1) спосаб вядзення баявых дзеянняў з выкарыстаннем заглыбленых зарадаў выбуховага рэчыва (падземных мін) і падкопаў пад крапасныя сцены і мінныя галерэі, каб разбурыць іх. Элементы М.в. выкарыстоўваліся пры аблозе рус. войскамі Казані (1552), пры абароне Севастопаля (1854—55), у рус.-яп. 1904—05 і 1-й сусв. войнах. У 2-ю сусв. вайну тактыка М.в. ўжывалася, напр., у баях за Сталінград, партызанамі і падпольшчыкамі Беларусі, якія ўзарвалі больш за 11 тыс.фаш. эшалонаў, каля 1 тыс. складоў з боепрыпасамі і інш. (гл.Партызанскі рух).
2) Сукупнасць баявых дзеянняў флатоў па ўстаноўцы мінных загарод. У 2-й пал. 20 ст. такія дзеянні наз. «мінназагараджальнымі дзеяннямі» ці «процімінным забеспячэннем».
3) У арміях некаторых дзяржаў (напр., ЗША) пад тэрмінам «М.в.» разумеецца выкарыстанне наземных мін, спосабы процідзеяння выкарыстанню мін праціўнікам і пераадоленне міннаўзрыўных загарод. Тактыка М.в. шырока выкарыстоўваецца ў шэрагу краін пры вядзенні баявых дзеянняў узбр. сіламі і тэрарыстамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЯ,
1) адно з геам. паняццяў, у элементарнай геаметрыі разглядаецца як мяжа цела або як след лініі, што рухаецца. Напр., сфера (мяжа шара), П. мнагагранніка.
Калі рухаецца прамая лінія, то яе след утварае лінейчастую П. (напр., цыліндрычную); вярчэнне лініі вакол прамой дае паверхню вярчэння (напр., канічную). У аналітычнай геаметрыі вывучаюцца алгебраічныя П., якія задаюцца ўраўненнем Φ(x1, x2 ..., xn дзе Φ — мнагасклад, ступень якога наз. парадкам алгебраічнай П. П. першага парадку — плоскасць, прыклады П. другога парадку — эліпсоіды, гіпербалоіды, парабалоіды Уласцівасці П. вывучаюцца паверхняў тэорыяй, у тапалогіі.
2) П. ў фізіцы — мяжа раздзелу паміж двума асяроддзямі, што кантактуюць. У кожным з гэтых асяроддзяў на пэўную адлегласць ад П. распасціраецца слой, у якім элементны састаў і хім. стан, атамная і электронная структура, дынамічныя, магн. і інш. ўласцівасці рэчыва істотна адрозніваюцца ад яго ўласцівасцей ў аб’ёме. Таўшчыня гэтага слоя залежыць ад прыроды асяроддзяў, што кантактуюць, і знешніх умоў. Яму ўласцівы разнастайныя паверхневыя з ’явы.
метад вывучэння напружанняў у дэталях машын і буд. канструкцый на празрыстых мадэлях. Заснаваны на ўласцівасці большасці празрыстых ізатропных асяроддзяў станавіцца пры дэфармацыі аптычна анізатропнымі. Праводзіцца з дапамогай палярызацыйных прылад.
Пры праходжанні слоя анізатропнага рэчыва дзвюма светлавымі хвалямі, па-рознаму палярызаванымі і з рознымі скарасцямі распаўсюджання, паміж ваганнямі гэтых хваль узнікае рознасць фаз, значэнне якой залежыць ад анізатрапіі асяроддзя, таўшчыні слоя і даўжыні хвалі. Па рознасці фаз вызначаюць параметры асяроддзя, якія характарызуюць яго аптычную анізатрапію і звязаныя з ёю асаблівыя напрамкі. Метад пашыраны ў крышталяфізіцы, мінералогіі, пры вызначэнні размеркавання мех. напружанняў і дэфармацый у дэталях машын і элементах канструкцый, вывучэнні тканак жывых арганізмаў і інш.
На Беларусі П.-а.м.д. распрацоўваецца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це, з 1960-х г. у Ін-це фізікі Нац.АН пры вывучэнні размеркавання напружанняў у пругка дэфармаваных (фотапругкасць) і пластычна дэфармаваных (фотапластычнасць) асяроддзях (С.І.Губкін, Б.Б.Бойка і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. potentia сіла, моц + ...метрыя),
адзін з электрахім. метадаў даследавання і колькаснага аналізу рэчываў. Засн. на залежнасці значэння (ЭП) раўнаважнага электроднага патэнцыялу ад тэрмадынамічнай актыўнасці (канцэнтрацыі) кампанентаў электрахім. рэакцыі (апісваецца ўраўн. Нернста).
Для патэнцыяметрычных вымярэнняў выкарыстоўваюць гальванічны элемент з індыкатарным электродам (яго патэнцыял залежыць ад канцэнтрацыі рэчыва ў растворы) і электродам параўнання. Эрс элемента вымяраюць з дапамогай патэнцыяметра. Адрозніваюць прамую П. і патэнцыяметрычнае цітраванне. Прамая П. дазваляе вызначаць канцэнтрацыю іонаў непасрэдна па значэнні эрс індыкатарнага электрода пры ўмове, што электродны працэс абарачальны (напр., pH-метрыя — метады вызначэння вадароднага паказчыка). Найб. пашырана патэнцыяметрычнае цітраванне, якое ажыццяўляюць у водным і няводным асяроддзях. Пры цітраванні рэгіструюць змяненне ЭП індыкатарнага электрода (напр., шклянога пры кіслотна-асноўным цітраванні); каля пункту эквівалентнасці назіраецца рэзкае змяненне (скачок) ЭП. Выкарыстоўваюць у аналіт. і фіз. хіміі, прам-сці для кантролю тэхнал. працэсаў у хім., нафтахім., харч. і інш. галінах, а таксама для кантролю забруджанасці навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕ́РНАСЦЬфізічнай велічыні,
выраз, які паказвае сувязь вытворнай фізічнай велічыні (адзінкі фіз. велічыні) з велічынямі (адзінкамі), прынятымі за асноўныя ў сістэме велічынь або ў сістэме адзінак.
Абазначаецца сімвалам dim (ад англ. dimension размернасць) і запісваецца ў выглядзе здабытку сімвалаў, якія адпавядаюць асн. велічыням, узведзеным у пэўную ступень (паказчык Р.). У агульным выглядзе Р. некаторай велічыні X запісваецца ў выглядзе dimX = LαMβTγ∙IδQμNυJη, дзе L, M, T, I, Q, N, J — сімвалы даўжыні, масы, часу, сілы току, тэрмадынамічнай т-ры, колькасці рэчыва і сілы святла адпаведна, α, β, γ, δ, μ, υ, η — паказчыкі Р. гэтых велічынь. Напр., Р. сілы F = ma, дзе m — маса цела, a — паскарэнне, вызначыцца формулай dimF = dimm∙dima = (M)(LT−2) = = LMT−2, дзе паказчыкі Р. даўжыні L, масы M і часу T, роўныя 1,1 і -2 адпаведна. Велічыні, якія маюць усе паказчыкі Р., роўныя 0, наз.безразмернымі велічынямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБА́НАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 12.9.1936, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел. фізік. Акад.Нац.АН Беларусі (1996, чл.-кар. 1989), д-рфіз.-матэм.н. (1976), праф. (1981). Засл. дз. нав. Беларусі (1999). Сын С.Ф.Рубанава. Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі (з 1978 заг. лабараторыі). Адначасова з 1996 старшыня савета Бел.рэсп. фонду фундаментальных даследаванняў. Навук. працы па лазернай фізіцы, кагерэнтнай оптыцы і галаграфіі. Распрацаваў фіз. асновы дынамічнай галаграфіі. Выявіў новую фіз. з’яву — абарачэнне хвалевага фронту святла пры чатыроххвалевым узаемадзеянні. Распрацаваў эфектыўныя метады пераўтварэння прасторавай структуры лазерных пучкоў, апрацоўкі аптычнай інфармацыі, вызначэння ўласцівасцей рэчыва, узбуджэння гіпергуку. Дзярж. прэмія Беларусі 1976. Дзярж. прэмія СССР 1982.
Тв.:
Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 2. Мн., 1968 (у сааўт.);
Тепловой режим твердотельных оптических кванговых генераторов. М., 1973 (разам з Б.Р.Беластоцкім);
Некоторые вопросы динамической голографии // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НАПСЫ (ад грэч. synapsis злучэнне, сувязь),
функцыянальныя кантакты паміж узбудлівымі клеткамі (нерв., мышачнымі, сакраторнымі), якія пераўтвараюць і перадаюць нерв. імпульсы. Тэрмін «С» ўведзены Ч.С.Шэрынгтанам (1897). С. — найб. істотны структурна-функцыян. элемент мозга, а сінаптычныя сувязі — гал. механізм міжнейроннага ўзаемадзеяння, які забяспечвае асн. праяўленні дзейнасці нерв. сістэмы. Колькасць С. на паверхні нейрона ад 1 да 20 тыс. У С. адрозніваюць прэсінаптычную ч. (звычайна канец прэсінаптычнага аксона), сінаптычную шчыліну (прастора, якая раздзяляе мембраны клетак, што кантактуюць, шыр. 20—30 нм) і постсінаптычную ч. (участак клеткі, да якога падыходзіць прэсінаптычны канец). Па функц. значэнні С. бываюць узбудлівыя і тармазныя ў адпаведнасці з тым, актывуюць яны або прыгнечваюць адпаведныя клеткі. Перадача сігналу праз С. адбываецца ў імпульснай (дыскрэтнай) форме ў адзін бок з дапамогай хім. або эл. механізма. Змешаныя С. спалучаюць хім. і эл. механізмы перадачы. У найб. пашыраных хім. С. перадача нерв. імпульсу адбываецца з дапамогай хім.рэчыва — медыятара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭ́РЫЯ (лац. materia рэчыва),
філасофская катэгорыя, якая абазначае аб’ектыўнае (незалежнае ад чалавечай свядомасці) існаванне свету; сукупнасць разнастайных аб’ектаў і з’яў, а таксама іх уласцівасцей і адносін паміж імі. Паняцце «М.» ўзнікла ў стараж. філасофіі (грэч., кіт. і інш.), азначала пэўны першасны пачатак усіх рэчаў і з’яў, але ў той жа час не атаясамлівалася з ніводнай з іх. Побач з роляю субстрату ўсіх матэрыяльных аб’ектаў М. надзялялася і некаторымі фундаментальнымі ўласцівасцямі: працягласцю, рухам, інертнасцю, існаваннем у часе і інш.Т.ч., ужо ў старажытнасці сфарміраваўся акрэслены погляд на М. як на нешта вечнае, нязменнае, непадзельнае. Яскравым увасабленнем гэтага погляду з’явілася вучэнне Дэмакрыта аб атамах, якія адпавядалі найб. характэрным рысам першасных матэрыяльных элементаў і ў гэтай якасці ўдзельнічалі ў пабудове ўсіх матэрыяльных аб’ектаў і з’яў; разнастайнасць апошніх тлумачылася колькасцю атамаў і спосабамі іх спалучэння. Атамістычны погляд на М. трымаўся ў філасофіі і прыродазнаўчых навуках на працягу тысячагоддзяў і быў абвергнуты толькі на мяжы 19 і 20 ст. на падставе дасягненняў фізікі, якая даказала і факт падзельнасці атама, і бясконцасць М. Гэта датычыць і інш. вучэнняў, якія абапіраліся на палажэнне аб існаванні нейкай рэчыўнай субстанцыі, з якой пачынаецца М. ва ўсіх яе канкрэтных праявах і формах. Сучаснае навук. разуменне М. падкрэслівае адзіную істотную яе рысу — уласцівасць быць аб’ектыўнай рэчаіснасцю і існаваць незалежна ад чалавечай свядомасці; пры гэтым катэгорыя М. не звязваецца з уяўленнямі аб яе ўнутр. структуры. У розных філас. інтэрпрэтацыях (матэрыялізм і ідэалізм) паняцці М. і свядомасці выступаюць у якасці антыподаў у залежнасці ад таго, чаму надаецца першаснае значэнне: М. або абсалютызаванай чалавечай свядомасці (духу). У рэчаіснасці М. і свядомасць чалавека ўзаемазвязаны: прызнанне першаснасці М., напр., не дае падстаў да адмаўлення актыўнасці чалавечага духу. Быццё М. адбываецца ў акрэсленых усеагульных формах, якімі выступаюць прастора і час. Матэрыяльныя аб’екты падпарадкоўваюцца прынцыпу сістэмнай арганізацыі і аб’ядноўваюцца ў шматлікія прыродныя, касм., сац. сістэмы. М. можа існаваць таксама ў выглядзе рэчыва і фізічнага поля.
Літ.:
Энгельс Ф.Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Ленін У.І. Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм // Тв. Т. 14. (Полн. собр. соч. Т. 18);
Мелюхин С.Т. Материя в ее единстве, бесконечности и развитии. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
пакрыцці, нанесеныя на паверхню метал. і неметал. вырабаў у вакууме накіраваным асаджэннем часціц рэчыва. Бываюць метал. і неметалічныя. Наносяцца тэрмічным або электронна-прамянёвым выпарэннем і катодным распыленнем, а таксама іх спалучэннем.
Трываласць счаплення вакуумнага пакрыцця з матэрыялам асновы абумоўлена т-рай асновы, якасцю падрыхтоўкі і ачысткі яго рабочай паверхні, энергіяй часціц, што наносяцца, і інш. Тэрмічнае выпарэнне ажыццяўляецца з дапамогай розных крыніц нагрэву і адпаведных прыстасаванняў у вакууме 1,33∙10−1 — 1,33∙10−5 Па. Пры электронна-прамянёвым выпарэнні выкарыстоўваюцца электронна-прамянёвыя пушкі, якія генерыруюць электроны з вял. скарасцямі. Адначасовым выпарэннем некалькіх матэрыялаў атрымліваюць шматкампанентныя і шматфазныя вакуумныя пакрыцці. Пры катодным распыленні матэрыял, які наносіцца, «бамбардзіруюць» іонамі розных элементаў. Найб. пашырана катоднае распыленне ў тлеючым разрадзе, які ўзбуджаецца ў аргоне і інш. інертных газах пры ціску 2,66—13,3 Па і напружанні 1—5 кВ. Вакуумныя пакрыцці выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, мікраэлектроніцы, выліч. тэхніцы, фіз. оптыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАВА ЗЛУЧЭ́ННІ,
неарганічныя хімічныя злучэнні, у якія ўваходзіць волава, пераважна ў ступені акіслення +2, +4. Злучэнні, у якіх волава мае ступень акіслення +2, менш устойлівыя і з’яўляюцца моцнымі аднаўляльнікамі. Найчасцей выкарыстоўваюцца дыаксід і солі (хларыды, сульфіды).
Дыаксід волава SnO2, бясколернае крышт.рэчыва, (tпл 1630 °C, нерастваральны ў вадзе. Хімічна вельмі ўстойлівы, плёнка SnO2 ахоўвае волава ад акіслення ў паветры. У прыродзе — мінерал касітэрыт. Выкарыстоўваюць як белы пігмент для эмалей, шкла, паліваў. Дыхларыд волава SnCl2, бясколерная крышт. соль, tпл 247 °C. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе (аднаўляльнік), пры фарбаванні тканін (пратрава). Тэтрахларыд волава SnCl4, бясколерная вадкасць, дыміць у паветры, tкіп 114 °C, шчыльн. 2230 кг/м (20 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры, добры растваральнік для многіх неэлектралітаў (напр., ёд, фосфар, сера і інш.). Выкарыстоўваюць у вытв-сці волаваарган. злучэнняў, святлоадчувальнай паперы і інш.Сульфід волава SnS, крышталі рудога колеру, tпл 880 °C. У прыродзе — рэдкі мінерал герцэнбергіт. Выкарыстоўваюць для павышэння антыфрыкцыйных уласцівасцей падшыпнікавага матэрыялу. Дысульфід волава SnS2, залаціста-жоўтыя крышталі, нерастваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць як пігмент для фарбаў (імітатар сусальнага золата).