ЛЕЙКАДЭ́РМА (ад грэч. leukos белы + дэрма),
парушэнне пігментацыі скуры ў выніку змяншэння ці знікнення ў ёй пігменту меланіну. Праяўляецца ў выглядзе шматлікіх больш светлых за колер скуры плям невял. памераў. Адрозніваюць Л. лекавую, прафесійную (пад уздзеяннем хім. рэчываў) і сіфілітычную пры другасным рэцыдыўным сіфілісе. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 9, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПАМЕТРЫ́Я (грэч. lipometria ад liepō не хапаць + metron памер),
замена склада паўзай у пачатку стопнага вершаванага радка. Робіць больш разнастайным рытмічна-інтанацыйны малюнак верша.
Па сялі́бах непрабу́дны
Згі́нуў со́н,
Прад вачы́ма шлях у со́нцы
Но́вых дзё́н.
(Я.Купала. «Здаецца ж, было гэта ўчора...»)
А.А.Майсейчык.
т. 9, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТРА (грэч. litra),
1) стараж. сіцылійская адзінка масы (вагі) y 1 фунт (1/240, пазней 1/120 таланта) і манета (прыкладна з 400 да н.э.), якая спачатку білася з медзі, пазней з серабра і золата.
2) Візант. фунт — асн. вагавая адзінка Візант. імперыі, роўная рымскаму фунту — лібры.
т. 9, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСКО́П (ад мана... + грэч. skopeō гляджу),
перадавальная электронна-прамянёвая прылада з нанесеным на паверхню мішэні нерухомым відарысам тэлевізійнай выпрабавальнай табліцы. Выкарыстоўваўся як крыніца стандартных сігналаў для праверкі і настройкі рознай тэлевізійнай апаратуры. Заменены на больш дасканалыя электронныя генератары выпрабавальных сігналаў, у т. л. на аснове мікра-ЭВМ.
т. 10, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ГА... (ад грэч. megas вялікі), 1) першая састаўная частка складаных слоў, што паказвае на вял. памер чаго-небудзь (напр., мегаспора, мегаліты).
2) Дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 106 зыходным адзінкам. Пазначаецца М. Напр., 1 МВт = 106 Вт, 1 МэВ = 106 эВ.
т. 10, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАПІ́ЛЕ (ад мікра... + грэч. pylē уваход, адтуліна),
у жывёл — адтуліна ў шчыльных яйцавых абалонках, праз якую сперматазоід пранікае ў яйцо. Колькасць М. ад 1 да некалькіх дзесяткаў. Бывае ў насякомых, малюскаў, рыб і інш. У раслін М. — вузкі канал у покрыве семязавязі, праз які пранікае пылковая трубка.
т. 10, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСПО́РА (ад мікра... + грэч. spora, семя, пасеў),
дробная спора разнаспоравых папарацепадобных, дзеразападобных і насенных раслін. Утвараецца ў мікраспарангіях шляхам меёза, мае гаплоідны набор храмасом. У папарацей і дзеразы з М. прарастае моцна рэдукаваны мужчынскі гаметафіт (зарастак) з палавымі органамі — антэрыдыямі. У насенных раслін М. адпавядае пылковае зерне.
т. 10, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАЦЫ́ДЫЙ (ад грэч. meirakidion хлопчык),
першая лічынкавая стадыя трэматодаў. Даўж. да 0,3 мм. Цела ўкрыта раснічкамі. Выходзіць з яйца ў вадзе, некат. час плавае, потым пранікае ў цела прамежкавага гаспадара (звычайна малюска) і ператвараецца ў спарацысту (першае паразітычнае партэнагенетычнае пакаленне). У монагенетычных смактуноў падобная лічынка — онкамірацыдый.
т. 10, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯПА́ТЫЯ (ад мія... + грэч. pathos пакута, хвароба),
група спадчынных хвароб мышцаў, праявамі якіх з’яўляюцца атрафія, мышачная слабасць, зніжэнне мышачнага тонусу, сухажыльных рэфлексаў (да адсутнасці). У аснове развіцця — парушэнне абмену ў мышачных клетках, змены сінтэзу нуклеінавых к-т і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае, лячэбная фіз. культура, масаж, фізіятэрапія.
т. 10, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛАГІ́ЗМ (ад грэч. paralogismos памылковы вывад),
ненаўмысная лагічная памылка, звязаная з парушэннем законаў і правіл логікі. Пазбаўляе разважанне доказнай сілы і звычайна прыводзіць да памылковых заключэнняў. Адрозніваюць ад сафізму — памылкі, якая робіцца наўмысна, з мэтаю ўвесці ў зман апанента, абгрунтаваць няправільнае сцвярджэнне і інш. (гл. Сафістыка).
т. 12, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)