О́МА ЗАКО́Н,

адзін з асн. законаў электрычнага току. Устаноўлены Г.С.Омам (1826). Паводле О.з. сіла пастаяннага току I у правадніку прама прапарцыянальная напружанню электрычнаму U на канцах гэтага правадніка: I = U/R. Каэфіцыент R, залежны ад матэрыялу правадніка, яго геам. памераў і т-ры, наз. амічным супраціўленнем дадзенага правадніка. Для разгалінаваных эл. ланцугоў абагульненнем О.з. з’яўляецца 2-е Кірхгофа правіла.

У дыферэнцыяльнай форме О.з. запісваецца: j = σE , дзе j — шчыльнасць току, σ — электраправоднасць правадніка, E — выніковая напружанасць эл.-статычнага поля і эл. поля пабочных сіл. У агульным выпадку залежнасць паміж I і U нелінейная, аднак на практыцы для пэўнага інтэрвалу напружанняў карыстаюцца О.з. (для металаў і іх сплаваў гэты інтэрвал практычна неабмежаваны). Пры наяўнасці крыніц току (акумулятара, тэрмапары, генератара ці інш.) на дадзеным участку ланцуга О.з. вызначаецца формулай: I = (U + ε)/R, дзе ε — эрс крыніц току, уключаных у дадзены ўчастак. Для замкнутага ланцуга О.з. мае выгляд: I = ε/(R + r), дзе r — унутранае супраціўленне крыніцы току. Для сінусаідальных квазістацыянарных токаў выконваецца О.з. у камплекснай форме: I = U/Z, дзе Ζ — поўнае электрычнае супраціўленне, I і U — амплітудныя ці дзейныя значэнні сілы току і напружання.

т. 11, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ВАННЕ ЦЕЛ,

стан раўнавагі цвёрдага цела, апушчанага часткова ці поўнасцю ў вадкасць (газ), а таксама рух гэтага цела па паверхні або ўнутры вадкасці (газу).

На апушчанае ў вадкасць цела дзейнічае сіла цяжару, прыкладзеная да цэнтра цяжару цела, і выштурхная (пад’ёмная) сіла (гл. Архімеда закон), прыкладзеная да цэнтра цяжару выштурхнутага аб’ёму вадкасці — цэнтра ціску. Для раўнавагі плаваючага цела (судна) неабходна, каб сіла цяжару і выштурхная сіла былі роўныя па модулі і каб цэнтр цяжару цела і цэнтр ціску знаходзіліся на адной вертыкалі (вось плавання). Крытэрыем устойлівай раўнавагі судна з’яўляецца становішча метацэнтра — пункта перасячэння лініі дзеяння выштурхной сілы з плоскасцю сіметрыі цела. Становішча метацэнтра мяняецца пры змене вугла нахілу плаваючага цела. Раўнавага судна будзе ўстойлівая, калі яго цэнтр цяжару ляжыць ніжэй за метацэнтр, таму што пара сіл, утвораная сілай цяжару і выштурхной сілай, будзе паварочваць нахіленае судна ў адваротным напрамку. Калі метацэнтр размешчаны ніжэй за цэнтр цяжару, то раўнавага будзе няўстойлівая і судна можа перакуліцца. Тэарэт. пытанні раўнавагі плаваючых цел вывучаюцца ў караблебудаўніцтве.

Л.​І.​Болсун.

Да арт. Плаванне цел: а — устойлівая раўнавага; б — няўстойлівая раўнавага; Ц1 — цэнтр цяжару; Ц2 — цэнтр ціску; М — метацэнтр; Fц — сіла цяжару; FA — выштурхная сіла.

т. 12, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТА́Л (ням. Kapital першапачаткова — галоўная маёмасць, ад лац. capitalis галоўны),

пэўная сума сродкаў, якая дазваляе ўладальніку займацца прадпрымальніцтвам, перадаваць іх у пазыку і г. д.; сума накопленых матэрыяльных, грашовых, інтэлектуальных і інш. даброт. А.Сміт характарызаваў К. толькі як накоплены запас рэчаў і грошай, лічыў працу адзінай стваральніцай вартасці ў простай таварнай вытв-сці. З развіццём таварна-грашовых адносін працэс стварэння вартасці ўскладняўся, уцягваў і інш. фактары. Д.Рыкарда трактаваў К. як сродкі вытворчасці. К.Маркс лічыў К. самаўзрастаючай вартасцю, якая стварае прыбавачную вартасць, і даказваў, што К. — гэта не грошы; грошы становяцца К. толькі тады, калі на іх набываюцца сродкі вытв-сці і рабочая сіла, прычым стваральніцай прыросту вартасці (прыбавачнай вартасці) ён лічыў толькі працу наёмных рабочых.

К. — гэта грошы, якія пушчаны ў абарот і прыносяць ад гэтага даход (прыбытак). Яго ўсеагульная формула Г — Т — П, дзе Г — грашовыя сродкі, авансаваныя інвестарам, Т — тавар (купленыя сродкі вытв-сці, рабочая сіла і інш. элементы вытв-сці), П — прыбытак інвестара. Г — Т — затраты інвестара на закупку тавару. У формуле Г — Т — П грашовыя сродкі, укладзеныя ў вытв.-гандл. (камерцыйны) працэс, не затрачваюцца канчаткова, а толькі авансуюцца і вяртаюцца ўкладчыку (інвестару) з дадатковым даходам (П). На кожнай з 3 стадый К. прымае пэўную функцыянальную форму: на 1-й ён выступае як грашовы, на 2-й — як вытворчы, а на 3-й — як таварны К.

К., які адначасова існуе ў 3 функцыянальных формах, наз. прамысловым. Паводле формы ўкладання адрозніваюць прадпрымальніцкі К., укладзены ў розныя мерапрыемствы (праекты) шляхам прамых або партфельных інвестыцый, і пазыковы, дадзены ў пазыку на ўмовах зваротнасці і платнасці. Паводле аб’ектаў укладання К. падзяляецца на пастаянны, прызначаны (або затрачаны) на набыццё сродкаў вытв-сці, пераменны — на фарміраванне рабочай сілы; асноўны, укладзены ў асн. фонды, зваротны — у сродкі прадпрыемства, якія параўнальна лёгка трансфармуюцца ў наяўныя грошы (гатовая прадукцыя, вытв. запасы, дэбіторская запазычанасць, затраты будучых перыядаў і інш. элементы абаротных сродкаў). Сума асн. і абаротнага К. складае прадукцыйны К., а пастаяннага і пераменнага — авансаваны К., г. зн., прызначаны для набыцця сродкаў вытв-сці і фарміравання рабочай сілы. Адрозніваюць таксама венчурны К., які ўкладаецца ў аб’екты (праекты) з павышаным узроўнем рызыкі (напр., у новыя кампаніі навукаёмістых галін, інвестыцыі ў форме эмісіі новых акцый); акцыянерны К. — агульная сума акцый, ухваленых да выпуску або фактычна выпушчаных акц. т-вам; статутны К. — сума вытв. фондаў прадпрыемства, укладаў уласнікаў або ўдзельнікаў акц. т-ваў, якая фіксуецца ў іх статуце і знаходзіцца ў пастаянным карыстанні і распараджэнні.

Літ.:

Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;

Балабанов И.Т. Основы финансового менеджмента. М., 1997;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕРНАЯ ФІ́ЗІКА,

раздзел фізікі, у якім вывучаюцца працэсы генерацыі, узмацнення і распаўсюджвання лазернага выпрамянення, яго ўзаемадзеяння з рознымі асяроддзямі і аб’ектамі; фіз. асновы стварэння і выкарыстання лазераў частка квантавай электронікі.

Узнікла ў 1960-я г. на мяжы оптыкі, радыёфізікі, электронікі і матэрыялазнаўства. Атрымала хуткае развіццё з прычыны асаблівых якасцей лазернага промня: яго надзвычай высокіх кагерэнтнасці, монахраматычнасці, накіравальнасці распаўсюджвання, прасторавай і часавай шчыльнасці энергіі, вельмі малой працягласці асобных імпульсаў. Гэтыя якасці, іх спалучэнні і камбінацыі абумовілі развіццё лазернай тэхнікі — лазерных сродкаў даследавання розных асяроддзяў і аб’ектаў, выканання разнастайных лазерных тэхналогій, у т. л. тонкіх, стварэння аптычнай сувязі, апрацоўкі, запісу і счытвання інфармацыі (гл. Аптычны запіс). Выкарыстанне лазернага выпрамянення выклікала змены шэрагу паняццяў і ўяўленняў оптыкі і інш. галін ведаў. У выніку выкарыстання лазераў выяўлены і даследаваны такія нелінейна-аптычныя з’явы, як генерацыя гармонік, складанне і адыманне частот, вымушанае камбінацыйнае рассеянне, самафакусіроўка і тунэляванне лазернага пучка, чатырохфатоннае змешванне, двухфатоннае паглынанне, амплітудна-фазавая канверсія мадуляцыі, утварэнне салітонаў і інш. Нелінейна-аптычныя з’явы знайшлі шырокае выкарыстанне для кіравання характарыстыкамі лазернага выпрамянення (пры яго генерацыі і распаўсюджванні), вывучэння структуры рэчыва (гл. Лазерная спектраскапія) і дынамікі розных працэсаў у асяроддзях. У імпульсах лазернага выпрамянення фемтасекунднай (10 с) працягласці дасягнуты шчыльнасці магутнасці парадку 10​21 Вт/см². Сілы ўздзеяння такіх імпульсаў на электроны і ядры атамаў істотна перавышаюць сілы іх узаемадзеяння ў ядрах, што дае магчымасць кіроўнага ўздзеяння на структуру атамаў і малекул. Лазерныя крыніцы выпрамянення выкарыстоўваюцца ў звычайных аптычных прыладах, што значна паляпшае іх характарыстыкі і пашырае магчымасці, і для стварэння прынцыпова новых прылад і метадаў даследавання, новых тэхн. сродкаў (аптычныя дыскі. лазерныя прынтэры, аудыё- і відэапрайгравальнікі, лініі валаконна-аптычнай сувязі, галаграфічныя і кантрольна-вымяральныя прылады). Дасягненні Л.ф. шырока выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, прамысл. тэхналогіях, у ваен. тэхніцы, касманаўтыцы, медыцыне.

На Беларусі даследаванні па Л.ф. пачаліся ў 1961 у Ін-це фізікі АН пад кіраўніцтвам Б.І.Сцяпанава. Праводзяцца ў ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю Нац. АН Беларусі, установах адукацыі і прамысл. арг-цыях. Прадказана і атрымана генерацыя на растворах складаных малекул, створана серыя лазераў з плаўнай перастройкай частаты ў шырокім дыяпазоне; прапанаваны метады разліку і кіравання энергет., часавымі, частотнымі, палярызацыйнымі і вуглавымі характарыстыкамі лазераў і лазернага выпрамянення; створаны новыя тыпы лазерных крыніц святла агульнага і спец. прызначэння. Распрацаваны фіз. асновы дынамічнай галаграфіі, вывучаны заканамернасці ўзнікнення і працякання многіх нелінейна аптычных з’яў і распаўсюджвання святла ў нелінейна-аптычных асяроддзях.

Літ.:

Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;

Коротеев Н.И., Шумай И.Л. Физика мощного лазерного излучения. М., 1991;

Ярив А. Введение в оптическую электронику: Пер. с англ. М., 1983;

Ахманов С.А., Выслоух В.А., Чиркин А.С. Оптика фемтосекундных лазерных импульсов. М., 1988.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 9, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙМАРСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

парламенцкая дэмакр. рэспубліка ў Германіі ў 1919—33. Узнікла ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Юрыдычна аформлена Устаноўчым сходам у г. Веймар (6.2.1919—21.5.1920). У гістарыяграфіі ФРГ неафіцыйна наз. 1-й Герм. рэспублікай (2-й рэспублікай лічыцца ФРГ). Дзейнічала канстытуцыя 31.7.1919, паводле якой абвяшчаліся дэмакр. свабоды, усеагульнае выбарчае права, надзяляўся вял. паўнамоцтвамі прэзідэнт краіны, прадстаўніцтва партый у парламенце (рэйхстагу) было прапарцыянальна атрыманым галасам выбаршчыкаў, захаваліся традыцыі федэралізму (дзяржава складалася з аўтаномных 15 рэспублік-зямель і 3 вольных гарадоў), парламент быў двухпалатны — ніжняя палата (рэйхстаг) выбіралася ўсеагульна, верхняя (рэйхсрат) складалася з прадстаўнікоў урадаў зямель. У эканоміцы захоўвалася панаванне буйных землеўладальнікаў, прамыслоўцаў і банкіраў. Кіраўнічыя колы, вымушаныя пад націскам працоўных пагадзіцца з дэмакр. канстытуцыяй, на справе не прынялі парламенцкую дэмакратыю. У жыцці краіны пераважалі правыя і рэакц. тэндэнцыі. Левыя сілы (сацыял-дэмакраты і камуністы), канфліктуючы паміж сабой, не здолелі абараніць парламенцкую дэмакратыю. Схільнасць лібералаў да кансерватызму і рэакцыі садзейнічала пашырэнню ўплыву нацыянал-сацыялісцкай партыі, якая пасля прыходу да ўлады (1933) знішчыла Веймарскую рэспубліку.

Літ.:

Руге В. Германия в 1917—1933 гг.: От Вел. От Вел. Окт. соц. революции до конца Веймарской республики: Пер. с нем. М., 1974;

Драбкин Я.С. Становление Веймарской республики. М., 1978;

Mocht und Ohnmacht der Weimarer Republik. Berlin, 1990.

М.​Г.​Елісееў.

т. 4, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́КТАР (ад лац. vector вядучы, нясучы),

1) накіраваны адрэзак пэўнай даўжыні. Абазначаецца лац. літарамі тлустага шрыфту a, A (AB — калі пачатак вектара ў пункце A, канец у пункце B) ці светлага шрыфту з рыскай або стрэлкай над імі: a_, a, AB___, AB. Даўжынёй (модулем) вектара наз. даўжыня адрэзка AB і абазначаецца AB ці |AB|.

Два вектары роўныя, калі яны паралельныя ці аднолькава накіраваныя і маюць аднолькавую даўжыню. Вектар, пачатак і канец якога супадаюць, наз. нуль-вектарам, даўжыня яго роўная нулю. Яму не прыпісваецца ніякі напрамак. Вектар, даўж. якога роўная адзінцы, наз. адзінкавым. На плоскасці ці ў прасторы ўсякі вектар можа быць паказаны накіраваным адрэзкам, адкладзеным ад пачатку каардынат. Таму вектар можна задаваць трыма сапраўднымі лікамі (x, y, z) — праекцыямі вектара на восі прамавугольнай сістэмы каардынат (каардынатамі вектара). У n-мернай прасторы вектар вызначаецца як упарадкаваная сістэма n сапраўдных лікаў (x1, x2, ..., xn).

З дапамогай вектара ў матэматыцы, фізіцы і механіцы апісваюцца сілы, скорасці, паскарэнні і інш. велічыні, зададзеныя лікам і напрамкам. Гл. таксама Вектарнае злічэнне.

2) У пераносным сэнсе — пэўны кірунак у якой-н. сферы дзейнасці ці адносін (напр., у палітыцы, эканоміцы і г.д.).

А.​А.​Гусак.

Вектар OM з праекцыямі x, y, z; i, j, k — орты прамавугольнай дэкартавай сістэмы каардынат.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬМО́НТ (Канстанцін Дзмітрыевіч) (16.6.1867, в. Гумнішчы Іванаўскай вобл., Расія — 23.12.1942),

рускі паэт. З дваран. У 1886 паступіў у Маскоўскі ун-т, у 1887 выключаны за ўдзел у рэв. студэнцкім руху. Першыя кнігі «Зборнік вершаў» (1890) і «Пад паўночным небам» (1894) прасякнуты матывамі меланхоліі, смутку, адчужанасці. Зб. паэзіі «У бяскрайнасці» (1895), «Цішыня» (1989), «Будзем як сонца» (1903) вылучылі Бальмонта як аднаго з прадстаўнікоў рус. сімвалізму. У цэнтры паэзіі — стыхійныя сілы прыроды і роўны ім герой з абвостранымі пачуццямі, душэўнымі памкненнямі. У 1905 нелегальна выехаў за мяжу. Зб. «Песні мсціўца» (Парыж, 1907) забаронены царскай цэнзурай. Уражаннем ад падарожжаў напоўнены зб. «Зарыва світанняў» (1912), «Край Азірыса» і «Белы дойлід. Таямніца чатырох каганцоў» (1914). Вітаў Лют. рэвалюцыю 1917, не прыняў Кастр. рэвалюцыі і ў 1920 эмігрыраваў. Выдаў зб. вершаў «Дар Зямлі» (1921), «Маё — Ёй. Вершы аб Расіі» (1923), «Паўночнае ззянне» (1931), «Блакітная падкова» (1937), аўтабіягр. раман «Пад новым сярпом» (1923); перакладаў творы П.​Б.​Шэлі (Поўн. зб. тв.), П.​Кальдэрона, У.​Уітмена, Э.​По, П.​Верлена, арм., груз., літоўскіх аўтараў. Аўтар літ.-крытычных кніг «Горныя вяршыні» (1904), «Белыя бліскавіцы» (1908), «Паэзія як чараўніцтва» (1915).

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. Т. 1—10. М., 1908—13;

Избранное: Стихотворения;

Переводы;

Статьи. М., 1991.

П.​П.​Вашко.

К.​Дз.Бальмонт.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЫЗВАЛЕ́ННЯ ПАЛЕСЦІ́НЫ (АВП),

галоўная арг-цыя палесцінскага нац.-выз. руху. Створана ў 1964. Уключае большасць арг-цый Палесцінскага руху супраціўлення і грамадска-паліт. аб’яднанняў, якія актыўна змагаюцца за правы араб. народа Палесціны. Мае ўзбр. сілы, прадстаўніцтвы больш як у 100 краінах, чл. Лігі араб. краін, Арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», з 1974 — адзіны законны прадстаўнік араб. народа Палесціны ў ААН. Вышэйшы орган — Нац. савет Палесціны (НСП, склікаецца раз у год, лічыцца палесцінскім парламентам у выгнанні), які ў 1988 прыняў рашэнне пра стварэнне Дзяржавы Палесціна на тэр. зах. берага р. Іардан і сектара Газа. Паліт. і арганізац. кіраўніцтва АВП ажыццяўляе яе Выканком (надзелены НСП паўнамоцтвамі часовага палесцінскага ўрада); з 1969 старшыня Выканкома АВП Я.Арафат. Гал. інфарм. агенцтва АВП выдае штотыднёвік «Філастын ас-Саура» («Рэвалюцыйная Палесціна»).

Палітыка АВП доўгі час будавалася на ўзбр. барацьбе супраць Ізраіля за вызваленне акупіраваных ім тэрыторый і непрыняцці рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 пра стварэнне на тэр. Палесціны яўр. і араб. дзяржаў. З канца 1980 — пач. 1990-х г. стала на шлях перагавораў і пошуку мірнага ўрэгулявання палесцінскай праблемы: прызнала рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 і Савета Бяспекі ад 22.11.1967 і 22.10.1973; паводле Вашынгтонскай дэкларацыі 1993 прадугледжана часовае палесцінскае самакіраванне на тэр. зах. берага р. Іардан сектара Газа. АВП і Ізраіль заявілі пра ўзаемнае прызнанне.

т. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЎКРАІ́НСКІХ НАЦЫЯНАЛІ́СТАЎ (АУН),

украінская паліт. арганізацыя. Створана ў 1929 Я.​Канавальцам. У сваёй праграме абвяшчала непрымірымыя адносіны да камунізму. Паставіла сябе над інш. ўкр. партыямі і рухамі, пачаўшы з імі барацьбу. Імкнулася пры дапамозе ўсенар. паўстання аб’яднаць усе ўкр. землі ва Укр. Самастойную Саборную Дзяржаву (УССД). У 1940 з-за ўнутр. рознагалоссяў распалася на АУН (м) — мельнікаўцаў і АУН (б) — бандэраўцаў (паводле прозвішчаў кіраўнікоў — А.​Мельніка і С.​Бандэры). На пач. 2-й сусв. вайны выступіла супраць Польшчы, потым супраць СССР на баку Германіі. Пасля адмовы гітлераўскіх уладаў прызнаць Акт аднаўлення Украінскай Дзяржавы (30.6.1941) АУН (б) перайшла ў апазіцыю да акупац. рэжыму, разгарнула супраць яго прапаганду. На гэта фашысты адказалі арыштамі і расстрэламі бандэраўцаў. Мельнікаўцы стаялі на змоўніцкіх пазіцыях да фашыстаў. Вясной 1943 АУН (б) абвясціла стратэгію «двухфрантавой» барацьбы супраць Берліна і Масквы — «Украінская паўстанцкая армія» («УПА») пачала на Валыні і бел.-ўкр. Палессі дзеянні супраць гітлераўцаў і сав. партызанаў. З 1944 гал. сілы АУН разгарнулі антысав. барацьбу, якая ахапіла пераважна зах. вобласці Украіны і працягвалася да сярэдзіны 1950-х г. Пасля вайны асн. кадры абедзвюх частак АУН былі ў эміграцыі. З абвяшчэннем дзярж. суверэнітэту Украіны ў 1991 АУН перанесла сваю дзейнасць на радзіму і скіравала яе на пабудову дэмакр., паліт. і эканам. незалежнай укр. дзяржавы.

А.​В.​Кенцій.

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЦЫЛО́ГРАФ (ад лац. oscillum ваганне + ...граф),

вымяральная прылада для графічнага назірання і запісу функцыянальных сувязяў паміж эл. велічынямі, што характарызуюць які-н. фізічны працэс. З дапамогай асцылографа вызначаюць змены сілы току і напружання ў часе, вымяраюць частату, зрух фазаў, характарыстыкі электравакуумных і паўправадніковых прылад, а з дапамогай спец. датчыкаў (напр., тэрмапары) неэл. велічыні: т-ру, ціск, паскарэнне і інш. Асцылографы бываюць нізка- (да 1 МГц) і высокачастотныя (да 100 МГц і вышэй), адна- і многапрамянёвыя, імпульсныя, запамінальныя, спец. тэлевізійныя і інш.

Святлопрамянёвы асцылограф складаецца з люстранага гальванометра (шлейфа), святлоаптычнай сістэмы і прыстасаванняў для працягвання святлоадчувальнага носьбіта запісу (напр., фотапаперы) і непасрэднага назірання, вызначальніка часу. Бывае з фатаграфічным, электраграфічным, ультрафіялетавым і камбінаваным запісам адхілення светлавога праменя, адбітага ад шлейфа, скорасць працягвання носьбіта запісу да 5000 мм/с. Можна адначасова даследаваць да 64 розных працэсаў, напрыклад пры вывучэнні вібрацый і дэфармацый у самалётах, турбінах. Электроннапрамянёвы асцылограф прызначаны для непасрэднага назірання і фатаграфавання эл. працэсаў на экране электронна-прамянёвай трубкі (ЭПТ). Сігнал падаецца на вертыкальна адхіляльныя пласціны (шпулі) ЭПТ, напружанне разгорткі пры назіранні часавай залежнасці — на гарызантальна адхіляльныя.

Літ.:

Аршвила С.В., Борисевич Е.С., Жилевич И.И. Электрографические светолучевые осциллографы. М., 1978;

Линт Г.Э. Автоматические осциллографы при измерениях. М., 1972.

П.​С.​Габец.

т. 2, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)