КУЛІ́К (Рыгор Іванавіч) (9.11.1890, хутар Дуднікава, цяпер Палтаўская вобл., Украіна — 24.8.1950),

савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1940). Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). У арміі з 1912, удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. 3 мая 1937 нач. артыл. ўпраўлення РСЧА. З 1939 нам. наркома абароны СССР і нач. Гал. артыл. ўпраўлення. Вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40. У пач.

Вял. Айч. вайны прадстаўнік Стаўкі Гал. камандавання на Зах. фронце, у раёне г. Беласток трапіў у акружэнне. Са жн. 1941 камандуючы 54-й арміяй на Ленінградскім, потым на Варонежскім і Сцяпным франтах. У сак. 1942 за пралікі ў камандаванні войскамі паніжаны ў званні да ген.-маёра. Пасля 1944 нам. начальніка Гал. ўпраўлення фарміравання і камплектавання войск РСЧА, нам. камандуючага войскамі Прыволжскай ваен. акругі. З 1946 у адстаўцы. 11.1.1947 арыштаваны па лжывым абвінавачанні ў «антысав. варожай дзейнасці». Расстраляны паводле прыгавору ваен. калегіі Вярх. суда СССР. У крас. 1956 рэабілітаваны. У 1957 пасмяротна адноўлены ў званні Маршала Сав. Саюза.

Літ.:

Г.​И.​Кулик: [Публикация автобиогр. военачальника от 1939 г.] // Военно-ист. журн. 1990. № 3;

Шумейко Ю. Кулик // Коммунист Вооруженных Сил. 1990. № 10;

Печенкин А. И ордена, и тюрьма: Роковая карьера маршала Кулика // Родина. 1996. № 6.

т. 9, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСААВІЯХІ́М, Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву,

масавая добраахвотная грамадская арг-цыя ў СССР у 1927—48. Асн. задача — распаўсюджванне ваен. ведаў сярод насельніцтва. У 1948 замест АСААВІЯХІМа створаны 3 самастойныя т-вы, якія ў 1951 аб’яднаны ў ДТСААФ.

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУТ (Дэцым Юній Альбін) (Decimus Junius Albinus Brutus; каля 84—43 да н.э.),

рымскі паліт. і ваен. дзеяч, адзін з военачальнікаў Цэзара. У часы грамадз. вайны 48—47 намеснік Трансальпінскай Галіі. Удзельнічаў у змове супраць Цэзара ў 44 да н.э.

т. 3, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРДА́НКА,

адназарадная вінтоўка калібру 10,67 мм. Распрацавана амер. вынаходнікам Х.​Берданам. Удасканалена ў 1860-я г. рус. ваен. інжынерамі А.​П.​Горлавым і К.​І.​Гуніусам у ЗША, дзе атрымала назву «руская вінтоўка». Была на ўзбраенні рус. арміі ў 1868—91.

т. 3, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЖЫНЕ́РНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ ваенныя,

фартыфікацыйныя збудаванні, ваен. дарогі, масты, аэрадромы, макеты несапраўдных (падманных) аб’ектаў і інш., якія ўзводзяцца пры інж. абсталяванні мясцовасці ў розных відах бою (аперацыі). Бываюць жалезабетонныя (маналітныя і зборныя), дрэва-земляныя, бранявыя і інш. Гл. таксама Загароды ваенныя.

т. 7, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСТА́ННЕ,

масавае ўзброенае выступленне супраць пануючых класаў у абарону класавых або нац. інтарэсаў. Адрозніваюць: масавае рэв. ўзброенае П. з мэтай заваявання паліт. улады; бунт — стыхійнае, неарганізаванае выступленне мас; путч — выступленне гал. чынам афіцэрскіх груп для ўстанаўлення ваен. дыктатуры, а таксама мяцеж.

т. 12, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕТАНО́СНАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,

ва ўзброеных сілах шэрагу краін назва ваен. авіяцыі, аснашчанай самалётамі-ракетаносцамі і верталётамі (з 1980-х г.), якія здольны прымяняць кіроўныя і некіроўныя ракеты розных класаў і прызначэння («паветра—зямля», «паветра—паветра» і «паветра—карабель»), Гл. таксама Ракета-носьбіт.

т. 13, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЧКО́Ў (Віктар Міхайлавіч) (11.11.1900, в. Казіміраўская Слабодка Жлобінскага р-на Гомельскай вобласці — 1981),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). У Чырв. Арміі з 1919, з 1922 у пагранвойсках АДПУ, у 1938—59 на адказных пасадах у органах МУС СССР.

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗІНФАРМА́ЦЫЯ (ад дэз... + інфармацыя),

ілжывая, заведама няправільная інфармацыя; свядомае распаўсюджванне скажоных звестак, паведамленняў для дасягнення паліт., ваен. і інш. мэт, увядзення ў зман праціўніка, пазбаўлення правільнай арыентацыі людзей, тых або інш. сіл, арг-цый у бягучых падзеях паліт. жыцця (гл. таксама Дэзарыентацыя).

т. 6, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗУС БЕ́ЛІ (лац. casus belli),

непасрэдная фармальная падстава для ўзнікнення вайны паміж дзяржавамі. У мінулым К.б. лічыўся законнай падставай для пачатку ваен. дзеянняў і апраўдання вайны, служыў мэтам замаскіравання яе сапраўдных прычын. Разам з ліквідацыяй права на вайну зніклі і падставы для К.б.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)