C, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 6, ат. м. 12,011. Складаецца з 2 стабільных ізатопаў 12C (98,892%) і 13C (1,108%). Ізатопам 12C карыстаюцца для вызначэння атамнай адзінкі масы. У верхніх слаях атмасферы ўтвараецца радыеактыўны ізатоп 14C. У зямной кары ў выглядзе мінералаў і гаручых выкапняў знаходзіцца 2,3∙10−2% вугляроду па масе, у атмасферы ў выглядзе вугляроду дыаксіду — 1,2∙10−2%. Вельмі шмат вугляроду ў космасе; на Сонцы па распаўсюджанасці займае 4-е месца пасля вадароду, гелію, кіслароду. Злучэнні вугляроду — асн. састаўная частка тканак раслін і жывёл (гл.Біягены).
Існуюць 2 крышт. мадыфікацыі вугляроду (алмаз, графіт, 3-я — карбін — атрымана штучна) і аморфны (кокс, сажа, драўняны вугаль). Пры звычайных т-рах хімічна інертны, пры высокіх — рэагуе з многімі элементамі: з металамі і некаторымі неметаламі (напр., бор, крэмній) утварае карбіды. Аморфны вуглярод хімічна больш актыўны (моцны аднаўляльнік). Атамы вугляроду здольныя злучацца адзін з адным і ўтвараюць вял. колькасць злучэнняў, якія вывучае арганічная хімія.
Выкарыстоўваюць у вытв-сці алмазных інструментаў (гл.таксамаАлмазная прамысловасць), вогнетрывалых матэрыялаў, эл.-тэхн. вырабаў, у ядз. тэхніцы, гумавай, паліграф., лакафарбавай прам-сці, металургіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПАРЭ́ННЕ,
працэс пераходу рэчыва з вадкага ці цвёрдага стану ў газападобны (пару). Адрозніваюць выпарэнне фізічнае (з паверхні вады, снегу, лёду, глебы) і выпарэнне біялагічнае — транспірацыю. Пад выпарэннем разумеюць параўтварэнне на свабоднай паверхні вадкасці ў выніку цеплавога руху яе малекул пры т-ры, ніжэйшай за т-ру кіпення. Велічыня выпарэння вымяраецца ў выпаральніках (у міліметрах таўшчыні слоя выпаранай вады з вызначанай плошчы).
У замкнёнай сістэме пры пастаяннай т-ры з часам устанаўліваецца раўнаважны ціск (ціск насычанай пары), які адпавядае роўнасці патокаў малекул, якія выпарваюцца і вяртаюцца ў вадкасць з пары (кандэнсацыя). Ціск насычанай пары вызначаецца толькі т-рай і павялічваецца з яе павышэннем. Калі ціск насычанай пары становіцца роўны знешняму ціску, выпарэнне пераходзіць у кіпенне. Выпарэнне цвёрдых цел наз.сублімацыяй або ўзгонкай. Выкарыстоўваюць у прам-сці пры ачыстцы рэчываў, сушцы матэрыялаў, раздзяленні вадкіх сумесей, кандыцыяніраванні паветра; у абаротных сістэмах водазабеспячэння прадпрыемстваў (выпарнае ахаладжэнне вады). Гл.таксамаВыпарванне.
Выпарэнне — адзіная форма перадачы вады з паверхні Зямлі ў атмасферу; забяспечвае кругаварот вады на Зямлі. На тэр. Беларусі сярэднегадавое выпарэнне з паверхні глебы 475—575 мм, з воднай паверхні за бязлёдастаўны перыяд 520—700 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІФІКА́ЦЫЯ ПА́ЛІВА,
ператварэнне арган. часткі цвёрдага або вадкага паліва ў гаручыя газы шляхам няпоўнага акіслення пры высокай т-ры паветрам (кіслародам, вадзяной парай, іх сумесямі). Пашырылася ў 19 ст. з-за пераваг газавага паліва над цвёрдым і вадкім. Газіфікуюць бурыя і каменныя вуглі, драўніну, торф, гаручыя сланцы, кокс, мазут і інш. Газіфікацыя паліва вядзецца ў газагенератарах, таму атрыманыя газы наз. генератарнымі.
У залежнасці ад саставу газаў, якія падаюцца ў газагенератар, атрыманыя газы наз. паветранымі (пры газіфікацыі паветрам), парапаветранымі, паракіслароднымі і г.д. Састаў дуцця падбіраецца так, каб цяпла, што выдзяляецца ў экзатэрмічных рэакцыях, хапіла на ўвесь працэс. Пры газіфікацыі цвёрдага паліва кіслародам або вадзяной парай акісляецца непасрэдна вуглярод, пры газіфікацыі вадкага паліва пад уздзеяннем высокай т-ры вуглевадароды расшчапляюцца да нізкамалекулярных злучэнняў або элементарных рэчываў, якія акісляюцца. Пашырана таксама падземная газіфікацыя паліва — ператварэнне выкапнёвага паліва пад зямлёй, на месцы залягання, у гаручы газ, які выводзіцца на паверхню праз свідравіны (гл.Падземная газіфікацыя вугалю). Газы, атрыманыя газіфікацыяй паліва, выкарыстоўваюцца як паліва і як сыравіна для вытв-сці вадароду, аміяку, метанолу, штучнага вадкага паліва і інш. Газіфікацыя паліва ўжываецца пераважна ў раёнах, бедных гаручымі прыроднымі газамі і аддаленых ад магістральных газаправодаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗЫ КРЫВІ́,
газы, якія ўтрымліваюцца ў крыві чалавека і жывёл у раствораным стане і ў хімічна звязаным выглядзе.
У чалавека складаюцца з газаў, якія паступаюць з навакольнага асяроддзя, і тых, што ўтвараюцца ў арганізме. Найб. важныя — кісларод, вуглякіслы газ, азот. Кісларод і азот паступаюць у кроў з атм. паветра, вуглякіслы газ прадуцыруецца ў клетках арганізма. Кісларод звязваецца з гемаглабінам эрытрацытаў і ўтварае аксігемаглабін, потым пераходзіць з крыві ў тканкі і ўключаецца ў цыкл метабалічных працэсаў; вуглякіслы газ узаемадзейнічае з вадой, асновамі і бялкамі крыві. У выніку газаабмену колькасць газаў у вянознай і артэрыяльнай крыві розная і залежыць ад парцыяльнага ціску ў альвеалярным паветры і каэфіцыента іх растваральнасці ў крыві. Пры значным змяненні ціску паветра (напр., у гарах, кесонах) парцыяльны ціск кіслароду і азоту рэзка мяняецца, што выклікае вышынную і дэкампрэсійныя хваробы і інш. парушэнні. Акрамя пастаянных газаў крыві ў кроў могуць паступаць наркатычныя і інш. газы. Гл.таксамаГазаабмен.
Літ.:
Общий курс физиологии человека и животных. Кн. 2. М., 1991;
Эккерт Р., Рэндэлл Д., Огастин Дж. Физиология животных: Механизмы и адаптация: Пер. с англ.Т. 2. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАДА́ННЕ,
стан арганізма, выкліканы поўнай адсутнасцю або недастатковасцю паступлення пажыўных рэчываў у арганізм, а таксама парушэннем іх засваення. Як нармальная фізіял. з’ява сустракаецца ў некаторых млекакормячых у перыяд спячкі, пры халадовым здранцвенні ў амфібій, рэптылій, рыб, насякомых. Такое галаданне звязана з рэзкім зніжэннем працэсаў абмену рэчываў у арганізме, што дазваляе жывёлам доўга падтрымліваць жыццё пры нязначных затратах энергіі ў неспрыяльныя перыяды. Адрозніваюць: поўнае (пры поўнай адсутнасці ежы, але з прыёмам вады); няпоўнае, недаяданне (пры жыўленні, недастатковым для пакрыцця энергет. і пластычных патрэб арганізма); абсалютнае (пры поўнай адсутнасці ежы і вады); частковае (якаснае) галаданне — недастатковае атрыманне з ежай аднаго або некалькіх пажыўных рэчываў (бялковае, тлушчавае, вугляводнае, мінер., воднае, вітаміннае). Пры поўным галаданні дробныя і маладыя жывёлы, чалавек гінуць хутчэй, напр., дробныя птушкі без корму жывуць 1—2 сутак, куры 15—25, трусы 30, сабакі 45—60, коні, вярблюды да 80, дарослы чалавек 65—70 сутак. Гібель жывёл звычайна настае пры страце каля 50% зыходнай масы цела, без вады — хутчэй. Галаданне выкарыстоўваецца пры лячэнні атлусцення, асобных нервова-псіхічных захворванняў, парушэння абмену рэчываў (рэўматызм, падагра, цукр. дыябет, гіпертанічная хвароба, атэрасклероз, язвавая хвароба, бранхіяльная астма і інш.). Лячэнне поўным галаданнем праводзіцца ў стацыянары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЫ́Н,
комплексныя злучэнні, крышталегідраты двайных сульфатаў саставу M1MIII(SO4)2∙12H2O ці MI2SO4 × M2III(SO4)3∙24H2O (MI — адназарадны катыён: Na+, K+, Rb+, Cs+, NH4+ і інш.; MIII — трохзарадны катыён: Al3+, Cr3+, Fe3+, Ga3+ і інш.). Існуюць таксама селенатны галын саставу MIMIII(SeO4)2∙12H2O і т.зв. псеўдагалын, які ўтвараюць двухзарадныя катыёны, напр. FeSO4xAl2(SO4)3∙24H2O.
Вядома некалькі дзесяткаў галынаў. Пры звычайных умовах устойлівыя крышт. рэчывы з вяжучым, кіслым смакам. На ўласцівасці галынаў больш значна ўплывае адназарадны катыён M+, У галынаў, якія маюць аднолькавы катыён M3+, у радзе Na, K, NH4, Rb, Cs растваральнасць у вадзе памяншаецца, т-ра плаўлення і тэрмічная ўстойлівасць павялічваюцца (напр., алюманатрыевы галын мае tпл 61 °C, алюмацэзіевы — 117 °C). Пры награванні плавяцца ў крышталізацыйнай вадзе, потым дэгідратуюць у 2 ці некалькі стадый. Прадукт дэгідратацыі — галын бязводны ці палены.
У прыродзе трапляецца алюмакаліевы, алюманатрыевы (мінерал чэрмігіт). Выкарыстоўваюць у асн.алюмініевы галын, хромава-каліевы (гл.Хромавы галын) і жалеза-амоніевы для дублення скуры, праклейвання паперы, як пратраву пры фарбаванні тканін, каагулянты пры водаачыстцы, рэактывы ў фатаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНАМАГНІ́ТНЫЯ З’Я́ВЫ,
з’явы, звязаныя з уздзеяннем магнітнага поля на металы і паўправаднікі, па якіх працякае электрычны ток. Адрозніваюць няцотныя (характарыстыкі гальванамагнітных з’яў мяняюць знак пры змене напрамку поля) і цотныя (не мяняюць знака); падоўжныя (магн. поле накіравана ўздоўж напрамку току) і папярочныя (упоперак да напрамку) гальванамагнітныя з’явы, напр.Хола эфект, магнітарэзістыўны эфект, падоўжны гальванамагн. эфект. Выкарыстоўваюцца для вымярэння велічыні магн. палёў, даследавання электроннага энергет. спектра і механізму рассейвання носьбітаў зараду ў металах і паўправадніках, генерацыі і ўзмацнення эл. поля і інш.
Гальванамагнітныя з’явы абумоўлены скрыўленнем траекторый носьбітаў зараду (электронаў праводнасці і дзірак) у магн. полі пад уздзеяннем Лорэнца сілы. Ва ўсіх металах і паўправадніках (акрамя ферамагнетыкаў) з павелічэннем поля павялічваецца ўдзельнае супраціўленне. Павелічэнне супраціўлення металаў у магн. полі, паралельным току, наз.падоўжным гальванамагнітным эфектам. У тонкіх плёнках і дратах выяўляецца залежнасць гальванамагнітных з’яў ад памераў і формы даследаванага ўзору (памерныя эфекты); у моцных магн. палях — квантавыя эфекты, якія вызначаюць неманатонную залежнасць пастаяннай Хола і супраціўлення ад параметраў поля. Гл.таксамаТэрмамагнітныя з’явы.
Літ.:
Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990;
Блейкмор Дж. Физика твердого тела: Пер. с англ.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМАНА́ЛЬНЫЯ ПРЭПАРА́ТЫ,
рэчывы, якія маюць у сабе гармоны або іх сінт. аналагі і ўжываюцца для гармонатэрапіі. Атрымліваюць іх з залоз унутр. сакрэцыі жывёл або сінтэтычна. Па хім. будове належаць да бялковых ці пептыдных рэчываў (прэпараты гармонаў гіпаталамуса, гіпофіза, парашчытападобнай і падстраўнікавай залоз), вытворных амінакіслот (прэпараты шчытападобнай залозы), стэроідных злучэнняў (прэпараты кары наднырачнікаў і палавых залоз).
Гарманальныя прэпараты гіпаталамуса і гіпофіза — кортыкатрапін, які стымулюе дзейнасць кары наднырачнікаў, самататрапін — рост арганізма, тыратрапін — сакрэцыю гармонаў шчытападобнай залозы, саматастацін прыгнечвае выпрацоўку гармону росту, лактын павялічвае выдзяленне малака малочнымі залозамі пасля родаў, ганадатрапін стымулюе функцыю палавых залоз, аксітацын, пітуітрын — мускулатуру маткі, вазапрэсін — гладкую мускулатуру. Гарманальныя прэпараты шчытападобнай і парашчытападобнай залозы (тырэаідзін, тыратаксін, паратырэаідзін) назначаюць пры недастатковай функцыі гэтых залоз; кальцытацын рэгулюе абмен кальцыю. Гарманальныя прэпараты падстраўнікавай залозы — інсулін ужываюць пры цукр. дыябеце. Гарманальныя прэпараты кары наднырачнікаў — глюкакартыкоіды (гідракартызон, прэднізалон, дэксаметазон) рэгулююць функцыі наднырачнікаў, маюць процізапаленчыя і проціалергічныя ўласцівасці, мінералакартыкоіды назначаюць пры Адысонавай хваробе. Гарманальныя прэпараты жаночых палавых залоз — эстрагены (эстрадыёл, сінестрол) ужываюць пры аменарэі, у клімактэрыяльны перыяд, гестагены (прагестэрон, прагнін) выкарыстоўваюць для прафілактыкі выкідышаў, пры парушэнні менструацыі. Гарманальныя прэпараты мужчынскіх палавых залоз (тэстастэрон) ужываюць пры функцыян. недастатковасці гэтых залоз. Гл.таксамаГармоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУ́ЧЫЯ СЛА́НЦЫ,
карысны выкапень, асадкавыя карбанатна-гліністыя, крамяністыя або гліністыя горныя пароды, якія маюць гаручыя ўласцівасці. Маюць 10—50% па масе арган. рэчыва (керагену), да 7—10% вадароду, 30—80% лятучых кампанентаў, бітумы. Гараць куродымным полымем са спецыфічным бітумінозным пахам. Колер карычневы, карычнева-жоўты, шэры, аліўкава-шэры. Асн.мінер. кампаненты гаручых сланцаў — кварц, кальцыт, гліністыя мінералы, таксама палявыя шпаты, пірыт і інш. Пры сухой перагонцы гаручыя сланцы атрымліваюць смалу (сланцавае масла) — крыніцу хім. прадуктаў, гаручыя газы і падсмольныя воды. Выхад смол 5—50%. Макс. цеплата згарання 14,6—16,7 МДж/кг. Выкарыстоўваюцца як паліва, для вытв-сці быт. газу, у хім. прам-сці (сінт. дубільнікі, клей, лакі, масцікі і інш.). Агульныя патэнцыяльныя рэсурсы гаручых сланцаў у свеце ацэнены ў 450 трлн. т. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе ўтвараюць сланцавы басейн пл. каля 20 тыс.км² з прагнознымі рэсурсамі 8 млрд.т. Глыбіня залягання 50—600 м, магутнасць пласта 0,5—3 м. У межах басейна папярэдне разведана шахтавае поле Тураўскага радовішча. Гэтыя гаручыя сланцы патрабуюць пры выкарыстанні папярэдняй тэрмічнай перапрацоўкі, у выніку якой можна атрымаць вадкае і газападобнае паліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІЗІ́ЧНЫ ГОД МІЖНАРО́ДНЫ (МГГ),
перыяд з 1 ліп. 1957 да 31 снеж. 1958, калі 67 краін выконвалі геафіз. назіранні і даследаванні па адзінай праграме і методыцы; прадоўжаны і ў 1959 як Міжнар. год геафіз. супрацоўніцтва. З’яўляецца пераемнікам 2 Міжнар. палярных гадоў (1882—83 і 1932—33).
МГГ праводзіўся ў перыяд максімуму сонечнай актыўнасці. Яго праграма ўключала аэралагічныя, метэаралагічныя, акіянаграфічныя, гляцыялагічныя, магнітныя, гравіметрычныя, сейсмічныя даследаванні, а таксама вывучэнне палярных ззянняў, іанасферы, метэораў, касм. промняў і інш. У Антарктыдзе створаны базы для назіранняў (сав. абсерваторыя «Мірны» і інш.), праведзены навук. экспедыцыі; у Арктыцы ўстаноўлены плывучыя абсерваторыі на льдзінах, у акіянах працавалі экспедыцыі на н.-д. суднах. Выкарыстоўвалася новая апаратура: геафіз. ракеты, першыя штучныя спадарожнікі Зямлі і інш. У выніку даследаванняў адкрыты радыяцыйныя паясы Зямлі, Паўд. полюс холаду ў Антарктыдзе, новыя ледавіковыя раёны ў Сібіры, наяўнасць гелію ў высокіх слаях атмасферы, вызначаны напрамак і скорасць ветру на выш. да 110 км, моцныя цячэнні на вял. глыбіні ў акіянах і інш. Копіі ўсіх матэрыялаў назіранняў у час МГГ захоўваюцца ў сусв. цэнтрах даных у Вашынгтоне, Маскве і спец. цэнтрах у Жэневе, Лондане і інш.