МНАГАМЕ́РНЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел матэматычнай статыстыкі, які аб’ядноўвае метады вывучэння стат. даных пра аб’екты з некалькімі якаснымі і колькаснымі адзнакамі. Яго задачы — даследаванне структуры сувязей паміж пераменнымі, зніжэнне размернасці характэрных адзнак, пабудова класіфікацый, даследаванне прычынных сувязей. Для выяўлення структуры сувязей паміж рознымі пераменнымі звычайна выкарыстоўваецца матрыца карэляцый. Яе аналіз, які заключаецца ў вылучэнні падмностваў пераменных, што цесна карэліруюць адно за адным, ажыццяўляецца «ўручную» (напр., пры дапамозе графа, які адлюстроўвае найб. істотныя сувязі паміж пераменнымі, або метадамі камп’ютэрнага аналізу (напр., метад гал. кампанент, фактарны аналіз, кластэрны аналіз пераменных). Задачы і метады класіфікацыі, у залежнасці ад умоў, уключаюць: класіфікацыю па зададзеных фармальных крытэрыях, класіфікацыі аўтаматычную і з абучэннем. Класіфікацыя па зададзеных крытэрыях заключаецца ў групоўцы аб’ектаў па адным або некалькіх паказчыках. Класіфікацыя па некалькіх паказчыках наз. перакрыжаванай (лінгвістычнай; напр., полаўзроставая структура насельніцтва). Аўтаматычную класіфікацыю выкарыстоўваюць у выпадках, калі крытэрыі групоўкі невядомыя і адсутнічаюць апрыёрныя ўяўленні аб колькасці і характары класаў. Для яе пабудовы ўжываюць метады кластэрнага аналізу, якія дазваляюць вылучыць групы аб’ектаў, блізкіх адзін аднаму па значэннях пераменных, што вымяраюцца. Класіфікацыя з абучэннем выкарыстоўваецца, калі крытэрыі класіфікацыі невядомыя, але вядомы колькасць класаў і іх тыпалагічныя асаблівасці; такая класіфікацыя ажыццяўляецца некаторымі метадамі кластэрнага аналізу і метадам дыскрымінантнага аналізу. Аналіз стат. прычынных сувязей ажыццяўляецца пры дапамозе дысперсійнага аналізу, а таксама метадамі множнай лінейнай рэгрэсіі, лагістычнай рэгрэсіі, дыскрымінантнага аналізу і інш., якія прадугледжваюць наяўнасць адзінай залежнай пераменнай і не даюць магчымасці даследаваць структуру сувязей паміж незалежнымі пераменнымі (прэдыкатарамі). Структура сувязей паміж прэдыкатарамі можа быць улічана ў мадэлях пуцявога аналізу. Найб. агульным з’яўляецца метад лінейных структурных ураўненняў, што дае магчымасць будаваць складаныя мадэлі з вял. колькасцю залежных і незалежных пераменных, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой; яго прыватнымі формамі з’яўляецца рэгрэсійны, дысперсійны, пуцявы і фактарны аналіз.

Літ.:

Афифи А., Эйзен С. Статистический анализ: Подход с использованием ЭВМ: Пер. с англ. М., 1982;

Айвазян С.А., Енюков И.С., Мешалкин Л.Д. Прикладная статистика: Исслед. зависимостей. М., 1985;

Прикладная статистика: Классификация и снижение размерности: Справ. изд. М., 1989.

В.​В.​Цярэшчанка.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАІ́, Алішэр Наваі Нізамаддзін Мір Алішэр (10.2.1441, г. Герат, Афганістан — 3.1.1501), узбекскі паэт, мысліцель, дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Гераце, Мешхедзе, Самаркандзе. Вучань і сябар паэта А.Джамі. З 1469 служыў пры султане Хусейне Байкары — школьным сябры паэта. У 1472 атрымаў тытул эміра і стаў везірам. На свае сродкі будаваў ірыгацыйныя сістэмы, масты, школы, майстэрні каліграфіі і пераплёту. Як гуманіст выступаў супраць дэспатызму і схаластыкі. Зазнаў ганенне прыдворных вяльможаў. У 1488 пакінуў службу. Яшчэ юнаком стаў вядомы як паэт. Пісаў на перс., стараўзб. і тадж. мовах. Аўтар каля 30 зб-каў вершаў, паэм, празаічных твораў і навук. трактатаў, у якіх адлюстраваў тагачаснае духоўнае жыццё Сярэдняй Азіі. У 1498—99 склаў збор (каля 47 тыс. радкоў) сваіх вершаў у 4 зборніках («Дзівосы дзяцінства», «Рэдкасці юнацтва», «Дзівосы сярэдніх гадоў», «Карысныя парады старасці»), куды ўвайшлі вершы розных лірычных жанраў: газелі (болей за 2600), касыды (оды), страфічныя вершы і інш. У вершах Н. філас. роздум, думка пра чалавека як носьбіта дабрачыннасці або заганы, малюнкі прыроды, багаты гукапіс. Вяршыня яго творчасці — «Пяцерыца» («Хамсе») з 5 паэм: «Неспакой праведных» (1483), «Лейлі і Меджнун», «Фархад і Шырын», «Сем планет» (усе 1484), «Іскандэраў мур» (1485), асн. ідэя якіх услаўленне навукі, разумнага кіраўніка дзяржавы, любоў да бацькаўшчыны, павага да чалавека працы. Аўтар кн. «Пяцерыца ўзрушаных» (1492, прысвечана Джамі), анталогіі «Збор вытанчаных» (1491—92, з характарыстыкай 336 паэтаў 15 ст.), трактата па вершаскладанні «Вагі памераў» (1494), філас. алегарычнай паэмы «Мова птушак», трактата «Спрэчка дзвюх моў» (абодва 1499), філас.-дыдактычнага твора «Каханы сэрцаў» (1500). Паўплываў на развіццё ўзб. і інш. цюркамоўных л-р. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.​Жуковіч, Я.​Міклашэўскі і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Лірыка: Газелі, урыўкі з паэм. Мн., 1993;

Рус. пер. — Соч. Т. 1—10. Ташкент, 1968—70;

Афоризмы. Ташкент, 1991;

Язык птиц. СПб., 1993.

Літ.:

Захидов В. Мир идей и образов Алишера Навои. Ташкент, 1961;

Бертельс Е.Э. Избр. труды. Навои и Джами. М., 1965;

Султан И. Книга признаний Навои: Жизнь и творчество великого поэта со слов его самого и современников: Пер. с узб. Ташкент, 1985.

Наваі.

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СХОД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

прадстаўнічы і заканадаўчы орган, парламент дзяржавы. Уведзены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Складаецца з 2 палат — Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва рэспублікі на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні) і Савета Рэспублікі (палата тэр. прадстаўніцтва: ад кожнай вобласці і г. Мінска ў яе склад выбіраюцца тайным галасаваннем на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Савета базавага ўзроўню па 8 членаў і 8 членаў назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь). Тэрмін паўнамоцтваў парламента — 4 гады. Палаты збіраюцца на 2 чарговыя сесіі ў год.

Нечарговыя сесіі склікаюцца ў выніку асаблівай неабходнасці па ініцыятыве Прэзідэнта або па патрабаванні большасці не менш як ​2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат. Палаты выбіраюць са свайго складу старшынь і іх намеснікаў, якія вядуць пасяджэнні і кіруюць унутр. распарадкам палат, пастаянныя камісіі і інш. органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, аднесеных да ведання палат. Палата прадстаўнікоў разглядае праекты законаў, назначае выбары Прэзідэнта, дае згоду Прэзідэнту на назначэнне кіраўніка ўрада, заслухоўвае яго даклад аб праграме дзейнасці ўрада і ўхваляе або адхіляе праграму, разглядае пытанне аб даверы ўраду, прымае адстаўку Прэзідэнта ці рашэнне аб зняцці яго з пасады ў прадугледжаных Канстытуцыяй выпадках і інш. Савет Рэспублікі адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў, дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам пэўных вышэйшых службовых асоб дзяржавы, выбірае 6 суддзяў Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, адмяняе незаконныя рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, прымае рашэнне аб роспуску мясц. Савета дэпутатаў у выпадку парушэння ім заканадаўства, разглядае рашэнне Палаты прадстаўнікоў аб зняцці Прэзідэнта з пасады і прымае па ім канчатковае рашэнне, вырашае інш. пытанні, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутатам парламента належыць права заканад. ініцыятывы. Рашэнні палат прымаюцца ў форме законаў і пастаноў. Парадак дзейнасці палат вызначаецца іх рэгламентам. Пасяджэнні палат з’яўляюцца адкрытымі (калі патрабуюць інтарэсы дзяржавы ў пэўным парадку можа прымацца рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння). Дэпутаты парламента карыстаюцца недатыкальнасцю пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЭРУ́ДА (Neruda) Пабла [сапр. Рэес Басуальта

(Reyes Basoalto) Нефталі Рыкарда; 12.7.1904, г. Параль, Чылі — 23.9.1973], чылійскі паэт, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў ін-це г. Сант’яга. У 1927—43, 1970—72 на дыпламат. рабоце. У 1949—52 у эміграцыі. Друкаваўся з 1917. Псеўданім абраў пад уражаннем творчасці чэш. паэта Я.Неруды. У зб-ках «Дваццаць вершаў пра каханне і адна песня роспачы» (1924),

«Месцажыхарства — зямля» (ч. 1—2, 1933—35), «Іспанія ў сэрцы» (1937), «Вінаграднікі і вятры» (1954), «Оды спрадвечным рэчам» (кн. 1—3, 1954—57), «Камяні Чылі» (1961), «Баркарола» (1967), «Мора і званы» (1973), «Адзінокая ружа», «Зімовы сад», «Кніга пытанняў», «Выбраныя недахопы» (усе выд. 1974), драме ў вершах «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» (1967), паэме «Усеагульная песня» (1950) і інш. тэмы адказнасці мастака перад чалавецтвам, мужнасці і самаахвярнасці барацьбітоў за мір і справядлівасць, адданасці радзіме, кахання. Аўтар паэт. аўтабіяграфіі «Мемарыял Чорнага вострава» (т. 1—5, 1964), кн. ўспамінаў «Прызнаюся: я жыў» (выд. 1974). Яго творчасць адметная разнастайнасцю маст. прыёмаў, асацыятыўнасцю, смелай вобразнасцю, спалучэннем лірычна-спавядальнага з гратэскава-сатыр. і гумарыстычным, рэаліст. з авангардысцкім. На бел. мову яго вершы пераклалі Р.​Барадулін, Г.​Бураўкін, А.​Вялюгін, С.​Грахоўскі, А.​Грачанікаў, Х.​Жычка, М.​Калачынскі, І.​Калеснік, Г.​Кляўко, А.​Куляшоў, А.​Лойка, Я.​Семяжон, М.​Стральцоў, М.​Танк, К.​Шэрман. Магілёўскі абл. т-р лялек (1980) і Дзярж. т-р лялек (1981) паставілі спектаклі «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты». Міжнар. прэмія Міру 1950. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1953. Нобелеўская прэмія 1971.

Тв.:

Бел. пер. — Крыві бунтоўнай кроплі: Лірыка. Мн., 1976;

у кн.: Кахаць — гэта значыць... Старонкі з паэзіі свету. Мн., 1986;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1978—79;

Признаюсь: я жил: Воспоминания. 2 изд. М., 1988.

Літ.:

Осповат Л. Пабло Неруда: Очерк творчества. М., 1960;

Венок Неруде. М., 1974;

Тейтельбойм В. Неруда: Пер. с исп. М., 1988;

Пабло Неруда: Биобиблиогр. указ. М., 1960.

Е.​А.​Лявонава.

П.Нэруда.

т. 11, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ТРУ́ПА ІГНА́ТА БУЙНІ́ЦКАГА,

прафесійны бел. тэатр у 1907—13. Створана па ініцыятыве акцёра і тэатр. дзеяча І.Буйніцкага ў фальварку Палівачы Дзісенскага пав. Віленскай губ. (цяпер в. Палевачы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.). Узнікла на аснове бел. вечарынак, аматарскіх «сямейных» спектакляў і да 1910 мела аматарскі характар. Трупа праводзіла асв. работу, шмат зрабіла для развіцця самадз. творчасці і прапаганды бел. мастацтва, стварыла асновы нац. прафес. тэатра. Пад уплывам яе дзейнасці і традыцый у крас. 1917 узнікла Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. Калектыў шмат гастраліраваў па Беларусі, у Вільні (1910), Пецярбургу (1911 і 1912), Варшаве (1913). У праграму паказаў спачатку ўваходзілі бел. нар. песні, танцы, дэкламацыя вершаў і апавяданняў на роднай мове, невял. п’есы. З 1910 паказы складаліся з некалькіх самаст. частак: 1—2 п’ес, дэкламацый, спеваў і танцаў. Тэатр прытрымліваўся нар. традыцый, вылучаўся сінт. характарам сваёй творчасці і рэаліст. накіраванасцю. У нескладаным сцэнічным афармленні выкарыстоўваліся элементы бел. нар. выяўл. мастацтва, акцёры выступалі ў бел. нац. касцюмах. Сярод драм. выканаўцаў вызначаліся Буйніцкі (іграў характарна-драм. ролі), А.​Бурбіс, Крапівіха (Цётка), А.​Забель (З.​Абрамовіч); сярод музыкантаў — Дз.​Крывадубаў (Няленка) і І.​Голер; сярод спевакоў — Я.​Феакцістаў; сярод танцораў — Буйніцкі, яго дочкі Ванда і Алена, Ч., Л. і Я.​Родзевічы. Муз. часткай кіраваў Л.​Рагоўскі. Рэжысёрамі былі А.​Аляксеенка, Бурбіс і інш. У рэпертуары: пастаноўкі «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, «Сватанне» і «Мядзведзь» А.​Чэхава, «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх; вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Я.​Лучыны, А.​Паўловіча; песні «Чаму ж мне не пець», «Дуда-весялуха», «За гарамі, за лясамі» і інш.; танцы «Юрка», «Гняваш», «Верабей», «Лявоніха», «Мельнік», «Мяцеліца» і інш.

Літ.:

Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Яго ж. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983.

У.​І.​Няфёд.

Да арт. Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Буйніцкі з дочкамі. 1911.
Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага ў час выступлення на этнаграфічным вечары ў Пецярбургу. 1912.

т. 12, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́Ф’ЕЎ (Аляксандр Андрэевіч) (2.12.1900, с. Кабона Волхаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 18.9.1971),

рускі паэт. Герой Сац. Працы (1970). Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Пецярбургскай настаўніцкай семінарыі (1913—17). Друкаваўся з 1919. Першыя зб-кі вершаў — «Поўдзень», «Вуліца Чырвоных Зор» (абодва 1931), «Перамога» (1932). У паэт. зб-ках «Атака», «Гармонік» (абодва 1943) і паэме «Расія» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946) услаўленне подзвігу народа ў Вял. Айч. вайну. Аўтар кніг паэзіі «Дарога праз мост» (1933), «Летапіс» (1934), «На абарону закаханых» (1939), «У краі маім» (1948), «У дарозе» (1953), «Прызнанні» (1957), «Яблыня над морам» (1958), «Запрашэнне да падарожжа» (1960, Ленінская прэмія 1961), «Пад сонцам і пад ліўнямі» (1964), «Развітанне з Прымор’ем» (1969), паэм «Сад» (1948), «Юнацтва» (1955), вершаў для дзяцей і інш. Паэзіі П. ўласцівыя грамадз. пафас, глыбокі лірызм, эмацыянальнасць і шчырасць, творчае выкарыстанне фальклору, нар. гумару і жарту, быліннасці і казачнасці. Некат. яго вершы пакладзены на музыку. Шэраг вершаў П. прысвяціў Беларусі, яе прыродзе («Беларусі», «Сябрам», «То ляцелі гусі...», «Лявоніха», «Ой, ляціце», думы...»), а таксама Я.​Купалу, Я.​Коласу, П.​Броўку, С.​Прытыцкаму. На рус. мову пераклаў многія творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, паасобныя М.​Багдановіча, З.​Бядулі, М.​Чарота, П.​Броўкі, П.​Глебкі, М.​Танка, П.​Панчанкі, У.​Дубоўкі, М.​Лужаніна, А.​Вялюгіна, Е.​Лось і інш. Беларусі і яе л-ры прысвяціў арт. «У нагу з часам», «Веліч слова», «Слова пра веліч талента», «Сэрца народнае», «Рысы вялікага натхнення» і інш. Неаднаразова прыязджаў на Беларусь. На бел. мову яго вершы перакладалі М.​Аўрамчык, Броўка, В.​Вітка, А.​Вольскі, Н.​Гілевіч, Глебка, С.​Грахоўскі, Дубоўка, М.​Калачынскі, А.​Куляшоў, Лось, Лужанін, П.​Пестрак, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон, М.​Танк, У.​Шахавец і інш.

Тв.:

Собр соч. Т. 1—4. М., 1978—80;

Бел. пер. — Выбр. вершы. Мн., 1948;

Прызнанне ў любві. Мн., 1961;

Святло над светам. Мн., 1976.

Літ.:

Молдавский Д.М. Александр Прокофьев. Л., 1975;

Александр Прокофьев: Вспоминают друзья. М., 1977;

Панчанка П. На паэтычным небасхіле. Мн., 1977;

Ліякумовіч Ц. У сугучнасці з купалаўскім словам // Бел. літ. 1982. Вып. 10.

А.А.Пракоф’еў.

т. 12, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ-КО́РСАКАЎ (Мікалай Андрэевіч) (18.3.1844, г. Ціхвін Ленінградскай вобл. — 21.6.1908),

рускі кампазітар, дырыжор, музычны пісьменнік і дзеяч. У 1860-я г. ўдзельнік «Магутнай кучкі», у 1880-я г. фактычна кіраўнік Бяляеўскага гуртка (у 1886—1900 узначальваў арганізаваныя М.Бяляевым Рус. сімф. канцэрты). З 1871 праф. Пецярб, кансерваторыі (з перапынкам). У кампазітарскай творчасці праявіў глыбокую зацікаўленасць нац. гісторыяй, побытам і мастацтвам. Зрабіў значны ўклад у рус. оперу: закончыў класічны перыяд яе развіцця, узбагаціў новымі жанравымі разнавіднасцямі, пашырыў яе вобразную сферу спалучэннем рэальных і нар.-фантаст. элементаў. На фарміраванні муз. мовы яго твораў адбіліся асаблівасці розных фалькл, жанраў. Аўтар 15 опер, у т. л. «Пскавіцянка» (паст. 1873, канчатковая рэд. 1894), «Снягурачка» (паст. 1882, у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1981), опера-быліна «Салко» (паст. 1897, у т-ры оперы і балета Беларусі 1957), «Царская нявеста» (паст. 1899, у т-ры оперы і балета Беларусі 1933, 1950), «Кашчэй Бессмяротны» (паст. 1902), опера-легенда «Паданне пра нябачны горад Кіцеж і дзеву Фяўронію» (паст. 1907), «Залаты пеўнік» (паст. 1909, у Бел. студыі оперы і балета 1931, у т-ры оперы і балета Беларусі 1971). Майстэрства яго аркестроўкі выявілася і ў праграмных сімф. творах, у т. л. «Іспанскае капрычыо» (1887, на гэтую музыку паст. балет у т-ры оперы і балета Беларусі 1949), «Шэхеразада» (1888). Аўтар паэт. рамансаў, зб-каў апрацовак нар. песень, дапаможнікаў па гармоніі і аркестроўцы. Закончыў многія творы М.​Мусаргскага, А.​Барадзіна, А.​Даргамыжскага. Сярод вучняў (выхаваў больш за 200 кампазітараў і муз. дзеячаў): М.Анцаў, А.Глазуноў, В.​Залатароў, А.Лядаў, І.​Стравінскі і інш. Шматгранная дзейнасць Р.-К. зрабіла вял. ўплыў на развіццё рус. муз. культуры і многіх прадстаўнікоў сусв. муз. мастацтва).

Літ. тв.: Летопись моей музыкальной жизни. 9 изд. М., 1982.

Літ.:

Страницы жизни Н.​А.​Римского-Корсакова: Летопись жизни и творчества. Вып. 1—4. Л., 1969—73;

Стасов В.В. Статьи о Римском-Корсакове. М., 1953;

Кандинский А. Н.​А.​Римский-Корсаков // История русской музыки. 2 изд. М., 1984. Т. 2. кн. 2.

Т.​А.​Дубкова.

М.А.Рымскі-Корсакаў.

т. 13, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНУА́Р ((Renoir) П’ер Агюст) (25.2.1841, г. Лімож, Францыя — 17.12.1919),

французскі жывапісец, графік, скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. З 1845 жыў у Парыжы. У 1854—58 працаваў у майстэрні па размалёўцы фарфору і адначасова займаўся ў Школе малюнка і дэкар. мастацтваў. У 1862—64 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у майстэрні Ш.​Глейра, дзе зблізіўся з К.​Манэ, А.​Сіслеем. У ранніх творах зазнаў уплыў Г.​Курбэ («Карчма матухны Антоні», 1866; «Дыяна», 1877). На мяжы 1860—70-х г. перайшоў да жывапісу на пленэры, апрабоўваў метад перадачы вібрыруемай святло-паветранай прасторы ў пейзажы; выпрацаваныя прынцыпы перанёс і на выявы людзей («Купанне на Сене», 1869). Паступова яго пісьмо станавілася празрыстым, палітра больш светлай, каларыт насычаўся тонкімі рэфлексамі, мяккімі кантрастамі цёплых па тоне ценяў і багатых серабрыста-жамчужнымі адценнямі асветленых зон («Ложа», 1874). Пры выяўленні бытавых, нібыта выпадковых эпізодаў і жыццёвых сітуацый, Р. аддаваў перавагу святочным сцэнам гар. жыцця — балям, танцам, прагулкам («Мулен дэ ла Галет», 1876; «Танец у Бужэвалі», 1883). Асаблівае месца ў яго творчасці займаюць паэт. і абаяльныя вобразы жанчын («Пасля абеду», «Парасонікі», 1879; «Мадэмуазель Грымпель з блакітнай стужкай», 1880; партрэт актрысы Жанны Самары, 1877). У выяўленні аголенай натуры ён дасягнуў рэдкай вытанчанасці карнацый, пабудаваных на спалучэнні цёплых цялесных тонаў з лёгкімі зеленаватымі і шэра-блакітнымі рэфлексамі, што надаюць гладкасць і матавасць паверхні палатна («Аголеная жанчына сядзіць на кушэтцы», 1876). Як выдатны каларыст часта дасягаў. уяўлення манахромнасці жывапісу з дапамогай найтанчэйшых спалучэнняў блізкіх па колеры тонаў («Дзяўчаты ў чорным», 1883). З 1880-х г. усё больш імкнуўся да класічнай яскравасці і абагульненасці форм, жывапісу ўласцівы рысы дэкаратыўнасці і ідылічнасці («Вялікія купальшчыцы», 1884—87). Лаканізм, лёгкасць і паветранасць штрыха ўласцівы шматлікім малюнкам і афортам. Аўтар скульптур «Венера-пераможца», «Суд Парыса» і інш. Іл. гл. таксама да арт. Імпрэсіянізм.

Літ.:

Вельчинская И. Ренуар: [Альбом] М., 1970;

Перрюшо А. Жизнь Ренуара: Пер. с фр. М., 1979.

Т.​В.​Пешына.

А.Рэнуар.
А.Рэнуар. Партрэт актрысы Жанны Самары. 1877.

т. 14, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАУЁУ (Уладзімір Сяргеевіч) (16.1.1853, Масква — 31.7.1900),

рускі рэліг. філосаф, паэт, публіцыст і крытык. Сын С.​М.​Салаўёва. Д-р філасофіі (1880). Скончыў Маскоўскі ун-т (1873). Выкладаў у Маскоўскім і Пецярбургскім ун-тах, на Вышэйшых жаночых курсах. У 1880-я г. выступаў пераважна як публіцыст (прапаведаваў уз’яднанне Усходу і Захаду праз аб’яднанне хрысц. цэркваў, змагаўся за свабоду сумлення і супраць нац.-рэліг. прыгнёту). У 1890 г. займаўся філас. і літ. дзейнасцю, перакладаў Платона, узначальваў філас. аддзел у «Вялікім энцыклапедычным слоўніку» Бракгаўза і Эфрона (з 1891). Як мысліцель і утапіст С. знаходзіўся на перакрыжаванні розных філас. і рэліг. плыняў, а гал. сваёй задачай лічыў сумяшчэнне навук.-пазітыўнага і рацыяналістычнага «духу часу» з рэліг. светапоглядам. Яго філас. сістэма грунтуецца на ідэі ўсеадзінства, вучэнні пра Сафію (спрадвечную Божую мудрасць, у якой аб’яднаны ўсе сусв. ідэі), пропаведзі збаўлення свету ад разбуральнага ўздзеяння прасторы і часу і канцэпцыі «богачалавечага працэсу» як усеагульнага выратавання чалавецтва. Выступаў за «мірнае збліжэнне народаў», верыў у еднасць каталіцкай і правасл. цэркваў, лічыў, што кожны народ па-свойму служыць хрысц. рэлігіі. Крытыкаваў лідэраў славянафільства, але лічыў, што слав. народы «першымі закладуць фундамент свабоднай тэакратыі», падкрэсліваў, што культура велікарусаў, маларусаў і беларусаў спалучае рысы зах. і ўсх. культур. Паэзія С. тэматычна падпарадкавана яго філас. поглядам, спалучае традыц. паэтыку і рысы сімвалізму. Лірыка С., асабліва вершы «сафійнага» цыкла, паўплывалі на развіццё паэзіі рас. сімвалізму. Лічыў лірыку «адкрыццём чалавечай душы ў сугуччы з душой прыроды», а мастацтва ўвогуле — «тэургіяй», накіраванай на пераўтварэнне рэчаіснасці ў космас абсалютнай прыгажосці.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1989;

Стихотворения. Эстетика. Литературная критика. М., 1990;

Смысл любви: Избр. произв. М., 1991;

О христианском единстве. М., 1994;

Чтения о богочеловечестве;

Статьи;

Стихотворения и поэма;

Из «Трех разговоров»: Краткая повесть об Антихристе. СПб., 1994.

Літ.:

Лосев А.Ф. Владимир Соловьев. 2 изд. М., 1994;

Соловьев С.М. Владимир Соловьев: Жнзнь и творческая эволюция. М., 1997;

Владимир Соловьев: pro et contra: Личность и творчество Владимира Соловьева в оценке мыслителей и исслед.: Антология. СПб., 2000;

Фараджев К.В. Владимир Соловьев: Мифология образа. М., 2000.

В.​М.​Чарапіца.

У.С.Салаўёў.

т. 14, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВА́ЦКІ ((Słowacki) Юльюш) (4.9.1809, г. Крэменец Цярнопальскай вобл., Украіна — 3.4.1849),

польскі паэт, драматург. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1825—28). У 1829 пераехаў у Варшаву. З 1831 у эміграцыі (Францыя, Швейцарыя, Грэцыя, Італія). Раннія вершы («Ода да вольнасці», «Куліг», «Песня літоўскага легіёна» і інш.) прысвечаны нац.-вызв. барацьбе. У паэмах «Гуго» (нап. 1829), «Манах», «Араб», «Ян Бялецкі» (усе нап. 1830), «Змяя» (нап. 1831) уплыў сусв. рамант. паэзіі. Праблемы тагачаснага паліт. жыцця ў цэнтры драм «Міндоўг, кароль літоўскі» (нап. 1829), «Марыя Сцюарт» (паст. 1862). Аўтар аўтабіягр. («Гадзіна роздуму»), гераічнай («Ламбро, грэчаскі паўстанец», абедзве 1833), філас.-патрыят. («Ангелі», 1838), псіхал. («Бацька зачумленых»), лірычнай («У Швейцарыі», абедзве 1839), рэаліст. («Бянёўскі», не закончана, выд. 1841) паэм. У «Паэме Пяста Дантышака... аб пекле» (1839) дантаўскія матывы. Вядомасць набылі яго рамант. драмы «Мазепа» (паст. 1847), «Баладына» (паст. 1862), «Ліля Венеда» (паст. 1863), «Фантазій» (паст. 1867), «Гарштынскі» (паст. 1879), «Кардыян» (паст. 1899), у якіх асэнсаванне канцэпцыі прыроды, гісторыі і чалавека, праблемы нац.-патрыят. руху ў Польшчы, трагедыя рамант. індывідуалізму, палеміка з А Міцкевічам, выкарыстанне свабоднай маст. формы. Зазнаў уплыў ідэй польскага месіянізму, спрабаваў стварыць сваю філасофію духу (гісторыка-філас. паэма «Кароль-Дух», не закончана; празаічная паэма «Генезіс духу», выд. 1866; драма «Сярэбраны сон Саламеі», паст. 1900). У позняй лірыцы асабістыя пачуцці пераплятаюцца з грамадз. матывамі («Гімн», «Мой тастамент», «Адказ на «Псалмы будучыні» і інш.). На бел. мову асобныя яго творы перакладалі А.​Вольскі, С.​Дзяргай, У.​Дубоўка, А.​Звонак, М.​Лужанін, П.​Пестрак, Я.​Семяжон, М.​Танк. Паводле аднайм. драмы Дзярж. т-р оперы і балета Беларусі паставіў оперу «Мазепа» (1952), Бел. т-р імя Я.​Купалы — спектакль «Смерць ваяводы» (1959).

Тв.:

Dzieła wszystkie. Т. 1—17. Warszawa, 1952—76;

Бел. пер. — Выбранае. Мн., 1959;

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М., 1960;

Избранное. М., 1984.

Літ.:

Дерналович М. Юлиуш Словацкий. Варшава, 1986;

Ю.​Словацкий: Биобиблиогр. указ. М., 1959;

Piwińska M. Juliuz Słowacki od duchów. Warszawa, 1992;

Kowalczykowa A. Słowacki. Warszawa, 1994.

М.​М.​Хмяльніцкі.

Ю.Славацкі.

т. 14, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)