«МЯЦЕ́ЛІЦА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4, характэрны 6-тактавыя перыяды. Тэмп хуткі. Упамінанні пра «М.» вядомы з пач. 17 ст. Мае шмат варыянтаў музыкі, харэаграфіі і прыпевак (звычайна бойкага гумарыст. зместу, зафіксаваны ў працах М.​Федароўскага, П.​Шпілеўскага і інш.). У найб. пашыраным варыянце танца (запісаны П.​Шэйнам) выканаўцы трымаюць у руках ручнікі або паясы, часам і хустачкі. Асн. рух — крок-бег. Утвараючы розныя харэаграфічныя малюнкі, выканаўцы імітуюць мяцеліцу. На сцэне ўпершыню выкарыстаны ў оперы «Ідылія» («Сялянка») С.​Манюшкі на лібрэта В.​Дуніна-Марцінкевіча (1852). Яскравыя сцэн. варыянты «М.» стварылі К.​Алексютовіч, А.​Ермалаеў (у балеце «Салавей» М.​Крошнера), А.​Апанасенка ў Дзярж, ансамблі танца Беларусі. Пашырана па ўсёй Беларусі. Падобны танец вядомы ў Расіі і на Украіне.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІГАЦЫ́ЙНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ,

сістэма збудаванняў, прыстасаванняў, прылад для забеспячэння бяспечнага ваджэння суднаў, лятальных апаратаў, наземных трансп. сродкаў і інш. рухомых аб’ектаў у любых ўмовах; адзін з тэхн. сродкаў навігацыі.

Сродкі Н.а. (СНА) устанаўліваюць на зямной і воднай паверхні, на борце рухомых аб’ектаў. Паводле тэхн. аснашчанасці падзяляюцца на візуальныя і спецыяльныя. Візуальныя СНА — светлавыя маякі, буі, бакены, плывучыя вехі і інш. навігацыйныя знакі, што свецяцца і не свецяцца; спецыяльныя — акустычныя, або гукавыя, сродкі (гукасігнальныя і электраакустычныя ўстаноўкі, напр., сірэны, наўтафоны; гідраакустычныя маякі) і радыётэхнічныя (перадавальныя радыёстанцыі, радыёкомпасы, радыёпеленгатары, радыёмаякі вугламерных, дальнамерных і рознаснадальнамерных сістэм, якія бываюць імпульснымі, фазавымі, імпульсна-фазавымі і частотнымі). Да радыётэхн. сродкаў адносяцца таксама актыўныя адказчыкі і пасіўныя адбівальнікі.

С.​А.​Гаршкоў, В.​В.​Латушкін.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́СТЫІ (ад грэч. nastos ушчыльнены),

рухі (выгіны) органаў раслін у адказ на змены фактараў навакольнага асяроддзя (святло, т-ра і інш.). Напр., хуткае складанне лісця ў мімозы пры дакрананні да яго, раскрыццё кветак у залежнасці ад надвор’я, рух лісця насякомаедных раслін і інш. Пераважна абумоўлены зменай у спецыялізаваных клетках канцэнтрацый асматычна актыўных рэчываў (малату, іонаў калію, хлору), што прыводзіць да змены тургару. Адбываюцца таксама ў выніку нераўнамернага росту расцяжэннем. Напр., пры больш хуткім росце верхняга боку ліст або пялёстак выгінаецца ўніз. У залежнасці ад прыроды раздражняльніка адрозніваюць тэрма-, фота-, гідра-, хема-, сейсма-; нікці- (рэакцыя на змену дня і ночы), траўма-, электранастыі. Забяспечваюць ахову органаў (зачыненне кветак, вусцейкаў, апусканне лісця), захопліванне прадметаў (рух вусікаў, залозістых валаскоў). З’яўляюцца больш дасканалай формай руху, чым трапізмы.

т. 11, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ СУ́ДДЗЯЎ,

канстытуцыйны прынцып правасуддзя ў дэмакр. дзяржавах, які азначае, што суддзі і засядацелі вырашаюць суд. справы на аснове закону, ва ўмовах, што выключаюць усякае ўздзеянне на іх. Паводле арт. 110 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону. Якое-н. умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананні правасуддзя недапушчальнае і цягне адказнасць паводле закону.

Н.с. забяспечваецца: устаноўленым законам парадкам выбрання, назначэння і вызвалення суддзяў, іх недатыкальнасць, юрыд. працэдурай ажыццяўлення правасуддзя, тайнай нарады суддзяў пры вынясенні рашэнняў і забаронай патрабаваць выдавання гэтай тайны, адказнасцю за непавагу да суда або ўмяшанне ў вырашэнне канкрэтных спраў, стварэннем неабходных арганізацыйна-тэхн. умоў для дзейнасці судоў, а таксама матэрыяльным і сац. забеспячэннем суддзяў, устаноўленымі гарантыямі, якія адпавядаюць іх высокаму статусу.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРО́З (грэч. nekrōsis амярцвенне ад nekros мёртвы),

амярцвенне, прыжыццёвая гібель клетак, частак тканкі ці органа. Прычыны: мех. і тэрмічныя фактары, іанізавальнае выпрамяненне, хім. рэчывы, таксіны мікраарганізмаў, парушэнні кровазвароту тканак. Настае звычайна за паранекрозам (абарачальныя дыстрафічныя змены) і некрабіёзам (неабарачальныя дыстрафічныя змены). Марфалагічна Н. характарызуецца гібеллю ядра клеткі і цытаплазмы; у выніку ўтвараюцца бесструктурныя гамагенныя некратычныя масы. Адрозніваюць прамы Н. (пры непасрэдным уздзеянні прычыннага фактару на тканкі, напр., пры мех. або тэрмічным) і непрамы (у выніку сасудзістых ці нервова-эндакрынных парушэнняў). Формы Н.: сухі, вільготны, гангрэна і асобныя разнавіднасці (інфаркт міякарда, пролежань і інш.). Пры сухім Н. амярцвелыя масы ўшчыльняюцца (каагуляцыя бялку) і абязводжваюцца (напр., тварожысты Н. пры туберкулёзе). Вільготны Н. бывае ў органах, багатых вадкасцю, напр., у галаўным мозгу.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 11, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФ (франц. nef ад лац. navis карабель),

карабель, у хрысціянскіх храмах прадаўгаватае памяшканне, частка інтэр’ера, абмежаваная з аднаго ці абодвух бакоў радам калон ці слупоў. Адрозніваюць Н. сярэдні, бакавыя і папярочныя (трансепт). Вядомы са старажытнасці ў храмах тыпу базілікі. На Беларусі пашыраны з 16 ст. Сярэдні Н., звычайна больш высокі за бакавыя, асвятляўся невысокімі аконнымі праёмамі над дахамі бакавых Н., у алтарнай ч. завяршаўся апсідай або прэсбітэрыем (у некат. храмах існавалі сярэднія Н. без апсід). На скрыжаванні сярэдняга Н. і трансепта часта рабілі купал на барабане, у бакавых размяшчалі алтары. У архітэктуры готыкі Н. мелі складаныя ўзорыстыя скляпенні, у архітэктуры барока і класіцызму сярэдні Н. звычайна перакрываўся цыліндрычным з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі скляпеннямі. Скляпенні Н. ўпрыгожвалі дэкар. лепкай, размалёўкай.

Нефы базілікальнага храма.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАБО́ЧНЫ СКАЗ,

сінтаксічная канструкцыя, якая знешне суадносіцца з камунікатыўнымі адзінкамі — сказамі, а па сваёй функцыі і ролі ў сказе збліжаецца з пабочнымі словамі і пабочнымі словазлучэннямі. Можа мець форму двухсастаўных развітых і неразвітых сказаў, аднасастаўных пэўна-, няпэўна-, агульнаасабовых, безасабовых і інфінітыўных сказаў. Да асн. сказа далучаецца бяззлучнікавай сувяззю або пры дапамозе злучнікаў ці злучальных слоў, можа размяшчацца ў пачатку, у канцы і ў сярэдзіне сказа. Уключаецца ў склад сказа для выражэння пэўных мадальных, эмацыянальных ці экспрэсіўных значэнняў. У адрозненне ад пабочных слоў характарызуецца большай канкрэтнасцю выказвання, сэнсавай і сінтаксічнай расчлянёнасцю структуры, закончанасцю зместу («На гэтых дубах — так павялося ўжо з незапомных часоў — на Купалле вешалі качэлі». Б.​Сачанка).

Літ.:

Гл. да арт. Пабочныя словы.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЕ́НІКІ,

палонныя ў ВКЛ, адзін з відаў чэлядзі нявольнай. Выконвалі паншчыну і інш. работы, жылі пры дварах феадалаў, некат. мелі сваё жыллё і ўчасткі зямлі. Паступова палон як крыніца папаўнення чэлядзі нявольнай страціў сваё значэнне. П. часта выкуплялі і як феадальна-залежных сялян саджалі на зямлю, ператвараючы іх у агароднікаў. Заканадаўства ВКЛ 16 ст. было накіравана на памяншэнне колькасці чэлядзі нявольнай, ператварэнне яе ў сялян, якія займаюцца апрацоўкай зямлі. Статут ВКЛ 1588 адмяняў назву «чэлядь неволная» і ўказваў, што ў далейшым гэта катэгорыя насельніцтва будзе называцца «челедью дворною отчызною материстою купленою або полонениками». Збеглых П., як і інш. чэлядзь, належала шукаць і вяртаць з усёй сям’ёй і маёмасцю феадалу. П. нельга было завяшчаць маёмасць, не падараваўшы ім спачатку волю.

Т.​І.​Доўнар.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛКАВО́ДЗЕЦ,

ваенны дзеяч, военачальнік, які ўмела кіруе ўзбр. сіламі дзяржавы або буйнымі вайсковымі фарміраваннямі (аператыўна-стратэг.) у час вайны. Гэта таленавітыя, з творчым мысленнем асобы, якія валодаюць майстэрствам падрыхтоўкі і вядзення ваен. дзеянняў, воляй і рашучасцю, арганізатарскімі і інш. якасцямі, што дазваляюць ім з найб. эфектыўнасцю выкарыстоўваць наяўныя сілы і сродкі для дасягнення перамогі. Кожная гіст. эпоха, вял. вайна вылучаюць сваіх П. У час 2-й сусв. вайны ў СССР найб. таленавітымі П. былі Г.​К.​Жукаў, А.​М.​Васілеўскі, К.​К.​Ракасоўскі, І.​Д.​Чарняхоўскі, сярод саюзнікаў — Б.​Мантгомеры, Д.​Эйзенхаўэр і інш. Сярод беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі асобай адзнакі П. — «Маршальскай зоркі» ўдастоены 12 чал., у т. л. А.​І.​Антонаў, В.​Д.​Сакалоўскі, І.​І.​Якубоўскі і інш.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗАЦЫ́ЙНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

аптычныя прыстасаванні для атрымання, выяўлення, пераўтварэння і аналізу палярызаванага святла, а таксама для розных даследаванняў і вымярэнняў. Прынцып дзеяння П.п. заснаваны на змене стану палярызацыі святла, якое праз іх праходзіць або адбіваецца.

Асн. элементы П.п. — палярызатар, аналізатар, падвойнапераламляльныя пласцінкі, фазавыя і аптычныя кампенсатары. Адрозніваюць палярыметры (ценявыя і паўценявыя; выкарыстоўваюцца для вымярэння вуглоў вярчэння плоскасці палярызацыі, а таксама для вызначэння ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла), палярыскопы (для даследаванняў мех. напружанняў у матэрыялах; гл. Фотапругкасць, Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў), палярызацыйныя мікраскопы (для вывучэння крышталяў), палярызацыйныя фатометры (для рэгулявання інтэнсіўнасці светлавога патоку). У спалучэнні са спектральнымі прыладамі П.п. выкарыстоўваюцца ў спектрапалярыметрыі для вывучэння ступені палярызацыі святла пры люмінесцэнцыі, паглынанні і адбіцці святла, а таксама аптычнай актыўнасці рэчыва.

Н.​М.​Хаўратовіч.

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)