КАСТА́НЬЁ [Castagno; дакладней Андрэа дэль Кастаньё (Andrea del Castagno; 1417 або 1419, Кастаньё, каля г. Фларэнцыя, Італія — 19.8.1457],
італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мазачыо, Данатэла, П.Учэла. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, таксама ў Венецыі (1442), магчыма, Рыме (1454). Творчасці ўласцівы майстэрскае валоданне малюнкам, энергічная пластычная мадэліроўка форм, напружаная выразнасць поз і ракурсаў, якая часта надае яго творам драм. вастрыню, грубавата-выразная прастата і мужнасць вобразаў: фрэскі ў капэле Сан-Таразіо царквы Сан-Дзакарыя ў Венецыі (1442, з Франчэска да Фаэнцам), «Укрыжаванне з перадстаячымі» ў царкве Санта-Марыя дэльі Анджэлі (каля 1443), «Аплакванне Хрыста», «Тайная вячэра», «Укрыжаванне», «Палажэнне ў труну», «Уваскрэсенне», «Партрэты 9 знакамітых людзей» (Дантэ, Дж.Бакачыо, Петраркі і інш.; усе паміж 1445—57, цяпер у манастыры Сант-Апалонія, пераўтвораным у музей К.) у Фларэнцыі, «Вядомыя людзі» (каля 1450—51, з вілы Кардучы ў Леньяйі), партрэт мужчыны (каля 1455) і інш.
Андрэа дэль Кастаньё Сівіла Кумская. Фрэска цыкла «Вядомыя людзі» з вілы Кардучы ў Леньяйі. Фрагмент. Каля 1450—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎЭЛ ((Cowell) Генры Дыксан) (11.3.1897, Менла Парк, штат Каліфорнія, ЗША — 10.12.1965),
амерыканскі кампазітар, піяніст, тэарэтык, педагог. Вучыўся ў Нью-Йорку і Берліне ў Ч.Сігера і Э.М. фон Хорнбастэля. Заснавальнік (1927) і выдавец (да 1936) серыі нотных выданняў і грамзапісаў «Новы музычны квартальнік» («New Music Quarterly»). У ранніх творах эксперыментаваў у галіне гармоніі, інструментоўкі. У 1932 сканструяваў (з Л.Тэрменам) т. зв. рытмікон — інструмент, які ўзнаўляе адначасова розныя рытмы, напісаў для яго п’есу з арк. «Рытмікана». Збіраў і выкарыстоўваў кельцкія нар. мелодыі, звяртаўся да амер. сельскай музыкі 18 ст. Цікавіўся муз. мастацтвам Усходу (13-я сімфонія «Мадрас», 1958; «Персідскі цыкл» для камернага арк., 1957). Аўтар оперы «О’Хігінс з Чылі» (1949, не скончана), 2 балетаў, 20 сімфоній (пераважна праграмных, 1918—65), п’ес для розных арк. складаў; канцэртаў для фп. (1928), ударных (1958), акардэона (1960); камерна-інстр. ансамбляў (5 стр. квартэтаў, 1916—56), інстр. п’ес, хароў і інш., а таксамакн. «Ч.Айвз і яго музыка» (1955), артыкулаў пра музыку Усходу, Азіі, Афрыкі і інш. Сярод вучняў Дж. Кейдж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТО́ЎНЫЯ КАМЯНІ́,
бясколерныя або прыгожа афарбаваныя мінералы (пераважна крышталі), якія маюць яркі бляск, вял. святлорассеянне, празрыстасць, высокую цвёрдасць (6—7 і больш па шкале Моаса) і хім. інертнасць, чысціню тону афарбоўкі, аднароднасць колеру ці арыгінальныя светлавыя эфекты, здольныя прымаць агранку. Умоўна падзяляюцца на 4 парадкі (класы); I — алмаз, ізумруд, рубін, сапфір сіні; II — александрыт, чорны апал, сапфіры зялёны, фіялетавы, аранжавы, высакародны жадэіт; III — аквамарын, тапаз, турмалін, дэмантоід, шпінель, апалы белы і вогненны; IV — біруза, хрызаліт, аметыст, цыркон, кунцыт, берылы жоўты, зялёны, ружовы, піроп, альмандзін, цытрын, хрызапраз. Да К.к. адносяць таксамамінер. ўтварэнні арган. паходжання — жэмчуг, бурштын. Маса К.к. вымяраецца ў каратах (0,2 г), жэмчугу — у гранах (0,25 карата). Паходжанне К.к. звязана з эндагеннымі і эказагеннымі працэсамі. Радовішчы ёсць у многіх краінах свету. Акрамя прыродных вырабляюць сінт. К.к. (алмаз, рубін, сапфір і інш.). Выкарыстоўваюцца ў дарагіх ювелірных вырабах. К.к. 1-га парадку ўваходзяць у актывы нац. банкаў дзяржаў свету.
У.Я.Бардон.
Да арт.Каштоўныя камяні. Вогненны апал.Да арт.Каштоўныя камяні. Чэхія. Святавацлаўская карона (аздабляюць сапфіры, чырвоныя шпінэлі, рубін, жэмчуг і дробныя ізумруды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІНТЭ́Т (італьян. quintetto ад лац. quintus пяты),
1) ансамбль з 5 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Інстр. К. можа складацца з аднародных або разнародных інструментаў. Пашыраны К. смыковы (смыковы квартэт і 2-я віяланчэль або 2-і альт), фп. (смыковы квартэт і фп.), духавых інструментаў (квартэт драўляных духавых і валторна).
2) Муз. твор для 5 інструментаў або пеўчых галасоў. Інстр. К. як жанр камернай музыкі склаўся ў творчасці І.Гайдна і В.А.Моцарта. Звычайна пішацца ў санатнай цыклічнай форме. У музыцы 19—20 ст. значна пашыраны фп. К., для якога характэрна кантрастнае супастаўленне тэмбраў фп. і стр. смыковых інструментаў. У сусв.муз. класіку ўвайшлі фп. квінтэты Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, С.Франка, С.Танеева, Дз.Шастаковіча. У бел. музыцы пачынальнік жанру М.Аладаў (2 К., 1-ы ў 1925). Фп. К. пісалі таксама П.Падкавыраў, У.Чараднічэнка. К. для інш. складаў стварылі У.Дамарацкі («Партыта» для К. медных духавых), У.Каральчук (К. для 2 труб, валторны, трамбона і тубы), А.Літвіноўскі (п’еса для стр. К. «U1»). Вакальныя К. звычайна ўваходзяць у оперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПЕ́ННЕ,
пераход вадкасці ў пару, які адбываецца з утварэннем у аб’ёме вадкасці бурбалак пары; адзін з фазавых пераходаў I роду. Пры К. бурбалкі павялічваюцца ў аб’ёме ў выніку выпарэння вадкасці ў поласць бурбалак, усплываюць на паверхню вадкасці, а насычаная пара, што ў іх знаходзіцца, пераходзіць у паравую фазу над паверхняй вадкасці. К. пачынаецца, калі ціск насычанай пары ў бурбалках дасягае значэння знешняга ціску, і можа адбывацца ва ўсім тэмпературным інтэрвале раўнавагі вадкасці і пары (паміж трайным пунктам і крытычным станам).
Для падтрымання К. да вадкасці неабходна падводзіць некаторую колькасць цеплаты, якая ідзе на параўтварэнне і на работу пары супраць знешняга ціску. Значэнне тэмпературы кіпення вадкасці залежыць ад яе хім. прыроды і знешняга ціску, з павелічэннем якога т-ра К. павялічваецца. К. можна выклікаць таксама памяншэннем знешняга ціску пры пастаяннай т-ры, што тлумачыцца з’явай кавітацыі. Залежнасць т-ры К. ад знешняга ціску ляжыць у аснове вызначэння бараметрычнага ціску. Выкарыстоўваецца ў розных тэхн. і тэхнал. працэсах (атрыманне вадзяной пары ў паравых катлах, выпарванне, рэктыфікацыя, кансерваванне, атрыманне нізкіх т-р і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА Існавала ў 12—18 ст. з цэнтрам у г.Клецк. У 9—11 ст. воласць, якая ахоплівала дрыгавіцкае насельніцтва вярхоўяў р. Лань. Першы клецкі ўдзельны князь Вячаслаў Яраславіч упамінаецца ў 1127 як васал вял. кіеўскага князя. Пасля 1142—46 і ў 1149 К.к. належала Святаславу Ольгавічу, таксама васалу Кіева, у 14—15 ст. — князям і вял.кн.ВКЛ. З 1492 і да 1521—22 княства належала кн. Івану Васілевічу і Фёдару Іванавічу Яраславічам, потым перайшло да каралевы і вял. княгіні Боны Сфорца, якая ў 1552—55 правяла ў К.к. валочную памеру (адну з першых на Беларусі), ажыццявіла адм. рэформу (падзел на 6 дзесяткаў; заменены падзелам на 5 войтаўстваў). З 1558 княствам валодалі Радзівілы, якія ў 1586 устанавілі Клецкую ардынацыю ў складзе Клецкага і Давыд-Гарадоцкага княстваў. Тэрмін «К.к.» ўжываўся ў радзівілаўскіх дакументах 17 ст. Пры Радзівілах К.к. мела атрыбуты дзярж.адм. адзінкі ВКЛ (замкавы суд, асобны ваенны атрад клецкай шляхты). У 1791 з Клецкага, Нясвіжскага і Слуцкага княстваў Радзівілаў утвораны Случарэцкі пав. Навагрудскага ваяв.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧНАЯ ФО́РМА,
асобная словаформа назоўніка, якая служыць для выражэння звароту, закліку і выконвае эмацыянальна-валявую функцыю маўлення. Захавалася ва ўкр. мове, у рус. мове сустракаецца толькі ў асобных гаворках. З інш.слав. моў захавалася ў польскай, чэш., балг., сербскахарвацкай, бел. і некат. інш.
У сучаснай бел. мове ў залежнасці ад значэння назоўніка і характару яго асновы можа заканчвацца на галосныя «-е» («браце»), «-у» («ве́тру»), «-о» («дзяўчо»), «-а» («дружа»), «-ю» («чаю») і інш. Выкарыстанне абмежавана пераважна эмацыянальна-валявой сферай. Ужываецца ў размоўным стылі («пап», «Мань»), часткова ў публіцыстычным стылі, у эпісталярным жанры і найб. шырока ў маст. л-ры («Смялей, беларусе-араты!»). К.ф. распаўсюджана таксама ў бел. фальклоры і бел. дыялектах («мамо», «Галё»). У маўленні характарызуецца спецыфічнай інтанацыяй звароту, закліку часта ў спалучэнні з часціцамі («Гэй, хлебаробе мазольны!»). Пры выкарыстанні з залежнымі словамі ўтвараюцца клічныя словазлучэнні («Краю мой родны, як выкляты богам!»). Пры інтанацыйнай і сэнсавай завершанасці К.ф. і клічныя словазлучэнні ўтвараюць клічныя сказы.
Літ.:
Наркевіч А.І. Назоўнік: Граматычныя катэгорыі і формы. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ГЕН ((Cohen) Герман) (4.7.1842, г. Косвіг, Германія — 4.4.1918),
нямецкі філосаф, заснавальнік і кіраўнік марбургскай школы неакантыянства. Праф. у Марбургу (1876—1912) і Берліне (з 1912). Адмаўляў кантаўскае разуменне «рэчы ў сабе» ў якасці рэальнага вытоку пачуццяў пазнаючага суб’екта, а лічыў яе мэтанакіраванай ідэяй мыслення і канчатковым паняццем чалавечага вопыту. Мысленне, на яго думку, акрэслівае і форму, і змест пазнання. Пабудаваў уласную сістэму філасофіі, у якую ўвайшлі логіка, этыка, эстэтыка і філасофія рэлігіі. Філасофія, паводле К., падымаецца да ўзроўню навукі, калі аб’ектамі філас. пазнання становяцца не рэчы і працэсы аб’ектыўнай рэальнасці, а факты навукі. Лічыў, што навук., у т. л.філас., мысленне мае творчы характар у сэнсе неабмежаванасці зместу лагічных канструкцый. Як І.Кант прызнаваў прымат этыкі адносна навук. ведаў, але трактаваў яе як логіку волі. Паводле К., фундамент культуры складаюць тэарэт. пазнанні, а таксама права і прававая дзяржава ў ліберальным разуменні. Сац.-паліт. погляды К. звязаны з распрацоўкай тэорыі «этычнага сацыялізму». Асн. працы: «Тэорыя вопыту Канта» (1871), «Сістэма філасофіі» (т. 1—3, 1902—12).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПЛЕКСНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
угнаенні, якія маюць 2—3 пажыўныя элементы, найб. неабходныя для раслін (азот і фосфар, азот і калій, фосфар і калій ці 3 элементы разам). У састаў К.ў. часам уключаюць і мікраэлементы (бор, марганец, медзь і інш.). У асн. К.ў. — высокаканцэнтраваныя ўгнаенні, якія выкарыстоўваюць пад усе с.-г. культуры.
К.ў. падзяляюць на складаныя, змяшаныя і складаназмяшаныя. Складаныя К.ў. — асобныя солі, абодва іоны якіх маюць пажыўны элемент (напр., фасфаты амонію; гл.Амафос, Дыамафос), ці ўгнаенні, атрыманыя сумеснай крышталізацыяй ці сплаўленнем некалькіх солей (напр., нітрафос, нітрафоска). Асн. сыравіна для вытв-сці складаных К.ў. — газападобны і вадкі сінт. аміяк, чыстыя фосфарная і азотная к-ты, хларыд калію, сінт. мачавіна. Змяшаныя К.ў. — мех. сумесь грануляваных простых тукаў. Рыхтуюць іх непасрэдна ў гаспадарках ці на вял. складах. Складаназмяшаныя К.ў. атрымліваюць грануляваннем сумесей гатовых простых угнаенняў пасля іх хім. апрацоўкі фосфарнай ці сернай к-тамі і аміякатамі.
На Беларусі складаныя (амафос, аманізаваны суперфасфат) і складаназмяшаныя К.ў. (азотнафосфарна-калійныя) з рознымі суадносінамі пажыўных рэчываў вырабляюць на Гомельскім хімічным заводзе. Гл.таксамаВадкія ўгнаенні, Мінеральныя ўгнаенні.