АГЕ́НЦТВА,

1) арганізацыя, якая за абумоўленую плату выконвае пэўныя даручэнні фіз. або юрыд. асоб (давернікаў). Аб’ём, парадак і ўмовы агенцкага абслугоўвання фіксуюцца ў дагаворы паміж агенцтвам і давернікам, ад імя, за кошт і ў інтарэсах якога агенцтва дзейнічае.

2) Прадстаўніцтва, аддзяленне якой-н. установы ці прадпрыемства, напр. тэлегр. агенцтва, трансп. агенцтва, Агенцтва друку, агенцтва літаратурнае.

т. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВО́РАНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка. Пл. 0,25 км², даўж. 0,88 км, найб. шыр. 0,43 км, найб. глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 2,1 км. Пл. вадазбору 2,3 км². Схілы выш. ад 3 да 8 м. Берагі сплавінныя. Дно выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Янова.

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗНА́КА,

1) метка, знак, пастаўленыя, каб абазначыць што-н., паказаць на што-н.

2) Знак, прыкмета, акалічнасць, паводле якіх можна пазнаць, вызначыць што-н.

3) Асаблівасць, рыса, якімі асоба, прадмет адрозніваюцца ад іншых асоб, прадметаў і інш. 4) Агульнапрынятая ацэнка ступені ведаў і паводзін навучэнцаў.

5) Ганаровы знак, ордэн, медаль і інш.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНІМА́ННЕ, адыманне,

арыфметычнае дзеянне, якое заключаецца ў знаходжанні аднаго са складаемых па вядомай суме і другім складаемым; процілеглае складанню. Сума ў гэтым выпадку наз. памяншаемым, дадзенае складаемае — аднімаемым, невядомае (вынік) — рознасцю. Каб ад аднаго ліку адняць другі, дастаткова да памяншаемага дадаць лік, процілеглы аднімаемаму. Напр.: 7 − 5 = 7 + (-5) = 2; a − b = a + (-b).

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУЛЯ́Р (ад назвы радовішча ў гарах Адула ў Швейцарыі),

мінерал, адносна чыстая разнавіднасць артаклазу. Бясколерны, паўпразрысты да празрыстага. Трапляецца ў выглядзе крышталёў, часта ўтварае друзы. Характэрны для кварцавых жылаў альпійскага тыпу, сустракаецца ў пегматытах, рудных жылах. Адуляр з ірызацыяй у блакітнавата-сініх тонах (месяцавы камень) — каштоўны камень. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай вытв-сці.

Адуляр.

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНАВІ́РУСЫ (ад адэна... + вірусы),

сямейства ДНК-змяшчальных вірусаў, якія выклікаюць у чалавека і жывёл адэнавірусныя хваробы. Маюць адзінкавую лінейную двухланцужковую малекулу ДНК. У заражаных клетках прыгнятаюць сінтэзы ДНК, РНК і бялкоў. Размнажаюцца ў клетачных ядрах пазваночных. Распаўсюджваюцца без пераносчыкаў. Пашкоджваюць розныя органы млекакормячых (у т. л. чалавека), птушак; могуць выклікаць утварэнне пухлін.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНАКАРЦЫНО́МА (ад адэна... + грэч. karkiōma пухліна),

залозісты рак, злаякасная пухліна, якая можа развівацца з залозістага эпітэлію. Гісталагічна выяўляюцца ўнутрыклетачныя парушэнні ядзерна-плазматычных суадносін (павелічэнне ядра), полімарфізм клетак і інш. Характарызуецца інвазіўным ростам — за межы базальнай мембраны, без пэўнай мяжы. Найб. частыя адэнакарцынома малочнай залозы, страўніка, кішэчніка. Лячэнне камбінаванае: хіміка-прамянёвая тэрапія і хурургічнае.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́СКАЯ ГРУ́ПА КУРО́РТАЎ,

размешчана ўздоўж узбярэжжа Чорнага м., у межах Адэсы і на ПдЗ ад яе, а таксама паблізу Куяльніцкага, Хаджыбейскага, Сухога ліманаў. Уключае курорты Аркадзія, Вялікі Фантан, Куяльніцкі, Лузанаўка, Лебедзеўка, Чарнаморка і інш., а таксама курортную мясцовасць Шабо. Асн. прыродныя лекавыя фактары — клімат, ліманныя і азёрныя гразі, рапа ліманаў, мінер. воды.

т. 1, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АД’Ю́НКТ (ад лац. adjunctus далучаны),

1) у некаторых краінах Зах. Еўропы і ў Расіі асоба, якая праходзіць навук. стажыроўку; памочнік кіраўніка кафедры, прафесара, акадэміка; малодшая навук. пасада. У АН, ун-тах, некат. ВНУ Расіі пасля ўвядзення Статута 1863 званне ад’юкт заменена на званне дацэнт.

2) У некаторых краінах СНД афіцэр, які займаецца ў ад’юнктуры.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад а... + занальнасць),

пашырэнне прыроднай з’явы без сувязі з занальнымі асаблівасцямі пэўнай тэрыторыі. Абумоўлена геал. структурай, асаблівасцямі літалогіі, тэктанічным рэжымам, характарам рэльефу і інш. ўнутр. фактарамі. Прыводзіць да прасторавых адрозненняў у клімаце, водным рэжыме, глебах і арган. свеце. Найб. яскрава выяўляецца ў гарах.

Да арт. Азанальнасць. Пяскі, якія развяваюцца, у тайзе Забайкалля (Чарская катлавіна).

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)