ДАБРАЛЮ́БАЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 30.6.1930, Мінск),

бел. вучоны ў галіне механікі і тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1989). Скончыў БПІ (1953). З 1965 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па аналізе, сінтэзе і мадэляванні дыскрэтных сістэм кіравання машынамі, аўтаматызацыі праектавання, тэорыі механізмаў і машын, тэарэт. механіцы, геафізіцы.

Тв.:

Бегущие волны деформации. Мн., 1987;

Государственная власть как техническая система: О трех великих социальных изобретениях человечества. Мн., 1995;

Волновой перанос вещества. Мн., 1996.

М.​П.​Савік.

т. 5, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЙМЛЕР ((Daimler) Готліб Вільгельм) (17.3.1834, г. Шорндорф, Германія — 6.3.1900),

нямецкі інжынер-вынаходнік, стваральнік аўтамабіля (незалежна ад К.Бенца). У 1872—81 тэхн. дырэктар з-да газавых рухавікоў. У 1883 стварыў (з В.​Майбахам) быстраходны (800 аб/мін) лёгкі аднацыліндравы 4-тактавы бензінавы рухавік. Устанавіў бензінавыя рухавікі на веласіпедзе (1885), лодцы (1886), 4-колавым аўтамабілі (1887). У 1890 заснаваў кампанію па вытв-сці рухавікоў (выпусціла першы аўтамабіль «Мерседэс», 1901), якая ў 1926 аб’ядналася з кампаніяй Бенца ў карпарацыю «Даймлер-Бенц».

Л.​М.​Шахлевіч.

Г.Даймлер.

т. 6, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАНЕ́ЎСКІ (Дзмітрый Сяргеевіч) (н. 6.7.1940, Мінск),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1985), праф. (1986). Скончыў БДУ (1962). З 1978 у БПА (з 1988 прарэктар), у 1993—95 у Мін-ве адукацыі і навукі Беларусі, з 1995 у БПА. Навук. працы па фізіцы і тэхніцы паўправаднікоў, мікраэлектроніцы, прыладабудаванні. Распрацаваў колькасныя і якасныя метады люмінесцэнтнага аналізу паўправаднікоў, апаратуру для тэхнал. кантролю якасці паўправадніковых матэрыялаў і прылад.

Тв.:

Физика и материаловедение полупроводников с глубокими уровнями. М., 1987 (у сааўт.).

т. 6, с. 25

т. 6, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНА́НТА ў музыцы,

назва гуку 5-й ступені ладу; у гармоніі — адна з функцый танальных у мажоры і міноры, якая валодае інтэнсіўным імкненнем да тонікі. Аснова акордаў Д. — трохгучча 5-й ступені ладу. Функцыю Д. (D) выконваюць і акорды, якія будуюцца на VII і III ступенях, а таксама розныя відазмяненні асн. акорда (дабаўленне дысанансаў, лінеарных і заменных тонаў, увядзенне альтэрацыі, пропуск прымы і інш. тонаў), некат. падобныя па ролі ў танальнасці акорды (напр., «дубль-Д.» — акорд з павялічанай секстай на нII ступені).

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛЕ́ЎСКІ (Аляксандр Якаўлевіч) (22.12.1838, г. Харкаў, Украіна — 18.7.1923),

расійскі біяхімік, заснавальнік рус. навук. школы біяхімікаў. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1898). Брат В.Я.Данілеўскага. Скончыў Харкаўскі ун-т (1860). З 1863 праф. Казанскага, з 1885 Харкаўскага ун-таў, з 1892 у Ваенна-мед. акадэміі ў Пецярбургу (у 1906—10 рэктар). Навук. працы па хім. будове і абмене бялкоў, энзімалогіі, біяхіміі харчавання. Распрацаваў метад выбіральнай адсорбцыі, прапанаваў навук. класіфікацыю бялкоў мозгу, «тэорыю элементарных радоў». Выдаў «Фізіялагічны зборнік» (т. 1—2, 1888—91, разам з братам В.Я.Данілеўскім).

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎЖА́НКА,

рака ў Бялыніцкім і Клічаўскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Друць (бас. Дняпра). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 272 км². Пачынаецца за 1,5 км на У ад в. Стадолішча Бялыніцкага р-на. Цячэ па паўд.-ўсх. ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Асн. прыток — р. Рудка (справа). Даліна невыразная, дробнаўрэзаная, шыр. 1 км. Да в. Доўгае Клічаўскага р-на схілы параслі мяшаным забалочаным лесам, ніжэй адкрытыя. Пойма двухбаковая, лугавая, у верхняй ч. забалочаная. Рэчышча ў вытоку на працягу 5 км каналізаванае, ніжэй звілістае.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСЛЮ́ДЫ,

група мінералаў класа сілікатаў, якія па структуры і саставе адносяцца да слюд. Адрозненне — дэфіцыт шчолачаў і павышаная колькасць вады. Агульная формула гідраслюд: (K,Na,H3O)Al2(AlSi3)∙O10[(OH2), H2O]. Да гідраслюд належаць глаўканіт, вермікуліт, гідрабіятыт, гідрамускавіт, ілліт і інш. Структура слаістая. Афарбоўка светла-шэрая, бурая, цёмна-карычневая. Цв. 1—2. Шчыльн. 2,5—3 г/см³. Пашыраны ў корах выветрывання, глебах, асадкавых пародах, нізкатэмпературных гідратэрмальных утварэннях. Выкарыстоўваюцца ў керамічнай і ліцейнай вытв-сці, для ачысткі і змякчэння вады.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЦЭ́ЛЕ (ад гідра... + грэч. kēlē пухліна),

збіранне серознай вадкасці ў абалонках яечка з прычыны цяжкага адтоку яе па лімфатычных вузлах. Бывае прыроджаным (пры парушэннях эмбрыягенезу) і набытым (пры траўмах, запаленчых працэсах, пухлінах яечка і яго прыдатка, сардэчнай дэкампенсацыі). Пры вострым гідрацэле — раптоўны боль, прыпухласць, пачырваненне скуры; хранічнае гідрацэле развіваецца павольна, гадамі. Машонка пры гідрацэле грушападобнай формы, межы вадзянкі акрэслены пахвінным каналам, скура расцягнутая, без складак, бліскучая, яечка можа не вызначацца. Лячэнне: пры вострым гідрацэле — устараненне асн. захворвання, пры хранічным — хірургічнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́НЬКАВА ВО́ЗЕРА,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нехрысць, за 33 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,51 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 290 м, найб. глыб. 43,3 м (3-е па глыбіні на Беларусі), даўж. берагавой лініі 4,84 км. Пл. вадазбору 4,4 км². Схілы катлавіны выш. 20—30 м, вельмі стромкія, пад хмызняком. Берагі супадаюць са схіламі. Мелкаводдзе вузкае. Дно да глыб. 6—10 м пясчанае, потым глеістае. Шырыня паласы расліннасці да 25 м.

т. 5, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАКРЭА́ЛЬНЫЯ (Hypocreales),

парадак грыбоў з класа аксаміцэтаў. Вядома больш за 1000 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмеранай зоне і тропіках. На Беларусі каля 50 відаў з родаў нектрыя, гіпакрэя, мікранектрыела, фузарыум і інш. Сапратрофы і паразіты. Выклікаюць хваробы раслін.

Пладовыя целы (перытэцыі) мяккія, мясістыя, светлыя або ярка афарбаваныя, утвараюцца на паверхні або ўнутры субстрату. Сумкі цыліндрычныя, булавападобныя. Аскаспоры рознай формы і памераў, аднаклетачныя, з перагародкамі. У цыкле развіцця часта ёсць канідыяльная стадыя, якая адыгрывае вял. ролю ў пашырэнні відаў.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)