КАНДРАШО́Ў (Арцямон Сямёнавіч) (21.4.1894, хутар Карпаў Цымлянскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 23.6.1963),
фагатыст, педагог. Засл. арт. Кіргізіі (1943). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1917). У 1917—44 артыст і саліст аркестраў оперных т-раў Масквы (у 1917—23 Вял.т-ра), Рыгі (у 1923—36 адначасова выкладаў у Латв. кансерваторыі), Фрунзе. У 1944—48 саліст аркестра Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1944 выкладаў у Бел. кансерваторыі. З яго працай на Беларусі пачалося станаўленне выканальніцтва на фагоце. Сярод вучняў К.: У.Апацкі, С.Ажыгін, А.Новікаў. Аўтар метадычных прац па праблемах выканальніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПА́ЛІН (Ілья Пятровіч) (2.8.1900, в. Паўлаўская Істрынскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.6.1976),
расійскі рэжысёр дакумент. кіно. Нар.арт.СССР (1968). З 1950 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (праф. з 1964). У дакумент. кіно з 1920-х г.Асн. стужкі прысвечаны падзеям сав. часу: «За ўраджай» (1929), «Ленін» (1938, з І.Сеткінай), «На Дунаі» (1940, з І.Пасельскім), «Разгром нямецкіх войск пад Масквой» (1942, з Л.Варламавым, прэмія «Оскар» 1943), «Вызваленая Чэхаславакія» (1946), «Дзень краіны, якая перамагла» (1947), «Абнаўленне зямлі» (1950), «Старонкі бессмяротнасці» (1965), «Краіна мая» (1967) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1946, 1948, 1949, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПІШЧА (ад стараж.-слав. капь — выява, ідал),
культавае збудаванне ўсх. і прыбалт. славян язычніцкага перыяду. У 1951 пры раскопках у Пярыні каля Ноўгарада выяўлены рэшткі слав. К. 10 ст., прысвечанага Перуну. Уяўляла сабой круг дыяметрам 21 м, на якім у васьмі месцах гарэў агонь; у цэнтры стаяў драўляны ідал Перуна. Паводле падання, каля Полацка на беразе Валовага возера было К. Перуна і Бабы-ягі. Рэшткі свяцілішча сельскай абшчыны 10 ст. раскапалі археолагі ў 1969 каля в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Тут стаяў драўляны ідал, вакол якога ў час святкаванняў распальвалі вогнішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПЛАН (Лазар Майсеевіч) (31.7.1917, в. Скароднае Ельскага р-на Гомельскай вобл. — 10.6.1994),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскае артыл. вучылішча (1938), Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу (1946). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з жн. 1941 на Паўд.-Зах., Паўн.Зах., 2-м Прыбалт. і 1-м Укр. франтах. Удзельнік абароны г. Севастопаль. Нам. камандзіра артыл. палка маёр К. вызначыўся 18—27.7.1944 пры вызваленні Латвіі: на чале групы разведчыкаў захапіў пераправу на р. Істранка, батарэя пад яго камандаваннем паспяхова адбівала контратакі праціўніка. Да 1959 у Сав. Арміі, падпалкоўнік. Аўтар кн. «Вогненныя гады» (1970).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЦЭ́ВІЧ (Вячаслаў Міхайлавіч) (н. 15.9.1947, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне парашковай металургіі. Д-ртэхн.н. (1990). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі, з 1974 у НДІ парашковай металургіі БПІ, з 1995 у Бел. аграрным тэхн. ун-це. Навук. працы па тэхналогіі стварэння сітаватых матэрыялаў для фільтраў вадкасцей і газаў метадамі парашковай металургіі.
Тв.:
Пористые порошковые материалы и изделия из них. Мн., 1987 (разам з П.А.Віцязем, В.К.Шэлегам);
Формирование структуры и свойств пористых порошковых материалов. М., 1993 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАСЁЎ (Іван Васілевіч) (11.9.1910, с. Новы Ропск Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 22.1.1983),
бел. жывапісец-пейзажыст. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1933). Працаваў мастаком у т-рах Беларусі і Расіі (1936—47). Творы вылучаюцца тонкім адчуваннем хараства бел. прыроды, вобразнай выразнасцю, напоўненасцю філас. роздумам: «Маладая зеляніна» (1957), «Восень» (1961), «Маладое жыта» (1964), «Край беларускі» (1969), «Сакавіцкі вечар у вёсцы (1973), «Зжатае поле» (1975), «Веснавы дзень» (1978), «Бярэзіна» (1969—78) і інш. Стварыў серыю пейзажаў купалаўскіх мясцін (1967—73). Творчай манеры ўласціва пленэрнасць, абагульненасць і лаканічнасць форм, мяккасць каларыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАСЁЎ (Мікалай Піліпавіч) (н. 27.7.1934, в. Пісарава Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1988), праф. (1990). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1959). З 1970 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па вывучэнні шляхоў распаўсюджвання гельмінтаў свойскіх і дзікіх жывёл і распрацоўцы метадаў барацьбы з гельмінтозамі с.-г. і прамысл. жывёл. Распрацаваў рэкамендацыі па барацьбе з паразітамі коней, прафілактыцы трыхінелёзу ў зверагадоўчых гаспадарках і інш.
Тв.:
Трематодозы диких копытных Белоруссии. Мн., 1981 (разам з В.Ф.Літвінавым);
Паразитарные болезни животных: Справ. пособие. Мн., 1991 (разам з М.В.Якубоўскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТКЕ́ВІЧ (Піліп Мацвеевіч) (14.11.1881, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 20.3.1921),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1901), настаўнічаў. На 1-м Усерас. з’ездзе сял. дэпутатаў (май 1917, Петраград) увайшоў у групу «14-ці беспартыйных» з Беларусі на чале з М.В.Фрунзе, абраны чл. Выканкома Усерас. Савета сял. дэпутатаў. У 1917 старшыня выканкома Бабруйскага пав. Савета сял. дэпутатаў, нам. старшыні Бел.абл.к-та пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў, узначальваў (з В.Селіванавым) Бел. аддзел Наркамнаца. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. У 1918 і 1919 арыштоўваўся ням. і польск. ўладамі. З 1920 на пед. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАЛЮ́К (Усцім Якімавіч) (10.3.1787, с. Галоўчынцы, цяпер Кармалюкава Жмерынскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 22.10 1835),
кіраўнік сял. руху на Украіне ў 1-й пал. 19 ст. У 1812 за непадпарадкаванне памешчыку аддадзены ў салдаты, уцёк. У 1814 узначаліў сял. паўстанцкі рух, які ахапіў значную ч. Падольскай губ., у 1830—35 пашырыўся на тэр. Кіеўшчыны і Бесарабіі (20 тыс. паўстанцаў). Адабраныя ў памешчыкаў маёмасць і грошы К. раздаваў прыгонным. 4 разы быў прыгавораны да катаргі, пасля ўцёкаў з Сібіры зноў працягваў барацьбу. Забіты з засады. Пра К. складзены ўкр.нар. песні і паданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЕ́ЕНКА (Уладзімір Якаўлевіч) (15.7.1924, в. Губіншчына Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.5.1996),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1943. Камандзір кулямётнага разліку ст. сяржант К. 28.2.1944 каля в. Янава Быхаўскага р-на знішчыў кулямёт і каля 20 гітлераўцаў, паранены, працягваў бой; у ліп. 1944 у баі на тэр. Смалявіцкага р-на прабраўся з разлікам у тыл праціўніка, агнём пасеяў паніку, што дапамагло сав. падраздзяленням прарваць варожыя пазіцыі; у студз. 1945 на тэр. Польшчы ўдзельнічаў у адбіцці 5 варожых контратак. У 1945—79 на сав. рабоце на Магілёўшчыне.