ВАЙШКУНЫ́,

курганны могільнік балтаў 9—11 ст. на ПнУ ад в. Вайшкуны Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. 9 курганоў у 1975 даследаваў Я.​Г.​Звяруга. Пахавальны абрад — трупаспаленне на гарызонце ці ў насыпе. Выяўлены рэшткі вогнішчаў. Сярод знаходак жал. сякеры, наканечнікі кап’я, шыла, шпількі, бронзавыя званочкі, фрагменты шыйных грыўняў, бранзалетаў, гліняныя прасліцы, кераміка.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЫДАФО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ (ад лац. acidus кіслы + грэч. phobos страх),

арганізмы, якія развіваюцца толькі ў нейтральным і шчолачным асяроддзях. Да іх належаць, напрыклад, урабактэрыі, якія разбураюць мачавіну (добра растуць у шчолачным асяроддзі пры pH 8—9 і зусім не развіваюцца ў асяроддзі з pH ніжэй за 6), і вышэйшыя расліны — буракі, люцэрна, фасоля і інш.

т. 2, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧА́Г ЗЕМЛЕТРАСЕ́ННЯ,

вобласць у нетрах Зямлі, дзе адбываецца хуткае перамяшчэнне (удар) масаў уздоўж тэктанічнага разрыву і вызваленне назапашанай энергіі. Памеры ачагоў землетрасення ад дзесяткаў метраў да сотняў кіламетраў (пры магнітудзе 8,5), глыб. да некалькіх сотняў кіламетраў. Вялікія ачагі землетрасення звязаны з зонамі актыўных глыбінных разломаў у тоўшчы зямной кары або верхняй мантыі. Гл. таксама Эпіцэнтр.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́ВА ВО́ЗЕРА, Бабровае возера,

у Беларусі, у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Шоша, за 24 км на У ад г. Глыбокае. Пл. 0,28 км², даўж. 1,18 км. найб. шыр. 1,2 км. Пл. вадазбору 1 км².

Схілы катлавіны выш. да 10 м. Берагі пясчаныя, паўд. супадаюць са схіламі. Злучана пратокай з воз. Крывое.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗАФІ́ЛЫ,

1) клеткі, якія маюць у пратаплазме зярністыя структуры, што афарбоўваюцца асн. фарбавальнікамі (адсюль назва). Тэрмінам «базафілы» абазначаюць адзін з відаў зярністых лейкацытаў (базафільныя гранулацыты) крыві (у норме базафілаў у чалавека 0,5 — 1% ад усіх лейкацытаў), таксама адзін з відаў клетак пярэдняй долі гіпофіза.

2) Арганізмы, што аддаюць перавагу шчолачным субстратам і шчолачнаму асяроддзю.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНСАМЕ́Р,

прылада для вымярэння радыяцыйнага балансу. Найб. пашыраны балансамер тэрмаэлектрычны, прыёмная частка якога — 2 тонкія медныя пласцінкі; зачэрненая паверхня адной павернута ўгару і ўспрымае радыяцыю ад Сонца і атмасферы, паверхня другой павернута для Зямлі і адзначае выпрамяненне зямной паверхні і адбітую радыяцыю. Тэрмаэлементы фіксуюць розніцу т-р паміж пласцінкамі, што дае магчымасць вызначаць радыяцыйны баланс.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛІ́СТА (лац. ballista ад грэч. ballō кідаю),

старажытная кідальная машына. Прыводзілася ў дзеянне сілай пругкасці скручаных валокнаў (сухажылляў, вяровак і інш.) і прызначалася для разбурэння крэпасцяў і знішчэння іх абаронцаў. Выкарыстоўвалася да канца 5 ст. Далёкасць кідання цяжкіх снарадаў (камянёў, бярвёнаў і інш.) дасягала 400—800 м, лёгкіх стрэл — да 1000 м.

Баліста.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНФ (Banff),

бальнеакліматычны курорт у Канадзе. На ПнЗ ад г. Калгары, на схілах Скалістых гор. Горны клімат і тэрмальныя сульфідныя воды. Шматлікія гасцініцы, матэлі, кемпінгі. Буйны цэнтр турызму і адпачынку. Месца правядзення карнавалаў, спаборніцтваў па зімовых відах спорту, міжнар. канферэнцый, фестываляў мастацтваў; цэнтр першага ў Канадзе нац. парку Банф (з 1885, пл. 660 тыс. га).

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВО́Е ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Пастаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Ласіца, за 30 км на ПнУ ад г. Паставы. Пл. 0,24 км², даўж. 820 м, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 15 м. Пл. вадазбору 6,25 км². Паўд.-зах. схілы катлавіны стромкія, паўд.-ўсх. спадзістыя, берагі пясчаныя. Злучана пратокай з воз. Крывое.

т. 2, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАСТАМО́З (ад грэч. anastomōsis адтуліна, выхад) у жывёл — злучэнне паміж двума крывяноснымі або лімфатычнымі сасудамі або двума нервамі. У клініцы чалавека анамастозам наз. штучнае або патагеннае злучэнне паміж трубчастымі органамі. У вышэйшых раслін — злучэнне паміж трубчастымі структурамі, напр. паміж жылкамі ў ліста, разгалінаваннямі млечнікаў і інш. У грыбоў — злучэнне або зрастанне двух гіфаў міцэлію.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)