ІДА́ЛЬГА, Ідальга-і-Кастылья (Hidalgo y Costilla) Мігель (8.5.1753, Каралеха, Мексіка — 27.11.1811), нацыянальны герой Мексікі. Скончыў духоўную семінарыю, пазней яе выкладчык, рэктар. За распаўсюджванне ідэй франц. энцыклапедыстаў разжалаваны ў прыходскія святары. У 1810—11 кіраўнік нар. паўстання, якое перарасло ў вайну за незалежнасць Мексікі ад Іспаніі. У ліст. 1810 стварыў у Гвадалахары рэв. ўрад, які адмяніў рабства, выдаў закон, паводле якога індзейцам вярталіся абшчынныя землі, зніжаліся падаткі. У 1811 пасля паражэння рэв. арміі трапіў у палон, расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУЛЬГЕ́НЦЫЯ (ад лац. indulgentia паблажлівасць, літасць),
папская грамата, пасведчанне пра поўнае або частковае адпушчэнне грахоў, якая выдавалася за грошы або за асаблівыя заслугі перад каталіцкай царквой. Абгрунтоўвалася багасловамі тым, што каталіцкая царква мае запас добрых спраў, якія здзейснілі Ісус Хрыстос, Дзева Марыя і святыя, і імі можна пакрываць грахі людзей. Продаж І. пачаўся з 12—13 ст., што выклікала пратэст гуманістаў. Адмена І. была ў ліку асн. патрабаванняў Рэфармацыі. У пераносным сэнсе — даць дазвол на якія-н. дзеянні, учынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЕ́ДЫ (Scolytidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. З падсям.: лубаеды, забалоннікі (Scolytinae) і ўласна К. (Ipinae). Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды (акрамя Антарктыды). На Беларусі каля 70 відаў. Жывуць пад карой, радзей у драўніне, каранях, сцёблах травяністых раслін. Большасць К. жыве на дрэвах пэўнага віду і роду, некат. мнагаедныя. Для кожнага віду характэрны свой малюнак прагрызеных хадоў.
Даўж. ад 0,8 да 12 мм, цела цыліндрычнае, бурае або чорнае, бліскучае. Вусікі булавападобныя. За год даюць 1—2 пакаленні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧА́НАЎ (Яўген Іванавіч) (20.8.1919, в. Доўгавічы Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.1.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял.Айч. вайну з 1942 на Крымскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах — сяржант, камандзір стралк. аддзялення. Вызначыўся ў баях зар. Одэр. 27.1.1945 аддзяленне К. першае фарсіравала раку, у баі за расшырэнне плацдарма знішчыла каля 100 гітлераўцаў. Цяжка паранены К. не пакінуў поля бою. 28.1.1945 асабістым прыкладам падняў воінаў у атаку. Загінуў у гэтым баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮЧАЎСКА́Я СО́ПКА,
дзеючы вулкан на У п-ва Камчатка, найвыш. (4750 м) і самы актыўны ў Еўразіі. Размешчаны ў Ключаўскай групе вулканаў. Складзены з андэзіта-базальтавай лавы. Належыць да тыпу стратавулканаў. Правільны конус з кратэрам, што пастаянна курыцца, мае паблізу падэшвы 84 пабочныя конусы і кратэры. На вяршыні снежнікі і ледавікі, на схілах — фумаролы і сальфатары. За 270 гадоў адбылося больш за 50 моцных вулканічных вывяржэнняў; апошняе — у 1972—74. Каля падножжа — вулканалагічная станцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БАЛЬТАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, сыравіна для атрымання кобальту. Вядома больш за 130 кобальтазмяшчальных мінералаў, у т. л. больш за 40 уласна кобальтавых. Гал. мінералы: кабальцін, лінеіт, скутэрудыт, кобальтпірыт, кобальтпентландыт, шмальцынхлаантыт. Паводле мінер. і хім. складу вылучаюць мыш’яковыя, сярністыя, акісленыя руды. Сярэдняя колькасць кобальту ў прамысл. рудах 0,5—1,5%. Гал.прамысл. радовішчы К.р. — сярністыя медна-нікелевыя, акісленыя кобальта-медныя і сілікатна-аксідныя нікелевыя. Сусв. запасы каля 3 млн.т кобальту. Гал. здабыўныя краіны: Конга, Замбія, Аўстралія, Канада, Філіпіны, Інданезія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВЕ́Ц—КАЛІ́НІНА,
вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл. Да 1932 наз. Кругавец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 55 км на ПдУ ад г. Добруш, 83 км ад Гомеля, 2 км ад чыг. ст. Кругавец. 1170 ж., 407 двароў (1998). Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. За 7 км на ПдУ ад вёскі на мяжы Беларусі, Расіі і Украіны Помнік Дружбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧКУНО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1988). За 1 км на Пн ад в. Кучкуны Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун чырвона-бурага граніту рапаківі кіроўнага тыпу з авоідамі палявога шпату ад 8 да 12 см у папярочніку. Даўж. 2,8 м, шыр. 2,5 м, выш. 0,95 м, у абводзе 7,7 м, аб’ём 3,5 м³, маса каля 9,4 т. Прынесены ледавіком больш за 150 тыс.г. назад з тэр. Ленінградскай вобл. Расіі (Выбаргскі масіў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЫ́НІЙ СТАЛО́Н (Гай) (Gaius Licinius Stolo; 4 ст. да н. э.),
старажытнарымскі народны трыбун у 376—367 да н. э., у 364 і 361 да н.э. консул. Выступаў за наданне плебеям роўных з патрыцыямі паліт. правоў. Правёў 3 законы, паводле якіх аднаго консула належала выбіраць з плебеяў, забаранялася мець больш за 500 югераў зямлі, даўгі пагашаліся на выгадных для даўжнікоў умовах. У 357 да н.э. асуджаны патрыцыямі, якія абвінавацілі Л.С. ў парушэнні праведзенага ім агр. закону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ПІКАЎ (Сяргей Агафонавіч) (26.10.1923, в. Бяседавічы Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 31.3.1995),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1943. Пам. камандзіра разведвальнага ўзвода сяржант Л. вызначыўся на тэр. Польшчы ў 1944 у баях за крэпасць Асавец, у 1945 узвод на чале з Л. за 3 дні баёў нанёс значныя страты ворагу ў жывой сіле і разведаў пераправу цераз р. Ісача, чым садзейнічаў уступленню сав. войск у Гдыню. Пасля вайны да 1982 у нар. гаспадарцы.