запаленне слізістых сумак суставаў. Найчасцей бывае ў вобласці локцевага, плечавога, каленнага і галёнкаступнёвага суставаў. У чалавека прычыны бурсіту — траўмы, інфекцыі, дыятэз. Пры вострым бурсіце ў вобласці слізістай сумкі з’яўляюцца прыпухласць, ацёчнасць, у сумцы — серозны або гнойны выпат, іншы раз (пры траўматычным бурсіце) кроў. Функцыя сустава пры гэтым абмежаваная, можа павышацца т-ра цела і пагаршацца агульны стан хворага. Пашырэнне запаленчага працэсу на сустаў выклікае артрыт. Хранічны бурсіт найчасцей бывае ў людзей, прафесія якіх звязана з працяглым пастаянным мех. раздражненнем сустаўнай сумкі (у горнарабочых, палацёраў, паркетчыкаў і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычные, у некат. выпадках — хірургічнае. У жывёл (хварэюць найчасцей коні і буйн. раг. жывёла) прычыны ўзнікнення бурсіту — працяглыя мех. раздражненні (ляжанне на цвёрдай падлозе, дрэнна падагнаная збруя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФАЛА (Ictiobus),
род рыб сям. чукучанавых атр. карпападобных. Пашыраны ў бас. рэк Місуры і Місісіпі (ЗША) і Саскачэван (Канада). Малькі 3 відаў: буфалы велікаротага (рыба-буйвал; I. cyprinellus), буфалы маларотага (I. bubalus) і буфалы чорнага (I. niger) завезены ў Краснадарскі край з ЗША (1971—72), выгадаваны іх матачны статак. На Беларусі эксперым. работы па вырошчванні буфала вядуцца з 1976 у рыбакамбінаце «Любань» (Мінская вобл.) і з 1979 у Белаазерскай садковай рыбнай гаспадарцы (Брэсцкая вобл.). Буфала жыве пераважна ў вадаёмах з запаволеным цячэннем і ў стаячых вадаёмах.
Даўж. да 1,2 м, маса болей за 45 кг. Нагадваюць сазана. Спіна цёмна-карычневая, бакі светлыя, брушка жоўтае або белаватае, плаўнікі карычнева-шэрыя. Чародныя, цеплалюбівыя. Растуць Б. хутчэй за карпаў. Усёедныя. Перспектыўныя для рыбагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСПЕ́КА ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,
стан прыроднай сістэмы, пры якім у поўнай меры дзейнічаюць механізмы падтрымання яе жыццяздольнасці і самарэгулявання. Забяспечвае адсутнасць пагрозы парушэння экалагічнага балансу пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння на прыроднае асяроддзе, прадухіленне экалагічных аварый і катастроф, станаў і працэсаў, якія могуць выклікаць гэтыя здарэнні. Бяспека экалагічная павінна адпавядаць існуючым ці прагназуемым экалагічным умовам па ахове здароўя насельніцтва і мэтам забеспячэння працяглага ўстойлівага сац.-эканам. развіцця грамадства. Разглядаецца ў глабальных, рэгіянальных, лакальных і ўмоўна кропкавых абмежаваннях. Бяспека экалагічная ў адносінах да стыхійных бедстваў і прыродных катастроф аналізуецца ў рамках канцэпцыі прыроднай рызыкі (верагоднасць небяспечных вынікаў таго абоінш. рашэння). Бяспека экалагічная тэхн. аб’ектаў забяспечвае адсутнасць на працягу зададзенага часу сітуацый, небяспечных для людзей, навакольнага асяроддзя і гасп. дзейнасці. Бяспека складаных тэхн. сістэм вымяраецца здольнасцю гэтых сістэм мінімізаваць такія фактары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛ,
1) у геамарфалогіі адносна вузкая, выцягнутая і невысокая форма рэльефу. Адрозніваюць валы: створаныя дзейнасцю хваль (берагавыя), ракі (прырэчышчавыя), ледавіка (марэнныя, напорныя), вулканаў (кальцавыя), селю (селевыя) і інш. 2) У тэктоніцы выцягнутая дадатная структура ў межах платформаў. Аб’ядноўвае лакальныя падняцці — антыкліналі, брахіантыкліналі, купалы. Даўж. да соцень км, шырыня дзесяткі км, выш. да соцень метраў. Пл. 200—10 000 км². На плітах стараж. платформаў звычайна абмежаваны флексурамі. Валы, прымеркаваныя да разломных зон, называюцца шыўнымі. Сістэма валоў, аб’яднаных агульнай падэшвай, утварае складаныя валы. На Беларусі вылучаны дзесяткі валоў даўж. 24—150 км, шыр. 3—25 км, з амплітудай падняцця 50—600 м, радзей да 1 км. Вылучаюцца пераважна па паверхні верхняй саляноснай тоўшчы (фаменскай) або па паверхні крышт. фундамента. Найб. пашыраны ў Прыпяцкім прагіне. Да валоў часта прымеркаваны радовішчы нафты, газу, солі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛТО́РНА (ням. Waldhorn літар. лясны рог),
медны духавы муштуковы муз. інструмент; уяўляе сабой метал. ўліткападобную трубку з моцна расшыраным раструбам. Узнікла ў 2-й пал. 17 ст. ў выніку ўдасканалення паляўнічага рога. Напачатку існавалі валторны розных строяў з натуральным гукарадам. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся клапанныя і вентыльныя валторны з поўным храматычным гукарадам. Сучасная валторна мае 3 дадатковыя трубкі з вентыльным механізмам, якія ўключаюцца ў асн. ствол; вырабляецца ў строях F або B (радзей Es); дыяпазон H1 — f2. Аркестравы, ансамблевы і сольны інструмент. На Беларусі вядома з 2-й пал. 17 ст. Была ў складзе аркестраў і капэл 2-й пал. 18 ст. У наш час бытуе ў нар.інстр. практыцы асобных раёнаў. Класы валторны існуюць у вышэйшых і сярэдніх спец.муз. установах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАМПІ́РЫ (Vampyrum),
род кажаноўсям.амер. лістаносаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы вампір несапраўдны, або вялікі (V. spectrum). Жыве ў дуплах дрэў па 5—6 асобін.
Даўж. цела вампіра вялікага 12,5—13,5 см, размах крылаў 70—75 см, маса 150—200 г. Спіна рыжавата-бурая, бруха святлейшае. Поўсць мяккая. Корміцца пладамі, насякомымі, дробнымі пазваночнымі. Сапраўдныя крывасмокі — кажаны родаў вампіры звычайныя (Desmodus), вампіры белакрылыя (Diaemus) і вампіры махнаногія (Diphylla) сям. вампіравых. Жывуць у пячорах, дуплах дрэў, шахтах, будынках. Жывяцца крывёй птушак і млекакормячых жывёл, радзей чалавека. Вострымі зубамі пракусваюць самую тоўстую скуру і злізваюць кроў з раны. У сліне вампіраў ёсць анестэзійнае і антыкаагуляцыйнае рэчыва, таму раны ад укусаў не баляць і кроў не згусае. Адна асобіна за год выпівае да 7 л крыві. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шаленства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́СЕРМАН ((Wassermann) Якаб) (10.3.1873, г. Фюрт, Германія — 1.1.1934),
нямецкі і аўстрыйскі пісьменнік. У сярэдзіне 1880-х г. супрацоўнічаў з час. «Simplicissimus» («Сімпліцысімус»). Набыў вядомасць як аўтар раманаў «Габрэі з Цырндорфа» (1897), «Молах» (1903), «Чалавечак з гусямі» (1915), «Этцэль Андэргаст» (1931) і асабліва «Каспар Гаўзер, або Лянота сэрца» (1908) і «Справа Маўрыцыуса» (1928), у цэнтры якіх — герой-самотнік, шукальнік праўды, які супрацьстаіць варожаму свету. У творах Васермана поўнае напружання дзеянне спалучаецца з псіхал. рэалізмам, узмоцненым псіхааналізам, маралістычнай крытыкай грамадства і яго інстытутаў (уплыў Ф.М.Дастаеўскага). Аўтар сатыр. п’есы «Камедыя хлусні» (1898), кн. «Дух пілігрыма» (1923).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЕ ШКЛО,
мастацкія пасудзіны, пераважна выдзіманыя, часта з налепленымі дэталямі, а таксама пацеркі, люстэркі і інш. вырабы. Вытворчасць пачалася ў канцы 13 ст. ў Венецыі, дзе быў асвоены вопыт маст. шкларобства Сірыі і Візантыі. Чашы і кубкі 15 ст. з каляровага шкла з размалёўкай эмалямі мелі формы, што ішлі ад готыкі. З сярэдзіны 16 ст. пашыраны стройныя, вытанчаныя па формах бакалы і вазы, каляровыя і бясколерныя, з філіграннюабо з кракле (узорам з тонкіх трэшчын). У 17—18 ст. вырабы са шкла (бясколернага, агатавага, карычневага з метал. блішчынкамі, мазаічнага) сталі вычварныя, дэкор — стракаты (посуд, люстры). З сярэдзіны 19 ст. выпускаюцца вырабы па ўзорах 16—17 ст., з 1950-х г. — літыя пасудзіны новых форм, пераважна простых і функцыянальна абгрунтаваных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТРАЗЬу архітэктуры,
элемент купальнай канструкцыі, які забяспечвае пераход ад квадратнай у плане падкупальнай прасторы да акружнасці купала ці яго барабана; адзін з асн. канструкцыйна-маст. элементаў візант. і стараж.-рус. архітэктуры. Вядомы ў архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму і інш. На Беларусі ветразі з’явіліся ў мураванай культавай архітэктуры 11—12 ст. (Полацкі Сафійскі сабор, Гродзенская Барысаглебская царква). Існуюць 2 асн. іх разнавіднасці: у выглядзе сферычных трохвугольнікаў (павернуты вяршыняй уніз, выкарыстоўваюцца пры пераходзе ад чацверыкоў да круглага ў плане купала або барабана) і плоскіх трохвугольнікаў (пры пераходзе да васьмерыкоў).
У драўляным дойлідстве Беларусі 17—19 ст. вядомы ветразі сферычныя, плоскія нахіленыя, гарыз. (кансольна-бэлечныя); прамыя (пры пераходзе чацверыка ў васьмярык) і адваротныя (пры пераходзе васьмерыка ў чацвярык; Рубельская Міхайлаўская царква і Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАШУКА́ЛЬНІК,
прыстасаванне фота- і кіназдымачных апаратаў для навядзення іх на аб’ект і назірання за ім пры здымцы. Дазваляе ўбачыць межы відарысаў аб’ектаў і іх адпаведнасць памерам кадравай рамкі. Бывае рамачны, тэлескапічны і люстраны. Падбіраецца пад аб’ектыў з пэўнай фокуснай адлегласцю.
Калі аптычныя восі відашукальніка і здымачнага аб’ектыва не супадаюць, то ўзнікае паралакс — несупадзенне межаў відарыса, які назіраецца ў відашукальніку і які пераходзіць на фота- або кінаплёнку. Для змяншэння паралаксу ў поле зроку некаторых відашукальнікаў змяшчаюць некалькі прамавугольных рамак, што дазваляе ўвесці папраўку пры здымцы з розных адлегласцей. У люстраных фотаапаратах з адным здымачным аб’ектывам і кінаапаратах з люстраным абтуратарам паралакс адсутнічае. У некаторых фотаапаратах відашукальнік канструктыўна аб’яднаны з аптычным дальнамерам.
Аптычная схема відашукальніка: а — тыпу трубы Кеплера; б, в — люстраных фотаапаратаў; 1 — аб’ектыў; 2 — абарачальная сістэма; 3 — рамка; 4 — акуляр.