ЛЫСУ́ХА (Fulica atra),

птушка сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі пералётны і пралётны від. Жыве на вадаёмах, зарослых трыснягом і чаротам. Трымаецца чародамі. Нар. назвы: вадзяная курыца, лыска, лысоха.

Даўж. да 45 см, маса да 900 г. Апярэнне цьмяна-чорнае, на брушку з шараватым адценнем. На лбе белая, голая (лысая) мясціна скуры (адсюль назва). Дзюба канічная, кароткая, белая. Лапы шэрыя. Пальцы з плавальнымі перапонкамі. Добра плавае і нырае Корміцца мяккай воднай расліннасцю, лічынкамі насякомых, дробнымі малюскамі, рыбай. Нясе да 15 яец. Аб’ект палявання.

Лысуха.

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯГЕ́НЧАНКА (Марыя Іванаўна) (н. 28.6.1925, г. Казань, Татарстан),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1978), праф. (1979). Засл. ўрач Беларусі (1971). Дачка І.С.Лягенчанкі. Скончыла Мінскі мед. ін-т (1948), у 1951—93 працавала ў ім (у 1972—92 заг. кафедры). Навук. працы па пульманалогіі і кардыялогіі дзяцей ранняга ўзросту.

Тв.:

Реография в диагностике нарушений деятельности системы кровообращения при пневмонии у детей раннего возраста (разам з М.​К.​Асколкавай) // Педиатрия. 1979. № 9;

Состояние сердечно-сосудистой системы при пневмонии у детей раннего возраста // Здравоохранение Белоруссии. 1980. № 7.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДА,

участак, на якім высякаўся лес, дрэвы спальваліся, а зямля выкарыстоўвалася пад ворыва. Ляднае земляробства вядома на тэр. Беларусі з эпохі неаліту, на Палессі з 4-га тыс. да н.э., у канцы 3-га тыс. пашырылася да Падзвіння. У бронзавым веку — асн. сістэма гаспадаркі. Лядна-агнявым земляробствам займаліся плямёны штрыхаванай керамікі культуры і днепра-дзвінскай культуры, дрыгавічы, крывічы, радзімічы і інш. слав. плямёны. Часткова выкарыстоўвалася да 19 ст. Ад Л. паходзяць назвы некаторых населеных пунктаў.

Літ.:

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНЬКО́Ў (Іосіф Іосіфавіч) (н. 14.2.1941, в. Куты Магілёўскага р-на),

бел. вучоны-эканаміст. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1993). Д-р эканам. н. (1989), праф. (1991). Скончыў БСГА (1964) і з 1970 працуе ў ёй (з 1987 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах планавання і матэм. мадэліравання эканам. сістэм АПК. Распрацаваў сістэму эканоміка-матэм. мадэлей для аптымізацыі развіцця АПК рэгіёна, ажыццяўлення спецыялізацыі с.-г. прадпрыемстваў ва ўмовах кааперавання.

Тв.:

Оптимальное планирование АПК района. Мн., 1987;

Экономико-математическое моделирование экономических систем и процессов в сельском хозяйстве. Мн., 1997.

т. 9, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСГА́С,

прадпрыемства лясной гаспадаркі. Складаецца з лясніцтваў. Арганізуе ўлік і рацыянальнае выкарыстанне ляснога фонду, мерапрыемствы па лесаразвядзенні, меліярацыі і аднаўленні лясоў, паляпшэнні іх пароднага складу, павышэнні прадукцыйнасці, ахове лесу ад пажараў, шкоднікаў, хвароб, парубак; па нарыхтоўцы і перапрацоўцы драўніны і інш. прадуктаў лесакарыстання. Пры Л. ствараюць лясныя гадавальнікі, лесапаляўнічыя гаспадаркі, цэхі і ўчасткі па вытв-сці тавараў нар. спажывання. На Беларусі першыя Л. створаны ў 1929. На 1998 дзейнічала 88 Л. агульнай пл. 6,7 млн. га; існуюць таксама Л. навучальна-доследныя, навукова-даследчыя, ваенныя і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГЕ́РКА,

старадаўні мужчынскі галаўны ўбор, пашыраны на Беларусі ў 16—19 ст. Паводле спосабу вырабу былі лямцавыя (валеныя з воўны) і шытыя з 4 кавалкаў тоўстага валенага сукна. Лямцавыя М. мелі выгляд каўпака або ўсечанага конуса. Завернуты да палавіны вышыні аколыш шчыльна прылягаў да верху (паўдвайная М.) або даходзіў да самага донца (двайная М.). Рабілі М. выш. 15—20 см белага, шэрага, карычневага і чорнага колераў. Насілі круглы год.

М.​Ф.​Раманюк.

Селянін ў магерцы. Пач. 20 ст. Вёска Заходы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.

т. 9, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГНІЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць метал. магній або яго злучэнні ў колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Да М.р. адносяць больш за 100 мінералаў, у т. л. брусіт (41,7% магнію), магнезіт (28,8%), даламіт (18,2%), кізерыт (17,6%), бішафіт (12%), лангбейніт (11,7%), эпсаміт (9,9%), каініт (9,8%), карналіт (8,8%), расолы (2% MgO) і марскую ваду (0,13%). Асн. прамысл. радовішчы — асадкавыя, другасныя — метамарфічныя і гіпергенныя. Радовішчы ў Расіі, Бразіліі, Індыі, Аўстраліі, ЗША і інш. На Беларусі ў якасці М.р. выкарыстоўваюцца карналіт і дэвонскія расолы ў Прыпяцкім саляносным басейне.

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖАРО́ЎСКІ (Валянцін Васілевіч) (н. 4.4.1948, в. Пяшчаніца Жытомірскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне прыкладной механікі. Д-р тэхн. н. (1993), праф. (1994). Скончыў Львоўскі ун-т (1971). З 1971 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі, з 1993 у Гомельскім ун-це імя Ф.​Скарыны. Навук. працы па механіцы дэфармаванага цвёрдага цела, метадах разліку напружана-дэфармаванага стану канструкцый з кампазіцыйных матэрыялаў, рашэння кантактных краявых задач пры ўзаемадзеянні дэфармаваных цвёрдых цел.

Тв.:

Прикладная механика слоистых тел из композитов: Плоские контактные задачи. Мн., 1988 (разам з В.​Я.​Старжынскім).

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЯЁНАК (Андрэй Георгіевіч) (н. 1.6.1943, г. Глыбокае Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н., праф. (1997). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1965). З 1981 заг. лабараторыі Ін-та біяхіміі Нац. АН Беларусі (з 1991 нам., у 1996—98 в.а. дырэктара). Навук. працы па абмене вітамінаў і каферментаў, механізмах каферментнай рэгуляцыі метабалізму, вітаміназмяшчальных прафілакт. і лек. сродках, гісторыі медыцыны.

Тв.:

Производные пантотеновой кислоты: Разработка новых витамин. и фармакотерапевт. средств. Мн., 1989 (у сааўт.);

Водорастворимые витамины в инфекционной патологии. Мн., 1991 (разам з В.​І.​Комарам, У.​С.​Васільевым).

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАКАНТАРЫ́НХІ (ад макра... + грэч. akantha калючка + rhynhos хабаток),

род гельмінтаў сям. алігакантарынхід кл. скрэбняў. 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі найб. вядомы скрэбень-гігант (M. hirudinaceus), які паразітуе ў тонкім кішэчніку дзікіх і свойскіх свіней (асн. гаспадары). Узбуджальнік макракантарынхозу.

Даўж. самцоў скрэбня-гіганта да 15 см, самак да 70 см. Цела верацёнападобнае або пляскатае з бакоў. Хабаток яйцападобны або круглаваты са спіральнымі радамі кручкоў. Раздзельнаполыя. Яйцы авальныя з трохслаёвай абалонкай. Развіваецца з удзелам пра межкавых гаспадароў — бронзавак, жукоў-насарогаў, майскіх хрушчоў і інш.

т. 9, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)