МАЗЫ́РСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ «Мазырсельмаш». Створаны ў 1928 у г. Мазыр Гомельскай вобл. як арцель «Молат». У Вял. Айч. вайну абсталяванне часткова эвакуіравана, астатняе знішчана. У 1944 арцель адноўлена, у 1956 перайменавана ў ліцейна-механічны з-д. З 1974 з-д машынабудавання для птушкагадоўчых комплексаў і ферм «Мазырптушкамаш». У 1980—90 прадпрыемства поўнасцю рэканструявана. З 1988 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): катлы быт. для ацяплення жылых дамоў, вадагрэйныя калонкі, цеплагенератары для паветр. ацяплення і вентыляцыі с.-г. і інш. аб’ектаў, воданагравальныя ўстаноўкі для вадзянога ацяплення будынкаў і для атрымання гарачай вады.

т. 9, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАПЛАЗМО́ЗЫ МОЧАПАЛАВЫ́Х О́РГАНАЎ,

група інфекцыйных хвароб чалавека, якія выклікаюць патагенныя бактэрыі мікаплазмы. Перадаюцца палавым рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд 7—14 дзён. Імунітэт 5—10 і больш гадоў. Крыніца — хворы чалавек ці носьбіт мікаплазмаў. Узбуджальнік укараняецца ў арганізм праз слізістую абалонку мочапалавых органаў і выклікае развіццё урэтрыту, прастатыту, вагініту і інш. хвароб. Спецыфічныя праявы мала адрозніваюцца ад ганарэі, трыхаманозу. Працякаюць пераважна ў хранічнай форме, тарпідна (схавана). Выклікаюць у жанчын заўчасныя роды, ліхаманку (у час родаў і пасляродавы перыяд), у мужчын — марфал. змены ў сперматазоідах і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ТОНКАСУКО́ННЫ КАМБІНА́Т.

Пабудаваны ў 1947 (1-я чарга) у Мінску; у 1959 пушчана 2-я чарга. Складаўся з 3 цэхаў: прадзільнага, ткацкага і аддзелачнага. У 1959—65 тэхналагічна пераабсталяваны. У 1975—78 пабудаваны і ўведзены ў дзеянне ткацка-аддзелачны, быт. і адм. карпусы на новай вытв. пляцоўцы. На старой пляцоўцы праведзена поўная рэканструкцыя і створана прадзільная ф-ка. У 1981 М.т.к. перайменаваны ў Мінскае вытв. тонкасуконнае аб’яднанне. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Сукно». Асн. прадукцыя (1999): мэблевыя, аблегчаныя касцюмныя, жакардавыя і шарсцяныя палітовыя тканіны, жакардавыя і шарсцяныя коўдры.

т. 10, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ ЗАВО́Д ГА́ЗАВАЙ АПАРАТУ́РЫ.

Засн. ў 1944 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. як райпрамкамбінат, з 1960 з-д «Металіст», з 1966 сучасная назва, з 1994 адкрытае акц. т-ва. У 1967 уведзены ў дзеянне цэх прылад і рэканструяваны механазборачны, у 1971 рэканструяваны цэх газавых балонаў. У 1976 асвоены выпуск парашковых вогнетушыцеляў для аўтамабіляў. З 1977 працуе цэх па вытв-сці камплектаў вузлоў і дэталей. Асн. прадукцыя (1999): газавыя балоны, апаратура (вентылі, рэдуктары, клапаны), вогнетушыцелі, газабалонныя сістэмы для аўтамабіляў, газавыя воданагравальныя калонкі і быт. прылады.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ВРАЦІЛЬ (Navrátil),

Іозеф (17.2.1798, Слані каля г. Кладна, Чэхія — 21.4.1865), чэшскі жывапісец; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Пражскай АМ (1819—23). Аўтар манум. размалёвак у замках у Лібехаве (1838—43), Кленаве (1840), Йірні (1845—47, 1857), Плошкавіцы (1853—54), будынках Новай мукамольні (1847—50) і доме Ваўры (1847) у Празе. Пісаў невял. па памерах пейзажы, нацюрморты, карціны быт. жанру, якія вызначаюцца свабоднай лепкай формы і сакавітым каларытам: серыя «Паляванне на ліса», «Вадаспад у вёсцы», «Маці з дзіцем», «Малочніца на вуліцы», «Сцэна ў стылі ракако», «Танцоўшчыцы», «Селядцы на талерцы» і інш.

т. 11, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́НЬКАВА,

вёска ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., на р. Рапуса, каля аўтадарог Негарэлае—Самахвалавічы і Дзяржынск—Возера. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПдУ ад г. Дзяржынск, 38 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Койданава. 1832 ж., 684 двары (2001). Адкрытае акц. т-ва «Еўрамост». Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Свята-Мікалаеўская царква (1858). Брацкія магілы чырвонаармейцаў, якія загінулі ў грамадз. вайну, сав. воінаў. Магіла М.​І.​Казея. Помнік архітэктуры — Станькаўскі сядзібна-паркавы ансамбль.

т. 15, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУДЗЁНКАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., за 1,5 км на ПнУ ад в. Студзёнка. Створана ў 1980 на пойме р. Грэза (35 км ад вусця). Пл. 0,32 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 7,5 м, аб’ём вады 1 млн. м³. Сярэдні шматгадовы сцёк 12,6 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 1,4 км. Наліўное. Напаўняецца вадой з р. Грэза па водападводным канале даўж. 500 м. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 3 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, гасп.-быт. і проціпажарных мэт.

т. 15, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАВА́РЫ НАРО́ДНАГА СПАЖЫВА́ННЯ, спажывецкія тавары,

прадукцыя для продажу насельніцтву з мэтай выкарыстання яе для задавальнення матэрыяльных і культурных патрэбнасцей; сукупнасць прадуктаў спажывання. Адрозніваюць харч. і нехарч, Т.н.с. Харчовыя — гэта прадукты харчавання; хлебныя, малочныя, мясныя, рыбныя, бакалея, агародніна, садавіна і інш. Пералік і структура іх асартыменту мяняецца з развіццём вытв-сці, ростам тавараабароту, імпарту і інш. Да нехарчовых адносяцца тавары культ.-быт. і гасп. прызначэння, прадукцыя лёгкай прам-сці і г.д. Некаторыя віды прадукцыі адначасова бываюць вытв.-тэхн. прызначэння і Т.н.с. (тканіна, буд. матэрыялы, інструменты па апрацоўцы розных матэрыялаў і інш.).

т. 15, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́ЦІ (Fetti, Feti) Даменіка (каля 1588, Рым — 16.4.1623), італьянскі жывапісец. Вучыўся ў Рыме ў Л.​Чыголі. Зазнаў уплыў Караваджа, А.Эльсхаймера, майстроў венецыянскай школы 16 ст. З 1613 прыдворны мастак герцага Фердынанда Ганзага ў Мантуі, з 1622 працаваў у Венецыі. Творчасці ўласцівы тонкія па каларыстычным вырашэнні карціны, у якіх сюжэты міфалаг. («Геро і Леандр»), Старога і Новага Запаветаў трактуюцца як быт. сцэны, змешчаныя ў пейзажы або інтэр’еры, эмацыянальна сугучныя перажыванням персанажаў: «Вылячэнне Тавіта», «Прытчы», «Уцёкі ў Егіпет». Творы вылучаюцца прастатой і яснасцю кампазіцыі, свабоднай манерай пісьма.

Д.Феці. Геро і Леандр.

т. 16, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХОХ, Хоах (Hooch, Hoogh) Пітэр дэ (хрышчаны 20.12.1629, г. Ротэрдам, Нідэрланды — каля 1685), галандскі жывапісец. Вучыўся ў К.​Берхема ў Харлеме (каля 1646—49). Працаваў у Дэлфце і Амстэрдаме. Зазнаў уплыў харлемскіх жанрыстаў Ф.Халса, Я.Вермера і К.​Фабрыцыуса. Пісаў паэтычна адухоўленыя быт. сцэны, якія вылучаюцца залацістым каларытам, унутр. засяроджанасцю: «Раніца маладога чалавека», «Дворык», «Гульцы ў карты» (абедзве 1658), «Дама з двума кавалерамі», «Гаспадыня і служанка ў дворыку», «Маці ля калыскі» (усе каля 1660).

Літ.:

Цырлин И. Питер де Хоох. М., 1955.

П. дэ Хох. Гаспадыня і служанка ў дворыку. Каля 1660.

т. 17, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)