САЦІ́ ((Satie) Эрык Альфрэд Леслі) (17.5.1866, г. Анфлёр, Францыя — 1.7.1925),
французскі кампазітар. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі, у «Схола канторум» (1905—08). Паўплываў на эстэт. прынцыпы творчай групы «Шасцёрка», але пазней адышоў ад яе. У пач. 1920-х г. адзін са стваральнікаў Аркейскай школы (аб’яднанне маладых музыкантаў). Яго творчасці ўласцівы навізна, прастата, наўмысная экстравагантнасць, супярэчлівасць (адыграў значную ролю ў фарміраванні імпрэсіянізму, аднак пазней быў у апазіцыі да яго). Сярод твораў: сімф. драма са спевам «Сакрат» (1918), балеты, у т. л. «Парад» (у садружнасці з Ж.Както і П.Пікасо, 1917), «Эксцэнтрычная прыгажуня» (1920), аперэты, творы для аркестра, хору, фп. творы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕ́ЎК І НІКА́ТАР (грэч. Seleukos Nikatōr «Пераможца», каля 358—281 або 280 да н.э.),
заснавальнік дынастыі Селеўкідаў і Селеўкідаў дзяржавы. Палкаводзец Аляксандра Македонскага, пасля смерці якога атрымаў (у 321) пад уладу сатрапію Вавілонія, дзе замацаваўся ў 312 (312 да н.э. — пачатак т. зв. селеўкідскай эры). У выніку барацьбы з інш.дыядохамі, далучыў да сваіх уладанняў Мідыю, Сузіяну, Персіду, пазней Бактрыю; у 305 абвясціў сябе царом. Выйграў бітву пры Іпсе (301) і захапіў Месапатамію і Сірыю; пасля перамогі над Лісімахам пры Курупедыі (Карупедыён) заняў амаль усю М. Азію. Для заваявання Фракіі і Македоніі С. з войскамі пераправіўся цераз Гелеспонт (Дарданелы), але быў забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛІКА́ТНАЯ ЦЭ́ГЛА,
цэгла, атрыманая прасаваннем увільготненай сумесі кварцавага пяску (90—92%) і гашанай вапны (8—10%) з наступнай апрацоўкай у аўтаклаве. Па мех. уласцівасцях набліжана да глінянай абпаленай цэглы, але менш вода- і гарачаўстойлівая.
Аўтаклаўная апрацоўка адбываецца пры т-ры 175—190 °C і ціску 0,8—16 МПа, пасля чаго С.ц. 10—12 сут вытрымліваецца на паветры для карбанізацыі вапны Вырабляюць адзінарную (250 × 120 × 65 мм), модульную (250 × 120 × 88 мм), а таксама ў выглядзе пустацелых сілікатных блокаў (250 × 120 × 138 мм) Выкарыстоўваюць для муроўкі вонкавых і ўнутр. канструкцый у надземнай частцы будынкаў з нармальным і вільготным рэжымамі эксплуатацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМАХІ́Я (грэч. symmachia ад syn разам + machomai ваюю),
у Старажытнай Грэцыі ваенны саюз, які заключаўся паміж полісамі. Першыя С. ўзніклі ў 6 ст. да н.э. Полісы-саюзнікі абавязваліся разам весці ваен. дзеянні, мелі агульную казну, шэраг органаў кіравання (напр., сінод — агульнасаюзны сход, сінедрыён — савет прадстаўнікоў полісаў-саюзнікаў), вырашалі разам агульныя справы. Фармальна ўсе члены С. захоўвалі поўную аўтаномію, але фактычна больш слабыя ўдзельнікі дагавора павінны былі адмаўляцца ад самастойнай знешняй палітыкі і траплялі ў залежнасць ад поліса, які ўзначальваў С. Найб. вядомыя С.: на чале са Спартай (Пелапанескі саюз), Афінамі (Дэлоскі саюз), Фівамі (Беатыйскі саюз), Мегалопалем (Аркадскі саюз), Ахейскі саюз, Эталійскі саюз і Карынфскі саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАІ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ [міжнар назва Stratus (St)],
шэры воблачны слой з дастаткова аднароднай асновай, з якога могуць выпадаць імжа, ледзяныя іголкі і снежныя зерні. Часта ніжняя паверхня гэтых воблакаў бывае парванай, касмыкаватай. Звычайна закрываюць усё неба шэрай заслонай, але зрэдку могуць назірацца ў выглядзе парваных воблачных мас. Размешчаны на выш. да 2 км. Складаюцца пераважна з кропель (пры нізкіх т-рах пераахалоджаных). Узнікаюць у выніку ахаладжэння паветра ад подсцільнай паверхні і дадатковага ахаладжэння ў працэсе турбулентнасці; на ўтварэнне ўплывае і турбулентны перанос вадзяной пары знізу і ўвільгатненне паветра ападкамі, якія выпадаюць з воблакаў інш. тыпаў. З найб. магутных і шчыльных С.в. выпадаюць слабыя ападкі. Гл. таксама Воблакі, Воблачнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922,
міжнародная канферэнцыя па эканам. і фін. пытаннях. Асн. яе мэта — пошукі шляхоў эканам. аднаўлення Цэнтр. і Усх. Еўропы пасля 1-й сусв. вайны. Адбылася 10.4—19.5.1922 у г. Генуя (Італія). Удзельнічалі 29 дзяржаў (у т. л. РСФСР) і 5 дамініёнаў Вялікабрытаніі. Дэлегацыя Сав. Расіі (узначальваў Г.В.Чычэрын) прадстаўляла на Генуэзскай канферэнцыі інтарэсы і інш.сав. рэспублік, у т. л.БССР. Прадстаўнікі вядучых краін Еўропы запатрабавалі ад Сав. Расіі прызнаць усе даўгі і фінансавыя абавязацельствы царскага і Часовага ўрадаў, вярнуць нацыяналізаваныя прадпрыемствы замежным уладальнікам, адмяніць манаполію знешняга гандлю. Дэлегацыя РСФСР адхіліла гэтыя прэтэнзіі і патрабавала кампенсаваць ёй страты ад іншаземнай інтэрвенцыі і эканам. блакады. Сав. дэлегацыя не дамаглася анулявання даўгоў, атрымання крэдытаў, прызнання Сав. дзяржавы дэ-юрэ. Але яна заключыла 16.4.1922 у Рапала (каля Генуі) дагавор паміж РСФСР і Германіяй, які аднаўляў паліт., дыпламат. і эканам. сувязі паміж імі. У лютым 1922 умовы Рапальскага дагавора распаўсюджаны і на БССР, Германія была другой пасля Польшчы і апошняй замежнай краінай, якая прызнала БССР дэ-юрэ.
Імкнучыся выкарыстаць Генуэзскую канферэнцыю, каб дамагчыся міжнар. прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада міністраў БНР адправіла ў Геную дэлегацыю ў складзе старшыні Рады міністраў В.Ластоўскага і міністра замежных спраў А.Цвікевіча. Перад ёй былі пастаўлены задачы: узняць пытанне аб пераглядзе Рыжскага мірнага дагавора 1921; дамагчыся ўключэння ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі пытанняў аб незалежнасці Беларусі, аб кампенсацыі страт, нанесеных Беларусі 1-й сусв. вайной. Бел. пытанне разглядалася на паліт. камісіі канферэнцыі, але на пленарнае пасяджэнне вынесена не было.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НЦЭР (Müntzer, Münzer) Томас (каля 1490, г. Штольберг, Германія — 27.5.1525), рэлігійны дзеяч, адзін з ідэолагаў Рэфармацыі і кіраўнікоў Сялянскай вайны 1524—25 у Германіі. Вучыўся ва ун-тах Лейпцыга і Франкфурта-на-Одэры. Адзін з найб. адукаваных тагачасных ням. тэолагаў. З 1518 прыхільнік М.Лютэра. Паводле яго рэкамендацыі ў 1520—21 быў святаром у г. Цвікаў (Саксонія), дзе зблізіўся з сектай анабаптыстаў, але ідэйна разышоўся з лютэранамі. У 1521 наведаў Чэхію, у т. л. Прагу, дзе прапаведаваў радыкальную Рэфармацыю (т.зв. «Пражская адозва») і абвясціў сябе прыхільнікам вучэння Я.Гуса. З 1523 святар у г. Альштэт (Цюрынгія), дзе арганізаваў «Саюз выбраных» — тайнае т-ва, якое мела на мэце звяржэнне ўлады князёў; канчаткова адышоў ад супрацоўніцтва з лютэранамі. Выступаў супраць «мёртвай літары» царк. вучэння, развіваў уяўленне пра ўнутр. веру, якая дазваляе мысліць і дзейнічаць у адпаведнасці з божым прадвызначэннем. Гал. задачу Рэфармацыі разумеў у абвяшчэнні блізкага сац.-паліт. перавароту, які павінен быць здзейснены масай сялян і гар. беднякоў. Прапагандаваў ідэю ўстанаўлення «царства божага на зямлі», адмаўляў прыватныя інтарэсы, але выступаў за ўмацаванне дробнасялянскай працоўнай уласнасці. У час Сял. вайны з лют.—сак. 1525 кіраваў паўстанцамі Цюрынгіі, спрабаваў стварыць у Мюльгаўзене адзіны цэнтр кіраўніцтва вайной. Пасля паражэння свайго атрада 15.5.1525 каля г. Франкенгаўзен трапіў у палон і пакараны смерцю.
Літ.:
Ивонин Ю.Е. «Вся власть должна быть отдана простому народу» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987;
Лазарев В.В. Становление философского сознания нового времени. М., 1987;
Ревуненкова Н.В. Ренессансное свободомыслие и идеология Реформации. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЕ́МНАСЦЬ,
паслядоўнасць пераходу ад адной з’явы (этапа, ступені) у працэсе развіцця да другой, калі ўзнікшае новае захоўвае ў сабе некаторыя рысы і асаблівасці старога. Мае аб’ектыўны і ўсеагульны характар, праяўляецца ва ўсіх працэсах развіцця прыроды, грамадства, народа, культуры, асобы і г.д. У галіне нежывой прыроды яна ўвасабляецца ў адпаведнасці прынцыпе, паводле якога квантавая механіка асімптатычна пераходзіць у класічную механіку ва ўмовах, калі можна не ўлічваць велічыню кванта дзеяння h, прымаючы, што h прыбліжаецца да нуля (h → 0). У вобласці жывой прыроды праяўляецца ў пераемным паходжанні і развіцці відаў жывёл і раслін, ва ўзнікненні іх разнавіднасцей. Асабліва важнае значэнне П. набывае ў грамадскім развіцці, дзе яна праяўляецца ў змене гіст. эпох, тыпаў грамадства, дзяржаў, культур, рэлігій, сістэм адукацыі і г.д.Напр., культура ўзнікае на аснове традыцый, але ў працэсе гіст. развіцця яе змест, тыпы, формы, стылі і інш. непазбежна ўключаюць у сябе адхіленні ад агульнай традыцыі, узнікненне новых тыпаў, стыляў, форм выражэння, якія пры ўсіх сваіх навацыях захоўваюць істотныя рысы традыц. каштоўнасцей, вобразаў, сюжэтаў. Ва ўмовах сучаснага постсав. грамадства, у т. л. на Беларусі, адкідаюцца многія каштоўнасці, уласцівыя сав. эпосе, адбываецца змена каштоўнасных арыентацый многіх людзей, у першую чаргу моладзі, але т.зв. «вечныя», агульначалавечыя каштоўнасці — любоў, годнасць, сумленне і інш. — захоўваюць сваё прыярытэтнае значэнне. Найб. выразна П. праяўляецца ў змене пакаленняў, калі моладзь узнаўляе і ўзбагачае вопыт былых генерацый людзей у новых эканам., паліт., культ. умовах, захоўвае П. з імі ў асн. паняццях сэнсу жыцця, увасобленых у Бібліі, у класічнай л-ры, філасофіі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАСВЯДО́МАСЦЬ,
усведамленне чалавекам сваіх дзеянняў, пачуццяў, думак, становішча ў грамадстве; цэласная ацэнка самога сябе як сацыяльнай істоты. Служыць індывіду асновай для самарэгулявання, самакантролю за сваёй дзейнасцю. Па накіраванасці псіхікі індывіда С. арыентавана на ўнутр. свет, процілеглая ўсведамленню знешняга свету, аднак уключае не толькі ацэнку свайго «Я», але і асэнсаванне адносін свайго «Я» да знешняга свету — прыроды і грамадства. Структура С. ўключае: самапазнанне — пазнанне «Я», яго сутнасці і спецыфікі, здольнасцей і магчымасцей, грамадскіх вынікаў сваіх паводзін і ўчынкаў; самаацэнку — ацэнку асобай самой сябе, сваіх магчымасцей, якасцей і месца сярод інш. людзей; ідэнтыфікацыю — працэс самаатаясамлення індывіда з інш. чалавекам, групай, пэўным узорам і інш. С. не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю чалавека: фарміруецца паступова ў працэсе сацыялізацыі асобы. У працэсе развіцця чалавек спачатку ўсведамляе знешні свет, С. дасягае на больш высокім узроўні развіцця. С. — грамадска абумоўленая з’ява: фарміруецца з дапамогай ацэначных адносін, якія складваюцца ў працэсе зносін людзей, сістэмы патрабаванняў, якія прад’яўляюцца грамадствам да асобнага чалавека. С. уласціва не толькі індывіду, але і грамадству, сац. групе, нацыі, якія дасягнулі ўзроўню асэнсавання свайго становішча ў сістэме грамадскіх адносін, агульных ідэалаў, мэтаў і шляхоў іх дасягнення. Гл. таксама Свядомасць.
Літ.:
Спиркин А.Г. Сознание и самосознание. М., 1972;
Гарнцев М.А. Проблема самосознания в западноевропейской философии (от Аристотеля до Декарта). М., 1987;
Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ.М., 1990;
Фромм Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;
Мамардашвили М. Необходимость себя: Введение в философию, докл., статьи, филос. заметки. М., 1996;
Самосознание культуры и искусства XX в.: Западная Европа и США. М.; СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІРГА́ЙЛА (у праваслаўі Іван; каля 1354—23.12.1394?),
князь полацкі, трокскі і кіеўскі ў ВКЛ. Сын Альгерда, брат Ягайлы. Пасля выгнання ў 1377 з Полацка кн.Андрэя Альгердавічавял.кн. Ягайла пасадзіў там княжыць С. Палачане, незадаволеныя язычніцтвам С., у 1381 выгналі яго з княжання. На чале войска Ягайлы і пры дапамозе Інфлянцкага ордэна аблажыў на некалькі месяцаў Полацк, але горада не ўзяў. У гэты час прыняў праваслаўе. Калі ў канцы 1381 велікакняжацкі трон у Вільні захапіў Кейстут, войска, падначаленае С., прызнала ўладу новага вял. князя, а С. ўцёк у Інфлянты. Летам 1382 С. далучыўся да войска Ягайлы, удзельнічаў у аблозе Кейстута ў Троках. У час перагавораў з Кейстутам захапіў яго ў палон і адвёз у Крэўскі замак, дзе той быў забіты. Атрымаў ад Ягайлы Трокскае княства. З гэтага часу С. стаў другой уплывовай асобай у ВКЛ. Удзельнічаў у заключэнні Крэўскай уніі 1385 паміж ВКЛ і Польшчай, але застаўся праваслаўным. У Мсціслаўскай бітве 1386 на чале войска ВКЛ перамог смаленскага кн. Святаслава Іванавіча і падпарадкаваў ВКЛ Смаленскае княства. Вясной 1387 узяў Полацк, дзе захапіў у палон Андрэя Альгердавіча. У 1387 Ягайла пацвердзіў права С. на валоданне Трокскім і Полацкім княствамі, даў яму Менск, Свіслач, Бабруйск, Рэчыцу, Любеч, Прапошаск, Любашаны, Ігумен, Лагойск. У выніку Востраўскага пагаднення 1392 Ягайла фактычна прызнаў Вітаўта сваім намеснікам у ВКЛ і перадаў яму Трокскае княства, узамен Вітаўт абяцаў С. дапамагчы захапіць Кіеў. Вясной 1393 Вітаўт захапіў у кіеўскага кн. Уладзіміра Альгердавіча Жытомір і Оўруч і аддаў іх С., восенню 1393 перадаў С. Кіеў. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.