БЕКЕРЭ́ЛЬ (Becquerel),

сям’я франц. фізікаў.

Антуан Сезар (7.3.1788, Шаціён-Каліньі, дэп. Луарэ, Францыя — 18.1.1878), член Парыжскай АН (1829). Асн. працы па люмінесцэнцыі, крышталяоптыцы, магнетызму, тэрмаэлектрычнасці. Аляксандр Эдмон (24.3.1820, Парыж — 11.5.1891), сын Антуана Сезара, член Парыжскай АН (1863), з 1880 яе прэзідэнт. Даследаваў прыроду фотагальванічнага эфекту, аўтар прац па пытаннях фосфарасцэнцыі, фотахіміі, фатаграфіі, атм. электрычнасці і інш. Антуан Анры (15.12.1852, Парыж — 25.8.1908), сын Аляксандра Эдмона, член Парыжскай АН (1889). Даследаванні па электрамагнетызме, оптыцы, фота- і электрахіміі, метэаралогіі. Адкрыў (1896) і даследаваў радыеактыўнае выпрамяненне соляў урану. Нобелеўская прэмія 1903. Яго імем названа адзінка радыеактыўнасці бекерэль. Жан (5.2.1878, Парыж — 4.7.1953), сын Антуана Анры, член Парыжскай АН (1946). Навук. працы па фоталюмінесцэнцыі, магнітаоптыцы, крышталяоптыцы.

Літ.:

Капустинская К.А. Анри Беккерель. М., 1965.

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ МАНІТО́РЫНГ,

міжнародная сістэма сачэння за шырокамаштабнымі, у т. л. агульнапланетарнымі, працэсамі і з’явамі ў біясферы, уключаючы антрапагенныя ўздзеянні на прыроду і іх вынікі, якая ствараецца і развіваецца на базе міжнар. пагадненняў і праграм навук. даследаванняў. Складае арганізац. аснову глабальнага, а таксама базавага, біясфернага і рэгіянальнага маніторынгу (гл. адпаведныя арт.). Агульную ч. глабальнага маніторынгу ажыццяўляе Сусв. метэаралагічная арг-цыя, галіновыя раздзелы — Міжнар. агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), Міжнар. саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Сусв. арг-цыя аховы здароўя, ЮНЕСКА (праграмы «Чалавек і біясфера», «ЮНЕСКА—Чарнобыль»), Міжнар. арг-цыя па пытаннях сельскай гаспадаркі і харчавання, міжнар. служба назіранняў за станам Сусв. акіяна і інш. Намаганні па стварэнні сістэмы М.м. каардынуе Міжнародная Праграма ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП).

т. 10, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГА́ТА (італьян. regata ад riga шэраг, лінія; стартавая лінія),

буйное, звычайна традыц. спаборніцтва па парусным спорце, вяслярным спорце; часам спаборніцтвы па водна-маторным спорце. Складаецца з серыі гонак для суднаў розных класаў.

Адна з першых Р. (Венецыянская Р. гандальераў) адбылася ў 1740. З сярэдзіны 19 ст. Р. праводзяцца ў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Францыі, Швейцарыі, з канца 19 ст. — у ЗША, Канадзе, краінах Лац. Амерыкі, Расіі, сканд. краінах і інш. Найб. вядомыя — Хенлейская каралеўская Р. па акад. веславанні (з 1839, на р. Тэмза паблізу Лондана), Кільская парусная Р. (1897, Кільская бухта Балт. м., Германія). На Алімп. гульнях праводзяцца Р. па парусным спорце (серыя з 7 гонак) і перадалімпійскія спаборніцтвы. Гл. таксама Веславанне акадэмічнае. Веславанне на байдарках і каноэ.

т. 13, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯСЛЯ́РНЫЯ РАБО́ТЫ,

будаўнічыя работы па вырабе і ўстаноўцы драўляных канструкцый і дэталей. Характарызуюцца менш дакладнай (у адрозненне ад сталярных работ) апрацоўкай вырабаў з драўніны.

Да Ц.р. адносяцца работы па ўзвядзенні драўляных фундаментаў (паляў), сцен, перагародак, падлог, элементаў каркасаў і перакрыццяў будынкаў, дахаў, а таксама па вырабе драўляных канструкцый інж. збудаванняў (мастоў, плацін, эстакад, горных мацаванняў), дапаможных прыстасаванняў (буд. рыштаванняў, апалубкі і інш.), па зборцы шчытавых дамоў і г.д. Пры Ц.р. выкарыстоўваюць дыскавыя электрапілы, электрасвердлы, інш. дрэварэзальны інструмент, ручныя машыны (гл. Сталярна-цяслярскі інструмент). Элементы канструкцый злучаюць паміж сабой пераважна ўрубкамі, спец. стрыжнямі (нагелямі), цвікамі і водатрывалымі кляямі. Даўгавечнасць драўляных вырабаў і канструкцый павышаюць апрацоўкай антысептычнымі сродкамі і інсектыцыдамі, нанясеннем вогнеахоўных пакрыццяў.

Літ.:

Крейндлин Л.Н. Плотничные работы. 4 изд. М., 1985.

т. 17, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́ШКА Герасім Васілевіч (3.3.1900, в. Паддубнае Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. —6.1.1942),

бел. архітэктар. Скончыў Ін-т грамадз. інжынераў у Петраградзе (1918—24). З 1924 у трэсце Мінбуда (у 1931—33 тэхн. дырэктар). У 1936—41 гал. архітэктар Мінска. Асн. работы: у Мінску — будынкі АТС (не захаваўся), Цэнтр. рабочай паліклінікі па вул. Мяснікова, кінатэатра «Пралетарый» па вул. Савецкай (з В.​Струевым, не захаваўся; усе 1930), жылы дом АН Беларусі (1935, з С.​Гейдукевічам), школа №4 па вул. Чырвонаармейскай (1936), 120-кватэрны жылы дом гарсавета па праспекце Скарыны (1937), будынак політэхн. тэхнікума (1938), гасцініца Бел. ваен. акругі (1939); будынак школы ў г. Барысаў Мінскай вобл. (1930), жылы дом НКУС у Магілёве (1940) і ІНШ.

В.​М.​Чарнатаў.

т. 18, кн. 1, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЙЛЬ (Weyl) Герман (9.11.1885, г. Эльмсгорн, Германія — 8.12.1955),

нямецкі матэматык. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1908). Праф. Цюрыхскага політэхн. ін-та (1913—30), Гётынгенскага ун-та (1930—33). З 1933 у Прынстанскім ін-це перспектыўных даследаванняў (ЗША). Навук. працы па трыганаметрычных шэрагах і шэрагах па артаганальных функцыях, тэорыі функцый комплекснага пераменнага, дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненнях, па тэорыі неперарыўных груп і іх выкарыстанні ў геаметрыі і фізіцы.

Літ.:

Яглом Н.М. Герман Вейль. М., 1967.

т. 4, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫН (Green) Джордж (14.7.1793, Снейнтан, цяпер у межах г. Нотынгем, Вялікабрытанія — 31.3.1841),

англійскі матэматык. Самастойна вывучаў матэматыку, потым скончыў Кембрыджскі ун-т (1837). Навук. працы па матэм. фізіцы. Развіў тэорыю электрычнасці і магнетызму, увёў паняцце патэнцыялу, устанавіў сувязь паміж інтэграламі па аб’ёме і па паверхні, што абмяжоўвае гэты аб’ём (гл. Грына формулы), вывеў асн. ўраўненне тэорыі пругкасці. Яго імем названа т.зв. функцыя распаўсюджвання (гл. Грына функцыя).

Літ.:

Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. М., 1969.

т. 5, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЕРНЫ СПОРТ,

спартыўныя гонкі на буерах па лёдзе ці сушы з роўнай паверхняй. Узнік у канцы 18 — пач. 19 ст. ў ЗША. З 1875 дзейнічаюць правілы спаборніцтваў па буерным спорце, вызначаны класы буераў. У 1931 створаны Еўрап. буерны саюз. Першыя спарт. спаборніцтвы ў Расіі праведзены ў 1890 у Пецярбургу, з 1946 праходзілі чэмпіянаты СССР. Праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, Амерыкі, з 1964 — свету. Гонкі на буерах па лёдзе папулярныя ў ЗША, Канадзе, Расіі, краінах Балтыі, Скандынавіі і інш.

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАНТЭ́ (Volonté) Джан Марыя (н. 9.4.1933, г. Мілан, Італія),

італьянскі акцёр. Скончыў Нац. акадэмію тэатр. мастацтва (1957). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1951. З 1960 у кіно. Здымаецца ў вострасацыяльных («Чалавек, якога трэба знішчыць», «Тэрарыст»), прыгодніцкіх («За некалькі лішніх долараў», «Хто ведае?» — у сав. пракаце «Залатая куля»), палітычных («Кожнаму сваё», «Бандыты ў Мілане», «Следства па справе грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі» — у сав. пракаце «Справа грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі», «Сака і Ванцэці», «Джардана Бруна») і інш. фільмах.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕРАЦКО́ЎСКІ Мікалай Якаўлевіч (1750, с. Азерацкае Загорскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.3.1827),

рускі натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1782). У 1768—72 удзельнічаў у акад. экспедыцыі па вывучэнні прадукц. сіл. Расіі. У 1773 працаваў на Беларусі, сабраў матэрыял пра стан гаспадаркі, побыт насельніцтва, прыроду, склаў гербарыі раслін Віцебскай губ. (400 відаў) і заал. калекцыі. Падарожнічаў па Анежскім і Ладажскім азёрах, воз. Ільмень, вярхоўях Волгі, воз. Селігер. Аўтар каля 100 навук. прац па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі і археалогіі.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)