ЗАМА́Й (Ала Мікалаеўна) (н. 14.9.1932, с. Займо-Абрыў Растоўскай вобл., Расія),
бел. мастачка. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). Выкладала ў Мінскай дзіцячай маст. школе (1959—63), працавала ў газ. «Піянер Беларусі» (1963—80). Творчасці ўласцівы арыгінальнасць колеравага бачання і жанравая разнастайнасць, работы адметныя аптымістычнасцю і цеплынёй. Сярод твораў: тэматычныя карціны «Будаўнікі» (1957), «Апошні з нашага квартала» (1961), «Купалле» (1976), «Крыніца жыцця» (1982), «Сонейка» (1988), «Звон святыні» і «Цішыня» (абодва 1994), «Маё дзяцінства» (1995); пейзажы «Макі» (1966), «Восень» (1990), «Бярозавы гай» (1991), «Ваколіца Забалоцця» (1995), «Раніца» (1996); нацюрморты «Антоны» (1984), «Водар лесу» (1986), «Васількі» і «Армянскі вінаград» (абодва 1992), «Палявыя кветкі» (1995); партрэты, ілюстрацыі да кніг. Іл.гл. таксама ў арт.Нацюрморт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНКО́ВІЧ (Валянцін Паўлавіч) (н. 5.6.1937, Мінск),
бел. архітэктар і скульптар. Скончыў БПІ (1959), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Працаваў у ін-це «Мінскпраект» (1960—70). Асн.работы: мемар. комплексы Хатынь (Ленінская прэмія 1970), Брэсцкая крэпасць-герой, «Кацюша», помнікі М.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы, К.Заслонаву ў Оршы (абодва 1964), падпольшчыкам Асінторфа (1966) і інш. Аўтар помнікаў кулямётнаму разліку (1975) перад уваходам у музей «Белавежская пушча» (Камянецкі р-н), падпольшчыкам в. Лошыца 2-я (цяпер у межах Мінска, 1980), дэкар. кампазіцыі «Бег» на стадыёне «Дынама» (1980), абеліска «Мінск — горад-герой» (1985) у Мінску, манум.-дэкар. кампазіцыі «Ручнікі» (1983) каля Палаца культуры ВА «Хімвалакно» ў Магілёве і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЗКО́ЎСКІ ((Idźkowski) Адам) (24.12.1798, Альшанка, каля г. Пултуск, Польшча — 3.5.1879),
польскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Прадстаўнік позняга класіцызму і неаготыкі. Вучань А.Карацы. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1820—24) і за мяжой. Сярод работ у Варшаве: перабудовы кафедральнага сабора св. Яна Хрысціцеля (1836—40) у стылі англ. готыкі, Саскага палаца (1838—42) у класіцыстычным стылі і інш.Работы на Беларусі: рэканструкцыя і дабудова Гомельскага палаца, праект планіроўкі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля; палац, гасп. пабудовы і пахавальня ў в. Трылесіна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Аўтар тэарэт. прац «Архітэктурныя канструкцыі ў розных іх варыянтах як прадмет прыгажосці» (1832) і «Планы будоўлі... у розных архітэктурных стылях» (1843).
В.Ф.Марозаў.
А.Ідзкоўскі.А.Ідзкоўскі Кафедральны сабор святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве. Здымак 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́Л (ад лац. integer цэлы),
адно з асн. паняццяў матэматыкі. Узнікла ў сувязі з неабходнасцю рашаць задачы аб узнаўленні функцыі па зададзенай вытворнай (напр., задача адшукання закону руху матэрыяльнага пункта ўздоўж прамой па зададзенай скорасці руху гэтага пункта) і аб вылічэнні плошчаў, аб’ёмаў, работы сілы за зададзены прамежак часу і інш. Гэтыя задачы прыводзяць да паняццяў нявызначанага інтэграла і вызначанага інтэграла. Вывучэнне ўласцівасцей і спосабаў вылічэння розных відаў І. — задача інтэгральнага злічэння. У працэсе развіцця матэматыкі і пад уплывам патрабаванняў прыродазнаўства і тэхнікі паняцце І. ўдакладнялася, змянялася і абагульнялася. Гл. таксама Няўласны інтэграл, Кратны інтэграл, Крывалінейны інтэграл, Паверхневы інтэграл.
Літ.:
Курс вышэйшай матэматыкі. [Ч. 2] Мн., 1997;
Гусак А.А. Высшая математика. Т. 1—2. 2 изд. Мн., 1983—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУЛА́ДЗЕ (Сяргей Саламонавіч) (7.2.1909, г. Ахалцыхе, Грузія — 22.7.1978),
грузінскі графік, тэатр. мастак і жывапісец. Нар. мастак Грузіі (1958), чл.-кар.АМСССР (1958). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1925—30), выкладаў там з 1938. Графічным творам К. ўласціва героіка-рамант. трактоўка вобразаў, скульптурнасць форм (іл. да «Віцязя ў тыгравай шкуры» Ш.Руставелі, 1935—37; «Слова пра паход Ігаравы», 1939, і інш.). Тэатр.работы: афармленне балетаў «Раймонда» А.Глазунова (1945) у Вял. т-ры, «Сінатле» Кіладзе (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948) і оперы «Казанне пра Тарыэля» Ш.Мшвелідзе (1946, Дзярж. прэмія СССР, 1947) у Тбіліскім т-ры оперы і балета. Працаваў таксама як партрэтыст і пейзажыст.
С.Кабуладзе. Ілюстрацыя да паэмы Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры». 1935—37.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАЛЁЎ (Аляксандр Пятровіч) (6.3.1910, г. Рудня Смаленскай вобл., Расія — 1.7.1970),
бел. жывапісец і графік, педагог. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1938). Выкладаў у Віцебскім (1939—41) і Мінскім (1948—52) маст. вучылішчах, Бел.тэатр.-маст. ін-це (1956—70). Працаваў у гіст., быт., батальным жанрах, партрэце, пейзажы. Творам уласцівы выразная пластыка форм, багаты каларыт, рэаліст. трактоўка вобразаў. Сярод твораў: «Гродна. 1939» (1940), «Лагойскі тракт» (1945), «Восень» (1946), «Вясна», «Старая вёска» (абодва 1947), «Сенеж-возера. Вясна» (1957), «Ускраіна Мінска» (1959), «На канікулах» (1966), «Наташа» (1967) і інш. Дасканаласцю малюнка вызначаюцца графічныя работы «Салдат» (1952), «У партызанскім штабе Бацькі Міная» (1953), «Атака» (1960), «Акупанты» (1967) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІБРА́Н ((Malibran) Марыя Фелісіта) (24.3.1808, Парыж — 23.9.1836),
французская спявачка (каларатурнае мецца-сапрана); адна з буйнейшых спявачак 1-й пал. 19 ст. Сястра П.Віярдо-Гарсія. З 1816 вучылася пад кіраўніцтвам бацькі — вак. педагога М.Гарсіі. З 1825 выступала на оперных сцэнах Лондана, Парыжа, гарадоў Італіі. Гастраліравала разам з мужам — Ш.Берыо. Валодала голасам вял. дыяпазону, асабліва выразным і прыгожым у ніжнім рэгістры. Яе выкананне вылучалася імправізацыйнай свабодай, артыстызмам, тэхн. дасканаласцю. Сярод лепшых партый: Норма, Аміна («Норма», «Самнамбула» В.Беліні), Леанора («Фідэліо» Л.Бетховена), Джульета («Рамэо і Джульета» Н.Цынгарэлі), Дэздэмона, Разіна («Атэла», «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Аўтар накцюрнаў для фп., рамансаў і інш. Ёй прысвечана опера амер. кампазітара Р.Р.Бенета «Марыя Малібран» (1935).
М.Малібран у касцюме Дэздэмоны. Партрэт работы мастака Л.Педрацы. 1834.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦКЕ́ВІЧ (Леў Пятровіч) (24.4.1903, г. Орша Віцебскай вобл. — 27.11.1968),
бел. архітэктар. Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1936). З 1945 нам.нач. Упраўлення па справах архітэктуры пры СМ Беларусі, гал. архітэктар Мінска і нач. Упраўлення па справах буд-ва і архітэктуры Мінгарвыканкома. З 1962 выкладаў у БПІ. Працаваў у Расіі: генплан Масквы 1935 (у сааўт.), адм. будынак ін-та «Электрахіммет» (1936—37, у сааўт.) і інш.Асн.работы на Беларусі: генпланы Оршы (1946), Полацка (1946—47), у Мінску — праекты забудовы Незалежнасці плошчы, пл. Я.Коласа, Скарыны праспекта (1947—51), забудовы Машэрава праспекта (1954), вул. Маскоўскай (1948), пл. Кастрычніцкай (1950—55), праект дэталёвай планіроўкі Мінска (да 2000 года; 1954—55, усе ў сааўт.).
Тв.:
Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НДЭЛЬЗОН ((Mendelsohn) Эрых) (21.33.1887, г. Ольштын, Польшча — 15.9.1953),
нямецкі архітэктар. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Мюнхене (1907—11). З 1933 працаваў у Вялікабрытаніі, Палесціне, ЗША (выкладаў у Каліфарнійскім ун-це). Яго творы ў духу стыляў мадэрн і экспрэсіянізм спалучаюць пошукі выразных скульпт.-пластычных арх. форм са строгай функцыянальнасцю планіроўкі і агульнай кампазіцыі (астрафіз. лабараторыя, т.зв. вежа Эйнштэйна ў г. Патсдам, Германія, 1920—21). Больш познія работы набліжаны да архітэктуры функцыяналізму: універмагі ў Нюрнбергу і Штутгарце (1926—28), Калумбусхаўс у Берліне (1929—32); банк у Іерусаліме (1938). Багатай пластычнай фантазіяй вылучаецца шпіталь Майманіда ў Сан-Францыска (ЗША, 1946). Аўтар праекта трыкат. ф-кі «Чырвоны сцяг» у Маскве (1925).
Э.Мендэльзон. Вежа Эйнштэйна ў г. Патсдам, Германія. 1920—21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАЎЁЎ (Валянцін Уладзіміравіч) (н. 28.1.1938, в. Мішнева Новасакольніцкага р-на Пскоўскай вобл., Расія),
бел. радыёфізік. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1989), д-ртэхн.н. (1977), праф. (1978). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1988). Скончыў Ленінградскае вышэйшае інж. марское вучылішча (1960). З 1965 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 19.79 прарэктар). Навук. працы па генерыраванні і ўзмацненні эл.-магн. ваганняў звышвысокіх і надзвычай высокіх частот. Даследаваў механізм узаемадзеяння зараджаных часціц з эл.-магн. палямі ў паўправадніковых прыладах. Распрацаваў тэарэт. асновы работы «кароткіх» дыёдаў Гана; прапанаваў спосаб павышэння стабільнасці частаты генератараў на іх аснове.
Тв.:
Субгармонические бифуркации периода колебаний в диодах Ганна с внешним гармоническим воздействием (разам з В.І.Шалатоніным) // Изв. вузов. Радиоэлектроника. 1993. Т. 36, № 6.