ДЭВАЛЬВА́ЦЫЯ (ад дэ... + вальвацыя),

зніжэнне курсу валюты адной краіны ў адносінах да курсу валюты іншай краіны або шэрагу дзяржаў. Д. звычайна праводзіцца ва ўмовах вял. дэфіцыту плацежнага балансу, уцечкі золата і замежнай валюты з краіны, міграцыі капіталаў у інш. краіны з-за росту працэнтных ставак, а таксама з мэтай стымулявання экспарту.

т. 6, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛС (галанд. hals),

1) курс судна адносна ветру: левы галс (вецер дзьме з левага боку), правы галс.

2) Адрэзак шляху судна (ад павароту да павароту), якое ідзе зігзагападобным курсам пры лавіраванні пад ветразямі, выкананні прамерных работ, траленні і інш. 3) Прылада, якая мацуе да мачты ніжні наветраны вугал ветразя (галсавы вугал).

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЧЫ́ЧНЫ АЛЕЙ,

раслінны тлусты алей, які атрымліваюць прасаваннем з насення гарчыцы. Вадкасць ад светла-жоўтага да светла-бурага колеру, шчыльн. 918 кг/м³, т-ра застывання -15 °C. Устойлівы да акіслення, не прагаркае пры працяглым захоўванні, паўвысыхальны алей. Выкарыстоўваюць пераважна ў хлебапякарнай, кандытарскай і кансервавай вытв-сці. Гл. таксама Алеі.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕГЦЯРО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р.

Бярозаўка, за 6 км на Пн ад г. Глыбокае. Пл. 0,2 км², даўж. 620 м, найб. шыр. 200 м, даўж. берагавой лініі больш за 1,3 км. Схілы катлавіны выш. да 5 м, пераважна разараныя. Выцякае ручай у воз. Шубніцкае.

т. 6, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАР’Е́НСКІ ЗАЛІ́Ў (Golfo del Darien),

заліў на ПдЗ Карыбскага м., каля берагоў Калумбіі і Панамы. Даўж. 165 км, глыб. ад 70 м (каля ўзбярэжжа) да 1200—2000 м (у адкрытай частцы). Прылівы няправільныя паўсутачныя (да 0,6 м). Паўд. вузкая частка Д.з., якая ўдаецца ў сушу на 100 км, наз. залівам Ураба.

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТРАПІ́ЗМ [ад гідра... + трапізм(ы)],

рэакцыя арыентавання жывёл, органаў раслін (асабліва каранёў) у напрамку да больш або менш (радзей) вільготнага асяроддзя. Бывае станоўчы (напр., пры нераўнамерным размеркаванні вільгаці ў глебе карані раслін, дажджавыя чэрві і інш. накіроўваюцца ў больш вільготныя ўчасткі) і адмоўны (напр., спарангіяносцы многіх плесневых грыбоў растуць у бок ад вільготнага субстрату).

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАСТЫ́ЛЬ (ад грэч. hypostylos які падтрымліваецца калонамі),

у архітэктуры Стараж. Усходу (Егіпет, Іран) вялікая зала храма або палаца са шматлікімі, шчыльна пастаўленымі калонамі (напр., храм Амона-Ра ў комплексе Карнак, 14—12 ст. да н.э.).

Да арт. Гіпастыль. Залы храма Амона-Ра ў комплексе Карнак. 14—12 ст. да н.э.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНТАКРА́ТЫЯ [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + kratos улада],

прынцып кіравання, пры якім улада належыць старэйшым. Тэрмін герантакратыі ўведзены ў этнаграфіі ў пач. 20 ст. і выкарыстоўваецца для аналізу структур улады на ранніх формах грамадскага ладу, пазней у класавым грамадстве. У пераносным сэнсе герантакратыя сімвалізуе адсталасць, кансерватызм, застойнасць мыслення і бяздзейнасць.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЕНКА,

рака ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл. і Крупскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Бобр (бас. р. Дняпро). Даўж. 38 км. Пл. вадазбору 170 км². Выцякае з воз. Камачэўскае на тэр. Талачынскага р-на. Рэчышча каналізаванае ад вытоку на працягу 6 км. Цячэ пераважна па забалочаным лесе.

т. 6, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТНІ́К,

старажытная мера (адзінка) масы. Назва паходзіць ад златніка — стараж. рус. залатой манеты масай 4,2 г. Лікавае значэнне З. ў 16—19 ст. мянялася: у ВКЛ З. = 3,9 г (прыблізна), у Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. З. = ​1/96 фунта = 4,266 г. З. карысталіся пры вызначэнні пробы каштоўных металаў.

т. 6, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)