ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Ерафей Уладзіміравіч) (19.11.1903, в. Шалаеўка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.4.1987),

генерал-лейтэнант (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае пях. вучылішча (1931), курсы «Выстрал» (1940), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1925. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт. і 1-м Бел. франтах: камандзір палка, нач. штаба, камандзір стралк. дывізіі, корпуса. Войскі 16-га корпуса на чале з Дабравольскім вызначыліся ў студз. 1945 у баях на р. Вісла каля г. Казімеж (Польшча) пры прарыве абароны і разгроме праціўніка. Да 1958 у Сав. Арміі.

Е.У.Дабравольскі.

т. 5, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВУ́ (Davout, Davoust, d’Avout) Луі Нікала (10.5.1770, Ану, каля г. Авалон, Францыя — 1.6.1823), французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Аўэрштэцкі (1808), князь Экмюльскі (1809). Скончыў Парыжскую ваен. школу (1788). У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 перайшоў на бок рэв. народа. Удзельнічаў у Егіпецкай экспедыцыі 1798—1801. У 1805—14 камандзір корпуса, вызначыўся ў бітвах пад Аўстэрліцам (1805), Аўэрштэтам (1806) і Экмюлем (1809). З 1807 губернатар вял. герцагства Варшаўскага. У 1813—14 кіраваў абаронай Гамбурга ад рас.-прускіх войск. У час «Ста дзён» (20.3—15.7.1815) ваен. міністр Напалеона. Пры Бурбонах спачатку ў няміласці, з 1819 пэр Францыі.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д УСЯСЛА́ВІЧ (? — пасля 1129),

князь полацкі. Сын кн. Усяслава Брачыславіча. На думку некат. гісторыкаў, з 1101 княжыў у Менску. У 1103 разам з паўд.-рус. князямі ўдзельнічаў у паходах на полаўцаў. Гэты саюз насцярожыў Усяславічаў, верагодна, Давыд Усяславіч прагнаны з Менска. У 1104 з паўд.-рус. князямі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на свайго брата менскага кн. Глеба. Каля 1106—27 княжыў у Полацку. У выніку нападу на Полацкую зямлю ў 1127 кааліцыі князёў на чале з Мсціславам Уладзіміравічам Давыд Усяславіч пазбаўлены пасада, у 1129 разам з інш. полацкімі князямі сасланы ў Візантыю, дзе і памёр.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШКЕ́ВІЧ (Іван Канстанцінавіч) (1890, в. Меляшкі Беластоцкага ваяв., Польшча — 24.2.1943),

бел. паэт. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1909). Настаўнічаў на Гродзеншчыне і каля Паневяжыса. Загінуў на фронце. З 1909 пад псеўд. Янук Д. і Каршун друкаваў у газ. «Наша ніва» вершы і допісы. Яго творчасць развівалася ў рэчышчы бел. рэв.-дэмакр. паэзіі, прасякнута суперажываннем чалавечаму гору, болем за лёс абяздоленых, патрыят. матывамі («Доля», «Стогн», «Псалм CXXXVI»). Інтымнай лірыцы паэта ўласцівы рамант. парыў, глыбіня пачуццяў («Як засвецяць у небе зоры»), часам элегічнасць («Шкада разбітых мар»).

Тв.:

У кн.: Дзень паэзіі — 89. Мн., 1989.

А.​С.​Ліс.

т. 6, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГАПО́ЛЬСКІ (Цодзік Львовіч) (11.8.1879, г. Гарадок Віцебскай вобл. — 16.7.1959),

яўрэйскі пісьменнік. Займаўся пед. дзейнасцю, з 1933 працаваў у Дзяржвыдзе БССР. У 1937 незаконна асуджаны (тэрмін адбываў у Казахстане), у 1943 вызвалены. Друкаваўся з 1914. Пісаў на яўр., бел. і рус. мовах. У раманах «Каля адчыненай брамы» (1928, бел. пер. 1931), «Шоўк» (1934), аповесці «Агітпоезд» (1934, бел. пер. 1935) паказаў жыццё яўр. местачковага насельніцтва ў гады станаўлення сав. улады ў Беларусі. Пісаў апавяданні, нарысы, фельетоны, п’есы.

Тв.:

На берегах Сылвы. Мн., 1955;

На рассвете. Мн., 1957;

Пять лепестков. Мн., 1959.

І.​Ф.​Кудраўцаў.

т. 6, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́РДЖТАЎН (Georgetown),

горад, сталіца Гаяны. Размешчаны пры ўпадзенні р. Дэмерара ў Атлантычны ак. Каля 250 тыс. ж. з прыгарадамі (1994). Марскі порт. Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: цукр., мукамольная, тытунёвая, маргарынавая, піваварная, дрэваапрацоўчая. Ун-т. Музей Гаяны. Бат. сад. Самы вял. ў свеце драўляны сабор (1889—92).

Засн. ў 1781 галандцамі пад назвай Табрак (ці Стабрук), з 1812 сучасная назва. З 1784 цэнтр галандскіх калоній у Паўн. Амерыцы. З пач. 19 ст. пад уладай англічан. У 1831—1966 цэнтр Брытанскай Гвіяны. У 1945 і 1951 знішчаны пажарамі. З 1966 сталіца Гаяны.

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУНГА́РСКАЯ РАЎНІ́НА, Джунгарыя,

раўнінная вобласць паміж гарамі Алтая і Усх. Цянь-Шаня, на ПнЗ Кітая. Пл. каля 700 тыс. км², пераважныя выш. 600—800 м. Складзена з магутнага покрыва рыхлых адкладаў. Пустыні з масівамі градавых і барханавых пяскоў, саланчакі. Асобныя невысокія горныя кражы і драбнасопачнік. Клімат умераны кантынентальны, з гарачым сухім летам і халоднай сухой зімой. Сярэдняя т-ра студз. ад -20 да -25 °C, ліп. ад 20 да 25 °C з рэзкімі ваганнямі на працягу сутак. Рачная сетка рэдкая. Разрэджаная ксерафітная расліннасць (саксаул, тамарыск, палыны, салянкі). Пашавая жывёлагадоўля, месцамі аазісы. Радовішчы нафты.

т. 6, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЕНБ’ЕНФУ́ (Diên Bien Phu),

мясцовасць на ПнЗ В’етнама каля граніцы з Лаосам, дзе адбыліся вырашальныя баі на заключным этапе Індакітайскай вайны 1946—54. Стратэгічна важны ў ваен. адносінах раён Дз, 20.3.1953 у выніку паветрана-дэсантнай аперацыі занялі франц. экспедыцыйныя войскі, якія пазней ператварылі яго ў добра ўмацаваны рубеж абароны (49 апорных пунктаў, 15—16-тыс. гарнізон на чале з ген. Дэ Кастры). У ходзе цяжкіх баёў 13.3—7.5.1954 часці В’етнамскай нар. арміі на чале з Во Нгуен Зіяпам блакіравалі раён Дз. і паступова авалодалі ўсімі яго ўмацаваннямі, што паскорыла заканчэнне вайны і вызваленне В’етнама з-пад франц. панавання.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮ́БА (Уладзімір Іванавіч) (н. 24.2.1946, г. Палтава, Украіна),

бел. паэт і драматург. Скончыў БДУ (1968). Настаўнічаў, працаваў на тэлебачанні. З 1980 на Бел. радыё. Друкуецца з 1962. Аўтар зб-каў паэзіі «Вуліцы без назваў» (1972), «Кругазварот» (1976), «Карані бліскавіцы» (1986), вершаванай драмы «Доктар Русель» (1985, пра рэвалюцыянера-народніка М.​Судзілоўскага), вершаваных драм. аповесцей «На Радзівілішчы» (1992), «Памінальная па Банапарту каля беларускага тракту» (1995), радыёп’ес у вершах «Жыццё рэвалюцыянера» (паст. 1987, з А.​Пётухам), «Я, Арлоўскі» (паст. 1989), «Нарачным. Рукевічу. Рылееў» (паст. 1990). Распрацоўвае гіст. тэматыку.

Тв.:

Доктар Русель;

Драм. адысея. Мн., 1991.

т. 6, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯВО́ЧАЕ ВО́ЗЕРА,

у Лепельскім р-не Віцебскай вобл. ў бас. р. Тураўлянка, за 18 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,51 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 17,5 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 4,15 км². Схілы катлавіны выш. 6—10 м (на Пд і ПдУ да 20 м), пад хмызняком, месцамі ў верхняй ч. разараныя. Берагі нізкія, участкамі зліваюцца са схіламі. Дно выслана пяском (да глыб. 2—3 м) і гляямі. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 35 м. З возера выцякае ручай у воз. Чаросава.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)