ВЯ́ЦІЧЫ,

усходнеславянская племянная групоўка ў бас. Акі. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», вяцічы разам з радзімічамі прыйшлі з ляшскіх (прапольскіх) зямель. У 9 — сярэдзіне 10 ст. плацілі даніну хазарам, потым — кіеўскім князям. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Археал. помнікі вяцічаў — селішчы, гарадзішчы, курганныя могільнікі з трупаспаленнем (8—11 ст.) і трупапалажэннем (11—14 ст.). У 11—12 ст. у зямлі вяцічаў узніклі гарады Масква, Колцеск, Дзедаслаў, Нерынск і інш. У 2-й пал. 12 ст. тэр. вяцічаў падзелена суздальскімі і чарнігаўскімі князямі. Як культурна-этнагр. група вяцічы зніклі ў 13—14 ст.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАРЭГУЛЯ́ТАРНЫ ПУНКТ

(ГРП),

комплекс прыстасаванняў для аўтам. зніжэння і падтрымання пастаяннага ціску газу ў размеркавальных газаправодах. Бываюць сеткавыя (агульнагарадскія, раённыя, квартальныя) і аб’ектавыя; сярэдняга (да 0,3 МПа) і высокага (0,3—1,2 МПа) ціску. Прадукцыйнасць 0,5—50 тыс. м³/гадз.

На ГРП вядзецца ачыстка газу ад мех. прымесей, кантроль за ціскам і т-рай, улік расходу. ГРП будуюцца на тэр. гарадоў, інш. населеных пунктаў, прамысл. і камунальных прадпрыемстваў у асобных будынках або шафах. Для газазабеспячэння асобнага аб’екта (цэха, катла, печы і г.д.) выкарыстоўваюць газарэгулятарныя ўстаноўкі.

В.В.Арціховіч, В.М.Капко.

т. 4, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЗЕ́ТА ГРОДЗЕ́НЬСКА»

(«Gazeta Grodzieńska»),

першае перыядычнае выданне на тэр. сучаснай Беларусі. Выдавалася з мая 1776 да 1783 (?) у Гродне на польск. мове раз на тыдзень на 2 старонках фарматам 15 х 20 см. Друкавалася ў Гродзенскай друкарні. У перадавых артыкулах абмяркоўваліся надзённыя грамадска-паліт. праблемы (на той час унікальная з’ява). Па патрабаванні караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гродне была ўведзена пасада цэнзара, па загадзе якога рэдакцыйныя артыкулы часам замяняліся паведамленнямі з інш. выданняў. Змяшчала інфармацыю пра падзеі ў горадзе, аб’явы. Апошні выяўлены нумар газеты датаваны 28.12.1780.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬШТА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

культура ілірыйскіх і кельцкіх плямён, што ў раннім жалезным веку (8—5 ст. да н.э.) жылі на Пд Сярэдняй Еўропы. Насельніцтва займалася земляробствам, здабывала медную руду, соль, вырабляла бронзавыя, пазней жал. рэчы; жыло ў драўляных жытлах слупавой канструкцыі, паўзямлянках і пабудовах на палях. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, на пазнейшым этапе ў драўлянай грабніцы пад курганом. Грамадскія адносіны характарызаваліся распадам роду і пераходам да класавага грамадства. Рэчы гальштацкага тыпу (жал. наканечнікі коп’яў, шкляныя пацеркі, бронзавыя шпількі, кельты і інш.) знойдзены на тэр. Гомельскай вобл. на помніках мілаградскай культуры.

т. 5, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКА́Я АГЛАМЕРА́ЦЫЯ,

кампактная прасторавая групоўка пасяленняў (пераважна гарадскіх), аб’яднаных у адно цэлае інтэнсіўнымі вытв., працоўнымі, культ.-быт. і рэкрэацыйнымі сувязямі. Вылучаюць монацэнтрычныя гарадскія агламерацыі з адным горадам-ядром, які падпарадкоўвае свайму ўздзеянню астатнія паселішчы, размешчаныя ў прыгараднай зоне (прыгарады, гарады-спадарожнікі і інш.) і намнога пераўзыходзіць іх сваімі памерамі і эканам. патэнцыялам, і поліцэнтрычныя гарадская агламерацыя з некалькімі ўзаемазвязанымі гарадамі-цэнтрамі (гл. Канурбацыя). Гарадскія агламерацыі аказваюць моцны пераўтваральны ўплыў на навакольную тэр., змяняючы яе эканам. структуру і сац. ўмовы жыцця насельніцтва. Зрастанне значнай колькасці суседніх гарадскіх агламерацый вядзе да ўтварэння мегаполісаў.

т. 5, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́КІ

(лац. Daci),

група паўн.-фракійскіх плямён, якія засялялі тэр. на Пн ад Дуная да Карпацкіх гор (сучасная Трансільванія). У 7—4 ст. да н.э. былі пад уплывам качэўнікаў-скіфаў, у 3—2 ст. да н.э. — кельтаў. Д. гандлявалі з Грэцыяй, Італіяй, чаканілі манету, апрацоўвалі металы. У 1 ст. да н.э. аб’ядналіся з гетамі, але саюз хутка распаўся. Найвыш. росквіту дасягнулі ў часы Дэцэбала (87—106 н.э.), які стварыў магутную дзяржаву. Страцілі незалежнасць у выніку войнаў (101—102 і 105—106) з рым. імператарам Траянам, краіна стала рым. правінцыяй Дакія.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЁМА́Н,

археалагічная культура плямён, якія ў 5-м тыс. — 3 ст. да н.э. жылі на тэр. Японіі. Назва ад асаблівага тыпу керамікі з лінейным арнаментам у большасці спіральна-крывалінейных форм (яп. «дзумон»), Насельніцтва жыло на паселішчах у лёгкіх хацінах круглай і прамавугольнай формы, займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральнщтвам ракавін. З 4-га тыс. да н.э. вядомы свойская жывёла, проса, грэчка. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым становішчы ў грунтавых пахаваннях. Прылады працы выраблялі з каменю (шліфаваныя сякеры, нажы) і касцей (рыбалоўныя кручкі, гарпуны). Змянілася культурай Яёі.

А.В.Іоў.

т. 6, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,

дзяржаўнае ўладанне (каралеўшчына) у ВКЛ у 17—18 ст. Упамінаецца з пач. 17 ст. як эканомія, што здавалася ў службовы лен (уладанне, падараванае васалу за вайск. або адм. службу), на тэр. Віцебскага ваяв. Паводле інвентароў 1657 і 1667, складалася з 5 валасцей, у якіх былі 54 сял. дымы і 28 службаў. У 1785 пл. эканоміі 17 тыс. дзесяцін з 431 сялянскай хатай. З 1773 уваходзіла ў Віцебскую правінцыю, з 1777 — у Віцебскі і Суражскі пав. У канцы 18 ст. б.ч. Віцебскай эканоміі падаравана ў вечнаспадчынную ўласнасць прыватным асобам.

Я.К.Анішчанка.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗОАГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ, заалагічныя карты,

карты, якія адлюстроўваюць геагр. заканамернасці размяшчэння жывёл. Падзяляюцца на агульныя і спецыяльныя. На агульных картах паказваюць: тыпы насялення розных груп жывёл (сістэматычных — млекакормячых, птушак і інш.; групы, якія ўтвараюць ланцугі жыўлення і падтрымліваюць цыркуляцыю прыродна-ачаговых хвароб), фауністычныя комплексы, тыпы біяцэнозаў і інш. На спецыяльных картах паказваюць арэалы (асобін, папуляцый, відаў, і інш.) і іх змены ў часе; колькасць жывёльнага насельніцтва і яго дынаміку; міграцыю жывёл; феналагічныя з’явы, промыслы і інш. У кожнай групе вылучаюцца карты размяшчэння картаграфічнага аб’екта і карты раянавання тэр. па гэтых адзнаках.

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РА»,

літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся з ліп. да вер. 1927 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Ф.Умястоўскі. Ідэйныя пазіцыі часопіса былі абумоўлены памяркоўнымі поглядамі рэдактара, яго паліт. арыентацыяй на тэр. аўтаномію Зах. Беларусі з паслядоўнай эвалюцыяй да незалежнасці. Асвятляў пытанні гісторыі Беларусі, бел. асветы на зах.-бел. землях. Пісаў пра неабходнасць культ. і краязнаўчай руплівасці ў Зах. Беларусі і краязнаўчую работу ў БССР. Друкаваў творы М.Багдановіча, А.Бартуля, М.Васілька, У.Дубоўкі і інш. Меў грунтоўны раздзел «Хроніка». Выйшлі 3 нумары ў 2 кнігах.

А.С.Ліс.

т. 2, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)