АБСАЛЮ́Т (ад лац. Absolutus неабмежаваны, безумоўны),
у ідэалістычнай філасофіі — вечнае, бясконцае, безумоўнае, дасканалы і нязменны суб’ект, які «самадастатковы», сам па сабе змяшчае ўсё існуючае і стварае яго. У філасофіі Фіхтэ — гэта «Я», у Гегеля — сусветны розум (абсалютны дух), у Шапенгаўэра — воля, у Бергсона — інтуіцыя; у рэлігіі як абсалют выступае Бог.
т. 1, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІНЬЁНСКАЕ ПАЛАНЕ́ННЕ ПА́ПАЎ,
«вавілонскі палон», перыяд у гісторыі папства, калі рымскія папы трапілі ў паліт. залежнасць ад франц. караля і вымушаны былі перанесці сваю рэзідэнцыю ў 1309—77 (з перапынкам 1367—70) з Рыма ў Авіньён (Францыя). Сведчыла пра паражэнне папства ў барацьбе з феад. манархіямі Еўропы за паліт. ўплыў.
т. 1, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАВЕ́, Агаўэ (Ogowe, Ogooué),
рака ў Цэнтральнай Афрыцы (Конга, Габон). Даўж. каля 1200 км, пл. вадазбору 216 тыс. км². Пачынаецца на Паўд.-Гвінейскім узв., упадае ў Атлантычны ак. Парожыстая, у вярхоўі ўтварае вадаспад Пубра. Сярэдні расход вады каля 5 тыс. м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні ад вусця да г. Нджоле.
т. 1, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАДЫ́Р,
горад на ПдЗ Марока. Адм. ц. правінцыі Агадыр. Засн. ў 16 ст. 779 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1990). Порт на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Міжнар. аэрапорт. Буйны рыбапрамысл. цэнтр. Вываз рыбных кансерваў, цытрусаў, ранняй агародніны, рудаў каляровых металаў. Цэм. з-д. Цэнтр турызму і адпачынку. Моцна пацярпеў ад землетрасення ў 1960.
т. 1, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎСКІ КАНА́Л,
меліярацыйны канал у Беларусі, у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Левы прыток Дняпроўска-Бугскага канала. Пабудаваны ў 1905—10, рэканструяваны ў 1973. Даўжыня 34 км. Пачынаецца з возера Арэхавец на тэрыторыі Валынскай вобласці, вусце на ПнЗ ад вёскі Выгода. Прытокі: каналы Лелікаўскі, Церабовіцкі, Дзівінскі (злева), Павіцценскі і Травінскі (справа).
т. 2, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЯ́ТА,
возера ў Беларусі, у Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Дзісна, за 15 км на ПдЗ ад г.п. Шаркаўшчына, сярод балота Мох. Пл. 0,5 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 0,4 км. Берагі нізкія, тарфяністыя, з балотнай расліннасцю. Зарастае. На Пд з возера выцякае ручай у р. Дзісна.
т. 2, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ, Атаманская імперыя,
афіцыйная назва султанскай Турцыі да 1922 — ад імя заснавальніка дынастыі султана Асмана I [1299 ці 1300 — 1324]. Склалася ў 15—16 ст. Аб’ядноўвала Пярэднюю Азію, Балканскі п-аў, Егіпет і інш. краіны Паўн. Афрыкі. Фактычна распалася пасля паражэння ў 1-й сусв. вайне (1918), юрыдычна — у 1922, калі быў ліквідаваны султанат.
т. 2, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТСА́ЙДЭР (ад англ. outsider пабочны),
1) катэгорыя дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў, якія займаюць нязначнае месца на рынку і не ўваходзяць у манапалістычныя аб’яднанні.
2) Суднаходнае прадпрыемства, якое не з’яўляецца членам лінейных канферэнцый і працуе паралельна (канкурыруе) з лінейнымі суднаходнымі кампаніямі.
3) Спартыўны калектыў, спартсмен, які займае апошняе месца ў спаборніцтвах.
т. 2, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТЭНТЫ́ЧНЫ ТЭКСТ (ад грэч. authentikos сапраўдны),
дакладны, заснаваны на першакрыніцы тэкст якога-небудзь дакумента, твора (складзены, як правіла, на інш. мове). У міжнар. праве — тэкст міжнар. дагавора, які дзяржавы — удзельніцы дагавору разглядаюць як асноўны, дакладны тэкст арыгінала. Калі дагавор складаецца на некалькіх мовах, то ўсе тэксты на гэтых мовах абвяшчаюцца аўтэнтычнымі.
т. 2, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Дубровенскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса, за 1 км на ПдУ ад в. Азёры. Пл. 0,28 км², даўж. 1,55 км, найб. шыр. 400 м. Пл. вадазбору 80,7 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад хмызняком. Берагі высокія. Праз возера цячэ р. Вярхіта.
т. 2, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)