапаведаваў у рэліг. вучэнні М.Лютэр, які аддаваў перавагу «ўнутранай набожнасці» перад «зямнымі дзеяннямі». І.Кант лічыў, што пры выкананні маральнага абавязку важнымі з’яўляюцца асаблівы настрой думак чалавека, пачуццё безумоўнага падпарадкавання абавязку, а не канкрэтны змест учынкаў. Марксісцкая этыка зыходзіла з сац. абумоўленасці матываў і маральнага зместу ўчынкаў і дзеянняў людзей. Праблемы М.д.т. распрацоўваюцца ў экзістэнцыялізме, дыялектычнай тэалогіі.
т. 10, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАГЕНЕ́З [ад грэч. pais (paidos) дзіця + ...генез],
форма партэнагенезу, пры якой неаплодненыя яйцаклеткі, што даюць пачатак новаму пакаленню, развіваюцца яшчэ ў целе лічынак. Уласцівы некат. беспазваночным жывёлам (жукі, мухі, марскія ракападобныя і інш.). Напр., у галіц лічынкі, якія ўтвараюцца ў целе мацярынскай лічынкі, спачатку жывяцца яе тканкамі як эндапаразіты, потым разрываюць кутыкулу і пераходзяць да свабоднага жыцця. Пасля некалькіх пакаленняў педагенет. лічынак паяўляюцца лічынкі, што даюць дарослых самцоў і самак, з аплодненых яец якіх зноў развіваецца першае пакаленне педагенет. лічынак. П. — прыстасаванне, якое кампенсуе недастаткова высокую пладавітасць дарослых форм, што рассяляюцца пасіўна.
Р.Г.Заяц.
т. 12, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯТЭНЗІ́Н, ангіятанін, гіпертэнзін,
біялагічна актыўнае рэчыва, што павышае крывяны ціск. Поліпептыд, складаецца з некалькіх амінакіслот, утвараецца з ангіятэнзінагену, які намнажаецца ў крывяной плазме пры недастатковым забеспячэнні нырак крывёю; састаўная частка рэнін-ангіятэнзінавай сістэмы, што ўдзельнічае ў рэгуляванні тонусу сасудаў. Сінтэзаваны біял. актыўныя аналагі натуральнага ангіятэнзіну, якія выкарыстоўваюцца як лек. сродкі.
т. 1, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫПО́Й,
метал ці сплаў, які запаўняе зазор паміж дэталямі, што злучаюцца пры пайцы. Т-ра плаўлення П. ніжэйшая за т-ру плаўлення матэрыялаў, што спайваюць. Расплаўлены П. павінен добра змочваць матэрыялы, якія злучаюць, а пры застыванні ўтвараюць шчыльныя, каразійнаўстойлівыя злучэнні. Пашыраны П. на аснове волава, свінцу, цынку, медзі, нікелю, серабра.
т. 13, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТРАСПО́РЫ,
дыяспоры вегетатыўнага размнажэння грыбоў, тое, што аідыі.
т. 1, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБА́ АВЕ́ЧАЯ,
грыб сям. скутыгеравых; тое, што бяляк.
т. 5, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДРАПУ́РА,
дзеючы вулкан у Інданезіі, тое што Керынчы.
т. 7, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)