1) адзін з асноўных газавых законаў, паводле якога ціск сумесі газаў, якія хімічна не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, роўны суме парцыяльных ціскаў. Строга выконваецца для ідэальных газаў, набліжана — для рэальных газаў пры значэннях т-р і ціскаў, далёкіх ад крытычных.
2) Закон растваральнасці газаў у вадкасцях, паводле якога пры пастаяннай т-ры растваральнасць кожнага з кампанентаў газавай сумесі над вадкасцю прапарцыянальная яго парцыяльнаму ціску. Кожны газ раствараецца так, як быццам астатніх кампанентаў няма. Набліжана прыдатны для рэальных газаў пры ўмове невял. канцэнтрацыі газу ў растворы. Д.з. адкрыты Дж.Дальтанам у 1801 і 1803.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. на в-ве Замак на воз. Дрысвяты ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Пабудаваны на гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры і перыяду Кіеўскай Русі 10—13 ст. Пляцоўка замка (75 × 50 м) мела авальную форму, узвышалася над паверхняй возера на 6—7 м, была абкружана валам. У ганцы 14 — пач. 15 ст. на востраве стаяў «двор Дрысвяты» вял.кн.ВКЛ Вітаўта, пазней — караля Аляксандра. У пісьмовых крыніцах замак згадваецца ў 1514, 1557, 1561 і ў часы Лівонскай вайны 1558—83. Перастаў існаваць у 2-й пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГІДРАГЕНА́ЗЫ,
ферменты класа аксідарэдуктаз, што каталізуюць акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі пераносу вадароду (электрона) ад субстрату да акцэптара. Вельмі пашыраны ў прыродзе, удзельнічаюць у рэакцыях, што складаюць аснову акіслення біялагічнага і энергет. забеспячэння клетак (гл.Дыханне), некаторыя ў аднаўленчых біясінт. працэсах.
Паводле хім. прыроды Д. — пратэіды з пірымідзінавымі (НАД, НАДФ) ці флавінавымі (ФАД, ФМН) каферментамі — акцэптарамі атамаў вадароду. Падзяляюцца на аэробныя (пераносяць вадарод непасрэдна на малекулярны кісларод) і анаэробныя (акцэптарам вадароду можа быць іншая Д.). Назва Д. даецца па субстраце, што акісляецца (напр., Д., якая дэгідрыруе этылавы спірт, наз. алкагольдэгідрагеназай, малочную кіслату — малатдэгідрагеназай і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРКЕ́ВІЧ (Міхаіл Іванавіч) (13.10.1899, в. Залесавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.8.1984),
бел. мовазнавец. Канд.пед.н. (1944). Засл. дз. нав. Беларусі (1951). Скончыў БДУ (1927). Працаваў настаўнікам, выкладчыкам у Магілёўскім пед. ін-це (1933—41), БДУ (1943—69). Аўтар падручнікаў па бел. мове для сямігадовай і сярэдняй школ, артыкулаў па пытаннях сучаснай бел.літ. мовы, у т. л. пра моватворчасць Я.Купалы («Аб народнасці мовы паэмы Я.Купалы «Над ракою Арэсай», 1954, «Аб мове камедыі Я.Купалы «Паўлінка», 1958, «Аб мове паэмы Я.Купалы «Бандароўна», 1960, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЫ́ЛІЯ (ад грэч. eidyllion карцінка),
1) спакойнае, нічым не засмучанае, шчаслівае існаванне (часам — у іран. сэнсе).
2) У літаратуры жанравая разнавіднасць букалічнай паэзіі; верш з апісаннем спакойнага, сціплага жыцця звычайна на ўлонні прыроды. Стваральнік жанру стараж.-грэч. паэт Феакрыт. Яго І. вылучаюцца тонкасцю пачуццяў, майстэрствам адлюстравання быт. тыпаў і замалёвак прыроды, ідэалізацыяй побыту пастухоў, рыбакоў, сялян, што выклікала вял. колькасць перайманняў. У бел. паэзіі выкарыстоўваліся толькі ідылічныя матывы (вершы «Ціхі і сіні блішча над хатай...» М.Багдановіча, «Вясна», «Як я полем іду...» Я.Купалы, «Усход сонца», «Каханне» Я.Коласа і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНАНІШВІ́ЛІ (Рэваз Канстанцінавіч) (н. 20.12.1926, в. Хашмі Сагарэджойскага р-на, Грузія),
грузінскі пісьменнік. Скончыў Тбіліскі ун-т (1956). Аўтар вострапсіхал. апавяданняў, аповесцей, прысвечаных надзённым праблемам сучаснасці. У кнігах лірычных навел «З лістоў да сябра» (1958), «Замалёўкі вячэрняй пары» (1971), «Ляціць над далінай сойка» (1974), аповесцей «Перадзімовы сум» і «Дачка Месяца» (абедзве 1987) і інш. графічна дакладная манера пісьма, тонкі псіхалагізм. Піша для дзяцей (кнігі «Дзе жыве казачнік», 1970; «Ваўчаняты», 1973; «Далёкая белая вяршыня», 1976; «Добрая зямля», 1980, і інш.). Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.Руставелі 1977. На бел. мову асобныя творы І. пераклалі Ю.Гаўрук, В.Нікіфаровіч, Т.Цулукідзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНКАЎСКІ АНТО́НІЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1908 у в. Каменка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты двухсхільным дахам. Цэнтр. неф пераходзіць у 5-гранную апсіду з самаст. дахам, па баках якой невял. гранёныя сакрысціі. На гал. фасадзе двух’ярусная чацверыковая вежа, завершаная стромкім шатром з люкарнамі. Верхні чацвярык вежы на ўсіх фасадах вылучаны высокімі патройнымі арачнымі вокнамі. Гал. ўваход аформлены парталам, над якім акно-ружа і ніша са скульптурай. Дзверы аздоблены маст. коўкай. Астатнія фасады рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНСКАЕ ГАРАДЗІ́ШЧА,
пасяленне канца 5—3 ст. да н.э. каля г. Каменка-Дняпроўская і с.Вял. Знаменка Запарожскай вобл. (Украіна). Пл. каля 12 км². З боку стэпу было ўмацавана земляным валам і ровам, а з Пн і З ахавана ярамі над Дняпром, р. Конка і Белазерскім ліманам. У паўд.-зах. частцы знаходзіўся акропаль, дзе жыла скіфская знаць. Жыхары займаліся вырабам бронзавых і жал. прылад, ткацтвам, ганчарствам, земляробствам і жывёлагадоўляй. Рамеснікі жылі ў зямлянках і слупавых наземных пабудовах, знаць — у мураваных дамах. Паселішча з’яўлялася буйным рамесным і гандл. цэнтрам, цесна звязаным з грэчаскімі калоніямі Паўн. Прычарнамор’я і мясц. насельніцтвам Скіфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІЛЬ-КАМА́Л (сапр.Гаджыеў Камал Гамза аглы; н. 5.2.1954, в. Касумла Марнеульскага р-на, Грузія),
бел. жывапісец. Вучыўся ў Бакінскім маст. вучылішчы (1977—81), Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1981—83), у Бел.тэатр.-маст. ін-це (1984—90) у Г.Вашчанкі і М.Данцыга. Творы вылучаюцца пранікнёным рамантызмам: «Прыгажуня» (1990), «Маленькая фея» (1991), «Асірыя», «Лёс любімага горада» (абодва 1992), «Над калыскай вечнасці» (1995), «Вечнасць» (1996), «Мая Радзіма» (1997), «Цар-самотнік» (1998). Працуе ў манум. жывапісе, аўтар шэрагу размалёвак у Мінску і Друскінінкаі (Літва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМНІ́НЫ (Komnēnoi),
дынастыя імператараў Візантыі ў 11—12 ст. Паходзілі фактычна ад военачальніка Ісаака I Камніна, імператара ў 1057—59, але заснавальнікам дынастыі лічыцца Аляксей I Камнін [1081—1118). Інш. прадстаўнікі: Іаан II Камнін [1118—43], Мануіл I [1143—80], Аляксей П [1180—83], Андронік I [1183—85]. Апіраліся на ваенна-феад. знаць і правінцыяльныя гарады. Умацавалі землеўладанне, ліквідавалі рухі багамілаў і інш., уладу ў правінцыях перадалі военачальнікам (дукам), апалчэнне замянілі наёмным войскам, падпарадкавалі правасл. царкву; атрымалі шэраг перамог надсельджукамі, аднак пасля захопу г. Фесалонікі нарманамі вымушана саступілі ўладу дынастыі Ангелаў. Нашчадкі Андроніка I у 1204—1461 правілі ў Трапезундскай імперыі пад імем «Вялікіх Камнінаў».