ТЭАРЭ́МА (грэч. theorema ад theōreō разглядаю, даследую),

навуковае палажэнне, ісціннасць якога вызначаецца доказам. Доказ Т. заключаецца ў прывядзенні яе да папярэдніх тэарэм або да прапаноў, якія з’яўляюцца лагічнай асновай дадзенай тэорыі — аксіёмамі.

Многія Т. можна выказаць у форме 1 «калі А, то Б», дзе А — умова Т., Б — заключэнне. Т. 2 «калі Б, то А» наз. адваротнай адносна 1. Т. 1 і 2 узаемна адваротныя. Калі яны справядлівыя, то А наз. неабходнай і дастатковай умовай для Б (крытэрыем Б). Т. 3 «калі не А, то не Б» наз. процілеглай 1. Т. 4 «калі не Б, то не А», адваротная да процілеглай 3, раўнасільная 1. Спосаб доказу 1 прывядзеннем яе да 4 наз. метадам ад процілеглага. Прыклады Т.: калі сума лічбаў ліку дзеліцца на 3, то лік дзеліцца на 3. адваротная Т. справядлівая; калі трохвугольнік прамавугольны, то яго 2 вуглы вострыя, адваротная Т. не справядлівая.

А.​А.​Гусак.

т. 16, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЙЛАРА ШЭ́РАГ,

ступеневы шэраг, у які ў наваколлі зададзенага пункта x = a раскладаецца аналітычная функцыя. Значэнне функцыі 𝑓(x) выражаецца праз значэнні яе і яе вытворных у пункце x = a: 𝑓 (x) = 𝑓 (a) + 𝑓 ′(a) 1! ( x − a ) + 𝑓 ″(a) 2! ( x − a ) 2 + ... + 𝑓 (n) (a) n! ( x − a ) (n) + ... . Прапанавана Б.Тэйларам (апублікавана ў 1715).

У многіх важных для практыкі выпадках Т.ш. збягаецца да 𝑓(x) на некаторым інтэрвале з цэнтрам у пункце a. Для набліжаных вылічэнняў карыстаюцца формулай Тэйлара: 𝑓(x) = Pn(x) + Rn(x), дзе Pn(x) — частковая сума Т.ш. (мнагасклад Тэйлара), Rn(x) — астаткавы член (ацэнка дакладнасці вылічэнняў). Пры a = 0 Т.ш. пераўтвараецца ў Маклорэна шэраг. Т.ш. дазваляе зводзіць вывучэнне некаторых уласцівасцей функцый (вылічэнне лімітных значэнняў функцый, даследаванне іх экстрэмумаў, пунктаў перагіну і інш.) да больш простай задачы вывучэння такіх уласцівасцей адпаведнага мнагаскладу Тэйлара.

А.​А.​Гусак.

т. 16, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛІБУСЦЬЕ́РЫ (ад франц. flibustier марскі разбойнік),

французскія, англ. і галандскія піраты (гл. Пірацтва), якія ў 16—17 ст. дзейнічалі (нярэдка пры пратэжыраванні сваіх дзяржаў) супраць ісп. суднаў і ісп. калан. паселішчаў у Амерыцы. Часам захоплівалі прыбярэжныя тэр. і ўтваралі там свае невял. дзяржавы-рэспублікі; напр., у 1625 франц. Ф. захапілі ў іспанцаў в-аў Сент-Крыстафер, у 1630 утварылі рэспубліку на в-ве Тартуга каля Гаіці, а потым авалодалі значнай часткай гэтага в-ва. Найб. пашырэння дзейнасць Ф. дасягнула ў 1770—80-я г., калі яны панавалі ў Карыбскім м. і на ўсім Ціхаакіянскім узбярэжжы ад Каліфорніі да Чылі. Флаг суднаў Ф. — чорнае палотнішча з выявай чэрапа і перакрыжаваных касцей («Вясёлы Роджэр») — стаў сімвалам пірацкага разбою. Дзейнасць Ф. ускладняла сувязі Іспаніі з яе амер. калоніямі і падрывала яе марскую магутнасць. Падобнымі да Ф. былі буканьеры (ад франц. boucaniers марскі разбойнік).

т. 16, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВЕ́ДСКА-НАРВЕ́ЖСКАЯ УНІЯ 1814—1905,

дзяржаўна-прававое аб’яднанне Швецыі і Нарвегіі на падставе рэальнай уніі. Навязана Нарвегіі Швецыяй у выніку швед.-нарв. вайны 1814, набыла сілу 4.11.1814 з выбраннем каралём Нарвегіі швед. караля Карла XIII.

Адносіны бакоў у уніі рэгуляваў «Дзярж. акт» (Rikzakt) ад 6.8.1815, прыняты парламентамі абедзвюх дзяржаў. Швецыя і Нарвегія мелі агульнае дыпламат. ведамства, кожная з іх захоўвала свае законы, кіраванне, суды, царкву. Нарв. армія (афіцэры — толькі нарвежцы) знаходзілася пад камандаваннем караля, але яе выкарыстанне па-за межамі Нарвегіі патрабавала санкцыі нарв. сторцінга (парламента). Прызначэнне каралём членаў нарв. ўрада праводзілася паводле рэкамендацыі сторцінга, які захаваў таксама права распараджацца фінансамі краіны і даваць нарв. грамадзянства. 7.6.1905 сторцінг, які абапіраўся на моцны антышвед. рух у краіне і падтрымку ўрадаў Расіі і Вялікабрытаніі, абвясціў аб разрыве уніі. За яе спыненне амаль аднагалосна выказаліся ўдзельнікі плебісцыту ў Нарвегіі (13.8.1905). Скасаванне уніі аформлена швед.-нарв. Карльстадскімі пагадненнямі 1905.

т. 17, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮГУРЦІ́НСКАЯ ВАЙНА́ 111—105 да н.э., вайна Рыма з нумідыйскім царом Югуртай (адсюль назва) з мэтай эксплуатацыі прыродных рэсурсаў і насельніцтва Нумідыі.

Дынастычная барацьба ў Нумідыі паспрыяла Рыму для ўмяшання ў яе ўнутр. справы. Пасля першых поспехаў рым. арміі Югурта падкупіў рым. камандаванне і заключыў з ім мір (не быў абмеркаваны ў сенаце). Праз год ваен. дзеянні аднавіліся. У 109 да н.э. Югурта разбіў рым. армію А.​Пастумія і заключыў з ім мір, паводле якога рымляне пакідалі Нумідыю. У Рыме дагавор не прызналі і накіравалі армію на чале з К.​Метэлам. Разбіты ў бітве каля р. Мутул Югурта перайшоў да партызанскай вайны. У 106 да н.э. яго атрады канчаткова разбіты консулам Г.Марыем. У выніку вайны рымляне захапілі Нумідыю і падзялілі: яе зах. ч. перадалі цару Маўрытаніі Бокху. усходнюю — сваяку Югурты.

Літ.:

Салюстий Г.К. Сочинения: Пер. с лат. М., 1981. С. 40—105.

А.​Г.​Зельскі.

т. 18, кн. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІЯ́НІК, шугалея,

лодка, выдзеўбаная з дубовага ствала, з набітымі дашчанымі бартамі. Была найб. пашырана на Бел. Палессі. Грузападымальнасць 1,5—4,5 т. Мела паветку (з рагожы, палатна, скуры і да т.п.). У яе канструкцыі адлюстраваўся пераход ад аднадрэвак да дашчаных лодак. Выйшла з ужытку на пач. 20 ст.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАВУ́ХА бел. мужчынскі галаўны ўбор, зімовая шапка-вушанка з аўчыны або заечага, лісінага, вавёрчынага ці трусінага футра, пацягнутая зверху сукном. Да асновы яе прышывалі 4 крылы (вушы), пярэдняе і задняе падымалі і звязвалі зверху, бакавыя апускалі ці падвязвалі пад падбародкам. Насілі да пач. 20 ст.

Аблавуха.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫ КРЫ́ЗІС,

рэзкае абвастрэнне супярэчнасцей у валютнай сферы, глыбокае і зацяжное яе разладжванне. Выяўляецца ў рэзкіх ваганнях валютных курсаў, хуткіх і значных па маштабах перамяшчэннях валютных рэзерваў, дэвальвацыях і рэвальвацыях валют, пагаршэнні міжнар. валютнай ліквіднасці. Звычайна ахоплівае нац. валютныя (грашовыя) сістэмы, а таксама міжнар. разлікі, суправаджаецца інфляцыяй.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭГВА́ДЗЕ Нані Георгіеўна (н. 21.7.1938, Тбілісі),

грузінская эстрадная спявачка. Нар. арт. Грузіі (1974). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю па класе фп. (1961). З 1959 артыстка Груз. філармоніі. Яе індывідуальнасці найб. блізкія творы лірычнага плана. У рэпертуары песні груз. кампазітараў, старадаўнія рус. рамансы і інш.

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІЛО́НСКІ ПАЛО́Н,

перыяд у гісторыі стараж. яўрэяў. Доўжыўся ад узяцця Іерусаліма вавілонскім царом Навухаданосарам II і насільнага вывядзення значнай часткі яўрэяў у Вавілонію (585 да н.э.) да яе заваявання перс. царом Кірам II (538 да н.э.), пасля чаго яўрэям было дазволена вярнуцца ў Палесціну і аднавіць Іерусалім.

т. 3, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)