КАР’Е́Р НАДЗЕ́І,

радовішча абліцовачнага каменю ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., за 2,5 км на Пд ад в. Глушкавічы. Паклад прымеркаваны да дапалеазойскіх парод паўн. ч. Украінскага крышт. шчыта. Карысныя выкапні — мігматыты ад светла-шэрага да цёмна-шэрага колеру, палоскавыя, дробна- і сярэднезярністыя, складзеныя з плагіяклазаў, мікраклінаў, слюд, амфіболаў. Разведаныя запасы 3,4 млн. м³, перспектыўныя 3,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 32—42 м, ускрышы (пяскі, супескі, выветраныя мігматыты) 0,6—12 м. Мігматытавыя абліцовачныя пліткі выкарыстоўваюцца ў буд-ве. Распрацоўваецца дзярж. прадпрыемствам «Граніт».

А.​П.​Шчураў.

т. 8, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЛІКІ ў астраноміі,

зоркі адносна невялікіх памераў (0,01—1 радыус Сонца) і невысокіх свяцільнасцей (10​−1—1 адзінка свяцільнасці Сонца). Маса 0,1—1 сонечнай масы. Тыповая зорка-К. — наша Сонца. Ад звычайных (чырвоных К.) будовай і ўласцівасцямі адрозніваюцца белыя К. Гэта вельмі шчыльныя (10​8—10​9 кг/м³) гарачыя зоркі малых памераў (у сярэднім радыус роўны зямному радыусу, а маса адпавядае масе Сонца, т-ра паверхні дзесяткі тысяч К). Белыя К. — канчатковая стадыя зорнай эвалюцыі, калі маса зоркі не большая за 1,4 масы Сонца.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛІ́СТЫ,

палітычная групоўка клерыкальнага і манархісцкага кірунку (каталіцкае духавенства, вышэйшая знаць, вярхі арміі і інш.) у Іспаніі з 1833. Назва ад прыхільнікаў прэтэндэнта на ісп. прастол дона Карласа Старэйшага, сына караля Карла IV (правіў у 1788—1808). Адстойвалі рэліг. і абсалютысцкія традыцыі ў Іспаніі (адсюль другая назва традыцыяналісты). Развязалі Карлісцкія войны 1833—40 і 1872—76. У 1936—39 удзельнічалі ў антырэсп. мяцяжы ген. Ф.​Франка, які ў 1937 аб’яднаў арг-цыі К. з іспанскай фалангай. Выступаюць за права на ісп. прастол прынца Бурбон-Пармскага Карласа Хуга.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАРО́БАЧКА»,

гарадскі бытавы танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. Выконваецца пад мелодыю рус. нар. песні «Карабейнікі». Выканаўцы, узяўшыся рукамі накрыж, прыстаўным крокам рухаюцца па крузе, потым кожны выконвае некалькі вальсавых паваротаў.

Працягваючы рух, танцоры робяць прыстаўныя крокі ў бакі і павароты пад рукой. У канцы фігуры хлопец і дзяўчына робяць до-за-до. Рухі паўтараюцца некалькі разоў запар у тым жа парадку. Другая фігура выконваецца як полька або вальс. Танец мае невял. рэгіянальныя адрозненні. З канца 19 ст. пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 8, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РСТАВЫЯ ВО́ДЫ,

падземныя воды ў трэшчынах, порах, каналах і інш. карставых поласцях у карбанатных або галагенных пародах. Адрозніваюцца ад інш. падземных вод тым, што расшыраюць свае шляхі руху за кошт растварэння парод. Фарміраванне К.в. адбываецца ў выніку інфільтрацыі атм. вод і паглынання паверхневых вадатокаў. У падземнай цыркуляцыі К.в. вылучаюць 3 зоны: пранікнення вады з паверхні па каналах і трэшчынах, вагання ўзроўню з перыядычным запаўненнем поласцей, пастаяннага насычэння вадой. К.в. ўтвараюць крыніцы з вял., але пераменным дэбітам, падземныя рэкі і азёры невял. памераў.

В.​І.​Бучурын.

т. 8, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСЦЕ́ША»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 200 родаў у Беларусі, на Украіне, у Літве і Польшчы, у т. л. Барэйкі, Верашчакі, Дарагастайскія, Дольскія, Пілсудскія, Сланчэўскія, Статкевічы, Хадкевічы, Шымковічы. У Польшчы вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — з 15 ст. На чырв. фоне выява стралы, накіраванай угору і перакрыжаванай пасярэдзіне, з раздвоеным канцом. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуе шмат варыянтаў герба: страла з двума перакрыжаваннямі або без іх, з шасціпрамянёвымі зоркамі па баках і інш.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЫЛАЗА́ЎРЫ (Cotylosauria),

падклас вымерлых найб. стараж. і прымітыўных паўзуноў. 2 атр., 4 падатр., каля 10 сям., 80 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з сярэдзіны карбону да трыясу (440—230 млн. гадоў назад). Былі пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Антарктыдзе, Афрыцы.

Даўж. ад 20 см да 3,5 м. Цела прысадзістае, галава невял., хвост кароткі. Чэрап з суцэльнай покрыўкай, зубы паднябенныя, шыя кароткая (звычайна з 2 пазванкоў), канечнасці кароткія, масіўныя. Большасць насякомаедныя, былі расліннаедныя і драпежныя. Па рэштках К. вызначаюць узрост выкапнёвых адкладаў.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦІ́ЛАВА,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 4 км на Пд ад г. Міёры. Пл. 0,45 км², даўж. 870 м, найб. шыр. 590 м, найб. глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 2,6 км. Пл. вадазбору 32,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, пад пашай, на З параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя або тарфяністыя, месцамі забалочаныя. Пойма шыр. да 50 м, пад лугам. Дно да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае. Упадаюць 3 ручаі, на ПнЗ выцякае ручай у воз. Ворань.

т. 8, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШАЛІ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Кашалі. Паклад у выглядзе 6 лінзаў звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пясчана-жвіровая парода шэрая, бураватая, з праслойкамі і лінзамі розназярністых пяскоў, месцамі гліністая; жвіру больш за 5 мм у ёй 24—30%. Пяскі-адсевы сярэдне- і буйназярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 18,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—23,5 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—5,7 м. Пяскі і жвір прыдатныя на выраб бетону, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕКІЛЬБА́ЕЎ (Абіш) (н. 5.12.1939, в. Анды Мангістаўскай вобл., Казахстан),

казахскі пісьменнік. Скончыў Казахскі ун-т (1962). Першая кніга — зб. вершаў «Залатыя промні» (1962). Зб-кі прозы «Лапік хмары» (1966), «Балады стэпаў» (1968), «Жменька зямлі» (1974), раманы «Канец легенды» (1979), «Плеяды — сузор’е надзеі» (1980) і «Перадсвітальнае змярканне» (1984, за абодва Дзярж. прэмія Казахстана 1986) вызначаюцца шматграннасцю праблематыкі, паглыбленым сац. і псіхалагічным аналізам, імкненнем да інтэлектуалізму. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў, нарысаў. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Ракітны.

Тв.:

Рус. пер. — Степные легенды: Повести. Роман. М., 1983.

Ж.​Сахіеў.

т. 8, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)