цвёрды гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, разнавіднасць вуглёў выкапнёвых, прамежкавая паміж бурым вугалем і антрацытам. Мае ў гаручай масе 75—92% вугляроду, 2,5—5,7 вадароду, 1,5—15% кіслароду, мінер. прымесей (крэменязём, гліністае рэчыва і інш.) ад 1—2% і больш. Прымесі пры згаранні вызначаюць яго попельнасць. Колер чорны, радзей шэра-чорны. Адрозніваюць К.в. бліскучы, паўбліскучы, паўматавы, матавы. Шчыльн. 1220—1340 кг/м³. Найб. цеплыня згарання (у пераліку на сухое бяспопельнае рэчыва) 39,5—36,8 МДж/кг. Утвараецца з прадуктаў разлажэння арган. рэшткаў вышэй шых раслін, змененых працэсамі метамарфізму ва ўмовах павышаных т-р і ціску. Вылучаюць 5 генет. груп К.в., кожная з якіх паводле тыпу рэчыва падзяляецца на класы. Вядомы практычна ва ўсіх геал. сістэмах — ад дэвону да неагену, але найб. пашыраны ў карбоне, пермі і юры. Залягае ў выглядзе лінзападобных пакладаў і пластоў, магутнасцю да дзесяткаў і соцень метраў на глыбінях ад паверхні да 2,5 км і глыбей.
Важнай характарыстыкай К.в. з’яўляецца ступень яго рэгіянальнага метамарфізму, або узровень пераўтварэння арган.ч. пры павышэнні ціску і т-ры з пагружэннем вугляноснай тоўшчы на глыбіню. Адбываецца паступовая змена хім. саставу вуглёў, іх фіз. уласцівасцей і ўнутрымалекулярнай будовы. На вышэйшай (канчатковай) стадыі метамарфізму К.в. ператвараецца ў антрацыты, а пры яўна выражанай крышт. структуры — у графіты. Узрастанне ступені метамарфізму ў арган. рэчыве К.в. выклікаецца паслядоўным павелічэннем адноснай колькасці вугляроду і змяншэннем колькасці кіслароду і вадароду, лятучых рэчываў; змяняюцца таксама цеплыня згарання, здольнасць спякацца і фіз. ўласцівасці вугалю. Гал.тэхнал. ўласцівасці, якія вызначаюць каштоўнасць К.в., — спякальнасць і каксаванне. Прамысл. класіфікацыі К.в. заснаваны на розных параметрах якасцей і саставу вуглёў — на цеплыні згарання, колькасці звязанага вугляроду і лятучых кампанентаў, на цеплыні згарання і здольнасці да каксавання (Японія); на генет. асаблівасцях і цеплыні згарання (Расія, Украіна) і г.д. Па велічыні выхаду лятучых рэчываў і характарыстыцы негаручых рэшткаў К.в. падзяляюцца на 10 марак: даўгаполымныя, газавыя, газаватлустыя, тлустыя, коксавыя тлустыя, коксавыя, коксавыя іншыя, слабаспякальныя, збедненыя спякальныя і бедныя. Сусв. рэсурсы К.в. па розных ацэнках вагаюцца ад 8 да 16 трыльёнаў т. Найб. разведаныя запасы сканцэнтраваны ў Расіі, Казахстане, ЗША, Германіі, Польшчы, на Украіне. Выкарыстоўваецца К.в. як тэхнал. і энергет. сыравіна, для атрымання вадкага паліва. Пры вытв-сці коксу атрымліваюць многія хім. рэчывы, на аснове якіх выпускаюць угнаенні, пластмасы, сінт. валокны, лакі, фарбы і інш. З К.в. ў прамысл. маштабах атрымліваюць многія каштоўныя элементы: ванадый, германій, галій, серу і інш.Гл.таксамаВугальная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖ,
сімвалічны і дэкаратыўны знак (звычайна складаецца з 2 перакрыжаваных прамых), адзін з галоўных хрысціянскіх сімвалаў і прадметаў культу. Вядомы з першабытнай эпохі ў культурах розных народаў свету. Выступае як геаметрызаваны варыянт сусв. дрэва, сімвал каардынат, які дае чалавеку арыенцір у прасторы і часе; звязаны таксама з сімволікай сонца і агню (салярны знак). Найчасцей К. лічыўся сімвалам вышэйшых сакральных каштоўнасцей. У міфалогіі ён падкрэсліваў ідэю цэнтра і асн. кірункаў, якія ідуць ад цэнтра. На думку многіх даследчыкаў міфалогіі, К. сімвалізаваў духоўныя аспекты: узыходжанне духа, імкненне да Бога і вечнасці. Часта К. выступаў як мадэль чалавека і антрапаморфнага божышча. У спалучэнні з колам лічыўся знакам злучэння мужчынскага і жаночага пачаткаў. К. на шары — вярхоўная ўлада, перамога духоўнага. Адной з разнавіднасцей К. з’яўляецца свастыка, якая вядома ў Еўразіі з верхняга палеаліту і абазначае спрыяльны, шчаслівы аб’ект, салярны сімвал, знак святла і шчодрасці. На тэр. Беларусі, пераважна ў яе паўн. і сярэдняй частках, выявы свастык трапляюцца ў жал. веку і сярэдневякоўі. У хрысціянстве К. лічыцца сакральным сімвалам, бо на ім, паводле Евангелля, быў распяты Ісус Хрыстос. Найб. пашыранымі формамі хрысц. К. з’яўляюцца: чатырохканцовы (яго разнавіднасці грэчаскі К., дзе верт. брус і перакладзіна аднолькавыя, і лацінскі, дзе верт. брус даўжэйшы за гарызантальны), Т-падобны, андрэеўскі (2 брусы, складзеныя як дыяганалі), рускі праваслаўны (з 2 перакладзінамі, верхняя гарыз. даўжэйшая, ніжняя дыяганальная), латарынгскі (з 2 гарызантальнымі перакладзінамі, верхняя карацейшая), васьміканцовы (у форме латарынгскага К., з кароткай перакладзінай унізе, дыяганальнай або гарызантальнай). Два апошнія К. даследчыкі называюць «патрыяршыя К.». Форма К. мае практычнае значэнне для хрысц. канфесій: католікі і пратэстанты карыстаюцца амаль выключна чатырохканцовым К., праваслаўныя — шасціканцовым і васьміканцовым розных варыянтаў, часам чатырохканцовым, стараверы прызнаюць толькі васьміканцовы К.
У геральдыцы існуе больш за 200 разнавіднасцей К., якія выступаюць у якасці гербавых фігур. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. рознай формы былі састаўнымі часткамі гербаў гарадоў Гродна, Крычава, Лепеля, Ліпнішак, Любчы, Оршы, Ружан, Слоніма, Цырына, а таксама шэрагу шляхецкіх гербаў («Бойча», «Бродзіц», «Касцеша», «Лада», «Ліс», «Любіч», «Пілява», «Сыракомля», «Тарнава», «Ястрэмбец» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́МЦЫ (саманазва дойчэ),
народ, асн. насельніцтва Германіі (74,6 млн.чал.). Агульная колькасць 86 млн.чал. (1992). Шматлікія групы Н. жывуць у ЗША (5,4 млн.чал.), Канадзе (1,2 млн.чал.), Казахстане (958 тыс.чал.), Расіі (843 тыс.чал.), Бразіліі (710 тыс.чал.) і інш. краінах Еўропы, Азіі, Лац. Амерыкі, Паўд. Афрыкі і ў Аўстраліі. На Беларусі — 4805 чал. (перапіс 1999). Гавораць на нямецкай мове. Вернікі — пратэстанты (пераважна лютэране) і католікі. Першыя звесткі пра Н. на Беларусі адносяцца да 12 ст. (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.). У 1-й пал. 14 ст., калі вял.кн. Гедзімін запрасіў у ВКЛ рамеснікаў з ганзейскіх гарадоў Брэмен і Любек. Ў 16 ст. адбываліся перасяленні Н. у Віцебск і Полацк, дзе існавалі ням. факторыі. Першыя Н.-мігранты даволі хутка асіміляваліся ў масе гар. насельніцтва. Новы этап у гісторыі Н. на Беларусі пачаўся ў 18 ст., калі каля 1790 на тэр. Брэсцкага пав. выхадцамі з Вюртэмберга былі засн. калоніі Нойброў і Нойдорф. Паводле перапісу 1897, больш за 10 тыс. Н. жылі ў Гродзенскай губ. (найб. значная група ў раёне Беластока), больш за 7 тыс. — у Віцебскай губ. (найб. у Віцебску і Віцебскім пав.), да 4 тыс. — у Мінскай губ., да 1,8 тыс. — у Магілёўскай губ. Большасць Н. займалася с.-г. дзейнасцю, у Гродзенскай губ. — таксама апрацоўкай баваўняных вырабаў. Былі сярод іх фабрыканты, аптэкары, служачыя чыгунак, аканомы маёнткаў, рамеснікі і інш. У 1908—10 прайшла новая хваля перасялення Н. з Валыні на Бел. Палессе. Большасць Н. вызнавала лютэранства. Лютэранскія цэрквы (кірхі) былі ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску, Полацку, пры іх існавалі прыходскія ням. школы. У 1910 у Віцебску дзейнічала Ням. дабрачыннае т-ва. У пач. 20 ст. сярод Н. былі таксама прадстаўнікі баптыстаў, евангельскіх хрысціян і асабліва адвентыстаў сёмага дня. У пач. 1-й сусв. вайны многія Н. з Беларусі былі прымусова выселены ў глыб Расіі, аднак пасля вайны большасць з іх вярнулася. У сярэдзіне 1920-х г. у БССР было 7075 Н., з іх 3,5 тыс. ў Мазырскай акрузе. З 1926 існавалі 2 ням.нац. сельсаветы: Бярозаўскі ў Нараўлянскім і Анзельмаўскі (пазней імя Р.Люксембург) у Каралінскім р-нах; дзейнічалі ням.нац. школы. У канцы 1930-х г. нац.-культ. работа згорнута, у 1937 скасаваны нац. сельсаветы. У 1940-я г. ў выніку міграцый ням. насельніцтва значна скарацілася, у пасляваен. час павольна аднаўлялася за кошт перасяленняў з розных рэгіёнаў СССР.
На Беларусі ў 1990 створана т-ва Н. Беларусі «Адраджэнне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКІЯ ТЭМПЕРАТУ́РЫ.
крыягенныя тэмпературы, тэмпературы ніжэй за 120 К. Т-ры. меншыя за 0,3 К, адносяць да звышнізкіх. Пры Н.т., асабліва блізкіх да абсалютнага нуля, цеплавы рух атамаў рэчыва памяншаецца і пачынаюць праяўляцца яго квантавыя ўласцівасці (напр., звышправоднасць, звышцякучасць). Пры Н.т. стан цвёрдага рэчыва разглядаецца як упарадкаваны, што дазваляе апісваць яго ўласцівасці з дапамогай квазічасціц. Кандэнсаваны (вадкі або цвёрды) стан рэчыва пры Н.т. вывучае фізіка нізкіх тэмператур. Эфекты, што праяўляюцца пры Н.т., выкарыстоўваюць у касм. матэрыялазнаўстве, крыябіялогіі, крыяэлектроніцы і інш.
Атрыманне Н.т. заснавана на звадкаванні газаў у спец. устаноўках — звадкавальніках, дзе моцна сціснуты газ пры расшырэнні да звычайнага ціску ахаладжаецца і кандэнсуецца (паводле Джоўля—Тамсана эфекту). Як холадаагенты выкарыстоўваюць паветра, азот, неон, вадарод, гелій (т-ра кіпення Тн = 4,2 К). Для падтрымання Н.т. Тн холадаагента павінна быць пастаяннай пад атм. ціскам, для чаго выкарыстоўваюць спец. тэрмастаты. Адпампоўваннем газу, што выпараецца, з герметызаванай пасудзіны памяншаюць ціск над вадкасцю і гэтым зніжаюць т-ру яе кіпення. Так дасягаюцца Н.т.: ад 77 да 63 К пры дапамозе вадкага азоту, ад 27 да 24 К — вадкага неону, ад 20 да 14 К — вадкага вадароду, ад 4,2 да 1 К — вадкага гелію. Пры больш нізкіх т-рах вадкія газы цвярдзеюць і страчваюць ахаладжальныя якасці (за выключэннем ізатопа гелію 4Не, які застаецца вадкім амаль да абс. нуля). Метадам адыябатычнага размарожвання парамагнітных солей дасягаюць т-ры 10−3К, гэтым жа метадам з выкарыстаннем ядзернага парамагнітнага рэзанансу ў сістэме атамных ядраў дасягнута т-ра 10−6 К. Т-ры парадку 10−3К атрымліваюць таксама больш зручным метадам — растварэннем вадкага 3Не у вадкім 4Не. Вымярэнне Н.т. да 1 К ажыццяўляюць газавым тэрмометрам. У дыяпазоне 0,3—5,2 К нізкатэмпературная тэрмаметрыязасн. на залежнасці ціску насычаных пароў гелію ад т-ры. У практычнай тэрмаметрыі выкарыстоўваюць пераважна тэрмометры супраціўлення.
На Беларусі даследаванні з выкарыстаннем Н.т. вядуцца з 1964 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, з 1980-х г. — у Цэнтры крыягенных даследаванняў пры гэтым ін-це (В.І.Гасцішчаў, С.Я.Дзям’янаў і інш.), а таксама ў інш. ін-тах Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Лоунасмаа О.В. Принципы и методы получения температур ниже 1 К: Пер. с англ.М., 1977;
Капица П.Л. Физика и техника низких температур: Науч. тр.М., 1989;
Вепшек Я. Измерение низких температур электрическими методами: Пер. с чеш. М. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНІЗА́ЦЫЯ,
сістэма мерапрыемстваў дзярж. органаў, культ. устаноў і каталіцкага духавенства па асіміляцыібел. народа. У правядзенні П. актыўна ўдзельнічалі польскія і паланізаваныя феадалы і шляхта, што жылі на Беларусі, а таксамамясц. пласты насельніцтва пасля прыняцця імі каталіцкай веры. Першыя сімптомы П. абазначыліся пасля Крэўскай уніі 1385, калі ў заснаваных на бел. землях касцёлах асн. набажэнства пачалі весці на лац., а казанні — на польск. мовах. З пашырэннем уплыву каталіцызму на Беларусі ішло паступовае ўмацаванне пазіцый польск. элемента ў сістэме адукацыі, кнігавыдавецкай справе. З 324 кніг, надрукаваных у ВКЛ у 1525—99, 151 выдадзена на лац., 114 — на польск., 50 — на старабел. мовах. П. бел. народа ўзмацнілася пасля Люблінскай уніі 1569. У 1696 усеагульная канфедэрацыя саслоўяў Рэчы Паспалітай прыняла пастанову, у якой зафіксавана, што ў службовым справаводстве ВКЛ «усе рашэнні павінны складацца на польскай мове». Пасля 1696 пачала зніжацца роля бел. мовы ў міжасобасных зносінах людзей, асабліва сярод заможных, прывілеяваных прадстаўнікоў насельніцтва. Гал. прычына істотнай страты беларусамі сваёй культ.-моўнай адметнасці — у свядомай дзейнасці свецкай і духоўнай улад Рэчы Паспалітай. П. беларусаў мела месца і пасля Taro, як іх землі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) былі далучаны да Рас. імперыі. Цяпер такую палітыку ажыццяўлялі гал. чынам каталіцкае духавенства, у якога на Беларусі было шмат касцёлаў, кляштараў і навуч. устаноў, а таксама польск. прафесійныя і прыдворныя тэатры. П. аслабела толькі пасля задушэння паўстання 1863—64, калі ўжо палякам давялося адстойваць сваю культуру і мову ад русіфікацыі. З пач. 1-й сусв. вайны 1914—18, якая прывяла да захопу герм. інтэрвентамі зах. часткі бел. зямель, палітыку П. разам з каталіцкім духавенствам праводзілі розныя шавіністычныя польскія партыі і культ.-асв. рухі. П. ўзмацнілася пасля змены герм. акупацыі Беларусі польскай, і калі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 да Польшчы адышла значная частка тэр. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). Нягледзячы на ўпартае супраціўленне П. беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, пазіцыя польск. культуры і мовы, якія мелі сталую падтрымку з боку дзяржавы і каталіцкага духавенства, станавілася ўсё больш трывалай на «крэсах усходніх». Перад уз’яднаннем у вер. 1939 Зах. Беларусі з БССР тут ужо амаль не было бел. школ, адсутнічалі ўмовы для развіцця бел. прафесійнай нац. культуры У той ці інш. сферы П. праводзілася на этнічных бел. землях Польшчы і ў пасляваен. перыяд. У наш час у гэтым краі Польшчы далёка не поўнасцю задавальняюцца патрэбы нац.-культ. развіцця беларусаў. Элементы П. назіраюцца і сёння ў практыцы некат. каталіцкіх храмаў на тэр. суверэннай Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
1) фарміраванне ВМФ Польшчы на Прыпяці і яе прытоках у 1919—39. Гал. база — г. Пінск. Створана ў крас.—маі 1919 у час сав.-польскай вайны 1919—20. У навігацыю 1920 рухалася з баямі па Прыпяці і Дняпры да Кіева. 4.8.1920 у час наступлення Чырв. Арміі флатылія расфарміравана, судны знішчаны або затоплены. У 1921—22 адноўлена, папоўнена новымі караблямі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны налічвала 54 адзінкі (у т. л. 26 баявых: 6 манітораў, 3 кананеркі, 15 узбр. катэраў і інш.). У вер. 1939 у ходзе польскай кампаніі 1939 вяла проціпаветраную абарону Пінска і мастоў цераз Піну, Прыпяць, Ясельду. 17—21.9.1939 караблі флатыліі былі самазатоплены; да 12.11.1939 яны падняты сав. маракамі і пасля рамонту і пераўзбраення ўключаны ў склад Дняпроўскай ваеннай флатыліі.
2) Фарміраванне сав.ВМФ на Дняпры і яго прытоках (Прыпяці, Бярэзіне і інш.) у чэрв. 1940 — кастр. 1941. Гал. база — Пінск. Створана 17.6.1940 з часткі сіл расфарміраванай Дняпроўскай ваен. флатыліі. Камандуючы контр-адмірал Дз.Дз.Рагачоў. Напярэдадні Вял.Айч. вайны складалася з 7 манітораў, 4 кананерскіх лодак, 15 бранякатэраў, авіяэскадрыллі і інш. (усяго 2300 чал.). Аператыўна падпарадкоўвалася камандуючаму войскамі Зах. асобай ваен. акругі (з 22.6.1941 Заходні фронт). З пач. вайны павялічана за кошт суднаў грамадз. рачнога флоту, а таксама ў ліп. 2 манітораў з Дунайскай ваен. флатыліі. Да канца чэрв. 1941 разам з часцямі 4-й арміі Зах. фронту абараняла Пінск, а да 9.7.1941 — Лунінец, Тураў. 11 ліп. падзелена на 3 атрады: Бярэзінскі (3 маніторы, 5 бранякатэраў), Прыпяцкі (манітор, 4 вартавыя караблі, 2 бранякатэры і інш.), Дняпроўскі (гал. сілы флатыліі, у т. л. 4 маніторы, 4 кананерскія лодкі). Бярэзінскі і Прыпяцкі атрады абстрэльвалі занятыя праціўнікам прырэчныя нас. пункты, абаранялі сав. і парушалі варожыя пераправы, цесна ўзаемадзейнічалі з сухапутнымі войскамі. У канцы жн. караблі абодвух атрадаў прарваліся з баямі да Кіева (пры гэтым частка іх загінула) і разам з Дняпроўскім атрадам удзельнічалі ў абароне Кіеўскага ўмацаванага раёна. Большасць караблёў загінула ў баях, астатнія ўзарваны 18 вер. ў сувязі з адыходам сав. войск на У ад Дняпра. Атрад маракоў ваяваў на сушы да 20—28 вер. Флатылія расфарміравана 5.10.1941. Гл.таксамаМарская авіяцыя, Марская артылерыя, Марская пяхота, Мінны загараджальнік.
Літ.:
Паўловіч Р.К. Пінская флатылія // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3;
Яго ж. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;
Яго ж. Да пытання аб стварэнні і дзейнасці Пінскай рачной ваеннай флатыліі // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1999. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЦА,
мэтазгодная свядомая дзейнасць чалавека, накіраваная на захаванне, відазмяненне, прыстасаванне асяроддзя пражывання для задавальнення сваіх патрэб, на вытв-сць тавараў і паслуг. Як працэс гіст. адаптацыі чалавека да знешняга асяроддзя характарызуецца развіццём і ўдасканаленнем падзелу працы, яе прылад і сродкаў. Як абмен паміж чалавекам і прыродай азначае, што чалавек выкарыстоўвае мех., фіз. і хім. якасці прадметаў і з’яў прыроды і прымушае іх узаемна ўплываць адно на аднаго для дасягнення загадзя вызначанай мэты. Прац. дзейнасці ўласцівы апасродкаваныя рэгулюючая і кантралюючая функцыі, якія змяняюцца ў адпаведнасці з развіццём навукі і тэхнікі. Выкарыстаннем саматужнай, рамеснай тэхнікі і эмпірычных пазнанняў чалавек устанаўліваў новыя ўзаемасувязі паміж прадметамі прыроды і т.ч. ажыццяўляў абмен рэчываў з прыродай (апасродкаваная функцыя). Машынная тэхніка і прыродазнаўчыя веды далі магчымасць чалавеку ўплываць на ўзаемадзеянне паміж рознымі прыроднымі з’явамі і прадметамі (рэгулюючая функцыя), а сучасная навук.-тэхн. рэвалюцыя дае яму магчымасць кантраляваць унутр. механізм з’яў і прадметаў прыроды. У гэтым выпадку змест П. выяўляецца ў канкрэтнай акрэсленасці прац. функцый, абумоўленых тэхнікай, тэхналогіяй, арганізацыяй вытв-сці і майстэрствам работніка; адлюстроўвае спосаб спалучэння вытворцы са сродкамі вытв-сці, абумоўлены ўзроўнем развіцця прадукц. сіл, цэнтр. звяно якіх — чалавек.
Асн. законамі, што кіруюць развіццём грамадскай П., з’яўляюцца законы падзелу і перамены П., а таксама закон канкурэнцыі, які ўзмацняе іх. Змест закону падзелу П. ў тым, што грамадскі лад параджае свае спосабы падзелу П., а кожны новы грамадскі лад дабаўляе ўласцівыя яму новыя віды падзелу П., што вынікаюць з узроўню развіцця прадукц. сіл і прыроды эканам. адносін. Гэты закон пракладвае сабе дарогу стыхійна і ў той жа час з’яўляецца аб’ектыўнай неабходнасцю. Ён вызначае дынаміку падзелу П. на розныя віды (фіз. і разумовая, прамысл. і с.-г., кваліфікаваная і некваліфікаваная, выканаўчая, кіраўніцкая і інш.) і адначасова аснову падзелу грамадства на сац. групы занятых пэўнымі відамі П., адносіны паміж групамі ў залежнасці ад іх сац. статуса і прэстыжу П. З законам падзелу П. звязаны закон перамены П., які стаў дзейнічаць у працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай, калі ўзнікла неабходнасць фарміравання гнуткай, універсальнай, шматбакова развітой рабочай сілы, здольнай да навучання і перанавучання ў ходзе змены вытв. працэсаў. Аб’ектыўным законам, які ўплывае праз адносіны суб’ектаў уласнасці на ўзаемадзеянне законаў падзелу і перамены П., выступае закон канкурэнцыі, які прымушае капітал напружваць прадукц. сілы П. Гл.таксамаПсіхалогія працы, Арганізацыя працы, Ахова працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́ННЫЯ ПЕ́СНІ, хрэсьбінныя песні,
жанр сямейна-абрадавага фальклору. Вядомы многім славянскім народам. Спяваліся ў час сямейнага святкавання радзін. Найб. даўнія Р.п. захавалі сляды магічнага светапогляду эпохі першабытнаабшчыннага ладу, імкнення сілай слова абараніць дзіця ад злых сіл і забяспечыць яму шчаслівую долю. У іх па-мастацку адлюстраваліся светапогляд, глыбокая нар. філасофія, пачуцці, духоўна-жыццёвы вопыт народа; яны асабліва цесна звязаны з вясковым побытам. Да Р.п. далучаюцца застольныя і бяседныя песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам, але прымеркаваныя да яго. Разам з валачобнымі песнямі, восеньскімі песнямі і жніўнымі песнямі належаць да спецыфічных з’яў бел. фальклору, у якім найб. захаваліся. Шырока вядомы на ўсёй Беларусі, асабліва на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Большасць Р.п. групуецца вакол найважнейшых удзельнікаў сямейнай урачыстасці. Паводле зместу і прызначэння падзяляюцца на песні-велічанні да парадзіхі і бацькі, песні-зычэнні да дзіцяці, песні апавядальнага характару пра бабку, песні-велічанні і жартоўныя песні да бабкі і кумоў — самых шаноўных гасцей.
Напевы Р.п. уяўляюць сабой сістэму, якая ў сямейна-абрадавым цыкле вылучаецца сваёй спецыфікай. Ядро сістэмы ўтвараюць 6 асн. тыпавых політэкставых напеваў, адной частцы якіх уласціва стылістыка напеваў-формул, другой — больш індывідуалізаваных напеваў лірычнай вобразнасці. Тыпавыя напевы распаўсюджаны ў межах агульнага арэала пашырэння ўласна радзінных напеваў (ахоплівае ўсю Віцебскую вобл., паўн.ч. Гродзеншчыны, Міншчыны і Магілёўшчыны). Да ўласна радзінных адносяцца таксама абрадавыя па функцыі формульныя або лірызаваныя па стылістыцы полі- і монатэкставыя напевы вузкалакальнага або нават пунктавага пашырэння, а таксама напевы, што маюць рассеяны характар распаўсюджання. Другая група Р.п. — бяседныя і застольныя, частка якіх звязана толькі з абрадам радзін, інш. могуць выконвацца ў любой адпаведнай сітуацыі. Трэцяя група — лірычныя песні пераважна сямейна-быт. тэматыкі. Найб. месца ў абрадзе яны займаюць у той ч. Беларусі, дзе адсутнічаюць тыповыя радзінныя напевы.
Публ.: Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Радзінная паэзія. Мн., 1971; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974. С. 311—358; Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Радзіны. Мн., 1998; Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998; Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, вып. 1. С. 206—225;
Гілевіч Н. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 69—74;
Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 193—201;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993. С. 92—95.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́НЬ,
горад, цэнтр Разанскай вобл. ў Расіі, прыстань на р. Ака, пры ўпадзенні р. Трубеж. Размешчаны на Сярэднярускім узвышшы. 530 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (буйнейшыя прадпрыемствы: «Цяжпрэсмаш», «Камбайн», «Цеплапрыбор»; з-ды: станкабуд., аўтамаб. агрэгатаў, аўтамаб. апаратуры, радыёзавод, электронных прыбораў, выліч.-аналітычных машын і інш.); нафтаперапр., хім. (ВА «Хімвалакно», з-д «Разаньколермет»), харч., лёгкая і інш.Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. 4 ВНУ, 3 тэатры. Цырк. Музеі: маст., гіст.-арх. музей-запаведнік, паветрана-дэсантных войск, дом-музей І.П.Паўлава, непадалёку ад Р., у с. Канстанцінава, літ.-мемарыяльны музей-запаведнік С.Ясеніна.
Першапачатковы горад Р., цэнтр Разанскага княства, размяшчаўся за 50 км ад сучаснай Р. У 1237 ён разбураны ханам Батыем і заняпаў. У сярэдзіне 14 ст. цэнтр княства перанесены ў Пераяслаўль-Разанскі (згадваецца ў летапісе пад 1095). У 1365 і 1379 ён таксама спалены татарамі, але адбудаваны Пры князю Алегу Іванавічу [1350—1402] горад умацаваны, развіваўся як гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1521 далучаны да Маскоўскай дзяржавы. З 1708 уваходзіў у Маскоўскую губ., з 1719 гал. горад Пераяслаўль-Разанскай правінцыі. У 1778 названы Р. З 1796 цэнтр Разанскай губ. У 2-й пал. 19 ст. Р. — буйны трансп. вузел. У 1929 цэнтр акругі (аб’ядноўвала 27 раёнаў) у складзе Маскоўскай вобл., з 1930 раённы цэнтр. З 1937 цэнтр Разанскай вобл.
Стараж. ядро Р. — крэмль (закладзены ў 1095) — знаходзіцца на паўн. мяжы горада на высокім мысе пры зліцці рэк Трубеж і Лебедзь. На тэр. крамля — саборы Раства Хрыстова (15 ст., перабудаваны ў 1826 у формах класіцызму), Архангельскі (16 ст., надбудаваны ў 1647), Успенскі (1693—99, арх. Я.Бухвостаў, нарышкінскае барока, выш. 60 м) з асобна пастаўленай званіцай (1789—1840, арх. І.Руско, Н.Вараніхін і інш., класіцызм, выш. 83,2 м), царква Святога Духа (1642, арх. В.Зубаў), архірэйскія палаты (т.зв. Палац Алега; 1653—92, арх. Ю.Яршоў, Г.Мазухін). Паводле генплана 1780—82 Р. набыла рэгулярную планіроўку з трызубцам вуліц, што сыходзіліся да цэнтр. плошчы (б. Саборнай). Горад забудоўваўся ў стылі класіцызму: будынак б.дзярж. ўстановы (1796), дамы Марозава (канец 18 ст.), дваранскага сходу (канец 18 — пач. 19 ст.), гандл. рады (1-я пал. 19 ст.), гімназія (1808—15), семінарыя (1812—16), бальніца (1816) і інш., а таксама драўлянымі жылымі дамамі, багата аздобленымі дэкар. разьбой і каменнымі будынкамі ў псеўдарус. стылі.
Літ.:
Рязань: Памятники архитектуры и искусства: Альбом. М., 1985;
Вагнер Г.К., Чугунов С.В. Рязанские достопамятности. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ПІН (Ілья Яфімавіч) (5.8.1844, г. Чугуеў Харкаўскай вобл., Украіна — 29.9.1930),
расійскі жывапісец і графік, педагог. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў у І.Крамскога (1863), Пецярбургскай АМ (1864—71); у 1873—76 стыпендыят у Італіі і Францыі. У 1894—1907 выкладаў у Пецярбургскай АМ (у 1898—99 рэктар). Чл.т-ва перасоўных маст. выставак (з 1878; гл.Перасоўнікі). У творчасці Р. ўвасобіліся лепшыя дасягненні дэмакр. мастацтва яго часу. У шматлікіх палотнах адлюстраваў супярэчнасці грамадскага жыцця паслярэформеннай Расіі, выкрываў эксплуатацыю народа, сцвярджаў скрытую ў ім сілу і наспяванне пратэсту («Бурлакі на Волзе», 1870—73; «Хрэсны ход у Курскай губерні», 1880—83), стварыў шэраг станоўчых вобразаў, ярка і праўдзіва адлюстраваў сілу і слабасць разначынскага рэв.-дэмакр. руху («Адмова ад споведзі», 1879—85; «Не чакалі», 1884; «Арышт прапагандыста», 1880—92). У гіст. карцінах імкнуўся паказаць трагічныя перапляценні чалавечых пачуццяў, моцныя драм. характары («Царэўна Соф’я», 1879; «Іван Грозны і сын яго Іван», 1885), раскрыць вальналюбны дух народа («Запарожцы пішуць пісьмо турэцкаму султану», 1878—91). Стварыў шматгранныя вобразы прадстаўнікоў розных слаёў рас. грамадства («Мужык з ліхім вокам», «Протадыякан*. абедзве 1877), партрэты У.Стасава (1873), М.Мусаргскага (1881), П.Стрэпетавай (1882), Л.Талстога (1887), Э.Дузе (1891), В.А.Сярова (1901), І.Паўлава (1924), групавы партрэт «Урачыстае пасяджэнне Дзяржаўнага савета» (1901—03; з Б.Кустодзіевым і І.Куліковым), малюнкі «Неўскі праспект» (1887) і інш. У 1892—1904 перыядычна працаваў ва ўласным маёнтку Здраўнёва (Віцебская вобл). Тут створаны карціны «Беларус», «Асенні букет», «Паляўнічы з ружжом» (усе 1892), «Касец-літвін» (1894), «Дуэль», «Месячная ноч. Здраўнёва», «Партрэт сына Юрыя на тэрасе здраўнёўскага дома» (усе 1896) і інш., шэраг эцюдаў, эскізаў («На Заходняй Дзвіне. Усход сонца», 1892; «Казанне Язафата Кунцэвіча», 1893, і інш.). Творам уласціва гарманічнае спалучэнне каларыту і святло-паветранага асяроддзя, строга прадуманая кампазіцыя, арганічная цэласнасць пластычнай формы і колеру, малюнка і жывапісу. Р. карыстаўся чыстымі светлымі фарбамі, якія ў яго палотнах аб’ядноўваліся ў адзіную колеравую гаму. У б. маёнтку Здраўнёва адкрыты Рэпіна Ільі музей-сядзіба «Здраўнёва». З 1993 праводзіцца Міжнар. дзіцячы пленэр імя Р. Іл.гл.таксама да арт.Рэалізм, Расія.
Тв.:
Далекое близкое. 7 им. М., 1964.
Літ.:
Грабарь И. Репин. Т. 1—2. М., 1963—64;
Новое о Репине. Л., 1969;
Лясковская О.А. И.Е.Репин. [3 изд.]. М., 1982;
Чуковский К.И. И.Репин. 2 изд. М., 1983;
И.Репин: Живопись, графика: Альбом. Л., 1985;
гл.таксама да арт.Рэпіна Ільі музей-сядзіба «Здраўнёва».