КАМЕРУ́Н (Cameroon, Cameroun),

вулканічны масіў у Афрыцы, каля берагоў Гвінейскага заліва. Тэр. дзяржавы Камерун. Выш. 4070 м. Трахібазальтавы стратавулкан са шматлікімі бакавымі конусамі і кратэрамі. Гал. вяршыня — дзеючы конус Фака (апошняе вывяржэнне ў 1959). На зах. і паўд.-зах. схілах выпадае найб. ў Афрыцы колькасць ападкаў (каля 10 000 мм за год). Ніжняя ч. схілаў занята экватарыяльнымі лясамі, часткова плантацыямі, вышэй — горныя лясы і лугі.

т. 7, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НТАР (ад лац. cantor спявак),

першапачаткова пеўчы ў касцёле, пазней — спявак у прыдворнай капэле, настаўнік музыкі ў каталіцкіх і пратэстанцкіх духоўных навуч. установах, гар. школах. У пратэстантаў К. ствараў таксама музыку для царк. службаў і гар. урачыстасцей і кіраваў муз. выкананнем. Часам К. узначальваў усё муз. жыццё горада (да канца 18 ст.; напр., І.​С.​Бах). У яўр. сінагозе — гал. спявак хору (наз. таксама хазан).

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБО́К (Lombok),

востраў у складзе Малых Зондскіх астравоў, тэр. Інданезіі. Пл. каля 5 тыс. км² На Пн горы з вулканам Рынджані (выш. 3726 м), у сярэдняй ч. ўзгорыстыя раўніны, на Пд вапняковае плато выш. да 716 м. Клімат экватарыяльны мусонны, летам вільготны. Пераважаюць саванны і рэдкалессі. Лясы высока ў гарах. Вырошчваюць какосавыя пальмы, каву, рыс, тытунь. Радовішчы свінцовых і цынкавых руд. Гал. горад — Матарам.

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́КІНТАС, Закінф,

(Zakynthos), востраў у Іанічным м., самы паўднёвы ў групе Іанічных астравоў. Тэр. Грэцыі. Пл. 408 км². Аддзелены ад п-ва Пелапанес пралівам Закінтас (шыр. каля 20 км). Зах. палова вострава гарыстая (вапняковы масіў выш. да 756 м), зараснікі маквісу і фрыганы; на У узгорыстая раўніна з садамі, вінаграднікамі, гаямі аліваў. Клімат міжземнаморскі, ападкаў да 1000 мм за год. Радовішча асфальту. Гал. горад і порт Закінтас.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЖЭ́ЦКІ (Іосіф Альбертавіч) (1800, г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 10.2.1869),

ваенны інжынер Ген.-лейт. (1864). Скончыў Віленскі ун-т (1826), Пецярбургскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1829). З 1830 у марской буд. часці ў Кранштаце. Аўтар праектаў гал. фортаў, а з 1850 — будаўнік (кіраўнік усіх буд. работ) Кранштацкай крэпасці. Аўтар праектаў Балт. порта і гандл. порта на Кананерскім в-ве ў Пецярбургу.

т. 6, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ЎНУ́ТРАНЫ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у цэнтр. частцы ЗША, у штатах Канзас, Аклахома, Аява, Небраска, Місуры, Тэхас. Пл. каля 750 тыс. км². Радовішчы нафты адкрыты ў 1860, прамысл. асваенне з 1887. Адкрыта каля 5000 радовішчаў нафты і больш за 1600 газу. Нафтагазаносныя паклады палеазою. Гал. радовішчы: нафтагазаносныя — Аклахома-Сіці, Уэст-Эдманд, Панхандл, Эльдарада, газавыя — Х’югатан, Мокейн-Лаверн. На тэр. басейна сетка нафта-, газа- і прадуктаправодаў.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЯНКО́ВА (Ганна Паўлаўна) (н. 14.1.1923, С.-Пецярбург),

бел. харавы дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1948, клас А.Ягорава). З 1949 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У 1950—63 адначасова маст. кіраўнік і гал. дырыжор Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё, які пад яе кіраўніцтвам дасягнуў высокага маст. ўзроўню. Сярод яе вучняў М.Дрынеўскі, А.Кагадзееў, А.​Лукомскі, Т.​Дзядзюля, Л.​Іконнікава і інш.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАРДА́Н (Jordanes, Jordanis),

остгоцкі гісторык 6 ст. Служыў у аланскага военачальніка, пазней, як мяркуюць, стаў епіскапам. Гал. праца І. «Пра паходжанне і дзеянні гетаў» (даведзена да 551) — важная крыніца па гісторыі готаў, Паўн. Прычарнамор’я і перыяду Вялікага перасялення народаў. Пераказаў падзеі, апісаныя гоцкім гісторыкам Касіядорам, выкарыстаў таксама эпас готаў, асабістыя назіранні. Праца мае каштоўныя звесткі з гісторыі інш. народаў і плямён, у т. л. стараж. славян.

т. 7, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГНАЦЕ́НКА (Рыгор Канстанцінавіч) (н. 20.11.1930, в. Вусаўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Народны ун-т мастацтваў у Маскве (1980). Друкуецца з 1961. Гал. тэма твораў — гармонія ва ўзаемаадносінах чалавека і прыроды. Аўтар зб-каў «Лясныя тынкоўшчыкі» (1964), «Урок у лесе» (1965), «Ластаўчына затока» (1967), «Рабчыкі спяваюць» (1970), «На заечых сцежках» (1973), «Дзе матылькі зімуюць» (1974), «Карабель вясны» (1980), «У зімовым садку» (1981) і інш.

т. 7, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕТАРЫ́ЗМ,

эканамічная тэорыя і практычная канцэпцыя эканам. кіравання дзяржавай, паводле якой вызначальную ролю ў эканам. працэсах адыгрывае колькасць грошай у абарачэнні і сувязь паміж грашовай і таварнай масамі. Прыхільнікі М. разглядаюць у якасці гал. спосабаў уздзеяння на эканоміку рэгуляванне эмісіі, валютны курс нац. грашовай адзінкі, крэдытны працэнт, падатковыя стаўкі, мытныя тарыфы. Узнікненне М. звычайна звязваецца з імем М.Фрыдмана і заснаванай ім Чыкагскай школай у палітэканоміі.

т. 10, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)