1) кіраўнічая пасада ў канцылярыяхВКЛ. У вял. канцылярыі ВКЛ вядомы з 1590-х г. Прызначаўся канцлерам (падканцлерам), зацвярджаўся каралём і выконваў свае абавязкі да змены канцлера (падканцлера). Быў адным з сакратароў, заносіў дакументы ў кнігі Метрыкі Вялікага княства Літоўскага і выдаваў іх афіц. копіі-выпіскі. Правіў і падаваў на подпіс каралеўскія, канцлерскія і падканцлерскія дакументы, выконваў абавязкі натарыуса. У выпадку смерці канцлера ці падканцлера выконваў іх абавязкі. З 1776 Р. вял. канцылярыі ўдзельнічаў у пасяджэннях задворнага асэсарскага (каралеўскага) суда. Р. былі ў земскіх і гродскіх судах, магістратах, кансісторыях і інш., дзе яны ўдзельнічалі ў складанні актаў і адказвалі за іх зберажэнне.
2) Асоба, якая кіруе хорам у правасл. царкве. Рыхтавалі Р. т.зв. рэгенцкія класы Пецярб. прыдворнай пеўчай капэлы (тут узнік тэрмін) і ў Сінадальным вучылішчы царк. спеваў у Маскве. Р. наз.таксама вопытных пеўчых, якім даручалі кіраванне харамі ў цэрквах. Да з’яўлення Р. яго абавязкі выконваў галаўшчык (пачынальнік), першы спявак на клірасе. Рыхтуюць Р. у рэгенцкіх класах пры духоўных семінарыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГУЛЯ́ТАРЫ РО́СТУ РАСЛІ́Н,
прыродныя і сінт. арганічныя рэчывы, здольныя стымуляваць або прыгнятаць рост і развіццё раслін. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы для паскарэння або запавольвання росту, цвіцення, кушчэння, выспявання садавіны і гародніны, для паляпшэння якасці пладоў, рэгулявання перыяду спакою, павышэння ўстойлівасці раслін да замаразкаў, засухі і інш.
Прыродныя Р.р.р. — фітагармоны ў невял. колькасці ўтвараюць самі расліны. Да іх адносяцца аўксіны, гіберэліны, цытакініны, брасінастэроіды — стымулятары росту, абсцызавая кіслата, эндагенны этылен — інгібітары росту, а таксама т.зв. другасныя роставыя рэчывы: флаваноіды, алкалоіды, тэрпеноіды. Многія фітагармоны атрымліваюць у прамысл, маштабах метадам біятэхналогіі. Сінт. Р.р.р. класіфікуюць паводле іх суадносін з фітагармонамі: аналагі аўксінаў і цытакінінаў, антыаўксіны і антаганісты цытакінінаў, інгібітары біясінтэзу гіберэлінаў (гл.Рэтарданты) і інш.Найб. пашыраныя сінт. рэгулятары — арыл- і арылаксіаліфатычныя к-ты, оніевыя солі (гл.Оніевыя злучэнні), гетэрацыклічныя злучэнні (пераважна вытворныя індолу, пірыдзіну, піразолу, пірымідзіну). У залежнасці ад канцэнтрацыі, тэрмінаў апрацоўкі с.-г. культур многія Р.р.р. могуць дзейнічаць як гербіцыды, дэфаліянты, дэсіканты.
Літ.:
Калинин Ф.Л. Биологически активные вещества в растениеводстве. Киев, 1984;
Кефели В.И., Прусакова Л.Д. Химические регуляторы растений. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗАНА́НС (франц. resonance ад лац. resono адгукаюся),
рэзкае павелічэнне амплітуды ўсталяваных вымушаных ваганняў пры набліжэнні частаты знешняга гарманічнага ўздзеяння да частаты аднаго з уласных ваганняў сістэмы. Праяўляецца ў розных вагальных сістэмах: механічных (маятнік), электрычных (вагальны контур), акустычных (мембрана, струна) і інш.
Пры Р. магутнасць, якая перадаецца вагальнай сістэме знешняй гарманічнай сілай, дасягае максімуму, што вядзе да павелічэння амплітуды ваганняў у залежнасці ад уласцівасцей самой сістэмы (значэнне каэфіцыента затухання і інш.). З тэорыі гарманічных ваганняў вынікае, што пры імкненні каэфіцыента затухання да нуля амплітуда вымушаных ваганняў павінна імкнуцца да бясконцасці, аднак такая экстрапаляцыя няправільная, таму што з павелічэннем амплітуды ваганні перастаюць быць гарманічнымі (малымі). Вывучэнне заканамернасцей Р. неабходнае і для таго, каб пазбегнуць непажаданых вынікаў рэзкага павелічэння амплітуды ваганняў (напр., разбурэнне тэхн. канструкцый, узнікненне звыштокаў у радыё- і эл.-тэхн. прыладах, зніжэнне якасці апрацоўкі дэталей ад вібрацыі станкоў і інш.). З’ява Р. ўлічваецца ў буд-ве, электра- і радыётэхніцы, электроніцы і інш.Гл.таксамаМёсбаўэра эфект, Электронны парамагнітны, рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПЛІКА́ЦЫЯ (ад позналац. replicatio паўтарэнне),
рэдуплікацыя, аўтарэплікацыя, працэс самаўзнаўлення макрамалекул нуклеінавых кіслот, які забяспечвае дакладнае капіраванне генет. інфармацыі і перадачу яе з пакалення ў пакаленне. Аснова — ферментатыўны сінтэз ДНК на матрыцы ДНК або РНК на матрыцы РНК; адзінка — рэплікон — участак генома, што знаходзіцца пад кантролем аднаго пункта пачатку (ініцыяцыі) рэплікацыі. У працэсе Р. ДНК акрамя ферментаў (ДНК-полімеразы, ДНК-лігазы, ДНК-метылазы і інш.) удзельнічаюць бялкі, якія расплятаюць двайную спіраль ДНК, стабілізуюць расплеценыя ўчасткі, прадухіляюць заблытванне малекул. У бактэрый сінтэз ДНК адбываецца са скорасцю 1 тыс., у эўкарыётаў — каля 100 нуклеатыдаў за секунду, але адначасова ў многіх пунктах адной малекулы; мае паўкансерватыўны характар: пры сінтэзе 2 даччыных малекул кожная ДНК утрымлівае адзін «стары» і адзін «новы» ланцужок. У арганізме Р. ДНК — вельмі дакладны працэс — частата памылак, якія прыводзяць да спантанных кропкавых мутацый, не перавышае 10−9 на 1 нуклеатыд у пакаленне. Р. РНК абмежавана вузкім колам вірусаў, што ўтрымліваюць РНК. Таксама Р. наз. падваенне храмасом, у аснове якога ляжыць Р. ДНК.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЧу філасофіі,
частка матэрыяльнага свету, адносна ўстойлівая і адасобленая ад інш. частак, якая характарызуецца пэўнымі якасцямі, унутр. і знешнімі адносінамі. Да Р. адносіцца шматлікая колькасць разнастайных прадметаў, з’яў прыроды і грамадства. Кожная Р. узаемадзейнічае з інш. Р., якасна і колькасна змяняецца, уключаецца ў пэўныя працэсы развіцця матэрыяльных сістэм. У якасці сіноніма Р. часта выкарыстоўваюць паняцце «прадмет», аднак ім вызначаецца і фрагмент матэрыяльнай рэчаіснасці, і аб’ект пазнання, у якасці якога можа выступаць абстрактнае паняцце. І.Кант увёў паняцце незалежнай ад свядомасці «Р. ў сабе», якая ўздзейнічае на органы пачуццяў, але не атрымлівае адэкватнага адлюстравання і таму недаступная пазнанню. Навука даказвае пазнавальнасць Р. Паняцце «Р.» цесна звязана з паняццем «ідэя». Р. аб’ектыўная і існуе незалежна ад ідэі. Ідэя з’яўляецца адлюстраваннем Р., правільным ці скажоным. Існуе і адваротная залежнасць. Адрозніваюць натуральныя і штучныя Р. (створаныя чалавекам шляхам змянення прыроднага матэрыялу). Штучная Р. з’яўляецца вынікам пераўтварэння ідэальнага ў матэрыяльнае, рэчаіснае. Паняцце «Р.» выкарыстоўваецца таксама ў сац.-эканам. тэорыях для вызначэння «арэчаўлення» адносін паміж людзьмі ва ўмовах развіцця таварнай вытв-сці і рынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т ПА АПЕ́ЦЫ ААН,
адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1945—94. Складаўся з дзяржаў — членаў ААН, якія кіравалі тэрыторыямі пад апекай; з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, якія не кіравалі тэрыторыямі пад апекай, і інш. членаў, выбраных Ген. Асамблеяй ААН на 3-гадовы тэрмін з такім разлікам, каб агульная колькасць членаў Савета размяркоўвалася пароўну паміж першымі і другімі. Пад кіраўніцтвам Ген. Асамблеі Савет быў правамоцны: разглядаць справаздачы ўлад, якія кіравалі адпаведнай тэрыторыяй; прымаць петыцыі і разглядаць іх, кансультуючыся з кіруючай уладай; перыядычна наведваць адпаведныя падапечныя тэрыторыі ва ўзгодненыя з кіруючай уладай тэрміны і рабіць захады ў адпаведнасці з умовамі пагадненняў аб апецы. Ён распрацоўваў анкеты адносна паліт., эканам., сац. прагрэсу і прагрэсу ў галіне адукацыі насельніцтва падапечных тэрыторый, а кіруючыя ўлады кожнай такой тэрыторыі прадстаўлялі Ген. асамблеі штогадовыя даклады на аснове гэтых анкет. Да 1994 усе 11 падапечных тэрыторый, якія знаходзіліся ў веданні Савета, набылі самастойнасць. У сувязі з гэтым неабходнасць у Савеце адпала (гл.таксамаАпека міжнародная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕТАЛО́ГІЯ,
сукупнасць даследаванняў аб СССР у галіне гісторыі, палітыкі, ідэалогіі, гаспадаркі, культуры, якія праводзіліся да 1991 у заходніх краінах або ў цэнтрах, звязаных з імі. Частка даследчыкаў уключала ў С. і вывучэнне сацыяліст. краін — саюзнікаў СССР. Папярэднікамі ўласна С. былі пераважна рас. эмігранты 1920-х г. М.Бярдзяеў, Г.Фядотаў, М.Суханаў, а таксама К.Каўцкі і інш. Як навук. дысцыпліна аформілася ў 1940—50-я г.Гал. цэнтрамі былі Гувераўскі ін-т вайны і рэвалюцыі ў ЗША, ун-ты ЗША і Зах. Еўропы (у Фрыбуры, Лондане, Парыжы). Выдаваліся часопісы па С.: «The Journal on Communist Studies» («Часопіс камуністычных даследаванняў»), «Slavic Review» («Славянскі агляд»), «Soviet Studies» («Савецкія даследаванні»), «Soviet Jewish Affairs» («Справы савецкіх яўрэяў» і інш.Найб. вядомыя саветолагі: З.Бжазінскі, Р.Конквест, С.Коэн, Р.Э.Пайпс, Л.Шапіра і інш. Напачатку С. мела практычна-прапагандысцкі характар ва ўмовах ідэалагічнага процістаяння капіталіст. і сацыяліст.сістэм. Творы вядучых саветолагаў пачалі выдавацца ў СССР з канца 1980-х г. Пасля распаду СССР (1991) цэнтры С. даследуюць посткамуністычныя і камуністычныя дзяржавы, пераважна ў Азіі (В’етнам, Кітай, Паўн. Карэя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЖАЛКАВЫЯ РЫ́БНЫЯ ГАСПАДА́РКІ.
Гадуюць рыбу ў сажалках або прыстасаваных натуральных вадаёмах. Сажалкі абсталяваны прыстасаваннямі для запаўнення вадой з рэк і азёр, падтрымання яе ўзроўню ў час вегетац. сезону і спуску для адлову рыбы. Поўнасістэмныя С.р.г. маюць нераставыя (прызначаны для нерасту рыбы і развіцця малявак да 2—3 тыднёвага ўзросту), выроставыя (для гадоўлі сяголеткаў), нагульныя (для вырошчвання таварнай рыбы), зімавальныя (зімоўка рыбы), матачныя (утрыманне вытворнікаў), каранцінныя (для ізаляцыі хворай рыбы) сажалкі; маюць цэхі інкубацыйныя, кармавыя і па перапрацоўцы таварнай рыбы. Экстэнсіўныя С.р.г. гадуюць рыбу на натуральнай харч. базе. Больш эфектыўныя інтэнсіўныя С.р.г., у якіх выхад прадукцыі павялічваецца шляхам меліярацыі, угнаення вадаёмаў, штучным кармленнем рыбы. На Беларусі 18 С.р.г. сумарнай пл. нагульных сажалак 21,86 тыс.га, найб. буйныя — «Чырвоная Слабада» (2450 га) Салігорскага, «Лактышы» (2253 га) Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл., «Сялец» (2246 га) Бярэзінскага, «Любань» (2238 га) Любанскага р-наў Мінскай вобл.Гл.таксамаРыбаводства, Рыбныя гаспадаркі.
Да арт.Сажалкавыя рыбныя гаспадаркі: панарама сажалак (злева); схема размяшчэння вадаёмаў (а — выроставыя, б — нераставыя, в — зімавальныя сажалкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-РЭ́МА КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1920,
пасяджэнне Вярх. савета дзяржаў Антанты 19—26.4.1920 у г.Сан-Рэма (Італія), дзе быў абмеркаваны шэраг пытанняў мірнага ўрэгулявання пасля 1-й сусв. вайны. Удзельнічалі прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі (Д.Лойд-Джордж), Францыі (А.Мільеран), Італіі (Ф.Ніці), а таксама пасол Японіі (Мацуі), назіральнік ад ЗША і інш. Разгледжаны пытанні: аб мірным дагаворы з Турцыяй і размеркаванні мандатаў (гл.Мандатныя тэрыторыі) Лігі Нацый на араб. краіны; аб выкананні Германіяй ваен. артыкулаў Версальскага мірнага дагавора 1919, аб пазіцыі дзяржаў Антанты адносна Сав. Расіі («рус. пытанне»), Паводле рашэнняў канферэнцыі Вялікабрытанія атрымала мандат на Палесціну і Ірак (уключаючы г. Масул), Францыя — на Сірыю і Ліван. Быў зацверджаны папярэдні праект дагавора аб міры з Турцыяй, які пазней склаў аснову Сеўрскага мірнага дагавора 1920. Германія атрымала адмову на сваю просьбу аб павелічэнні ўдвая колькасці ўласных узбр. сіл (спроба рэвізіі ўмоў Версальскага міру), канферэнцыя запатрабавала ад герм. боку выконваць ваен. і рэпарацыйныя ўмовы Версальскага мірнага дагавора. Вырашана аднавіць гандл. сувязі з Сав. Расіяй, узяты курс на прызнанне яе дэ-факта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ПАЛЯ́КАЎ НА БЕЛАРУ́СІ,
(СПБ; Związek Polaków na Białorusi), добраахвотнае нац.-культ. аб’яднанне грамадзян Беларусі, якія лічаць сябе палякамі. Створаны ў 1986. Мэты саюза: адраджэнне і захаванне польскай мовы і культуры, ахова помнікаў гісторыі, архітэктуры і экалогіі, каардынацыя сумеснай дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый у вырашэнні праблем духоўнага развіцця польскага этнасу на Беларусі. На 1999 у СПБ больш за 30 тыс. членаў. Паводле статута вышэйшым органам СПБ з’яўляецца з’езд, які склікаецца 1 раз у 4 гады. У перыяд паміж з’ездамі саюзам кіруе Гал. праўленне (знаходзіцца ў г. Гродна) на чале са старшынёй. Мае абл., гар., раённыя, мясц. пярвічныя арг-цыі. Найб.абл.арг-цыя пасля гродзенскай — Саюз палякаў на Міншчыне. СПБ удзельнічае ў правядзенні фестываляў, конкурсаў, аглядаў маст. самадзейнасці і інш. Хадайнічае перад Мін-вам адукацыі аб адкрыцці польскіх школ, збірае сродкі на іх фінансаванне. Падтрымлівае сувязі з Польшчай і польскай дыяспарай у свеце. Выдае газ.«Глос знад Немна» і час.«Магазын польскі». Пра нац.-культ. дзейнасць СПБ гл.таксама ў арт.Палякі.