КРАНШТЭ́ЙН (ням. Kragstein) у архітэктуры, выступ у сцяне, часта прафіляваны (з дэкар. завіткамі або інш. ўпрыгожаннямі), які падтрымлівае карнізы, балконы і інш. У бел. архітэктуры пашыраны з 18 ст. Драўляныя К. ствараліся паступовым павелічэннем выпуску астатку знізу ўверх або ў выглядзе трохвугольных кансолей. Мураваныя К. звычайна маюць прафілёўку, аздабляюцца ляпнымі дэталямі. Металічныя К. — ажурнае ліццё з расл. арнаментыкай і маст. коўкай — характэрны для стылю мадэрн. Разнавіднасць К. — мадульён.

Кранштэйны.

т. 8, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Peritricha),

падклас прасцейшых класа інфузорый. Жывуць у прэснай і марской вадзе. Найб. тыповыя прадстаўнікі — сувойкі, зоатамніі (Zootamnium).

Сядзячыя, прымацаваныя да субстрату формы. Большасць каланіяльныя (да некалькіх тысяч). Калоніі 2 тыпаў: са скарачальным і нескарачальным сцяблом. Асн. сцябло калоніі і яго першыя разгалінаванні агульныя для калоніі. Ротавы дыск акружаны радамі раснічак. Кормяцца бактэрыямі, некаторыя — паразіты рыб і земнаводных. Размнажэнне палавое (кан’югацыя) і бясполае (дзяленне).

Э.​Р.​Самусенка.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ШНА, Кістна,

рака на п-ве Індастан, на Пд Індыі. Даўж. 1280 км, пл. бас. 330 тыс. км². Вытокі ў Зах. Гатах, перасякае з З на У Дэканскае пласкагор’е, упадае ў Бенгальскі зал., утварае дэльту. Асн. прыток — р. Тунгабхадра. Жыўленне дажджавое, мусонны рэжым з летняй паводкай. Сярэдні гадавы расход вады 1730 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння; гідравузел Нагарджунсагар. У нізоўі суднаходная, злучана каналам з дэльтай р. Гадавары. На К. — г. Віджаявада.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТАЛЕГІДРА́ТЫ,

крышталічныя рэчывы, якія маюць у сваім саставе малекулы вады; цвёрдыя гідраты пэўнага саставу (гл. Гідратацыя). Ваду, што ўваходзіць у К., наз. крышталізацыйнай. Звычайна К. ўтвараюцца пры крышталізацыі хім. злучэнняў з водных раствораў. Вядомыя для многіх рэчываў, асабліва солей (напр., CuSO4∙5H2O медны купарвас, CaSO4∙2H2O гіпс, Na2SO4∙10H2O мірабіліт, KAl(SO4)2∙12H2O алюмакаліевы галын). Пры дэгідратацыі многія К. солей ператвараюцца ў ніжэйшыя К. ці бязводныя солі.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЙЦАР (ням. Kreuzer),

дробная нямецкая манета ў 15—19 ст. Выраб яе з серабра пачаўся ў Аўстрыі ў 1458—60. З 16 ст. К. — білонная манета, з 18 ст. — медная. На працягу 16 ст. чаканка К. пашырылася на Пд і часткова на Пн Германіі. У абарачэнні да канца 19 ст. У Рэчы Паспалітай ў 1615—18 для гандлю з Сілезіяй выпускалі трайны К., т. зв. «бём» (ад ням. Böhm грош).

т. 8, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІКО́Ў (Валерый Пятровіч) (н. 27.2.1949, в. Лотва Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Д-р тэхн. н. (1996), праф. (1999). Скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы ін-т (1971), дзе і працуе. Навук. працы па даследаванні тэхнал. працэсаў зваркі і неразбуральным кантролі зварных злучэнняў.

Тв.:

Расчет намагничивающих устройств для магнитографической дефектоскопии (разам з АМ.Беляговым, АП.​Гарышавым) // Дефектоскопия. 1989. № 2;

Технология и оборудование сварки плавлением. Могилев, 1998.

т. 9, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСТО́ЎНІК (Nasturtium),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Усх. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — К. лекавы, або вадзяны крэс (N. officinale). Трапляецца па берагах рэк, на балотах, часам у вадзе.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце перыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, у кароткіх тронках. Плод — стручок. К. лекавы — харч. расліна (ужываецца як прыправа і для салатаў). Культывуюць у Зах. Еўропе і ЗША.

Кустоўнік лекавы.

т. 9, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЫЗЫ́Л-ІРМА́К (тур. Kizilirmak чырвоная рака; ант. назва — Галіс),

рака на Пн Турцыі. Даўж. 1151 км, пл. басейна 77,1 тыс. км². Вытокі ў гарах Кызылдаг. Перасякае Анаталійскае пласкагор’е і Пантыйскія горы, упадае ў Чорнае м. Веснавое разводдзе, летняя межань, асеннія паводкі ад дажджоў. Сярэдні гадавы расход вады каля 170 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. У сярэднім цячэнні — гідравузел Хырфанлар (ГЭС, вадасховішча даўж. 75 км). У даліне К. гарады Сівас, Бафра.

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАРЫФМІ́ЧНАЯ ПАПЕ́РА,

спецыяльна разграфлёная папера, якая выкарыстоўваецца для адшукання аналітычнай формы эмпірычных залежнасцей.

На кожнай з восей дэкартавай сістэмы каардынат адкладваюцца значэнні лагарыфмаў лікаў x = mlgu і y = mlgv, дзе m — пастаянны множнік, і праз адзначаныя пункты праводзяцца вертыкальныя і гарызантальныя паралельныя прамыя. Калі адно з сем’яў прамых правесці праз роўныя прамежкі, атрымаецца паўлагарыфмічная папера. Графікі ступенных функцый віду y = x​n набываюць на Л.п. выгляд прамых ліній пры любых n.

т. 9, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЙТА ((Lajta) Бела) (23.1.1873, Будапешт — 12.10.1920),

венгерскі архітэктар. Скончыў Тэхн. ун-т у Будапешце (1895), вучыўся таксама ў Італіі, Германіі і інш. зах.-еўрап. краінах. З 1901 працаваў у Будапешце. У пошуках выразных прасторавых і канстр. вырашэнняў спрошчваў і геаметрызаваў формы, паступова перайшоў ад стылю мадэрн да функцыяналізму: будынкі камерцыйнага вучылішча (1910—12), прытулку для бедных (1911), дом Рожавёльдзьі (1911—12) — усе ў Будапешце, будынак банка ў Эржэбетвараш (1911).

т. 9, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)