машына (апарат, прылада) для напорнага перамяшчэння (нагнятання, усмоктвання) вадкасці або мех. сумесі вадкасці з цвёрдымі часцінкамі. Бываюць мех., цеплавыя і электрамагнітныя пампы. П. наз. таксама прыстасаванні для стварэння і падтрымання вакууму (вакуумныя помпы), для перамяшчэння матэрыялаў (бетонапомпы, растворапомпы, грунтавыя П. і інш.). Выкарыстоўваюцца ў нафтаперапрацоўчай і горнай прам-сці, сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі, у гідратэхніцы, цеплаэнергетыцы, машынабудаванні і інш.
Найб. пашыраныя мех. П. падзяляюцца на дынамічныя (у іх вадкае асяроддзе перамяшчаецца пад сілавым уздзеяннем на яго ў камеры, якая пастаянна злучана з уваходам і выхадам П.) і аб’ёмныя (вадкасць перамяшчаецца ў выніку перыяд. змен аб’ёму камеры, што папераменна злучаецца з уваходам і выхадам П.). Дынамічныя П.: лопасцевыя (цэнтрабежныя і восевыя), віхравыя, чарпаковыя, П. трэння — шнэкавыя (у т. л. лабірынтныя), дыскавыя і струменныя помпы (у т. л.гідраэлеватары, інжэктары). Аб’ёмныя П.: ротарныя (у т. л. вінтавыя, шасцерневыя, пласціністыя. радыяльна-поршневыя, аксіяльна-поршневыя помпы), зваротна-паступальныя (поршневыя, плунжэрныя, дыяфрагмавыя) і інш. Звычайна П. разам з рухавіком і перадачай уваходзіць у склад помпавага агрэгата, якія разам з трубаправодамі, рэзервуарамі для вадкасці, засаўкамі і інш. арматурай, кантрольна-вымяральнымі прыладамі складае помпавую ўстаноўку. П. — асн. абсталяванне помпавых станцый рознага прызначэння. Для перамяшчэння газаў звычайна выкарыстоўваюць кампрэсары. Першую П. (поршневую) вынайшаў стараж.-грэч. механік Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.). Вярчальныя П. (ротарныя) апісаны франц.інж. А.Рамелі ў 1588, ротарныя колаваротныя (правобраз сучасных зубчастых) — І.Лейрэхонам у 1624. Цэнтрабежная П. прапанавана франц. вучоным Д.Папенам (1689), віхравая — ням.інж. С.Хіншам (1920). У Расіі цэнтрабежныя П. пачалі вырабляць з 1880, восевыя ў СССР — з 1932.
На Беларусі цэнтрабежныя П. для розных галін прам-сці і камунальнай гаспадаркі выпускае Бабруйскі машынабуд. з-д, аксіяльна-поршневыя — гомельскі з-д «Гідрапрывод».
У.М.Сацута.
Схемы помпаў: а — цэнтрабежнай (1 — рабочае кола, 2 — вадкасць); б — восевай (1 — лопасці рабочага кола, 2 — накіравальны апарат); в — шасцерневай (1 — рабочыя шасцерні, 2 — засцерагальны клапан, 3 — усмоктвальная адтуліна); г — пласціністай (1 — ротар, 2 — пласціна, або шыбер); д — радыяльна-поршневай (1 — ротар, 2 — поршань, 3—4 — поласці ўсмоктвання і нагнятання); е — поршневай (1 — рабочая камера, 2 — поршань, 3 — шток, 4 — шатун, 5 — крывашып, 6 — махавік, К — клапаны); ж — плунжэрнай (1—2 — усмоктвальны і нагнятальны клапаны, 3 — плунжэр); з — дыяфрагмавай (1 — дыяфрагма, 2—3 — нагнятальны і ўсмоктвальны клапаны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІ́ХІКА (ад грэч. psychikos душэўны),
вышэйшая форма ўзаемасувязі жывых істот с прадметным светам, якая праяўляецца ў іх здольнасці дзейнічаць на аснове інфармацыі аб ім і рэалізоўваць свае намеры. Узнікла на пэўнай ступені біял. эвалюцыі, выступіла ў якасці аднаго з яе фактараў і забяспечвае ўсё большую складанасць прыстасавання арганізмаў да ўмоў існавання. Дзякуючы актыўнаму і аператыўнаму адлюстраванню органамі пачуццяў і галаўным мозгам аб’ектаў становіцца магчымым ажыццяўленне дзеянняў, адэкватных уласцівасцям гэтых аб’ектаў, а тым самым — выжыванню арганізма. Забяспечвае пошук і надсітуатыўную актыўнасць арганізмаў. П. чалавека і жывёл уключае комплекс працэсаў і станаў: успрыманне, памяць, мысленне, намеры, сны і інш., а таксама элементы псіхічнага вопыту: адчуванні, вобразы, уяўленні, эмоцыі. У чалавека П. набывае якасна новы характар, абумоўлены наяўнасцю мовы, свядомасці і самасвядомасці. П. чалавека развіваецца пад уплывам сацыякульт. фактараў і ўключае псіхічныя ўласцівасці (накіраванасць, тэмперамент, характар, здольнасці), працэсы (пазнавальныя, эмацыянальныя і валявыя), станы (уздым, прыгнечанасць і інш.), вопыт (веды, навыкі, уменні, звычкі). У П. прадстаўлены і ўпарадкаваны падзеі мінулага, сучаснага і магчымай будучыні. Падзеі мінулага выступаюць у даных вопыту, уяўленнях памяці; сучаснага — у сукупнасці вобразаў, перажыванняў, разумовых актаў; магчымай будучыні — у імкненнях, намерах, мэтах, а таксама ў фантазіі і інш. Залежнасць псіхічных працэсаў ад аб’ектыўнай рэчаіснасці адлюстравана ў тэорыі І.М.Сечанава, які вызначыў рэфлекторную прыроду П. ў процілегласць уяўленням аб П. як асобнай бесцялеснай субстанцыі — душы і механістычна-матэрыялістычным тэорыям, якія зводзілі П. да нервовых працэсаў. Ідэя Сечанава лягла ў аснову тэорыі грамадска-гіст. паходжання П. чалавека (рас. вучоныя Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, А.М.Лявонцьеў). Рас. вучоны С.Л.Рубінштэйн разглядаў П. як працэс, які фарміруецца і выяўляецца ў дзейнасці і павінен даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці. Асаблівы падыход у вывучэнні П. чалавека прапанавалі заснавальнік псіхааналізу З.Фрэйд і заснавальнік аналітычнай псіхалогіі К.Г.Юнг.
Літ.:
Лурия А.Р. Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;
Веккер Л.М. Психические процессы. Т. 1—3. Л., 1974—76;
Выготский Л.С. История развития высших психических функций // Собр. соч.М., 1983. Т. 3;
Гримак Л.П. Резервы человеческой психики: Введение в психологию активности. 2 изд. М., 1989;
Юнг К.Г. Структура психики и процесс индивидуации: Пер. с нем. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 28/29.5.1565),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын кашталяна трокскага Я.М.Радзівіла. З 1544 маршалак земскі (вялікі), узначальваў Раду ВКЛ і сеймы. У 1547 атрымаў тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі на Алыцы і Нясвіжы». У 1550-я г. заняў дадаткова пасады канцлера ВКЛ (1550) і ваяводы віленскага (1551). Дамогся заключэння ў 1553 саюза Польшчы і ВКЛ з імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Узначальваў дзярж. камісію па правядзенні агр. рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках, якая падрыхтавала «Уставу на валокі» 1557. Падтрымліваў паліт. саюз з Польшчай, аднак быў рашучым праціўнікам федэрацыі з ёю і адстойваў суверэнітэт ВКЛ. Дзякуючы яго ініцыятыве на сейме 1554—55 была забяспечана дапамога польскага войска ў выпадку нападу Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. У вер. 1557 па ініцыятыве Р. падпісаны. дагавор з магістрам Лівонскага ордэна В.Фюрстэнбергам аб узаемнай абароне. У пачатку Лівонскай вайны 1558—83 Р. выступіў супраць прапановы Івана IV заключыць саюз супраць Крымскага ханства, бо бачыў, што цар хоча адцягнуць увагу ВКЛ ад Інфлянтаў, каб заваяваць іх. 31.8.1559 заключаны Віленскі дагавор аб пратэктараце вял. князя Жыгімонта Аўгуста над Лівонскім ордэнам. Паўд.-ўсх. частка Інфлянтаў (Латгалія) была занята войскам ВКЛ. Пад старшынствам Р. 28.11.1561 у Вільні падпісаны акт аб падпарадкаванні Інфлянтаў сумесна ВКЛ і Польшчы, і ВКЛ уступіла ў вайну з Расіяй за Інфлянты. Р. быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў. У 1561 Р. абвешчаны намеснікам вял. князя ВКЛ. Ён пагадзіўся з Жыгімонтам Аўгустам пра неабходнасць судова-адм. рэформы, і Бельскім прывілеем 1.7.1564 абвешчана ўтварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Потым праведзена павятовая рэформа і створаны органы мясц. шляхецкага самакіравання — сеймікі. Рэформы спрыялі кансалідацыі феад. саслоўя, дапамагалі дзяржаве выстаяць у цяжкія гады вайны. Р. узначальваў рэфармацыйны рух у ВКЛ. На пач. 1550-х г. ён далучыўся да лютэранскай царквы, а праз 2 гады перайшоў у больш радыкальную плынь пратэстанцтва — у кальвінізм. Пры ім Брэст і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва ў Беларусі і Літве, адкрыты Брэсцкія друкарні і Нясвіжская друкарня. Пры садзейнічанні Р. надрукавана славутая Брэсцкая біблія.
Літ.:
Jasnowski J. Mikołaj Czamy Radziwił) (1515—1565): Kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939.
А.П.Грыцкевіч.
М.Радзівіл Чорны. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДКО́ВЫЯ СПЕ́ВЫ,
від старарус. царкоўнага шматгалосся ў 16—17 ст. Назва ад спосабу запісу: партыі, запісаныя крукамі, размяшчаліся адна пад адной над радком тэксту. На Украіне і Беларусі вядомы з пач. 16 ст., у Расіі з 2-й пал. 16 ст. Рэпертуар Р.с. склаўся на аснове песнапенняў, пераважна гімнічнага характару, царк. зб-каў Ірмалой, Актоіх, Святы (адсюль радкі наз. ірмалойнымі, актойнымі або святочнымі).
У залежнасці ад колькасці радкоў Р.с. былі 2-, 3- і 4-галосыя, мелі лінеарную меладычную прыроду і апіраліся на нар. падгалосачна-контрапунктычнае шматгалоссе; як асн. голас выкарыстоўваліся песнапенні знаменнага спеву. Гэты голас называўся пуцём і быў ніжнім у 2-, ніжнім ці другім знізу ў 3- і 4-галосых напевах. 2- і 3-галосыя Р.с. блізкія да шматгалосся, пашыранага ў бел.нар. выканальніцтве на Пд Мінскай, у Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Для іх характэрна першаснасць мелодыі і другаснасць сугуччаў. Дыяпазон і тэмбр голасу не ўлічваліся. У 2-галоссі Р.с. ёсць аналогіі з гетэрафоніяй усх.-слав.традыц.нар. песні. Найб. пашыраны 3-галосыя Р.с., тыповыя для нар.-песеннага і кантавага шматгалосся. З развіццём шматгалосай традыцыі ўскладняліся падгалосачныя, лінеарныя і акордавыя формы. Запісваліся Р.с. знаменнай і дзямественнай натацыямі (гл.Нотнае пісьм). Крукі, або знамёны, паказвалі колькасць гукаў і кірунак руху напеву, але не заўсёды пазначалі канкрэтныя рытмічныя працягласці. Асн. тэндэнцыя знаменных радковых партытур — адвольнае выкарыстанне больш простых знакаў безлінейнай натацыі. Характэрныя палеаграфічныя прыкметы — двайныя пазначэнні (літары светлага і простага сагласій у спалучэнні з дадатковым знакам — коскай злева ці справа). Першы (дзямественнік) і 3-і (пуць) безлінейныя радкі пісалі чорнай тушшу, 2-і (ніз) і 4-ы (верх) — кінавар’ю.
Р.с. падрыхтавалі глебу для партэсных спеваў і выцеснены імі на Беларусі ў 2-й пал. 16 ст., у Расіі — у сярэдзіне 17 ст.
Літ.:
Разумовский Д.В. Церковное пение в России. М., 1867;
Бражников М.В. Многоголосие знаменных партитур // Проблемы истории и теории древнерусской музыки. Л., 1979;
Смоленский С.В. 0 ближайших практических задачах и научных разысканиях в области русской церковнопевческой археологии. СПб., 1904;
Яго ж. Об указаниях отгенков исполнения и об указаниях музыкально-певческих форм церковных песнопений в крюковом письме. Киев, 1909;
Успенский Н. Древнерусское певческое искусство. 2 изд. М., 1971;
Яго ж. Образцы древнерусского певческого искусства. 2 изд. Л., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БАТ (чэш. robot ад robota цяжкая паднявольная праца, rob раб; тэрмін «Р.» упершыню ўжыў К.Чапек у 1920 як назву мех. людзей),
аўтаматычная машына, якая забяспечвае выкананне розных рухаў і некаторых інтэлектуальных функцый, уласцівых чалавеку ў працэсе яго прац. дзейнасці. Мае перапраграмавальнае прыстасаванне і інш.тэхн. сродкі, што даюць магчымасць хуткай пераналадкі для аўтам. выканання розных дзеянняў, прадугледжаных праграмай.
Першыя Р., якія імітавалі рухі і знешні выгляд чалавека, выкарыстоўваліся з пацяшальнымі мэтамі. З развіццём аўтаматызацыі вытворчасці разам з традыцыйнымі аўтаматамі сталі выкарыстоўвацца Р.-аўтаматы (прамысловыя робаты), якія мелі адну або некалькі «мех. рук», пульт кіравання або ўбудаванае прыстасаванне праграмнага кіравання. З развіццём робататэхнікі створаны разнастайныя тыпы Р. Паводле сістэм кіравання адрозніваюць Р.: праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам), адаптыўныя (з пэўнымі магчымасцямі аўтам. перапраграмавання, гл.Самапрыстасавальны робат), інтэлектныя (здольныя планаваць свае дзеянні ў залежнасці ад зменных абставін). Інтэлектныя аснашчаюцца датчыкамі апачуццяўлення, якія ўтвараюць сенсорную сістэму, прызначаную для ўспрымання, пераўтварэння, аналізу, апрацоўкі (з дапамогай ЭВМ ці мікрапрацэсара) інфармацыі пра знешняе асяроддзе, перадачы яе кіроўнаму прыстасаванню або ЭВМ вышэйшага ўзроўню. Прамысловыя Р., як правіла, выкарыстоўваюцца ў комплексе з асн.тэхнал. абсталяваннем (у робататэхнічных комплексах і інш. структурных адзінках гібкай аўтаматызаванай вытворчасці). Выкарыстанне Р. дазваляе вызваліць чалавека ад манатоннай і небяспечнай для жыцця работы, у т. л. ва ўмовах павышанай радыяцыі, высокай т-ры, пад вадой, у космасе і г.д.
Літ.:
Геттнер Р., Зейдевиц Н. Роботы сегодня и завтра: Пер. с нем. М., 1988;
Куафе Ф. Взаимодействие робота с внешней средой: Пер. с фр.М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848-49 У ВЕ́НГРЫІ адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе, накіраваная на ліквідацыю феадалізму і дасягненне нац. незалежнасці Венгрыі. Пачалася з паўстання 15.3.1848 ў Пешце пад кіраўніцтвам Ш.Пецёфі. 17 сак створаны ўрад Венгрыі, адказны перад парламентам — Дзярж. сходам, на чале з адным з лідэраў апазіцыі графам Л.Бацяні. Пачаліся аграрныя рэформы: скасаваны паншчына і царк. дзесяціна, ва ўласнасць сялянам перададзена 1/3с.-г. зямель, прыгонныя (40% сялянскага саслоўя) атрымалі свабоду. Дзярж. сход Венгрыі абвясціў незалежнасць краіны ў фін. і ваен. галінах, пры захаванні на венг. прастоле аўстр. Габсбургаў. 11 ліп Дзярж. сход прыняў рашэнне пра стварэнне венг.нац. арміі. імкненне венг. ўрада стварыць унітарную дзяржаву, адмова прызнаць аўтаномію Харватыі, Славоніі, сербаў Ваяводзіны, румын Трансільваніі выклікалі незадаволенасць нац. меншасцей. 11.9.1848 у Венгрыю ўварваліся войскі харвацкага бана (правіцеля) І.Ялачыча, якія былі разбіты каля Пакозда і адкінуты ў Аўстрыю. Пасля адстаўкі ўрада Бацяні ў кастр. 1848 улада перайшла да К-та абароны радзімы (КАР) на чале з Л.Кошутам. Аўстр. ўрад выдаў дэкрэт аб роспуску венг. парламента і ўвядзенні ў Венгрыі ваен. становішча. Пасля задушэння кастр, паўстання ў Вене (гл.Рэвалюцыя 1848—49 у Аўстрыі), у Венгрыю накіраваны аўстр. войскі, якія 5.1.1849 занялі Пешт. КАР і Дзярж. сход пераехалі ў Дэбрэцэн. Вясной венг. армія на чале з ген. А.Гёргеем перайшла ў наступленне і да канца сак. ўсталявала кантроль над б.ч.тэр. Венгрыі. У Трансільваніі паспяхова дзейнічала армія Ю.Бема. 14.4.1849 Дзярж. сход прыняў «Дэкларацыю незалежнасці», паводле якой Венгрыя абвяшчалася незалежнай рэспублікай, правіцелем яе абраны Кошут. У гэтых умовах па закліку аўстр. імператара Франца Іосіфа І, рас. цар. Мікалай І накіраваў у Венгрыю ў чэрв. 1849 200-тысячную армію на чале з фельдмаршалам І.Ф.Паскевічам. 13 ліп. яна заняла Пешт. 13 жн.венг. армія капітулявала. У Венгрыі ўсталяваўся жорсткі акупацыйны рэжым, адноўлена аўстр. праўленне. Многія венг.дзярж. і ваен. дзеячы пакараны смерцю або вымушаны былі пакінуць краіну. Аднак рэвалюцыя нанесла рашучы ўдар па феад.-абсалютысцкім ладзе, што пацвердзілі законы, прынятыя ў 1850-х г.
Літ.:
Авербух Р.А. Революция и национально-освободительная борьба в Венгрии 1848—1849. М., 1965;
Яго ж. Революция в Австрии (1848—1849 гг.). М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ,
выканаўчы орган Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзаха). Існаваў з 9.12.1917 па 25.2.1918 у Мінску. Утвораны на 1-м пленарным пасяджэнні Аблвыкамзаха. Старшыні СНК: К.І.Ландар, А.Ф.Мяснікоў, М.І.Калмановіч. У студз. 1918 замест пасады старшыні СНК утворана калегія камісараў. СНК меў аддзелы (камісарыяты) на чале з камісарамі: ваен. (Мяснікоў), унутр. спраў (Ландар), харч. (Калмановіч, І.Новікаў), фін. (І.П.Федзянёў, І.І.Рэйнгольд), нац. (С.І.Берсан), зямельны (Н.М.Дайнека, Саржынскі), працы (І.Я.Алібегаў, Панцялееў), гандлю і прам-сці (У.М.Фрэйман, Ф.Г.Шалаеў), нар. асветы (Л.П.Рэзаўскі, Шлес, Савацееў), юстыцыі (У.С.Селязнёў, Р.В.Пікель), апекі (В.П.Красноў, В.Л.Муха, В.І.Смірноў, Катлярэўскі), пошт і тэлеграфа (Несцярэнка), чыг. (Смірноў); кіраўнікі спраў — П.Осіпаў, В.Г.Кнорын, Савацееў, Селязнёў. Ў студз.—лют. 1918 арганізаваны аддзелы нар. гаспадаркі (П.Казлоў), па справах бежанцаў (М.Віглянскі), аховы здароўя (Л.Грамашэўскі); пры аддзеле па нац. справах створаны 2 пададдзелы па польскіх (С.Л.Гельтман) і яўр. (Фрыдлянд) справах. Ваен. аддзел рэарганізаваны ў Ваен.к-т на чале калегіі з 9 асоб (старшыня Мяснікоў); на яго ўскладзена задача стварэння Рабоча-Сял.Чырв. Арміі і дэмабілізацыя армій Зах. фронту. Юрысдыкцыя СНК пашыралася на Мінскую і неакупіраваную частку Віленскай губ. Дзейнічаў у кантакце з Мінскім Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, да 25.12.1917 паралельна з ім існаваў ранейшы орган улады — Ваен.-рэв.к-тЗах. фронту. СНК ажыццяўляў дэкрэты СНК РСФСР, ствараў органы сав. улады, скасоўваў старыя дзярж. ўстановы, наладжваў гасп. жыццё (выпуск тавараў нар. спажывання, устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня, дапамога беспрацоўным, адкрыццё пунктаў грамадскага харчавання і інш.). Узяў пад кантроль усе банкі і грашова-крэдытныя ўстановы, нацыяналізаваў шэраг прадпрыемстваў. Паводле яго загаду распушчаны Усебеларускі з’езд 1917, Цэнтральная беларуская вайсковая рада, арыштаваны шэраг бел.нац. дзеячаў, спынены выданні некат. газет. Для ўмацавання ўлады ў снеж. 1917—18 ствараліся рэв. трыбуналы і нар. суды. Дзейнасць СНК спынена 19.2.1918 у сувязі з наступленнем герм. войск. Пасля эвакуацыі ў Смаленск сваёй дзейнасці не аднаўляў. Паводле пастановы Аблвыкамзаха ад 25.2.1918 выканаўчая ўлада з названага органа не вылучалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГА (Ян Казімір) (? — 22.2.1730),
дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі. Ген.-фельдмаршал рас. службы (1726). З роду Сапегаў. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Варшавы (да 1685) і Брунсберга (Бранева, 1692). З 1682 староста бабруйскі, з 1697 пасол (дэпутат) сойма ад Брэсцкага ваяв. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21. У 1702 далучыўся да войска караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II, але неўзабаве перайшоў на бок шведаў. Адзін з ініцыятараў Варшаўскай канфедэрацыі 1704, створанай для дэтранізацыі Аўгуста II і абрання каралём Станіслава Ляшчынскага. Атрымаў шэраг перамог над войскамі Аўгуста II, у т. л. каля Пултуска (1704), Ляхавічаў (1709), удзельнік няўдалай бітвы каля Каліша (1706), 13.5.1709 разбіты рус. войскамі каля Лядухава (Украіна). У 1708—09 вял. гетман літоўскі (прызначаны шведскім каралём Карлам XII). Пасля паражэння шведаў у Палтаўскай бітве 1709 перайшоў на бок рускіх і Аўгуста II і дамогся для сябе амністыі. Аднак страціўшы пасаду гетмана, з канца 1709 з мэтай вяртання гетманскай булавы зноў павёў барацьбу (у 1711—13 узброеную) супраць Аўгуста II. У 1713 зноў перайшоў на яго бок і атрымаў амністыю. Выношваў план захопу Карла XII у час яго праезду праз Польшчу з Бендэр (Малдова) у Памор’е і выдачы яго аднаму з кіраўнікоў Сандамірскай канфедэрацыі 1704вял. кароннаму гетману А.Сяняўскаму. Але пасля няўдачы гэтай аперацыі быў сам арыштаваны прыхільнікамі Аўгуста II і аддадзены пад суд гетманаў; вызвалены праз заступніцтва крымскага хана Дэўлет-Гірэя. У 1720 разарваў адносіны з Аўгустам II. Намерваўся ажаніць свайго сына Пятра з Марыяй — дачкой рас. князя А.Д.Меншыкава, які хацеў з дапамогай С. атрымаць Курляндскае і Земгальскае герцагствы (заручыны адбыліся вясной 1726 у Пецярбургу, падарожжа С. ў рас. сталіцу апісана ў яго дзённіку). Аднак планы Меншыкава і С. не здзейсніліся, і пасля скасавання заручын іх адносіны пагоршыліся. Тым не менш С. застаўся пры двары Кацярыны I і захаваў свае пазіцыі пры Пятру II [1727—30]. Удзельнічаў у рабоце вышэйшых дзярж. устаноў Расіі. Пасля ссылкі Меншыкава (1727) ген.-губернатар Пецярбурга і Інгрыі. Вясной 1728 выехаў у ВКЛ, каб умацаваць пазіцыі Сапегаў у дзяржаве, але беспаспяхова.
Літ.:
Артамонов В.А. Россия и Речь Посполитая после Полтавской победы (1709—1714). М., 1990;
Kriegseisen W. Diariusz petersburgskiej podróży Jana i Piotra Sapiehów z 1726 r. Warszawa, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТЫ́РА (лац. satira ад больш ранняга satura сумесь),
вострае, знішчальнае асмяянне грамадскіх з’яў, выкрыццё заган; эмацыянальна-эстэт. форма крытыкі; від камічнага. Адрозніваецца ад гумару асуджальным пафасам, рэзка негатыўнай ацэнкай аб’екта асмяяння. Характарызуецца паліт. злабадзённасцю, тэндэнцыйнасцю, публіцыстычнай накіраванасцю. Рэалізуецца ў розных відах мастацтва: выяўл. (карыкатура, шарж), т-ры і кіно (сатыр.камедыя) і інш., найб. пашырана ў л-ры. У Стараж. Рыме С. наз. асобны жанр лірыкі, у якім выкрываліся паліт., грамадскія і літ. з’явы (Гарацый, Ювенал). Пазней паняцце «С.» пашырылася на творы інш. жанраў. Асн. жанры С.: эпіграма (Марцыял, Г.Лесінг, Р.Бёрнс, А.С.Пушкін), сатыр. камедыя (Арыстафан, Мальер, Б.Брэхт, А.С.Грыбаедаў), памфлет (Эразм Ратэрдамскі, Д.Дэфо, Дж.Свіфт, Вальтэр), фельетон (Г.Гейнэ, М.Булгакаў, М.Зошчанка). С. як эстэт. катэгорыю ўпершыню разглядаў Ф.Шылер, які разумеў пад гэтым паняццем усе праявы камічнага. Размежаванне С. і гумару як процілеглых відаў камічнага вызначалася ў эстэтыцы рамантызму (Жан Поль). Г.Гегель адмаўляў маст. вартасць С. У сав. эстэтыцы і літаратуразнаўстве С. як грамадска актыўная праява камічнага лічылася яго найвышэйшай формай (Ю.Б.Бораў, А.З.Вуліс, Дз.П.Нікалаеў, Я.Я.Эльсберг). М.М.Бахцін лічыў С. літ. з’явай Новага часу, не ўласцівай літаратуры папярэдніх эпох і нар. культуры. У бел. л-ры элементы С. адзначаюцца з 16—17 ст. («Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», асобныя творы С. Зізанія, Л.Карповіча, Хрыстафора Філалета). Да С. звярталіся В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас, К.Каганец, У.Галубок, А.Мрый, М.Танк, Н.Гілевіч, Р.Барэдулін і інш.; С. вызначае асн. кірунак творчасці К.Крапівы, А.Макаёнка, У.Корбана і інш. Праблемы С. даследуюцца на Беларусі пераважна ў межах літаратуразнаўства (Дз.Я.Бугаёў, Л.М.Гарэлік, Я.Казека, Я.К.Усікаў), мастацтвазнаўства (Ю.М.Сохар, В.Ф.Шматаў), фалькларыстыкі (А.С.Фядосік).
Літ.:
Дземидок Б. О комическом: Пер. с пол. М., 1974;
Жан Поль. Приготовительная школа эстетики: Пер. с нем. М., 1981;
Гарэлік Л.М. Сатыры слова гнеўнае: Некаторыя асаблівасці бел.сав. сатырыч. паэзіі. Мн., 1989;
Пропп В.Я. Проблемы комизма и смеха. 2 изд. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛО́ГІЯ ПРА́ЦЫ,
сацыялагічная тэорыя, змест якой складаюць законы і катэгорыі, што вызначаюць працу як неабходную ўмову жыццядзейнасці індывіда і грамадства. Аб’ектам С.п. з’яўляецца праца як з’ява і як працэс у іх сац. накіраванасці на чалавека, які працуе. Прадмет С.п. — сац.-тыповыя працэсы, якія адлюстроўваюцца ў адносінах чалавека да працы, яго прац. актыўнасці. Тыповым для С.п. з’яўляецца аналіз установак і паводзін чалавека ў залежнасці ад зместу і характару працы. У працэсе навукова-тэхн. прагрэсу тэхніка і тэхналогія вытв-сці ўдасканальваюцца. Гэта выклікае змены прац. функцый чалавека, суадносін ручной, механізаванай і аўтаматызаванай, а таксама фіз. і разумовай працы, ускладненне яе арг-цыі. Якасныя зрухі ў змесце працы ствараюць перадумовы для змены яе характару, што ў сваю чаргу ўплывае на змест працы, запавольвае або садзейнічае яе развіццю. Закон адпаведнасці вытв. адносін узроўню развіцця прадукц. сіл (К.Маркс) праяўляецца ў сферы працы ў выглядзе закону адпаведнасці яе характару і зместу; з’яўляецца адным з асн. законаў С.п. і стварае катэгарыяльны апарат дадзенай тэорыі.
С.п. развівалася пад уздзеяннем праблем, звязаных са зменай спосабу вытв-сці і адпаведнай зменай прац. адносін. Яе законы функцыянавалі і да ўзнікнення С.п. як навукі. Напр., закон падзелу працы ўзнік у рабаўладальніцкім грамадстве, эвалюцыйна развіваўся ў перыяд феадалізму і рэвалюцыянізаваў у 1950-я г. на этапе навукова-тэхн. рэвалюцыі. У працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай пачаў развівацца закон перамены працы, які рэвалюцыянізаваў амаль адначасова з законам падзелу працы. У капіталіст. вытв-сці пашырыў свае функцыі закон канкурэнцыі як асн. закон вытв-сці, які стымулюе развіццё законаў падзелу і перамены працы. З пачаткам фарміравання рыначнай сістэмы гаспадарання ў постсавецкіх грамадствах (1990-я г.) С.п. звязваецца з паводзінамі работадаўцаў і наёмных работнікаў у адказ на дзеянне эканам і сац. стымулаў да працы. Асн. акцэнт робіцца на эканам. стымулы, якія рэгулююць прац. паводзіны сац.-прафес груп. Большая ўвага аддаецца метадам аналізу і вырашэння прац. канфліктаў, сістэме сац. гарантый у сферы працы, сац. ін-там і механізмам сац. абароны работнікаў.
Літ.:
Штольберг Р. Социология труда: Пер. с нем. М., 1982;
Социология труда. М., 1993;
Маркович Д.Ж. Социология труда: Пер. с сербскохорв. М., 1997;
Адамчук В.В., Ромашов О.В., Сорокина М.Е. Экономика и социология труда. М., 1999;