дзяржаўны орган, створаны 30.6.1941 паводле рашэння Прэзідыума Вярх. Савета СССР, ЦКВКП(б) і СНКСССР у сувязі з надзвычайным становішчам у Вял.Айч. вайну, каб мабілізаваць сілы для адпору фаш. Германіі. Старшыня І.В.Сталін. Камітэт кіраваў дзейнасцю ўсіх дзярж. ведамстваў і ўстаноў, накіроўваў іх намаганні на больш поўнае выкарыстанне матэрыяльных, духоўных і ваен. магчымасцей краіны для дасягнення перамогі над ворагам. Ён вырашаў пытанні пераводу эканомікі краіны на патрэбы вайны, мабілізацыі людскіх рэсурсаў на патрэбы фронту, падрыхтоўкі рэзерваў і кадраў для ўзбр. сіл і прам-сці, эвакуацыі прам-сці з прыфрантавых раёнаў, пераводу прамысл. прадпрыемстваў у вызваленыя раёны і аднаўлення разбуранай вайной нар. гаспадаркі ў зах. абласцях краіны, устанаўліваў аб’ёмы і тэрміны паставак прам-сцю ваен. прадукцыі і інш. Вышэйшым выканаўчым органам камітэта па аператыўна-стратэгічным кіраўніцтве ўзбр. барацьбой з’яўлялася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Распараджэнні к-та былі абавязковыя для сав., дзярж., парт., ваен., гасп., прафсаюзных органаў і ўсіх грамадзян. Скасаваны 4.9.1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛІШСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województvo Kaliskie),
адм.-тар. адзінка ў цэнтр.ч. Польшчы. Пл. 6512 км², нас. 718 тыс.чал., гарадскога 47% (1992). Адм. ц. — г.Каліш. Найб. гарады: Остраў-Велькапольскі, Кратошын, Яроцін, Астжэшаў, Плешаў, Кемпна. Больш. ч. тэрыторыі ваяводства займае Калішскае ўзв., на Пн размешчана Велікапольская нізіна, на Пд — усх.ч. Тшабніцкай грады (выш. да 284 м). Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. -3 °C, ліп. 17,5 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. рэкі — Просна, Барыч, Відава (бас.р. Одра). Глебы пераважна мала- і сярэднеўрадлівыя (падзолістыя і бурыя), у далінах рэк алювіяльныя. Лясы займаюць 23% тэр. (хвоя, бук, дуб). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Асн. галіны прам-сці: маш.-буд. (металарэзныя станкі, машыны і абсталяванне для спажывецкай прам-сці), тэкст. (шаўковыя, трыкат., дэкар. тканіны), швейная, харч. (харч. канцэнтраты, цукар, пладова-агароднінныя кансервы), дрэваапр. і буд. матэрыялаў. С.-r. ўгоддзі займаюць 68% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, сланечнік, пшаніцу, агародніну, кветкі. Гадуюць свіней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯРО́ВАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,
найбольш энергаёмістая галіна цяжкай прам-сці, якая ажыццяўляе здабычу і абагачэнне руд, вытв-сць і апрацоўку каляровых, высакародных і рэдкіх металаў, у т. л. сплаваў, перапрацоўку другаснай сыравіны, а таксама здабычу алмазаў. Спадарожная прадукцыя галіны — хім. злучэнні, мінер. ўгнаенні, буд. матэрыялы і інш. У залежнасці ад віду прадукцыі, якую вырабляюць, у складзе галіны вылучаюцца медная, свінцова-цынкавая, нікель-кобальтавая, алюмініевая, тытана-магніевая, вальфрама-малібдэнавая, высакародных металаў, цвёрдых сплаваў, рэдкіх металаў прам-сць. Роля К.м. ў сучаснай эканоміцы хутка расце ў сувязі з развіццём новых галін прам-сці: атамнай, ракетнай, касмічнай, электроннай, прыладабудавання і інш.Найб. развіта К.м. ў ЗША, Расіі, Казахстане, Японіі, Кітаі, Канадзе, Германіі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Бразіліі і інш.
На Беларусі з канца 19 ст. існавалі невял. медзеплавільныя прадпрыемствы саматужнага тыпу, якія выкарыстоўвалі металалом. Цяпер у Мінску існуе завод другаснай перапрацоўкі каляровых металаў, ёсць невял. ліцейная вытв-сць у Гомелі і Мазыры.
Літ.:
Хрущев А.Т. География промышленности СССР. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІФО́ЛЬ,
цвёрды прадукт, што застаецца пасля адгонкі шкіпінару са смольных рэчываў драўніны хваёвых парод.
Крохкая, шклопадобная, празрыстая смала светла-жоўтага (часам цёмна-рудога) колеру. Размякчаецца пры т-ры 40—75 °C, tпл 100-140 °C, шчыльн. 1070—1090 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне, бензоле. Мае 60—92% смаляных кіслот агульнай ф-лы C19H29COOH, 0,5—12% аліфатычных кіслот, 8—20% нейтральных рэчываў (сескві-, ды- і трытэрпеноіды). Атрымліваюць адгонкай з парай з жывіцы хвоі звычайнай (К. жывічная, якая мае найлепшыя спажывецкія ўласцівасці), са здробненай драўніны прасмоленых хваёвых пнёў экстракцыяй бензінам (К. экстракцыйная), вакуумнай рэктыфікацыяй талавага масла (К. талавая). Выкарыстоўваюць К. і яе вытворныя для праклейвання паперы і кардону, у вытв-сці лакаў і фарбаў, пластмас, у якасці флюсу пры паянні металаў; каніфольнае мыла (звычайна натрыевыя солі К.) як эмульгатар у вытв-сцісінт. каўчуку, латэксаў, як кампанент клеявых кампазіцый; солі кальцыю, алюмінію і некат. інш. металаў як сікатывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНША́СА (Kinshasa),
горад, сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга. 4241 тыс.ж. (1997, з прыгарадамі). Рачны порт на левым беразе р. Конга. Чыгункай злучаны з марскім портам Матады. Паромныя сувязі з г. Бразавіль. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (больш за 50% вытв-сці баваўняных тканін у краіне), харчасмакавая (алейная, мукамольная, піваварная, тытунёвая), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтазборка, эл.-тэхн., з-ды па вытв-сці матацыклаў і веласіпедаў, суднабуд. і суднарамонтныя верфі і інш.), дрэваапрацоўка, хім.вытв-сць (шыны, пластмасавыя вырабы, мыла, кіслародна-ацэтыленавы з-д). Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковыя ф-кі, рамонтныя майстэрні. Металургічны комплекс. Нац.ун-т. Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў, музей мясц. побыту.
Засн. Г.М.Стэнлі ў 1881 як гандл. цэнтр пад назвай Леапальдвіль (да 1966; у гонар бельг. караля Леапольда II) на месцы вёсак К. і Кінтама. Значэнне горада вырасла пасля буд-ва ў 1898 чыгункі. З 1926 адм. ц. калоніі Бельг. Конга, з 1960 сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга (у 1971—97 Заір).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы з драўніны. Захоўваюць яе прыродную структуру і хім. састаў. Бываюць хвойныя (хвоя, елка, піхта, лістоўніца, кедр) і лісцевыя (бяроза, дуб, асіна, граб, бук, ясень і інш.); неапрацаваныя круглыя (бярвенне, жэрдзе, калы і інш.) і апрацаваныя (піламатэрыялы — дошкі, брусы, брускі, рэйкі, шпалы, а таксама колатыя Л., струганая і лушчаная шпона). Да Л. адносяць і пнёва-каранёвыя масы, сучча, кару, пілавінне, трэскі і інш. Перапрацоўваюцца на лесапільных з-дах, выкарыстоўваюцца пры вытв-сці мэблі, буд. дэталей і канструкцый, у цэлюлозна-папяровай і лесахім. вытв-сці.
Круглыя Л. атрымліваюць распілоўкай ствалоў (хлыстоў) на адрэзкі — сартыменты (кароткія да 2,5 м, доўгія 2,5—8 м, даўгамерныя больш за 8 м). Падтаварнік (дыяметр у верхнім водрубе 8—13 см, даўжыня 3—9 м), жэрдзе (адпаведна 3—7 см і 3—9 м), калы (6 см і да 2,85 м) выкарыстоўваюць для абрашоткі ў пакрыццях, агароджах, насцілах і інш.Гл. таксама Лесанарыхтоўчая прамысловасць, Лесанарыхтоўчыя работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,
раздзел матэматычнага праграмавання, прысвечаны тэорыі і метадам рашэння задач аб экстрэмумах (мінімумах ці максімумах) лінейных функцый пры абмежаваннях, зададзеных сістэмамі лінейных роўнасцей і няроўнасцей.
Задачы Л.п. з’яўляюцца матэм. мадэлямі задач эканомікі і вытв-сці, напр., задача рацыянальнага размеркавання часу (аптымальнага плана работы) прадпрыемства па розных тэхнал. спосабах, трансп. задача, дзе адшукваецца найб. эканомны план дастаўкі прадуктаў з пунктаў вытв-сці ў пункты спажывання, задача складання самага таннага кармавога рацыёну з пэўных кармоў. Агульная пастаноўка задачы і метад яе рашэння прапанаваны Л.В.Кантаровічам (1939), найб. пашыраны сімплекс-метад рашэння задач (накіраваны перабор мноства дазволеных рашэнняў) — амер. матэматыкам Дж.Данцыгам (1949). Гл. таксама Аперацый даследаванне.
На Беларусі праблемы Л.п. і яго дастасаванняў даследуюцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Данциг Дж. Б. Линейное программирование, его применения и обобщения: Пер. с англ.М., 1966;
Габасов Р., Кириллова Ф.М. Методы линейного программирования. Ч. 1—3. Мн., 1977—80.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІ́РАВАННЕ ЭКАНО́МІКА-МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ,
апісанне эканам. працэсаў і з’яў у выглядзе эканоміка-матэм. мадэлей. Адной з першых у гісторыі эканам. навукі была мадэль узнаўлення, распрацаваная франц. вучоным Ф.Кенэ ў 18 ст. У 20 ст. першая агульная мадэль эканомікі сканструявана Дж. фон Нейманам. Значны вопыт пабудовы эканоміка-матэм. мадэлі назапашаны вучонымі былога СССР у развіцці нар. гаспадаркі краіны, асабліва — перспектыўнага. Вылучаюць 2 асн. групы эканоміка-матэм. мадэлей: мадэлі, якія паказваюць пераважна сац. аспекты эканомікі (звязаны з прагназаваннем і планаваннем даходаў і спажывання насельніцтва, дэмаграфічных працэсаў), і мадэлі, што адлюстроўваюць пераважна вытв. аспект эканомікі (доўгатэрміновага прагнозу зводных паказчыкаў эканам. развіцця; міжгаліновыя мадэлі нар.-гасп. планавання, галіновыя аптымальнага планавання і размяшчэння вытв-сці, аптымізацыі структуры вытв-сці ў галінах). Адрозніваюць таксама мадэлі статычныя (апісваюць момантавы стан эканомікі) і дынамічныя (паказваюць развіццё аб’екта мадэліравання). Паводле спосабу пабудовы адрозніваюць аналітычныя (у выглядзе формул), лікавыя (у выглядзе лікавых прыкладаў), матрычныя (у выглядзе табліц), сеткавыя (у форме графаў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́ЧНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,
харчовыя прадукты з малака пераважна с.-г. жывёл. Падзяляюцца на натуральнамалочныя прадукты (пітное малако рознай тлустасці, абястлушчанае — адгон, бялковае, вітамінізаванае, адтопленае і інш.; вяршкі, кісламалочныя прадукты), масла (салодка- і кісласметанковае, топленае і інш.), сыры (сычужныя і кісламалочныя), малочныя кансервы (згушчаныя і сухія малако і вяршкі, сухія кісламалочныя прадукты, прэпараты для дзіцячага харчавання і інш.), марожанае, пабочныя прадукты вытв-сці сыру, тварагу (сыроватка) і масла (маслёнка). Атрымліваюць шляхам пастэрызацыі, сепарацыі, стэрылізацыі, збівання, кіпячэння, ператоплівання, згушчэння, сушкі, аднаўлення з малочных кансерваў, зброджвання з дапамогай дражджавых грыбкоў і малочнакіслых бактэрый, уздзеяння сычужным ферментам, унясення напаўняльнікаў (напр., цукру, вітамінаў, садавіны, спецый, араматызатараў) і інш. Маюць лёгказасваяльныя і каштоўныя для арганізма пажыўныя і біялагічна актыўныя рэчывы: бялкі (у т. л.казеін), тлушчы, вугляводы, мінер. солі (асабліва кальцый і фосфар), арган. к-ты, фасфатыды (у т. л. лецыцін), ферменты, вітаміны і інш. Больш стойкія пры захоўванні, чым малако. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кандытарскіх вырабаў, хлебапячэнні, для выкормлівання маладняку с.-г. жывёл. Многія М.п. — дыетычныя прадукты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАБІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці, у якой вытв. працэсы звязаны з мікрабіял. сінтэзам нехарч. сыравіны. Выкарыстоўвае нафту і прыродны газ, гідралізаты драўніны, адходы прамысл. перапрацоўкі с.-г. прадукцыі (збожжавых культур, сланечніку, цукр. буракоў і інш.). Вырабляе бялкова-вітамінныя канцэнтраты, антыбіётыкі, амінакіслоты, бактэрыяльныя ўгнаенні, прэпараты для аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб, а таксама прадукты комплекснай перапрацоўкі расліннай сыравіны — ксіліт, фурфурол і інш. Галіна развіта ў большасці краін свету, найбольш — у ЗША, Германіі, Японіі, Расіі, Італіі, Францыі. На Беларусі прадстаўлена кірункамі: вытв-сцю кармавых бялковых рэчываў, кармавых вітамінаў, кармавых дражджэй і антыбіётыкаў немедыцынскага прызначэння. Кармавы бялок выпускаюць Рэчыцкі доследна-прамысл. гідролізны і Бабруйскі гідролізны з-ды, кармавыя вітаміны — Пінскі з-д кармавых вітамінаў. Ветэрынарныя прэпараты выпускаюць з-ды ветэрынарных прэпаратаў у Віцебску і Магілёве. Буйнейшае прадпрыемства па вытв-сці бялкова-вітамінных канцэнтратаў — Наваполацкі бялкова-вітамінны з-д (у 1999 знаходзіцца ў стадыі рэарганізацыі ў сувязі з пераходам вытв-сці з вуглевадароднай сыравіны на с.-г. сыравіну).