запасы энергіі рачных патокаў і вадаёмаў сушы. Адносяцца да катэгорыі аднаўляльных энергарэсурсаў. Вызначаюцца ў кілаватах сярэднегадавой эл. магутнасці або ў кілават-гадзінах эл. энергіі за год. Адрозніваюць патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы (колькасць воднай энергіі, якую можна атрымаць, выкарыстаўшы цалкам сцёк рэк на ўсім іх працягу) і тэхн. рэсурсы (магчымыя для выкарыстання па тэхн. умовах, частка патэнцыяльных рэсурсаў). Па некат. ацэнках патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы зямнога шара складаюць 3750 млн.кВт (32 900 млрд.кВт∙гадз) электраэнергіі за год, з іх каля 12 300 (37%) — тэхн. рэсурсы. Энергет. рэсурсы рэк Беларусі: патэнцыяльныя каля 1 млн.кВт (7,5 млрд.кВт∙гадз) выпрацоўкі электраэнергіі за год, тэхн. рэсурсы вызначаюцца ў 2,5—3 млрд.кВт∙гадз за год (30—40% ад патэнцыяльных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДУ́Н, грыжная трава (Herniaria),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Зах. Азіі, пераважна ў Міжземнамор’і. У Беларусі ўсюды трапляецца гладун гладкі (H. glabra) і зрэдку, пераважна ў паўд. раёнах, гладун мнагашлюбны (H. polygama). Растуць на сухіх грунтавых, пераважна пясчаных агаленнях, на пустках, папарах, каля дарог.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з кароткім галінастым распасцёртым сцяблом даўж. 5—20 см, прыціснутым да зямлі накшталт разеткі. Лісце прадаўгавата-эліптычнае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, двух- ці аднаполыя, жаўтавата-зялёныя або белыя ў пазухах верхняга лісця. Плод — шарападобны аднанасенны арэшак. Лек. (мачагонны і вяжучы сродак), дэкар., кармавыя і інсектыцыдныя расліны. Маюць пахучае рэчыва кумарын, сапаніны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЕ ГАНЬБАВА́ННЕ,
адзін з відаў крымінальнага пакарання ў праве Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД, а таксама мера ўздзеяння, якая выкарыстоўваецца камісіямі па справах непаўналетніх і таварыскімі судамі. Як мера пакарання заключаецца ў публічным выказванні судом грамадскага ганьбавання вінаватаму з давядзеннем пра гэта да ведама грамадскасці праз друк абоінш. спосабам. Назначаецца судом як асн. мера пакарання за малазначныя злачынствы, і з’яўляецца мерай выхаваўча-папераджальнага ўздзеяння. Камісія па справах непаўналетніх можа вынесці грамадскае ганьбаванне бацькам і асобам, якія іх замяняюць, пры няправільных адносінах да дзяцей, злосным невыкананні абавязкаў па выхаванні дзяцей, а таксама ў сувязі з правапарушэннямі іх непаўналетніх дзяцей. Таварыскі суд прымяняе грамадскае ганьбаванне да асоб, вінаватых у правапарушэннях і інш. правіннасцях, разгляд якіх аднесены да кампетэнцыі таварыскіх судоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВЫЯ НАКАПЛЕ́ННІ,
чысты даход (прыбытак) грамадства, які ствараецца на прадпрыемствах і рэалізуецца ў грашовай форме. Паводле формы ўяўляе сабой розніцу паміж цаной (коштам), па якой тавары або паслугі рэалізуюцца пакупнікам, і іх поўным сабекоштам. Адрозніваюць грашовыя накапленні на мікра- і макраўзроўнях. Першыя ўключаюць у асноўным прыбытак як фін. вынік дзейнасці эканамічна адасобленых суб’ектаў гаспадарання і накіроўваюцца на расшырэнне і ўдасканаленне вытв-сці, вырашэнне сац. задач. Другія аб’ядноўваюць т.зв. цэнаўтваральныя падаткі (падатак на дабаўленую вартасць, акцызы), якія ўносяцца ў бюджэт, а таксама абавязковыя плацяжы і адлічэнні ў пазабюджэтныя фонды (на ўтрыманне пажарнай службы, ведамаснага жылля і да т.п.). Іх выкарыстоўваюць на фінансаванне дзярж. Выдаткаў (нар. гаспадаркі, сац.-культ. расходаў, органаў кіравання і інш.) і адпаведныя мэтавыя праграмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДСКІ СУД, замкавы суд,
крымінальны і цывільны суд для шляхты, мяшчан і сялян у Польшчы (14—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). У Беларусі Гродскі суд ліквідаваны ў 1795, у 1797 адноўлены ў Літоўскай губ. (пазней Віленская і Гродзенская губ.), канчаткова скасаваны ў 1831. Напачатку размяшчаўся ў гродзе (замку, адсюль назва). Дзейнічаў у двух складах — вышэйшым (як 1-я і 2-я інстанцыі) і ніжэйшым (толькі як 1-я інстанцыя). У вышэйшы Гродскі суд уваходзілі гал. суддзя (ваявода, староста або дзяржаўца) і прадстаўнікі феадалаў. Ніжэйшы Гродскі суд складаўся з намесніка гал. суддзі, шляхціцаў і пісара. Гродскі суд разглядаў справы пра найб. цяжкія крымінальныя злачынствы асоб, якія былі затрыманы на месцы злачынства, цывільныя справы аб выпатрабаванні чэлядзі нявольнай і залежных сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІЯ КУ́ФРЫ,
вырабы нар. майстроў з г. Давыд-Гарадок і навакольных вёсак Столінскага р-на. Промысел быў пашыраны ў 19 — 1-й пал. 20 ст. Паводле канструкцыі куфар рабілі ў выглядзе звужанай унізе дашчанай скрыні на 4 металічных ці драўляных колцах, з плоскім векам, якое выступала за бакавыя сценкі, з уразным ці накладным замком з акоўкай і 2 ручкамі па баках. Фарбавалі ў чырвона-вохрысты колер. Гладкія палосы бляхі, звычайна прафіляваныя, аздаблялі вуглы куфра і край века. Шырокія жал. палосы, што падзялялі пярэднюю сценку куфра на 4 часткі, заканчваліся дэкар. стылізаванымі выявамі галоў птушак, змей або звычайным закругленнем. Часам пярэднюю сценку размалёўвалі расліннымі кампазіцыямі ў выглядзе галінак з кветкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬНАМЕ́Р,
прылада для вызначэння адлегласцей да аб’ектаў без непасрэдных вымярэнняў на мясцовасці. Паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць Д. геам. (пасіўнага) і фіз. (актыўнага) тыпаў. Выкарыстоўваюцца ў інж. геадэзіі, тапаграфіі, ваен. справе, навігацыі, астраноміі, фатаграфіі і інш.
Прынцып дзеяння Д. геам. тыпу засн. на рашэнні роўнабаковага трохвугольніка па вядомай старане (базе) і процілеглым (паралактычным) вугле. Такія прылады бываюць монакулярныя (з адным акулярам; напр., у фотаграфічных апаратах) і бінакулярныя (гл.Стэрэаскапічны дальнамер), з пастаяннай базай і пастаянным вуглом (гл Аптычны дальнамер). Прынцып дзеяння Д. фіз. тыпу засн. на вымярэнні часавых або фазавых суадносін паміж пасланым і прынятым (адбітым ад аб’екта) сігналамі. У залежнасці ад выбранага дыяпазону і віду ваганняў адрозніваюць акустычныя Д. (гл.Гідралакацыя, Рэхалот), радыёдальнамеры і святлодальнамеры, у т. л. лазерныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХПАЛА́ТНАЯ СІСТЭ́МА,
у дзяржаўным праве наяўнасць у складзе прадстаўнічага органа дзвюх палат — верхняй і ніжняй, якія дзейнічаюць раздзельна. Узнікла ў 13 ст. ў Англіі, парламент якой меў палату лордаў і палату абшчын. У практыцы парламентарызму фарміраванне палат адбываецца па-рознаму: верхняя палата фарміруецца пераважна шляхам назначэння ці спадчынна (палата лордаў у Вялікабрытаніі) або шляхам непрамых выбараў (сенат у Францыі); ніжняя — шляхам прамых выбараў насельніцтвам У Рэспубліцы Беларусь з ліст. 1996 заснаваны парламент — Нацыянальны сход, які складаецца з дзвюх палат: Палаты прадстаўнікоў, якая выбіраецца насельніцтвам на аснове ўсеагульнага выбарчага права, і Савета Рэспублікі — палаты тэр. прадстаўніцтва, члены якога выбіраюцца на мясц. Саветах дэпутатаў (па 8 ад кожнай вобласці і г. Мінска) і прызначаюцца Прэзідэнтам дзяржавы (8 членаў). Гл. таксама Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕЕПРЫМЕ́ТНІК,
неспрагальная дзеяслоўная форма з асаблівасцямі дзеяслова і прыметніка. Абазначае дзеянне як прыкмету або ўласцівасць прадмета, што выяўляюцца ў часе. У сучаснай бел. мове Дз. захоўвае дзеяслоўнае кіраванне, мае формы незакончанага і закончанага трывання («сушаны», «высушаны»), цяперашняга і прошлага часу («утвараючая», «высахлая»), залежнага і незалежнага стану («засеянае», «засеяўшае»), а таксама роду, ліку і склону, якія выражаюцца тымі самымі грамат. сродкамі (канчаткамі), што і ў прыметніках. Дз. цяперашняга часу ўтвараюцца суфіксамі «-уч-(-юч-)», «-ач-(-яч-)» і «-ом-(-ем-)», «-ш-(-ым-)»; прошлага часу — суфіксамі «-ўш-», «-ш-», «-л-», «-н-(-ен-, -ан-, -ян-)» і «-т-». Яны могуць мець поўную і кароткую форму («збудаваны» — «збудован»).
Літ.:
Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968. С. 54—61;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЯННЕў фізіцы,
фізічная велічыня, якая мае размернасць здабытку энергіі на час (або імпульсу на перамяшчэнне); адна з найважнейшых характарыстык дыскрэтных мех. сістэм.
У залежнасці ад выбранай фармулёўкі варыяцыйных прынцыпаў механікі выкарыстоўваюцца 2 вызначэнні Дз.: паводле Гамільтана
і паводле Лагранжа
, дзе — функцыя Лагранжа, T і U — кінетычная і патэнцыяльная энергіі сістэмы адпаведна, — прамежак часу, праз які мех. сістэма пераходзіць з пачатковага ў адвольны, залежны ад часу стан сістэмы. Паняцце «Дз.» выкарыстоўваецца ў аналітычнай механіцы, а пры адпаведных абагульненнях у тэорыі пругкасці, электра- і тэрмадынаміцы, квантавай механіцы і тэорыі поля. Гл. таксама Найменшага дзеяння прынцып.