МІ́НСКІ ВЕ́РХНІ ГО́РАД,

горадабудаўнічы ансамбль 16—19 ст. у Мінску. Пачаў фарміравацца ў пач. 16 ст. як новы цэнтр горада на тэр. сучаснай пл. Свабоды і прылеглых да яе кварталаў, абмежаваны р. Свіслач (У) і вуліцамі Рэспубліканскай (З), Нямігай (Пн) і Інтэрнацыянальнай (Пд). Быў абкружаны земляным валам (існаваў да канца 18 ст). У 17—18 ст. тут, пераважна на цэнтр. плошчы — Высокім рынку (з 1860-х г. Саборная, з 1917 пл. Свабоды) склаўся барочны ансамбль мураваных жылых, культавых і грамадскіх будынкаў. Да плошчы з З і У прымыкалі прамавугольныя кварталы мураванай забудовы. Захавалася першапачатковая прамавугольная сістэма планіроўкі і мураваная забудова на пл. Свабоды і прылеглых да яе вуліцах: з У — Кірылы і Мяфодзія (назва з 1990, б. Вял. Бернардзінская, з 19 ст. Манастырская, з 1922 Бакуніна), Гандлёвая (б. Зыбіцкая), Герцэна (назва з 1922, б. Малая Бернардзінская, пасля 1863 Стараманастырская), Дзям’яна Беднага (назва з 1933; б. Школьная, Козьмадзям’янская), Музычны зав. (б. Манастырскі зав.), Энгельса (б. Петрапаўлаўская); з З — вуліцы Рэвалюцыйная (назва з 1922, б. Койданаўская), Няміга, Камсамольская (назва з 1922, б. Феліцыянская, з 19 ст. Богаяўленская), Рэспубліканская (назва з 1922, былыя Раманаўскі зав., вуліцы Старараманаўская, Новараманаўская); з Пд — вул. Інтэрнацыянальная (з 1919 назва яе паўд.-зах. часткі — б. Зборавая, у 17 ст. Праабражэнская; з 1919 яе паўд.-ўсх. частка наз. Кастрычніцкай — б. Валоцкая, у 19 ст. Хрышчэнская). У ансамбль М.В.г. ўваходзілі: Мінская ратуша, Мінскі гасціны двор, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак, Мінскі езуіцкі калегіум, Мінскі касцёл і кляштар францысканцаў, Мінскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Мінскі кляштар бенедыкцінак, адм. будынак. гар. сядзіба Ваньковіча (гл. ў арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў), Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры, Мінскага тэатра будынак, жылыя будынкі 17—19 ст. і інш. У 1979 зацверджана ахоўная зона М.В.г. У 1988 ён у межах вуліц Нямігі, Інтэрнацыянальная, Гарадскога вала, набярэжнай р. Свіслач абвешчаны помнікам археалогіі, горадабудаўніцтва і архітэктуры рэсп. значэння.

Літ.:

Денисов В.Н. Площадь Свободы в Минске. Мн., 1985.

Т.​Л.​Чарняўская.

Мінскі Верхні горад. Рэканструкцыя.
Мінскі Верхні горад. Выгляд Высокага рынку з Траецкай гары. Малюнак Я.​Драздовіча. 1919.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЕКАКО́РМЯЧЫЯ, звяры,

сысуны (Mammalia),

клас найб. высокаарганізаваных пазваночных жывёл. 2 падкл.: першазвяры (атр. аднапраходныя) і сапраўдныя звяры (жывародныя), да якіх належаць ніжэйшыя звяры (атр. сумчатыя) і 17—23 атр. вышэйшых звяроў (плацэнтарныя), 95 сям., каля 4,5 тыс. відаў. Да М. адносяцца свойскія жывёлы (каля 15 відаў), чалавек (атр. прыматы). Продкі М. — палеазойскія рэптыліі. Вядома каля 3 тыс. выкапнёвых відаў М., пачынаючы з трыясу (каля 170 млн. г. назад). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Паводле спосабу жыцця М. — падземныя, наземныя, паўводныя і водныя жывёлы. На Беларусі 6 атр. (насякомаедныя, рукакрылыя, драпежныя звяры, грызуны, парнакапытныя, зайцападобныя), 21 сям., 45 родаў, каля 75 відаў. Насяляюць лясы, палі, лугі, балоты, трапляюцца каля жылля чалавека. У Чырв. кнізе МСАП 230 відаў і 91 падвід, Беларусі — 14 відаў.

Памеры ад даўж. 4 см і масы 1,2 г (карлікавая белазубка з землярыйкавых) да выш. 4,5 м і масы 7,5 т (слон афрыканскі) у наземных М.; у водных — да даўж. 33 м і масы да 150 т (блакітны кіт). Асн. прыкметы М.; высокі ўзровень развіцця нервовай сістэмы, жывароднасць у спалучэнні з выкормліваннем дзіцянят малаком, дасканалая сістэма цепларэгуляцыі (гомаятэрмія). Цела ўкрыта валасамі, скура багатая залозамі (характэрны малочныя залозы), мае шэраг прыдаткаў капыты, кіпцюры, рогі. Шыйных пазванкоў, як правіла, 7. Зубы ў альвеолах, дыферэнцыраваныя на разцы, іклы і карэнныя. У сярэднім вуху 3 слыхавыя костачкі. Дыханне лёгачнае. Сэрца 4-камернае, з левай дугой аорты. Галаўны мозг з развітымі вял. паўшар’ямі, якія маюць «новую кару» — неакортэкс, у многіх М. са звілінамі. Апладненне ўнутранае. Амаль усе М. маюць плацэнту. Размнажэнне — ад круглагадавога (напр., мышы) да аднаго разу ў некалькі гадоў (маржы, сланы). Жыўленне — ад поўнай расліннаеднасці да драпежніцтва ці ўсёеднасці. Усе сістэмы органаў звычайна добра развітыя, але, улічваючы разнастайнасць М., ад агульнай схемы ёсць мноства адхіленняў, Раздзел заалогіі, што вывучае М., наз. тэрыялогія.

Літ.:

Млекопитающие Советского Союза. Т. 1—2. М., 1961—76;

Соколов В.Е. Систематика млекопитающих. [Ч. 1—3]. М., 1973—79;

Жизнь животных. Т. 7. Млекопитающие. 2 изд. М., 1989.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 10, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАМЕ́РНЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел матэматычнай статыстыкі, які аб’ядноўвае метады вывучэння стат. даных пра аб’екты з некалькімі якаснымі і колькаснымі адзнакамі. Яго задачы — даследаванне структуры сувязей паміж пераменнымі, зніжэнне размернасці характэрных адзнак, пабудова класіфікацый, даследаванне прычынных сувязей. Для выяўлення структуры сувязей паміж рознымі пераменнымі звычайна выкарыстоўваецца матрыца карэляцый. Яе аналіз, які заключаецца ў вылучэнні падмностваў пераменных, што цесна карэліруюць адно за адным, ажыццяўляецца «ўручную» (напр., пры дапамозе графа, які адлюстроўвае найб. істотныя сувязі паміж пераменнымі, або метадамі камп’ютэрнага аналізу (напр., метад гал. кампанент, фактарны аналіз, кластэрны аналіз пераменных). Задачы і метады класіфікацыі, у залежнасці ад умоў, уключаюць: класіфікацыю па зададзеных фармальных крытэрыях, класіфікацыі аўтаматычную і з абучэннем. Класіфікацыя па зададзеных крытэрыях заключаецца ў групоўцы аб’ектаў па адным або некалькіх паказчыках. Класіфікацыя па некалькіх паказчыках наз. перакрыжаванай (лінгвістычнай; напр., полаўзроставая структура насельніцтва). Аўтаматычную класіфікацыю выкарыстоўваюць у выпадках, калі крытэрыі групоўкі невядомыя і адсутнічаюць апрыёрныя ўяўленні аб колькасці і характары класаў. Для яе пабудовы ўжываюць метады кластэрнага аналізу, якія дазваляюць вылучыць групы аб’ектаў, блізкіх адзін аднаму па значэннях пераменных, што вымяраюцца. Класіфікацыя з абучэннем выкарыстоўваецца, калі крытэрыі класіфікацыі невядомыя, але вядомы колькасць класаў і іх тыпалагічныя асаблівасці; такая класіфікацыя ажыццяўляецца некаторымі метадамі кластэрнага аналізу і метадам дыскрымінантнага аналізу. Аналіз стат. прычынных сувязей ажыццяўляецца пры дапамозе дысперсійнага аналізу, а таксама метадамі множнай лінейнай рэгрэсіі, лагістычнай рэгрэсіі, дыскрымінантнага аналізу і інш., якія прадугледжваюць наяўнасць адзінай залежнай пераменнай і не даюць магчымасці даследаваць структуру сувязей паміж незалежнымі пераменнымі (прэдыкатарамі). Структура сувязей паміж прэдыкатарамі можа быць улічана ў мадэлях пуцявога аналізу. Найб. агульным з’яўляецца метад лінейных структурных ураўненняў, што дае магчымасць будаваць складаныя мадэлі з вял. колькасцю залежных і незалежных пераменных, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой; яго прыватнымі формамі з’яўляецца рэгрэсійны, дысперсійны, пуцявы і фактарны аналіз.

Літ.:

Афифи А, Эйзен С. Статистический анализ: Подход с использованием ЭВМ: Пер. с англ. М., 1982;

Айвазян С.А., Енюков И.С., Мешалкин Л.Д. Прикладная статистика: Исслед. зависимостей. М., 1985;

Прикладная статистика: Классификация и снижение размерности: Справ. изд. М., 1989.

В.​В.​Цярэшчанка.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕЯЗНА́ЎСТВА, музеялогія,

комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю развіцця музеяў, іх грамадскія функцыі, распрацоўвае тэорыю і методыку ўсіх галін музейнай дзейнасці. Як сістэма спец. ведаў займаецца праблемамі камплектавання, сістэматызацыі, навук. дакументавання і каталагізацыі музейных фондаў, даследуе атрыбутацыю, тыпалагізацыю, спосабы захавання і рэстаўрацыі экспанатаў, выпрацоўвае методыку прапагандысцка-асветнай работы. Звязана з усімі грамадскімі, прыродазнаўчымі і тэхн. навукамі.

Першыя спробы тэарэт. асэнсавання музейнай справы адносяцца да эпохі Адраджэння. Непасрэдным заснавальнікам М. лічыцца ням. калекцыянер І.​Д.​Маёр — аўтар кн. «Нічога не вырашаючыя агульныя развагі аб мастацкіх і прыродазнаўчых зборах» (1674). Распрацоўкі і практычны вопыт франц. музеязнаўцаў канца 18 — пач. 19 ст былі пераняты большасцю еўрап. краін. У 2-й пал. 19 ст. М. сфарміравалася як асобны раздзел навукі, асаблівых поспехаў дасягнула ў 1960—70-я г., калі аформіліся ням., польская і чэш. музеязнаўчыя школы. Фармальнае прызнанне М. як самаст. навук. дысцыпліны адбылося на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнар. савета музеяў (існуе пры ЮНЕСКА), што праходзіла ў Маскве ў 1977. Сав. школа М. склалася ў 1960—70-я г. Яе тэарэт. і навук.-метадалагічным цэнтрам быў НДІ культуры ў Маскве (цяпер Расійскі ін-т культуралогіі).

На Беларусі з 1911 у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та рыхтаваліся спецыялісты па асобных музейных спецыяльнасцях і чыталіся курсы па М. (Б.​Р.​Брэжга, А.​П.​Сапуноў і інш.). У 1920-я г. ў БССР музеям быў нададзены статус н.-д. устаноў, пры БДУ дзейнічалі музейныя курсы (кіраўнік В.​Ю.​Ластоўскі). З пач. 1930-х бел. музейная практыка развівалася ў агульным рэчышчы сав. М. Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь дало штуршок развіццю самаст. бел. школы М. У 1992 адкрыта кафедра крыніцазнаўства і М. ў БДУ, у 1994 — кафедра этналогіі і М. ў Бел. ун-це культуры. З 1993 у Бел. ін-це праблем культуры працуе Лабараторыя музейнага праектавання, дзейнічае 2-гадовая школа М. для перападрыхтоўкі музейных супрацоўнікаў.

Літ.:

Музееведение: Вопр. теории и методики. М., 1987 (1988);

Гужалоўскі А. З гісторыі музейнай справы на Беларусі // Беларускія музеі: Гісторыя, хроніка, сучаснасць. Мн., 1998.

А.​А.​Гужалоўскі.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТА́ЦЫІ (ад лац. mutatio змяненне, змена),

раптоўныя, натуральныя або выкліканыя штучна спадчынныя змены генетычнага матэрыялу, якія прыводзяць да змены прыкмет арганізма. Уласцівы ўсім формам жыцця. Бываюць прамыя (іх праяўленне прыводзіць да адхілення прыкмет дзікага тыпу) і зваротныя (поўнасцю або часткова аднаўляецца дзікі тып); генератыўныя (адбываюцца ў палавых клетках і перадаюцца наступным пакаленням), саматычныя (адбываюцца ў інш. клетках арганізма і перадаюцца ў спадчыну пры вегетатыўным размнажэнні), ядзерныя (закранаюць храмасомы ядра), цытаплазматычныя (закранаюць генет. матэрыял у арганоідах клеткі — мітахондрыях, пластыдах і інш.). У залежнасці ад характару змен у генет. матэрыяле адрозніваюць М.: кропкавыя, інсерцыі, храмасомныя перабудовы (аберацыі) і М. са зменай колькасці храмасом. Кропкавыя М. — устаўкі ці выпадзенні і змены пары нуклеатыдаў ДНК (або нуклеатыду РНК); яны зменьваюць функцыю некат. генаў. Інсерцыі — устаўкі малекул ДНК у ген, прыводзяць да яго інактывацыі або да моцнага палярнага эфекту. Храмасомныя перабудовы ўзнікаюць у выніку рэкамбінацыі негамалагічных участкаў генет. матэрыялу. Змены колькасці храмасом у клетках арганізма бываюць кратныя (поліплаідыя, гаплаідыя) і не кратныя гаплоіднаму набору (анеўплаідыя). Часта М. таксама падзяляюць на генныя (усе кропкавыя М.), храмасомныя і геномныя (змена колькасці храмасом). У залежнасці ад фенатыпічных праяўленняў адрозніваюць М. марфал., біяхім., лятальныя, дамінантныя, рэцэсіўныя і інш. Індуцыраваныя М. ўзнікаюць ад выкліканага ўздзеяннем мутагенаў парушэння нармальных працэсаў рэдуплікацыі, рэкамбінацыі, рэпарацыі або разыходжання носьбітаў генет. інфармацыі. Спантанныя М. ўзнікаюць як памылкі пры ўзнаўленні генет. матэрыялу (рэдуплікацыя не адбываецца з абс. дакладнасцю, а працэсы рэпарацыі не бываюць абс. эфектыўныя). Іх частата генетычна абумоўлена ў кожнага віду і падтрымліваецца на аптымальным узроўні. Большасць М. шкодныя — мутантны ген можа выклікаць спадчыннае захворванне, выродлівасць або гібель арганізма, што развіваецца. Генныя М., якія паляпшаюць уласцівасці, узнікаюць рэдка. Яны Даюць матэрыял Для натуральнага і штучнага адбору і з’яўляюцца неабходнай умовай эвалюцыі ў прыродзе і селекцыі карысных форм раслін, жывёл і мікраарганізмаў.

Літ.:

Щербаков В.К. Мутации в эволюции и селекции растений. М., 1982;

Бочков Н.П., Чеботарев А.Н. Наследственность человека и мутагены внешней среды. М., 1989.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХІНА (Вера Ігнатаўна) (1.7.1889, Рыга — 6.10.1953),

расійскі скульптар. Нар. маст. СССР (1943). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Вучылася ў школах-студыях К.​Юона і І.​Машкова ў Маскве (1909—12), прыватных маст. акадэміях і ў Э.​А.​Бурдэля ў Парыжы (1912—14). Выкладала ў Вышэйшым маст.-прамысл. вучылішчы (1926—27) і Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—30) у Маскве. Чл. Т-ва рус. скульптараў (з 1926). У 1914 вывучала мастацтва Рэнесансу ў Італіі, потым жыла ў бацькоўскім маёнтку пад Магілёвам. Пазней працавала ў Маскве. У ранні перыяд зазнала ўплыў кубізму, імкнулася да манументальнасці і лаканізму форм («П’ета», 1916, не захавалася). Пасля 1917 удзельнічала ў рэалізацыі плана манум. прапаганды, стварала праекты рамантычна-ўзнёслых, прасякнутых бурлівым рухам помнікаў («Полымя рэвалюцыі», 1922—23, і інш.). У станковых творах імкнулася перадаць унутр. моц натуры праз пацяжэнне аб’ёмаў: «Вецер» (1926), «Сялянка» (1927) і інш. З 1930-х г. звярнулася да праблематыкі сінтэзу манум. скульптуры і архітэктуры (скульпт. група «Хлеб» для Маскварэцкага моста ў Маскве, 1939, і інш.). Найб. значная работа гэтага перыяду — стварэнне (з арх. Б.​Іафанам) павільёна СССР на сусв. выстаўцы ў Парыжы 1937. Нарастаючы ўвышыню рытм будынка павільёна-пастамента арганічна працягваўся дыяганальнай кампазіцыяй 25-метровай скульпт. групы «Рабочы і калгасніца» (1935—37, пры перавозцы з Парыжа пашкоджана, адноўлена і ў 1939 устаноўлена ў Маскве). У 1940-я г. працавала пераважна ў жанры партрэта; «Б.​Юсупаў», «І.​Хіжняк» (абодва 1942—47), «Акадэмік А.​Крылоў» (1945) і інш. У апошнія гады працавала над завяршэннем праекта І.​Шадра помніка М.​Горкаму (з Н.​Зяленскай і З.Івановай, арх. З.​Разенфельд, 1951), помніка П.​Чайкоўскаму (з Зялянскай і Івановай, арх. А.​Заварзін; адкрыты ў 1954). Афармляла выстаўкі, тэатр. спектаклі, працавала ў графіцы, стварала праекты адзення, малюнкі для тканін, вырабы з фарфору і шкла. Імя М. прысвоена Ленінградскаму вышэйшаму маст.-прамысл. вучылішчу (1953; з 1994 Пецярбургская маст.-прамысл. акадэмія). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1951, 1952. Іл. гл. таксама да арт. Манументальная скульптура.

Літ.:

Воронова О.П. В.​И.​Мухина. М., 1976;

Суздалев П.К. В.​И.​Мухина. М., 1981.

Л.​Я.​Дзягілеў.

В.Мухіна. Хлеб. 1939.

т. 11, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́НХЕНСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1938 па Чэхаславакіі.

Заключана 29 вер., падпісана 30 вер. ў г. Мюнхен (Германія) на канферэнцыі кіраўнікоў урадаў фаш. Германіі (А.​Гітлер) і Італіі (Б.​Мусаліні), Вялікабрытаніі (Н.​Чэмберлен), Францыі (Э.​Даладзье). Было вынікам прэтэнзій Германіі на Судэцкую вобл. Чэхаславакіі (яе ўрад не быў запрошаны на канферэнцыю), населеную пераважна немцамі, і палітыкі «прымірэння» з Германіяй Вялікабрытаніі і Францыі перад 2-й сусв. вайной. Пасля аншлюсу Аўстрыі (сак. 1938) урад Гітлера пачаў рыхтаваць захоп Чэхаславакіі. Ён падштурхнуў сваіх прыхільнікаў генлейнаўцаў (судэтанямецкую партыю, лідэры К.​Генлейн і інш.) высунуць патрабаванні поўнай аўтаноміі Судэцкай вобл. і правядзення там плебісцыту па яе самавызначэнні. Гэта абвастрыла адносіны судэцкіх немцаў з урадам Чэхаславакіі (Судэцкі крызіс). У сярэдзіне мая пачалося перамяшчэнне герм. войск да мяжы з Чэхаславакіяй. Урад апошняй 20 мая абвясціў частковую мабілізацыю. Зах. саюзнікі Чэхаславакіі Вялікабрытанія і Францыя, імкнучыся ўрэгуляваць свае адносіны з Германіяй, настойвалі на прыняцці патрабаванняў генлейнаўцаў. Пасля некалькіх дыпламат. місій, у т. л. сустрэч Чэмберлена з Гітлерам 15 і 22 вер., і па просьбе Мусаліні Гітлер пагадзіўся абмеркаваць чэхаславацкае пытанне на канферэнцыі ў Мюнхене. Паводле М.п. Чэхаславакія пад націскам Вялікабрытаніі і Францыі на працягу 10 дзён (1—10 кастр.) мусіла перадаць Германіі Судэцкую вобл. з усімі наяўнымі там збудаваннямі (каля ¼ насельніцтва, амаль ⅕ тэрыторыі, палавіна цяжкай прам-сці, значныя ваен. ўмацаванні). М.п. наблізіла акупацыю герм. войскамі ўсёй Чэхаславакіі (сак. 1939) і развязванне 2-й сусв. вайны Германіяй. 30 вер. падпісана таксама англа-германская дэкларацыя 1938 аб ненападзенні. Пасля вайны Судэцкая вобл. вернута Чэхаславакіі. Канчаткова юрыд. нязначнасць М.п. замацавана паводле дагавора паміж Чэхаславакіяй і ФРГ ад 11.12.1973.

Літ.:

Документы по истории мюнхенского сговора, 1937—1939. М., 1979;

Мюнхен — преддверие войны: (Ист. очерки). М., 1988;

Борисов А.Ю. Мюнхенская трагедия: (Размышления спустя полвека). М., 1988;

Тейлор Т. На пути к Мюнхену: Пер. с англ. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны. М., 1992;

Ширер У. Капитуляция в Мюнхене: Пер. с англ. // Там жа.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 11, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́СТРА,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, каля г. Мядзел, у межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Пл. 13,1 км², даўж. 5,8 км, найб. шыр. 4,5 км, найб. глыб. 11,3 м, даўж. берагавой лініі 20,2 км, аб’ём вады 70,2 млн. м³. Пл. вадазбору 130 км². Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр, нац. парк Нарачанскі. Катлавіна падпруднага тыпу. 2 мысы (горы Конеўка і Галыжына), якія далёка ўразаюцца ў возера, аддзяляюць паўн. і паўд. плёсы. Схілы выш. 2—3 м (на Пн і ПнУ 6—10 м), спадзістыя, разараныя, на Пд і ПдЗ укрытыя лесам. Берагавая лінія ўтварае некалькі паўастравоў і заліваў (Панасаўка, Мядзельская лука, Паўн. лука і інш). Берагі на Пн і ПнУ абразіўныя, зліваюцца са схіламі, астатнія нізкія, пясчаныя, на Пд і У забалочаныя. На асобных участках уздоўж берагоў цягнецца берагавы вал выш. да 1 м. Дно паўн. плёса са шматлікімі пясчанымі і пясчана-жвіровымі падняццямі і ўпадзінамі (глыб. 8—11 м). У паўд. плёсе глыб. да 8 м. Зона мелкаводдзя пясчаная, на асобных участках пясчана-галечная, завалуненая. Глыбей пашыраны сапрапелі і ілы гляі*. Сярэдняя магутнасць асадкаў 4—5 м, у залівах да 7—8 м. Ваганні ўзроўню вады да 40 см за год. Ледастаў з 1-й дэкады снеж. да 2-й дэкады красавіка; найб. таўшчыня лёду 75 см. Вял. колькасць кіслароду, мінералізацыя вады да 250 мг/л, празрыстасць 1,5 м. Эўтрофнае. Расліннасць утварае ўздоўж берагоў некалькі палос (шыр. да 300 м). Падводная расліннасць да глыб. 4 м. Іхтыяфауна ляшчова-судаковая, водзіцца вугор. Зарыбленне (судак, сазан і інш.). Багатая арнітафауна. М. злучана пратокамі з азёрамі Баторына, Скрыпава, Шастакова. Сцёк праз пратоку Скема (даўж. 200 м) у воз. Нарач. Рыбалоўства. Курортная зона. Гідралагічныя назіранні з 1961. На паўд. беразе гідралагічны заказнік Чарэмшыца, на У паміж азёрамі М. і Баторына помнікі прыроды Качаргінская ірада, вял. камень Качаргінскі.

Літ.:

Боровик Е.А. Рыбопромысловые озера Белоруссии. Мн., 1970.

Б.​П.​Уласаў.

На беразе возера Мястра.

т. 11, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАІ́, Алішэр Наваі Нізамаддзін Мір Алішэр (10.2.1441, г. Герат, Афганістан — 3.1.1501), узбекскі паэт, мысліцель, дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Гераце, Мешхедзе, Самаркандзе. Вучань і сябар паэта А.Джамі. З 1469 служыў пры султане Хусейне Байкары — школьным сябры паэта. У 1472 атрымаў тытул эміра і стаў везірам. На свае сродкі будаваў ірыгацыйныя сістэмы, масты, школы, майстэрні каліграфіі і пераплёту. Як гуманіст выступаў супраць дэспатызму і схаластыкі. Зазнаў ганенне прыдворных вяльможаў. У 1488 пакінуў службу. Яшчэ юнаком стаў вядомы як паэт. Пісаў на перс., стараўзб. і тадж. мовах. Аўтар каля 30 зб-каў вершаў, паэм, празаічных твораў і навук. трактатаў, у якіх адлюстраваў тагачаснае духоўнае жыццё Сярэдняй Азіі. У 1498—99 склаў збор (каля 47 тыс. радкоў) сваіх вершаў у 4 зборніках («Дзівосы дзяцінства», «Рэдкасці юнацтва», «Дзівосы сярэдніх гадоў», «Карысныя парады старасці»), куды ўвайшлі вершы розных лірычных жанраў: газелі (болей за 2600), касыды (оды), страфічныя вершы і інш. У вершах Н. філас. роздум, думка пра чалавека як носьбіта дабрачыннасці або заганы, малюнкі прыроды, багаты гукапіс. Вяршыня яго творчасці — «Пяцерыца» («Хамсе») з 5 паэм: «Неспакой праведных» (1483), «Лейлі і Меджнун», «Фархад і Шырын», «Сем планет» (усе 1484), «Іскандэраў мур» (1485), асн. ідэя якіх услаўленне навукі, разумнага кіраўніка дзяржавы, любоў да бацькаўшчыны, павага да чалавека працы. Аўтар кн. «Пяцерыца ўзрушаных» (1492, прысвечана Джамі), анталогіі «Збор вытанчаных» (1491—92, з характарыстыкай 336 паэтаў 15 ст.), трактата па вершаскладанні «Вагі памераў» (1494), філас. алегарычнай паэмы «Мова птушак», трактата «Спрэчка дзвюх моў» (абодва 1499), філас.-дыдактычнага твора «Каханы сэрцаў» (1500). Паўплываў на развіццё ўзб. і інш. цюркамоўных л-р. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.​Жуковіч, Я.​Міклашэўскі і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Лірыка: Газелі, урыўкі з паэм. Мн., 1993;

Рус. пер.Соч. Т. 1—10. Ташкент, 1968—70;

Афоризмы. Ташкент, 1991;

Язык птиц. СПб., 1993.

Літ.:

Захидов В. Мир идей и образов Алишера Навои. Ташкент, 1961;

Бертельс Е.Э. Избр. труды. Навои и Джами. М., 1965;

Султан И. Книга признаний Навои: Жизнь и творчество великого поэта со слов его самого и современников: Пер. с узб. Ташкент, 1985.

Наваі.

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВЕ́ЛА (італьян, novella літар. навіна),

малы эпічны від л-ры, які суадносіцца з апавяданнем, але адрозніваецца ад яго вострым цэнтраімклівым, нярэдка парадаксальным сюжэтам, адсутнасцю апісальнасці і кампазіцыйнай строгасцю. Паэтызуючы выпадак, Н. найб. поўна раскрывае ядро сюжэта — цэнтр. перыпетыю, зводзіць жыццёвы матэрыял у фокус адной падзеі.

Літ. Н. ўзнікла ў эпоху Адраджэння ў Італіі («Дэкамерон» Дж.​Бакачыо), потым у Англіі, Францыі і Іспаніі (Дж.​Чосер, Маргарыта Наварская, М.​Сервантэс). Росквіт Н. прыпадае на эпоху рамантызму (Л.​Цік, Г. фон Кляйст, Э.Т.​А.​Гофман, П.​Мерымэ, Э.​По). У канцы 19 — пач. 20 ст. да Н. звярталіся Гі дэ Мапасан, О.​Генры, Л.​Пірандэла, С.​Цвэйг, Р.​Акутагава і інш. У мадэрнісцкай л-ры ўзоры Н. даў Ф.​Кафка. У рус. л-ры прадстаўлена А.​Чэхавым, Л.​Андрэевым, І.​Буніным; прадуктыўна развівалася ў 1920-я г. (І.​Бабель, У.​Іванаў, А.​Грын, М.​Зошчанка, В.​Каверын і інш.). Замежная навелістыка апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена імёнамі Х.​Л.​Борхеса, Х.​Картасара, Г.​Бёля, Ф.​О’Конара, І.​Зінгера, Дж.​Чывера і інш.

У бел. л-ры пра Н. можна гаварыць хутчэй як пра разнавіднасць апавядання. Цікавыя прыклады навелістычнага асэнсавання рэчаіснасці прыпадаюць на гады агульнага маст. ўздыму — пач. 20 ст., 1920-я г., перыяд Вял. Айч. вайны: «Малады дубок» і «Сяргей Карага» Я.​Коласа, «Прысяга над крывавымі разорамі» Цёткі, «Літоўскі хутарок» М.​Гарэцкага, «Парфір Кіяцкі» і «Вялікае сэрца» К.​Чорнага, «Над Бугам» і «Астап» М.​Лынькова, «Двое Жвіроўскіх» М.​Зарэцкага, «Кнак» П.​Галавача, «Над Кроманню» Я.​Нёманскага, «Ілька» В.​Каваля, «Прыгранічны манастыр» Р.​Мурашкі. Прыкметныя поспехі ў бел. навелістыцы дасягнуты ў 1950—80-я г.: яркія ўзоры Н. стварылі Я.​Брыль («Галя»), Я.​Скрыгай («Наталя»), В.​Выкаў («Адна ноч»), Б.​Сачанка («Дзік-бадзяга»), В.​Адамчык («Кароль Нябожа») і інш. У апошнія дзесяцігоддзі да жанру Н. звярталіся І.​Пташнікаў («Тры пуды жыта»), А.​Кудравец («Елачка»), А.​Жук («Жонка героя»), В.​Гігевіч («Райка»), У.​Арлоў («Місія папскага нунцыя»), Г.​Марчук («Хаос») і інш.

С.​Л.​Андраюк.

т. 11, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)