БЕ́ЛГАРАД-ДНЯСТРО́ЎСКІ,

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Адэскай вобл. 65,6 тыс. ж. (1992). Порт на Днястроўскім лімане, за 18 км ад Чорнага м. Чыг. станцыя. Харч. (рыба- і сока-кансервавая, масла- і вінаробная, мясная і інш.), мэблевая, лёгкая прам-сць; вытв-сць мед. вырабаў, буд. матэрыялаў. Краязнаўчы музей.

Вядомы з 6 ст. да н.э. як стараж.-грэч. горад-дзяржава Тыра, на месцы якога ў 9 ст. ўсх.-слав. племя ціверцаў заснавала г. Белгарад. У 13 ст. ў складзе Галіцка-Валынскага княства, захоплены татарамі, якія назвалі яго Ак-Ліба. У 14 ст. належаў генуэзцам, у 15 ст. — Малд. княству (наз. Чатаця-Алба), з 1484 тур. крэпасць Акерман (Белы Камень, назва горада да 1944). 30.2.1806 заняты рус. войскамі і паводле Бухарэсцкага мірнага дагавору 1812 адышоў да Расіі. У 1918 захоплены Румыніяй, у 1940 вернуты СССР. З 1944 цэнтр раёна ў Адэскай вобл.

т. 3, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕРНАРДО́НІ АЛЬБО́М»,

архіўная калекцыя графічных матэрыялаў 16 ст. з Нясвіжа. Створаны Дж.М.Бернардоні. Уключае 71 графічны аркуш на паперы з вадзянымі знакамі, якая выкарыстоўвалася ў справаводстве і кнігадрукаванні ў ВКЛ у 1560—90-я г. На абодвух баках аркушаў кітайскай тушшу выкананы арх. чарцяжы ў артаганальнай праекцыі і пэўным маштабе. Паводле зместу падзяляецца на 2 групы: праектныя і абмерныя чарцяжы культавых і свецкіх збудаванняў Нясвіжа, Клецка і Гродна і чарцяжы-копіі з выявамі класічных арх. ордэраў з трактатаў тэарэтыкаў архітэктуры Адраджэння Дж.​Віньёлы, А.​Паладыо, С.​Серліо і І.​Блюма. У 1989 бел. даследчыкі Т.​Габрусь і Г.​Галенчанка зрабілі навук. атрыбутацыю рукапіснага помніка, вызначылі яго аўтарства. «Бернардоні альбом» — каштоўная крыніца па гісторыі бел. архітэктуры і буд-ва. Захоўваецца ў рукапісным аддзеле Цэнтр. навук. б-кі АН Украіны (Кіеў) пад назвай «Кніга, якая змяшчае планы, фасады і дэталёвыя чарцяжы розных будынкаў канца XVI ст.».

Т.​В.​Габрусь.

т. 3, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТАЛА́НФІ ((Bertalanffy) Людвіг фон) (19.9.1901, Ацгерсдорф, цяпер у межах Вены — 12.6.1972),

аўстрыйскі біёлаг-тэарэтык і натурфілосаф, стваральнік агульнай тэорыі сістэм. У 1934—48 праф. Венскага ун-та, у 1949—72 ва ун-тах Канады і ЗША. Аўтар прац «Тэарэтычная біялогія» (т. 1—2, 1931—51), «Біялагічная карціна свету» (1949), «Робаты, людзі, розум» (1967), «Агульная тэорыя сістэм. Асновы, развіццё, выкарыстанне» (1968) і інш. У пачатку сваёй дзейнасці схіляўся да ідэй Венскага гуртка, пазней крытыкаваў некаторыя аспекты неапазітывізму. Адзін са стваральнікаў тэорыі адкрытых біял. сістэм, якія валодаюць уласцівасцю эквіфінальнасці, г. зн. дасягнення сістэмай аднаго і таго ж канчатковага стану пры розных пач. умовах. Сваімі ідэямі праграма Берталанфі блізкая да тэарэт. кібернетыкі, тэрмадынамікі незваротных працэсаў і сінергетыкі. Ідэі Берталанфі знайшлі выкарыстанне ў медыцыне, псіхіятрыі і інш. Адзін з арганізатараў «Таварыства па даследаваннях у галіне агульнай тэорыі сістэм» і яго штогодніка «General Systems» («Агульныя сістэмы», 1956).

В.​В.​Краснова.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛІ́БІН (Іван Якаўлевіч) (16.8.1876, с. Тархоўка каля С.-Пецярбурга — 7.2.1942),

рускі графік-ілюстратар і тэатр. мастак. Вучыўся ў Мюнхене (1898), у Пецярбургу ў І.​Я.​Рэпіна — у школе-майстэрні М.​К.​Ценішавай (1898—1900) і ў АМ як вольны слухач (1900—04). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1907—17), з 1936 праф. Ленінградскай АМ, чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Яркі прадстаўнік «мадэрну» ў рус. графіцы. Стварыў самабытны арнаментальна-дэкар., графічна выразны «білібінскі стыль» кніжнай ілюстрацыі, заснаваны на стылізацыі матываў нар. лубка, вышыўкі, разьбы па дрэве, стараж. мініяцюры (да быліны «Вальга», «Казкі пра залатога пеўніка» А.​С.​Пушкіна, «Песні пра купца Калашнікава» М.​Ю.​Лермантава, «Кулікоўская бітва»). Яго эскізы тэатр. дэкарацый і касцюмаў узнаўляюць казачны, фантаст. свет рус. фальклору.

Літ.:

Климов Г.Е. Поиски пера жар-птицы: Жизнь и творчество рус. худож. И.​Я.​Билибина по материалам собр. Е.​П.​Климова. М., 1981.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЧУ́РЫН (Мікіта Якаўлевіч) (у манастве Іакінф; 9.9.1777, с. Акулёва Цывільскага пав. Казанскай губ. ? — 23.5.1853),

расійскі гісторык, кітаязнавец, перакладчык. Скончыў Казанскую духоўную акадэмію (1799). У 1800 прыняў манаства. Займаў шэраг царк. пасад, у т. л. кіраўніка духоўнай місіі ў Пекіне (1808—20). З 1828 чл.-кар. Пецярбургскай АН, з 1831 чл. Азіяцкага т-ва ў Парыжы. Працы па пытаннях мовы, гісторыі, культуры, этнаграфіі і філасофіі Кітая, па гісторыі і культуры народаў Сярэдняй Азіі, Манголіі. Аўтар «Запісак аб Манголіі» (т. 1—2, 1828), «Апісання Тыбета ў цяперашнім яго стане» (пер. з кіт., ч. 1—2, 1828), «Гістарычнага агляду айратаў ці калмыкаў з XV стагоддзя да гэтага часу» (1834), «Статыстычнага апісання Кітайскай імперыі» (ч. 1—2, 1842), «Збору звестак аб народах, якія жылі ў Сярэдняй Азіі ў старажытныя часы» (ч. 1—3, 1851; перавыд. т. 1—3, 1950—53) і інш. твораў.

М.Я.Бічурын.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕЙК ((Blake) Уільям) (28.11.1757, Лондан — 12.8.1827),

англійскі паэт, мастак. Першы англ. рамантык паводле вызначэння паэтаў-прэрафаэлітаў. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі. Аўтар лірыка-філас. зб-каў «Песні неспакушанасці» (1789) і «Песні вопыту» (1794). У «Прароцкіх кнігах» (1789—1820); паэмы «Шлюб Неба і Пекла», «Французская рэвалюцыя», «Прывідныя ўяўленні дачок Альбіёна», «Амерыка», «Еўропа» і інш.) праз складаную сімволіку міфал. і біблейскіх вобразаў адлюстраваў трагічныя калізіі еўрап. гісторыі на мяжы стагоддзяў. Паэма «Іерусалім: эманацыя гіганта Альбіёна» (1820) — духоўны запавет Блейка. Ілюстраваў уласныя творы, «Кнігу Іова», «Боскую камедыю» Дантэ. Наватарскія ідэі Блейка (тэорыя ўяўлення як універсальны інструмент адкрыцця вышэйшай духоўнай рэальнасці; прынцып сінтэзу мастацтваў, увасоблены ў кніжнай графіцы), надоўга апярэдзіўшы свой час, заставаліся ў цэнтры ўвагі 20 ст. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Я.​Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1965;

Стихи М., 1978.

Літ.:

Елистратова А.А. Наследие английского романтизма и современность. М., 1960.

Н.​М.​Саркісава.

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГША Лазар, полацкі ювелір 12 ст. Вольны рамеснік. У 1161 на заказ св. Ефрасінні Полацкай стварыў для Полацкага манастыра св. Спаса шэдэўр стараж.-бел. мастацтва напрастольны крыж Ефрасінні Полацкай. Залатыя пласціны на драўляным крыжы ён упрыгожыў перагародчатымі эмалямі (эмалі ў той час маглі вырабляць нямногія майстры), прытым выкананы эмалі не на асобных пласцінах, а адразу на рэліквіі, што патрабавала выключнага прафесіяналізму і тонкага густу пры кампаноўцы дэкору. Аўтар дасканала валодаў і тэхнікай вырабу эмаляў, і метадамі апрацоўкі каштоўных металаў, эмальерным мастацтвам. Яго праца добра аплачана (сума, роўная кошту 160 лісіных шкур), а талент высока ацэнены Ефрасінняй Полацкай, пра што сведчыць імя аўтара на крыжы — з’ява на той час вельмі рэдкая. Іл. гл. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Алексеев Л.В. Лазарь Богша — мастер-ювелир XII в. // Сов. археология. 1957. № 3;

Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994. С. 89—92.

Н.​В.​Федасеенка.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІ́НЧЫЦ (Фабіян Іванавіч) (20.1.1886, в. Акінчыцы, цяпер у межах г. Стоўбцы Мінскай вобл. — 7.3.1943),

бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). У 1906—17 чл. партыі эсэраў. Пра яго жыццё і дзейнасць у 1917—23 звесткі супярэчлівыя. З 1923 на радзіме. З 1926 уваходзіў у кіруючыя органы Бел. сялянска-работніцкай грамады, Т-ва бел. школы. У 1927 арыштаваны польск. ўладамі і зняволены на 8 гадоў. Вызвалены датэрмінова ў 1930. З 1933 старшыня, прадстаўнік Бел. дабрачыннага т-ва ў Бел. нац. к-це ў Вільні. У 1933 выдаваў (з У.​Казлоўскім) часопіс бел. нацыянал-сацыялістаў «Новы шлях», пачаў ствараць Беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю. З 1939 старшыня Бел. бюро прапаганды пры Мін-ве прапаганды Германіі ў Берліне. У 1940 старшыня Бел. к-та ў Варшаве. З пач. 1941 заг. школы прапагандыстаў пад Берлінам. Застрэлены партызанамі ў час знаходжання ў Мінску.

Я.​Вапа.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРУЖЭ́ННЕ (ваен.),

ізаляцыя групоўкі праціўніка ад астатніх яго войскаў з мэтай знішчэння ці ўзяцця ў палон. Паспяховае акружэнне часцей бывае, калі прарыў абароны праціўніка ажыццяўляецца на двух або некалькіх участках фронту з развіццём наступлення па напрамках, якія сыходзяцца; калі створана перавага над праціўнікам у сілах і сродках (пры спрыяльных умовах акружэнне магчыма і пры роўных сілах). Акружаная групоўка адначасова блакіруецца з паветра, а на прыморскіх напрамках і з боку мора.

Класічны прыклад акружэння — бітва пры Канах у 216 да н.э. паміж рым. і карфагенскай арміямі. Шырока практыкавалася ў час Вял. Айч. вайны, калі сав. войскі правялі шэраг значных аперацый па акружэнні войскаў праціўніка (гл. Сталінградская бітва 1942—43, Корсунь-Шаўчэнкаўская аперацыя 1944, Яса-Кішынёўская аперацыя 1944). На тэр. Беларусі ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Бабруйскай аперацыі 1944, Мінскай аперацыі 1944 трапілі ў акружэнне вял. групоўкі ням. войскаў (гл. Віцебскі «кацёл», Бабруйскі «кацёл», Мінскі «кацёл»).

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІ КАНА́Л,

у Беларусі, у Пінскім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобл., злучае басейны рэк Нёман і Прыпяць праз рэкі Шчара і Ясельда; ч. былога Дняпроўска-Нёманскага воднага шляху. Даўж. (разам з Выганашчанскім воз.) 54 км. Складаецца з 2 ч., якія пачынаюцца з воз. Выганашчанскае: 1-я (даўж. 3,5 км) упадае ў Шчару за 3,5 км на Пн ад воз. Выганашчанскае, 2-я (даўж. 46 км) — у Ясельду за 1 км на ПнУ ад в. Мерчыцы Пінскага р-на. Прымае сцёк з густой сеткі асушальных каналаў, у т. л. з Краглевіцкага (справа) і Хварашчанскага (злева).

Будаваўся ў 1767—83 па ініцыятыве М.​К.​Агінскага для перавозу грузаў, пераважна лесу. У 1799—1804 вяліся работы па яго добраўпарадкаванні. У 1-ю сусв. вайну гідратэхн. збудаванні разбураны, потым адноўлены. Да 1941 выкарыстоўваўся для суднаходства і лесасплаву. У Айч. вайну шлюзы і плаціны разбураны; гасп. значэння не мае.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)