ГІ́БКА,

спосаб апрацоўкі металаў ціскам, пры якім загатоўцы або яе частцы надаецца выгнутая форма. Да гібкі адносіцца ўласна гібка, або гнуццё (атрыманне гнутых профіляў), прафіляванне (гафрыраванне, выгінанне), згортванне (атрыманне зварных труб), навіванне спружын, праўка і інш. Гібка ажыццяўляецца на гібачных машынах, універсальных прэсах або ўручную. Спосабам гібкі вырабляюць дэталі машын і прылад, розныя метызы і інш.

Узоры дэталей, якія можна зрабіць гібкай.
Да арт. Гібка: а — схема гібкі, б — гібка па шаблоне (1 — прыціскач, 2 — загатоўка, 3 — націскны ролік, 4 — шаблон).

т. 5, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРЫ́ДНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,

хімічны ракетны рухавік, паліва якога мае кампаненты рознага агрэгатнага стану. Цвёрды кампанент (паліва або акісляльнік) размяшчаецца ў камеры згарання, у якую падаецца вадкі (або газападобны) кампанент (акісляльнік або паліва). Па канструкцыі і параметрах — прамежкавы паміж вадкаснымі і цвердапаліўнымі ракетнымі рухавікамі.

Першы ў свеце гібрыдна ракетны рухавік канструкцыі М.К.Ціханравава створаны ў СССР (1933). Паліва (пастападобны раствор каніфолі ў бензіне) размяшчалася ў кальцавым зазоры паміж корпусам і цэнтр. трубкай з адтулінамі. Акісляльнік (вадкі кісларод) падаваўся пад ціскам уласнай пары.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́НСЕН ((Jensen) Іаганес Ганс Даніэль) (25.6.1907, г. Гамбург, Германія — 11.2.1973),

нямецкі фізік-тэарэтык. Чл. Гайдэльбергскай АН (1949). Скончыў Гамбургскі ун-т (1932), дзе і працаваў у 1937—41. З 1941 праф. Гановерскага тэхнал. ін-та, з 1949 — Гайдэльбергскага ун-та. Навук. працы па ядз. фізіцы і фіз. цвёрдага цела. Даследаваў узаемадзеянні іонаў у крышталях, атрымаў залежнасць поўнай энергіі крышталя ад міжатамнай адлегласці. Увёў паняцце спін-арбітальнай сувязі і распрацаваў абалонкавую мадэль атамнага ядра (1950). Нобелеўская прэмія 1963 (разам з М.Гёперт-Маер).

т. 6, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРАФЕ́ЕНКА (Віктар Ціханавіч) (н. 14.9.1946, г. Ганцавічы Брэсцкай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1996). Скончыў Маскоўскі дзярж. ун-т (1969). З 1972 у БДУ. Навук. працы па матэм. фізіцы. краявых задачах электрадынамікі, матэм. мадэляванні. Распрацаваў аналіт. метады і тэорыю ўсярэдненых гранічных умоў для эл.-магн. палёў на тонкіх абалонках, тэарэмы складання для базісных эл.-магн. хваль.

Тв.:

Электромагнитные поля в экранирующих оболочках. Мн., 1988 (разам з С.​М.​Апалонскім);

Теоремы сложения: Справ. Мн., 1989.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЕ КАСМІ́ЧНАЕ АГЕ́НЦТВА (European Space Agency; ЕКА),

міжнародная арганізацыя, якая аб’ядноўвае 13 дзяржаў Еўропы (Францыя, Германія, Італія, Бельгія, Вялікабрытанія і інш.). Створана ў 1975 з мэтаю развіцця даследаванняў касм. прасторы і выкарыстання на камерцыйнай аснове спадарожнікавых сродкаў для сувязі, тэлебачання, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, навігацыі. метэаралогіі і інш. Мае сетку станцый сачэння за палётамі касм. апаратаў з цэнтрам кіравання ў г. Дармштат (Германія). Краіны — члены Е.к.а. маюць свае касм. агенцтвы для вырашэння задач па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы ў нац. мэтах.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ ПА А́ТАМНАЙ ЭНЕ́РГІІ, Еўратам. Створана адначасова з Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю (ЕЭС) у 1957 у складзе той жа групы краін з мэтай аб’яднання рэсурсаў атамнай энергіі, атамнай прам-сці і навук.-тэхн. патэнцыялу ў галіне ядз. фізікі і энергетыкі, а таксама каардынацыі нац. праграм развіцця ядз. энергетыкі. Уключае Бельгію, Вялікабрытанію, Германію, Грэцыю, Данію, Ірландыю, Іспанію, Італію, Люксембург, Нідэрланды, Партугалію, Францыю. Ў 1967 органы Еўратама зліліся з органамі ЕЭС і Еўрапейскім аб ’яднаннем вугалю і сталі. Штаб-кватэра ў г. Брусель (Бельгія).

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУДЫ́К (Judic) Ганна [сапр. Дам’ен

(Damiens) Ганна Марыя Луіза; 17.7.1850, г. Семюр, Францыя — 15.4.1911], французская артыстка аперэты, эстр. спявачка. Вучылася ў Парыжскай кансерваторыі. З 1867 выступала ў парыжскіх т-рах, з 1872 — у «Буф-Парызьен» (па запрашэнні Ж.​Афенбаха),

з 1876 у «Вар’етэ». Яе творчасці былі ўласцівы дасканалае вак. майстэрства, лёгкасць і віртуознасць камедыйнай тэхнікі. Сярод партый: Алена, Герцагіня («Прыгожая Алена», «Герцагіня Геральштэйнская» Афенбаха), Дэніза («Мадэмуазель Нітуш» Ф.​Эрвэ). Як эстр. спявачка стварыла ўласны стыль выканання, заснаваны на гранічнай выразнасці жэста.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Іван Васілевіч) (н. 18.3.1954, в. Паўстынь Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1996). Скончыў БПІ (1976). З 1976 у Ін-це надзейнасці машын Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праектаванні, вырабе і павышэнні даўгавечнасці зубчастых перадач і перадатачных механізмаў на іх аснове. Распрацаваў тэарэт. асновы выбару і разліку геаметрыі зубчастых колаў нестандартнага зыходнага контуру.

Тв.:

Зубчатые передачи с повышенной податливостью зубьев. Мн., 1993 (разам з А.​В.​Берасневым, А.​М.​Нядзелькіным).

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРА́ЎСКІ (Генадзь Іванавіч) (н. 8.1.1951, в. Маршчынавічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р тэхн. н. (1993). Скончыў БДУ (1973). З 1973 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па цепламасапераносе пры фазавых і хім. пераўтварэннях у дысперсных і сітаватых асяроддзях. Распрацаваў цеплафіз. асновы экалагічна чыстых працэсаў тэрмічнай апрацоўкі дысперсных і сітаватых матэрыялаў.

Тв.:

Тепломассоперенос в многофазных системах. Мн., 1990 (разам з В.​Л.​Ганжой, Э.​М.​Сімкіным).

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУЧЭ́НКА (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 25.9.1935, г. Есентукі, Расія),

малдаўскі генетык. Акад. АН Малдовы (1976). Чл.-кар. Расійскай АН (1973). Скончыў Вышэйшы с.-г. ін-т імя В.​Каларава (1960; Балгарыя). З 1960 у Малдаўскім НДІ арашальнага земляробства і агародніцтва (у 1967—76 дырэктар). У 1977—89 прэзідэнт АН Малдовы. Навук. працы па прыкладной генетыцы і тэарэт. асновах селекцыі с.-г. раслін (пытанні генетыкі памідораў, генетыка-біяхім. прыроды ўстойлівасці агароднінных культур да захворванняў, выкарыстання матэм. метадаў для прагназавання гетэрозісу).

Тв.:

Генетика томатов. Кишинев, 1973.

т. 6, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)