тлушчападобнае жаўтаватае рэчыва, якое выдзяляецца васковымі залозамі пчол меданосных і выкарыстоўваецца імі для пабудовы пчаліных сотаў. На пабудову пчалінай ячэйкі ідзе каля 13—30 мг воску (50—120 васковых пласцінак). У склад П.в. ўваходзяць больш за 50 хім. злучэнняў: складаныя эфіры (да 75%), тлустыя кіслоты, вуглевадароды, вітамін А, мінер. солі, смолы, расл. пігменты і інш.Т-ра плаўлення 60—65 °C. Нерастваральны ў вадзе і гліцэрыне, добра раствараецца ў арган. растваральніках. Сыравіна для атрымання П.в. — суш (васковыя нарасты, выбракаваныя соты), вытапкі, пасечная і заводская мерва. Пры сонечнай васкатопцы атрымліваецца больш чысты, светла-жоўты П.в. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, медыцыне, касметыцы, для вырабу штучных вашчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РГУЧ,
рака ў Лепельскім і Докшыцкім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 47 км. Пл. вадазбору 238 км². Пачынаецца з воз. Тэкліц, цячэ праз азёры Вольшыца, Плаўна і Манец; частка сцёку трапляе ў Бярэзінскі канал (бас.р.Зах. Дзвіна); ніжэй воз. Манец наз.р. Бузянка. Вусце за 4 км на ПнЗ ад в. Крайцы. Працякае па Верхнебярэзінскай нізіне, амаль цалкам у межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Уваходзіла ў склад былой Бярэзінскай воднай сістэмы. Даліна невыразная, каля вытоку трапецападобная, шыр. 0,5—1 км. Пойма двухбаковая, у вытокавай частцы шыр. яе 50—250 м, паблізу ўпадзення ў воз. Вольшыца — 1—1,3 км. Рэчышча ад вытоку да воз. Вольшыца звілістае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНГАРМАНІ́ЗМ (ад грэч. syn разам + гармонія) у мовазнаўстве, марфаналагічная з’ява, якая заключаецца ў прыпадабненні галосных гукаў (прагрэсіўная асіміляцыя), што ўваходзяць у склад афіксаў, да галосных кораня па прыкмеце месца ўтварэння, лабіялізацыі і інш. На С. уплывае і характар апошняга зычнага кораня (пярэдне- ці заднеязычны). Напр., турэцкі суфікс мн. л. набывае розную фанетычную будову ў залежнасці ад фанетычнай структуры кораня (параўн.: ev дом — evler дамы, але ok стрэл — oklar стрэлы). С. уласцівы пераважна аглюцінатыўным мовам, у якіх ён забяспечвае функцыянальна (як націск у індаеўрап. мовах) цэласнасць і адасобленасць словаформы.
Літ.:
Черкасский М.А. Тюркский вокализм и сингармонизм. М., 1965;
Виноградов В.А. Типология сингармонических тенденций в языках Африки и Евразии // Проблемы африканского языкознания. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Гродне, Гродзенскі беларускі камітэт, прадстаўнічы орган бел.нац. арг-цый Гродзеншчыны ў 1918—22. Утвораны ў ліст. 1918. У яго кіраўніцтва ўваходзілі Я.Натусевіч (старшыня), У.Курбскі, Л.Дзекуць-Малей, пазней кааптаваны П.П.Аляксюк, Л.І.Заяц, Т.М.Вернікоўскі і інш. Выступаў супраць прарасійскай арыентацыі органаў мясц. самакіравання і земскіх устаноў. Ствараў бел. школы, культ.-асв. гурткі, кааператывы, выступаў за наданне бел. мове афіц. статуса. У снеж. 1918 склікаў бел. сялянскі з’езд Гродзенскага пав. У пач. 1919 выдаваў газ. «Зорка», у кастр. 1920 — студз. 1921 газ. «Беларускае слова». Намаганнямі Вернікоўскага ў студз. 1919 у Гродне адкрыты бел. клуб «Наша хатка». У лют. 1919 БНК правёў у склад магістрата Дзекуця-Малея. З прыходам у горад польск. легіянераў у маі 1919 фактычна спыніў дзейнасць, аднавіў яе ў сак. 1920. Новае кіраўніцтва [старшыня С.Баран (Баранаў), віцэ-старшыня А.Бялецкі, Дзекуць-Малей, У.Федарук і інш.] арыентавалася на бел. эсэраў і стаяла ў паліт. апазіцыі да польск. акупац. улад. Пры к-це створаны адм., арганізац., культ.-асв., дабрачынны аддзелы, юрыд. бюро. БНК ініцыіраваў стварэнне ў маі 1920 Бел. школьнай рады ў Гродне і гродзенскага кааператыва «Беларусь». Працаваў у кантакце з Цэнтральнай беларускай радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Грамадой беларускай моладзі ў Гродне. З прыходам Чырв. Арміі ў ліп. 1920 зноў спыніў дзейнасць. Чл. БНК Баран і Дзекуць-Малей у жн. 1920 увайшлі ў склад Гродзенскага губ. рэўкома. Пасля вяртання польск. войскаў кіраўніцтва ў БНК перахапілі т.зв. паланафілы на чале з В.А.Адамовічам, у студз. 1920 да кіраўніцтва вярнуліся бел. эсэры (старшыня Баран). У 1921 БНК перайшоў на нелегальнае становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЕПА́РХІЯ, Віленская дыяцэзія, Віленскае біскупства,
царкоўна-адм. адзінка рымска-каталіцкай царквы, найстарэйшая на тэр. Літвы і Беларусі. Цэнтр — г. Вільнюс (Вільня). Утворана паводле прывілея вял.кн.ВКЛ Ягайлы ад 17.2.1387, зацверджана папам рымскім у 1388. Падпарадкоўвалася спачатку папству, у 1418—1795 гнезненскаму арцыбіскупу. Ахоплівала амаль усе парафіі ў Літве і на Беларусі (акрамя парафій Брэсцкага ваяв., якія ўваходзілі ў Луцкую епархію). Першы біскуп — Андрэй. У 1700 1773 са складу епархіі вылучылася Магілёўская епархія. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 Віленская рымска-каталіцкая епархія скасавана і замест яе ўтворана Інфлянцкая каталіцкая епархія з цэнтрам у Вільні. У 1798 Віленская епархія адноўлена. У яе склад увайшлі Літ. і Курляндская губ. У канцы 1840-х г. епархія засталася толькі ў межах Віленскай і Гродзенскай губ. У канцы 1860-х г.—1883 у яе склад уваходзіла тэр. скасаванай Мінскай каталіцкай епархіі. У 1918 епархія падзелена польска-літ. граніцай, большая частка з г. Вільня адышла ў 1921 да Польшчы. Булай папы Пія XI ад 28.10.1925 атрымала статус архіепархіі (арцыбіскупства) Польскай рымска-каталіцкай царквы, у яе ўваходзілі тэр. Віленскага, палова Навагрудскага і частка Беластоцкага ваяв. Пасля 1939 тэр. Віленскай епархіі апынулася ў розных дзяржавах: асн. частка на тэр.БССР, меншая з Вільняй у Літве, з 1944 зах. частка зноў у Польшчы. Пасля 2-й сусв. вайны епархія намінальна засталася ў складзе Польскай каталіцкай царквы, з 1945 рэзідэнцыя біскупа знаходзілася ў Беластоку. У 1991 у сувязі з рэарганізацыяй каталіцкіх епархій у адпаведнасці з нац.-дзярж. граніцамі, Віленская рымска-каталіцкая епархія афіцыйна пераведзена ў юрысдыкцыю Літ. каталіцкай царквы, атрымала статус мітраполіі.
Літ.:
Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie... Wilno, 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЁРЫ (франц. sapeur ад saper весці падкоп),
ваеннаслужачыя сапёрных (інж.-сапёрных) часцей і падраздзяленняў. Існуюць у арміях усіх дзяржаў. На Беларусі ўваходзяць у склад асобных інж.-сапёрных батальёнаў і інш. часцей і падраздзяленняў.
Атрады воінаў, якія вялі падкопы пад крапасныя сцены, рабілі завалы ў час абароны гарадоў і інш., вядомы з часоў старажытнасці. У час ваен. дзеянняў воіны ВКЛ таксама рабілі падкопы пад крапаснымі збудаваннямі праціўніка, напр., у 1535 пад Старадубам у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (1534—37), у 1581 пад Псковам у час Лівонскай вайны (1558—83) і інш. з мэтай іх разбурэння. З пач. 17 ст. ў Францыі, потым у інш. краінах, С. наз. рабочых і салдат, што рабілі падкопы пад крапаснымі збудаваннямі. У далейшым абавязкам С. стала выкананне ўсіх ваен.-інж. работ, звязаных з вядзеннем бою. З 1678 у Францыі, пазней у інш. дзяржавах (у Расіі з пач. 18 ст.) С. аб’яднаны ў спец. часці і падраздзяленні. У Расіі з 1829 піянерныя падраздзяленні (гл. Піянеры) перайменаваны ў сапёрныя (існавалі да сярэдзіны 19 ст.). У пач. 20 ст. часці і падраздзяленні С. уваходзілі ў склад інжынерных войск. У 1941—42 ў складзе сав. войск дзейнічалі сапёрныя арміі (расфарміраваны ўвосень 1942, часці і злучэнні перададзены франтам), потым — інж., інжынерна-сапёрныя і інш. злучэнні і часці. У пасляваенны час на тэр. Беларусі С. праводзілі размініраванне, у т. л. суцэльнае, ахоўвалі і ўмацоўвалі масты, дамбы і інш. збудаванні ў час паводкі, удзельнічалі ў буд-ве метро і інш. У гонар С. у Мінску ў адным з мікрараёнаў наз. вуліца Сапёраў.
Літ.:
Цирлин А.Д. Советские инженерные войска. 2 изд. М., 1969;
Данилов А. Развитие военно-инженерного искусства // Армия. 2000. №6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМЕ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,
складовае пісьмо кансанантнага тыпу. Узнікла на пач. 1-га тыс. да н. э. на аснове фінікійскага пісьма; фармальна — спрошчаная (курсіўная) яго форма. Алфавіт складаецца з 22 знакаў, кожны абазначае склад — «зычны + галосны (або нулявы галосны)», — да якога потым дадаюцца т.зв. matres lectionis (знакі для абазначэння доўгіх і канцавых галосных). Кірунак пісьма — справа налева. Першыя пісьмовыя помнікі армейскага пісьма датуюцца 9—8 ст. да н. э. У сярэдзіне 1-га тыс. да н. э. было пашырана ў Пярэдняй Азіі (дзелавое пісьмо Асірыі і Персіі), у 4 ст.н. э. знікла. Аснова большасці пісьмовых сістэм Пярэдняй і Цэнтр. Азіі.
А.А.Кожынава.
Арамейскае пісьмо. Надпіс з аазіса Тэйма (Паўн. Аравія). Сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.
эра тэктагенезу ў познім пратэразоі (каля 900—550 млн. гадоў назад), што папярэднічала каледонскай складкавасці. Вылучана ў 1932 рус. вучоным М.С.Шацкім. Тыповыя раёны развіцця байкалідаў — у Азіі (Енісейскі краж і Байкальская горная вобл.). Шырока выявілася на прылеглых да стараж. платформаў (кратонаў) тэрыторыях. Аналагі Байкальскай складкавасці: кадомская (асінцкая) у Зах. Еўропе, катангская ў Афрыцы, гадрынская і бразільская ў Амерыцы, луінская ў Аўстраліі. На Усх.-Еўрапейскай і інш. платформах узнікла сістэма аўлакагенаў. Байкаліды ўтвараюць ядры многіх палеазойскіх складкавых сістэм: Урала, Ціманскага кража, Цэнтр. Казахстана, паўн. часткі Цянь-Шаня і інш., уваходзяць у склад фундамента Зах.-Сібірскай і Зах.-Еўрапейскай маладых платформаў. З зонамі Байкальскай складкавасці звязаны радовішчы медзі, золата, волава і вальфраму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАДРО́М (ад аўта... + грэч. dromos месца для бегу),
тэрыторыя з комплексам дарог і збудаванняў для выпрабавання аўтамабіляў і правядзення аўтаспаборніцтваў. Тэр. для спарт. спаборніцтваў і выпрабаванняў аўтамабіляў і матацыклаў наз. аўтамотадромам. Адзін з першых аўтадромаў (трэкаў) пабудаваны ў Англіі — Бруклінскі (1906).
Аўтадром складаецца з замкнёнай (асноўнай) дарогі і дапаможных дарог. Замкнёная дарога (трэк) мае бетоннае пакрыццё і нахіл на віражах, што дае магчымасць развіваць макс. скорасць. Дапаможныя дарогі маюць розныя тыпы пакрыццяў: асфальтабетонныя, гравійныя, грунтавыя, на асобных участках з калдобінамі, крутымі пад’ёмамі і з’ездамі, рабрыстымі бетоннымі пакрыццямі і інш. перашкодамі для выпрабавання аўтамабіляў на трываласць, надзейнасць, устойлівасць. У склад аўтадрома ўваходзяць таксама трыбуны для гледачоў, пляцоўкі для спаборніцтваў, гаражы, памяшканні для тэхн. абслугоўвання машын, метэаралагічная станцыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭХНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
1) касмічнага карабля — сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемазалежных біял. і тэхн. сістэм ці аб’ектаў. Напр., бартавая біятэхнічная сістэма касм. карабля складаецца з падабранага ў залежнасці ад прызначэння і працягласці палёту біякомплексу і тэхн. сродкаў для забеспячэння аптымальных умоў яго функцыянавання.
У склад біякомплексу ўваходзяць спец. падабраныя ніжэйшыя і вышэйшыя расліны, жывёлы, мікраарганізмы, здольныя выдзяляць кісларод, утылізаваць адходы жыццядзейнасці чалавека, ажыццяўляць узнаўленне прадуктаў харчавання. Удзельнікам біякомплексу з’яўляецца і сам чалавек. Да тэхн. сродкаў адносяцца падсістэмы святло- і энергазабеспячэння, тэрмарэгулявання, блокі рэгенерацыі паветра і вады, мінералізацыі адходаў, касм. аранжарэя, кухня і інш. Біятэхнічная сістэма касм. карабля з’яўляецца замкнутай, калі яна цалкам забяспечвае экіпаж кіслародам, вадой і ежай.
2) Найпрасцейшыя біятэхнічныя сістэмы: электрастымулятар сэрца, маніпулятар для работы з радыеактыўнымі рэчывамі, біяпратэзы.