АРХЕТЫ́П (ад грэч. archē пачатак + typos вобраз),

агульначалавечы першавобраз, персанаж, што паслядоўна паўтараецца ў міфах, літаратуры і індывідуальным мысленні; спосаб сувязі вобразаў, што пераходзяць з пакалення ў пакаленне; цэнтр. паняцце аналітычнай псіхалогіі. Ідэю архетыпа ў аб’ектыўна-ідэаліст. форме можна знайсці ў творах Платона, Аўгусціна, схаластаў. Як навук. тэрмін «архетып» уведзены швейц. псіхолагам К.Г.Юнгам і адаптаваны філасофіяй, літаратура- і мастацтвазнаўствам, тэорыяй міфалогіі, фалькларыстыкай і інш. Паводле тэорыі Юнга пра калект. неўсвядомленае, мадэлі чалавечага вопыту пэўным чынам генетычна закадзіраваны і пераходзяць да наступных пакаленняў. Тоесныя архетыпныя матывы і вобразы (сімвал сусветнага дрэва ці міф пра патоп) сустракаюцца ў няроднасных культурах і сферах мастацтва, што тлумачыцца іх універсальным і пастаянным пачаткам у чалавечай прыродзе. Маючы выток у далагічным мысленні, архетып выклікае аналагічныя пачуцці і асацыяцыі і ў аўтара твора, і ў спажыўца незалежна ад разбежкі ў часе. Архетып ляжыць у аснове сімволікі творчасці, розных рытуалаў, сноў і інш.

І.​М.​Дубянецкая.

т. 1, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАБІ́СТАЯ ДАПАМО́ЖНАЯ ГАСПАДА́РКА,

гаспадарка грамадзян на прысядзібных участках. У СССР пасля калектывізацыі лічылася неперспектыўнай і цярпела істотныя абмежаванні (вял. падаткі, забарона на набыццё коней і тэхнікі на ўласныя патрэбы, абмежаванне на ўтрыманне жыўнасці і гэтак далей). З ажыццяўленнем зямельнай рэформы ў час пераходу да рыначных адносін ствараюцца больш спрыяльныя ўмовы для яе развіцця: участкі зямлі для асабістай дапаможнай гаспадаркі павялічаны да 1 га (з правам іх прыватызацыі), дазволена трымаць коней, набываць с.-г. машыны, наймаць сезонных работнікаў, наладжаны выпуск малагабарытнай тэхнікі і гэтак далей. У 1994 на Беларусі было 1 млн. 905,6 тыс. асабістых дапаможных гаспадарак. Займаючы 15,1% усіх с.-г. угоддзяў, яны далі 85,3% бульбы, 22,1% мяса (у забойнай вазе), 35,8% малака, 42,6% яек, 67,1% воўны ад агульнарэсп. іх вытворчасці. З павелічэннем зямельнага надзелу, павышэннем узроўню тэхн. аснашчанасці і таварнасці асабістыя дапаможныя гаспадаркі фактычна набліжаюцца да сял. гаспадарак. У міжнар. стандартах статыстыкі і аналізу прыняты больш шырокі тэрміндамашняя гаспадарка.

У.​Ф.​Тарасевіч.

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, анаэробы (ад ан... + аэра... грэч. bios жыццё),

жывёльныя і раслінныя арганізмы, здольныя існаваць і развівацца пры адсутнасці свабоднага кіслароду ў асяроддзі. Пашыраны ўсюды, дзе адбываецца распад арган. рэчываў без доступу паветра (у глебе, вадзе, донных адкладах, кампоставых кучах, у ранах, у кішэчніку чалавека і жывёл і інш.). Тэрмін увёў франц. вучоны Л.​Пастэр (1861), які адкрыў бактэрыі маслянакіслага браджэння. Неабходную для жыццядзейнасці энергію анаэробныя арганізмы ў адрозненне ад аэробаў атрымліваюць за кошт акіслення арган., радзей мінер. злучэнняў у бескіслародным асяроддзі. Падзяляюцца на аблігатныя, або строгія (жывуць пры поўнай адсутнасці кіслароду, напр., маслянакіслыя, хваробатворныя бактэрыі: палачкі слупняку, газавай гангрэны, некат. стрэптакокі), і факультатыўныя, або ўмоўныя, Анаэробныя арганізмы (здольныя жыць і развівацца ў прысутнасці кіслароду і без яго, напр., дражджавыя грыбкі, малочнакіслыя бактэрыі, палачкі брушнога тыфу, інфузорыі, плоскія і круглыя чэрві). Некат. анаэробныя арганізмы выкарыстоўваюцца ў прам-сці, сельскай гаспадарцы, побыце (напр., бактэрыі спіртавога, малочнакіслага браджэння, дражджавыя грыбкі).

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТА́НТА МАЛА́Я,

палітычны блок Румыніі, Чэхаславакіі і Югаславіі ў 1920—38. Створана ў 1920—21 на аснове двухбаковых пагадненняў для захавання суадносін сіл, што склаліся ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Дзейнічала ў рэчышчы знешняй палітыкі Францыі, займала важнае месца ў яе сістэме ваенна-паліт. саюзаў. Даўэса план 1924, Лакарнскія перагаворы 1925, пазнейшае збліжэнне Румыніі з Англіяй, Венгрыяй і асабліва з Італіяй прывялі да аслаблення Антанты Малой і ролі ў ёй Францыі. Пагроза з боку фаш. Германіі прыпыніла распад Антанты Малой. У 1933 саюзнікі падпісалі Арганізац. пакт пра неабмежаваны тэрмін дзеяння ўсіх пакладзеных у аснову Антанты Малой дагавораў, стварылі савет Антанты Малой і эканам. савет. У 1934 Румынія і Югаславія са згоды Чэхаславакіі ўвайшлі ў Антанту Балканскую. Дагаворы 1937 Югаславіі з Балгарыяй і Італіяй сталі прычынай новага крызісу ў сістэме Антанты Малой. Мюнхенскае пагадненне 1938, якое прывяло да акупацыі Чэхаславакіі Германіяй, спыніла існаванне блока.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРЦЭ́ПЦЫЯ (ад лац. ad да + perceptio успрыманне),

залежнасць успрымання ад мінулага вопыту, псіхічнага стану і індывідуальных асаблівасцяў чалавека. Тэрмін уведзены ням. філосафам Г.​Лейбніцам, які трактаваў аперцэпцыю як выразнае (усвядомленае) успрыманне душой пэўнага зместу. І.​Кант разам з «эмпірычнай» аперцэпцыяй увёў паняцце «трансцэндэнтальнай» аперцэпцыі, якая дазваляе сінтэзаваць шматлікія ўспрыманні на аснове спрадвечнага, нязменнага «адзінства свядомасці» як умовы ўсялякага вопыту і пазнання. У заснаванай В.​Вунтам псіхалогіі аперцэпцыя (канец 19 — пач. 20 ст.) — успрыманне, якое патрабуе напружання волі і ад якога залежаць усе формы псіхічнай дзейнасці чалавека. Сучасная псіхалогія трактуе аперцэпцыю як вынік жыццёвага вопыту індывіда, які адлюстроўваецца ў кожным псіхічным працэсе (ад прасцейшага ўспрымання да найскладанейшых відаў дзейнасці). Адрозніваюць устойлівую аперцэпцыю — залежнасць успрымання ад асаблівасцяў асобы (светапогляду, перакананняў, адукаванасці і інш.) і часовую аперцэпцыю, у якой звязваюцца сітуацыйна розныя формы псіхічнага стану (эмоцыі, устаноўкі і г.д.).

Літ.:

Лейбниц Г.В. Новые опыты о человеческом разуме. М.; Л., 1936;

Вундт В. Очерки психологии. М., 1912;

Гримак Л.П. Резервы человеческой психики. 2 изд. М., 1989.

т. 1, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫ НАГЛЯ́Д,

1) дзейнасць органаў дзярж. кіравання па кантролі за выкананнем арг-цыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі ўстаноўленых дзяржавай правілаў у асобных галінах кіравання.

2) Нагляд за асобамі, вызваленымі з месцаў пазбаўлення волі. Існаваў з 1966 на тэр. СССР і ажыццяўляўся органамі МУС за некаторымі катэгорыямі злачынцаў (напр., за асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі). Наладжваўся (тэрмін ад 6 месяцаў да 1 года) па месцы жыхарства вызваленых і меў на мэце папярэдзіць учыненне новых злачынстваў. Адміністрацыйны нагляд устанаўліваў пэўныя абмежаванні для паднагляднага, парушэнне якіх праследавалася ў адм. ці крымін. парадку. У Рэспубліцы Беларусь адменены ў крас. 1992. У дарэвалюцыйнай Расіі дзейнічаў аналагічны гэтай адм. меры паліцэйскі нагляд, які ажыццяўляўся галосна і тайна, часова і пажыццёва. Выкарыстоўваўся не толькі як мера папярэджання крымін. злачыннасці, але і як сродак барацьбы з вызв. рухам з пач. 19 ст. Заканадаўча зацверджаны ў 1882. Паднаглядны не меў права мяняць месца жыхарства, знаходзіцца на дзярж. і грамадзянскай службе, займацца пед. дзейнасцю і г.д. Адміністрайны нагляд існуе ў многіх сучасных замежных краінах.

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,

тое, што належыць самому аб’екту, існуе незалежна ад дзеючага суб’екта і яго свядомасці. Тэрмін аб’ектыўнае мае некалькі аспектаў. Анталагічны ўключае ўяўленне аб аб’ектыўным як існуючым па-за чалавекам і чалавецтвам і незалежна ад іх (напр., памеры і канфігурацыі рэчаў як іх аб’ектыўныя ўласцівасці). Гнасеалагічны звязаны з уяўленнем аб аб’ектыўным як уласцівасці ведаў, упэўненасці ў тым, што яны адлюстроўваюць аб’ект, які даследуецца, у сваіх асабістых характарыстыках (напр., найб. фундаментальныя характарыстыкі сістэм нежывой прыроды — скорасць святла, гравітацыйная пастаянная, у біял. відавой папуляцыі — суадносіны паміж асобінамі рознага полу). У аб’ектыўным ідэалізме аб’ектыўнае — гэта ідэі і паняцці, што існуюць незалежна ад суб’екта. У грамадскім жыцці пад аб’ектыўным разумеюць працэсы і фактары, якія не залежаць ад волі і жаданняў людзей. Аб’ектыўным з’яўляюцца сац. законы, хоць яны фарміруюцца праз механізм чалавечай дзейнасці. Аб’ектыўнае проціпастаўляецца суб’ектыўнаму і суб’ектыўна-асабоваму. Аднак такое проціпастаўленне не мае абсалютнага характару: тое, што ў адных адносінах з’яўляецца аб’ектыўным, у іншых можа быць суб’ектыўным.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ГУМАНІТА́РНЫ АДУКАЦЫ́ЙНА-КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БГАКЦ) Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, установа, мэтай якой з’яўляюцца навучанне, выхаванне і перадпрафесійная падрыхтоўка будучых дзеячаў бел. культуры і навукі. Засн. 28.11.1990 па ініцыятыве Мін-ва адукацыі і Таварыства беларускай мовы імя Ф.​Скарыны. У структуры цэнтра гуманітарны ліцэй (з 1991), метадычны, выдавецкі, кінатэлевізійны і вытворчы аддзелы.

Ліцэй мае дзённае, нядзельнае (школьнікі) і вячэрняе (дарослыя) аддзяленні. На дзённае аддзяленне прымаюцца школьнікі пасля 7 класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 4 гады. На 1-м і 2-м курсах вучні атрымліваюць базавую адукацыю, на 3-м і 4-м — сярэднюю. Пашырана вывучаюцца гісторыя Беларусі, бел. мова, яе гісторыя і культура, геаграфія Беларусі і краязнаўства, замежная мова, агульная геаграфія, а таксама бел. этнаграфія, фальклор, гісторыя бел. дойлідства, выяўл. мастацтва, муз. культуры, асновы рэлігіязнаўства, права, паліталогіі, традыц. логіка, лац. мова, культура вуснай мовы.

Цэнтр рыхтуе і выдае навуч. і метадычныя дапаможнікі, здымае навуч. фільмы. У 1992 адчынены філіялы цэнтра ў Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, Светлагорску.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЁПРА-ДЗВІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура ўсходнебалцкіх плямён, якія ў 8 ст. да н.э. — 4—5 ст. н.э. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Сярэднім Падзвінні і ў вярхоўях р. Вялікая. Асн. тып пасяленняў — умацаваныя пасёлкі-гарадзішчы плошчай ад 500 да 2500 м² (на Беларусі каля 200). Жылыя пабудовы наземныя, слупавой канструкцыі.

Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, пазней лядным земляробствам і рамёствамі. Сярод знаходак пераважаюць вырабы з каменю і косці (каменныя клінападобныя і свідраваныя сякеры, зерняцёркі і інш.), на познім этапе (1—5 ст. н.э.) — жал. прылады і зброя (сярпы з шырокім лязом і выгнутай спінкай, нажы, шылы, наканечнікі коп’яў і стрэл і інш.) Кераміка — гладкасценны слабапрафіляваны посуд, пераважна слоікападобных формаў, арнаментаваны скразнымі адтулінамі, пракрэсленымі касымі лініямі, ямкавымі ўцісканнямі. У навук. ўжытак тэрмін «Д.-дз.к.» ўвёў А.Р.Мітрафанаў.

Літ.:

Шадыро В.И. Ранний железный век северной Белоруссии. Мн., 1985.

В.​І.​Шадыра.

Посуд днепра-данецкай культуры. Рэканструкцыя.
Прылады працы, упрыгожанні і кераміка днепра-дзвінскай культуры.

т. 6, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

галіна псіхалогіі, якая вывучае псіхічныя адрозненні паміж індывідамі і групамі людзей. Даследуе інтэлектуальныя асаблівасці людзей у залежнасці ад узросту, полу, сац., прафес., этн. прыналежнасці, спецыфіку іх інтарэсаў, маральных установак, эмацыянальных рэакцый. Складвалася пад уплывам пед., мед. і інжынернай практыкі, яе ўзнікненню садзейнічала ўвядзенне ў псіхалогію эксперыменту, матэм. і генет. метадаў даследавання. Тэрмін увёў ням. псіхолаг В.​Штэрн у працы «Аб псіхалогіі індывідуальных адрозненняў» (1900). Заснавальнік Д.п. — англ. псіхолаг Ф.​Гальтан, найб. вядомыя прадстаўнікі: А.​Бінэ (Францыя), Дж.​Кетэл (ЗША), А.​Ф.​Лазурскі (Расія) і інш. Прыхільнікі Д.п. лічаць, што акрамя ўздзеяння нейрафізіял. і спадчынных фактараў на індывід.-псіхал. адрозненні асобы ўплываюць сац. і культ. ўмовы развіцця індывіда, асаблівасці выхавання, лад жыцця, ментальнасць і інш. Даследаванні ў галіне Д.п. садзейнічаюць удасканаленню практыкі навучання і выхавання, прафес. адбору персаналу, дыягностыцы здольнасцей індывіда і інш.

Літ.:

Асмолов А.Г. Психология личности. М., 1990;

Видинеев Н.В. Природа интеллектуальных способностей человека. М., 1989;

Голубева Э.А. Способности и индивидуальность. М., 1993.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)