гіганцкая сукупнасць зорных сістэм. Складаецца з асобных галактык, іх груп і скопішчаў. Памеры 50—150 Мпс, маса 1015—1016 мас Сонца. Форма пляскатая (напр., Лакальная З.) або моцна выцягнутая, накшталт ланцужка (напр., З. Персея). Узніклі з прычыны адыябатычных узбурэнняў шчыльнасці рэчыва на пачатковай стадыі расшырэння гарачай Метагалактыкі. Некаторыя З. расшыраюцца, іншыя сціскаюцца. Выяўлена іх каля 50.
Наша Галактыка, Магеланавы Воблакі, галактыкі ў Трыкутніку, Андрамедзе з яе спадарожнікамі і амаль усе галактыкі, бачныя як аб’екты да 13-й зорнай велічыні, уваходзяць у Лакальную З. Яе цэнтр. згушчэнне — буйное скопішча галактык у сузор’і Дзевы (да 500 вял. галактык). Наша Галактыка знаходзіцца бліжэй да перыферыі З., таму галактыкі, што яе акружаюць, утвараюць на нябеснай сферы шырокі пояс («Млечны Шлях галактык»), амаль перпендыкулярны да зорнага Млечнага Шляху. У сузор’ях Льва і Геркулеса знаходзяцца іншыя з больш блізкіх З.
Літ.:
>Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Строение и эволюция Вселенной. М., 1975;
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ ЧЫТА́ННІ,
формакульт.-асв. дзейнасці ў Рас. імперыі ў 2-й пал. 19 — пач, 20 ст. Праводзіліся ў губ. і пав. гарадах, мястэчках, сельскай мясцовасці камісіямі Н.ч., якія дзейнічалі пад кіраўніцтвам Мін-ванар. асветы. Кантраляваліся дэпартаментам паліцыі і папячыцелямі навуч. акруг. Праходзілі ў гімназіях, школах, цэрквах, турмах, у час вайск. збораў. Прызначаліся для насельніцтва з нізкім узроўнем адукацыі — сялян, рамеснікаў, рабочых, моладзі. Мелі на мэце выхаванне ў насельніцтва вернападданніцкіх адносін да самадзяржаўя, пакорнасці ўладам, рэлігійнасці ў духу пануючага праваслаўя. Большая частка чытанняў прысвячалася рэліг. тэматыцы, але былі лекцыі па прыродазнаўстве, геаграфіі, рус. гісторыі і л-ры. У 1898 у Віцебску праведзена 8 чытанняў, у 1899—142. У Магілёве адпаведна 40, 91. Паводле звестак папячыцеля Віленскай навуч. акругі, у 1914 у Віленскай губ. адбылося 605 Н.ч., у Гродзенскай — 745, Мінскай — 399, Магілёўскай — 1284, Віцебскай — 1420. У Беларусі Н.ч. амаль не закраналі мясц. тэматыкі, мелі адносна невял. значэнне ў асвеце насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́БНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
вучэнне аб умовах падобнасці аднатыпных працэсаў ці з’яў, якія адрозніваюцца маштабамі адлегласцей, скарасцей, т-р ці інш. характарыстык.
Мэта П.т. — выявіць залежнасці невядомых велічынь, істотных для зададзенага працэсу, ад зыходных даных задачы, што грунтуецца на разглядзе кожнай задачы ў характэрных для яе пераменных — безразмерных ступеневых комплексах, створаных з істотных для дадзенага класа задач параметраў (гл.Размернасцей аналіз). Размерныя фіз. параметры, што ўваходзяць у склад комплексаў, могуць мець розныя значэнні ў розных задачах, аднолькавымі павінны быць толькі безразмерныя крытэрыі падобнасці, якія складаюцца з параметраў, зададзеных паводле ўмоў задачы. Напр., характар цячэння вязкай вадкасці характарызуецца суадносінамі паміж сіламі інерцыі і сіламі вязкасці — Рэйнальдса крытэрыем. Комплексы, якія маюць пераменныя, наз.лікамі падобнасці, напр., лік Фур’е — безразмерная форма адліку часу ў задачах цеплаправоднасці. Выкарыстоўваецца ў механіцы, гідра- і аэрадынаміцы, тэорыі цеплаправоднасці, пры мадэліраванні розных з’яў і інш.
Літ.:
Гухман А.А. Введение в теорию подобия. 2 изд. М., 1973;
Седов Л.И. Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАТЫ́ПЫ (ад палеа... +грэч. typos адбітак, форма, узор),
друкаваныя еўрап. выданні 1-й пал. 16 ст. Сярод П. выданні А.Мануцыя, Эцьенаў, Э.Дале, братоў Трэксель і інш. Па змесце і афармленні разнастайныя. Вядома каля 70 слав. П., надрукаваных кірыліцай, у т. л. кнігі Ф.Скарыны. Служаць прадметам спец. збірання і каталагізацыі. Улік П. вядзецца ў выглядзе каталогаў асобных калекцый: «Каталог палеатыпаў б. Румянцаўскай публічнай, цяпер Ленінскай Маскоўскай бібліятэкі» М.Кісялёва (1927—29), «Каталог палеатыпаў: Са збору навук. бібліятэкі імя М.Горкага Ленінградскага ун-та» (1977).
На Беларусі ў 16—19 ст. П. зберагаліся ў царк. і манастырскіх б-ках, б-ках навуч. устаноў Віцебска, Гродна, Мінска, Магілёва, у буйных прыватных зборах. Значная колькасць П. захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі і Цэнтр.навук. б-цы імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Немировский Е.Л. Славянские инкунабулы и палеотипы кирилловского шрифта в книгохранилищах Советского Союза // Сов. славяноведение. 1968. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОРФ, морфа (ад грэч. morphe від, форма),
кожная з разнавіднасцей марфемы, калі апошняя выступае ў розных словах і словаформах. Напр., каранёвая марфема слова «рука» выступае ў слове «ручны» ў выглядзе «руч-», у словаформе «рукі» ў выглядзе «рук’-», у словаформе «руцэ» ў выглядзе «руц-». Усе гэтыя разнавіднасці марфемы — М. Вылучаюць варыянтныя М. (могуць свабодна ўзаемазамяняцца ў адной і той жа пазіцыі) і аламорфы (гукавы склад абумоўлены пэўнай пазіцыяй). Напр., канчаткі «-ой» і «-ою» («вадой», «вадою») — варыянтныя М., а суфіксы «-чык» і «-шчык» — («лётчык», «зваршчык») — аламорфы: суфікс «-чык» ужываецца толькі пасля зычных «с», «з», «ж», а таксама «т» і «д» без папярэдніх санорных, а суфікс «-шчык» — пасля ўсіх астатніх зычных, («пільшчык», «пайшчык») у т. л. і пасля «т», «д» з папярэднім санорным («працэнтшчык»). Такім чынам, аламорфы знаходзяцца адзін да аднаго ў адносінах дадатковай дыстрыбуцыі. Тэрмін «М.» прапанаваў Ч.Хокет (1947).
Літ.:
Глисон Г. Введение в дескриптивную лингвистику: Пер. с англ.М., 1959: Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКЕ́ВІЧ Ян Казімір, бел. паэт 1-й пал. 17 ст.Біягр. звестак не захавалася. Паходзіў, відаць, са шляхецкага роду герба «Радван» з Ашмяншчыны. Вядомы адзіны яго верш «Полска квітнет лаціною...» (датаваны 1621, апубл. 1842), у якім выявіліся асаблівасці сілабатанічнага вершаскладання. Твор Н. — узор грамадз., патрыят. лірыкі. Паэт адзначае ролю роднай мовы ў грамадскім і культ. жыцці Вял. кн. Літ., ганарыцца міжнар. славай свайго народа, верыць у яго бессмяротнасць. Як сведчаць змест, паэт.форма і мова верша, аўтар быў чалавекам свецкім, высокаадукаваным, патрыятычна настроеным бел. шляхціцам або мешчанінам. Твор захаваўся ў Слуцім спісе Статута ВКЛ 1529. У ім змешчана яшчэ 5 аўтографаў паэта, а таксама запісы інш. асоб, якія сведчаць, што ў 1-й пал. 17 ст. рукапіс бытаваў у Вільні, дзе, напэўна, і быў напісаны верш.
Літ.:
Грынчык М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973. С. 48—50;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЎРЫ́Т,
запаленне плеўры. Бывае першасны і другасны, серозна-фібрынозны і гнойны з пераходнымі формамі. Да першаснага адносяць запаленчыя працэсы ў плеўры ў выніку сэпсісу, міграцыі мікробнай флоры ў лімфатычныя залозы, калі ўтвараюцца гнойныя ачагі. Другасныя П. — вынік мігрыравання асн. працэсу ў выглядзе абсцэсу ў лёгкіх, пярэдняй сценцы грудной клеткі, таксама раневыя П. Першасныя і другасныя П. бываюць неспецыфічныя (узбуджальнікі стафілакок, стрэптакок) і спецыфічныя (туберкулёзная палачка); паводле клінічнага цячэння — вострыя і хранічныя. Пры адсутнасці інтэнсіўнага лячэння востры П. пераходзіць у хранічны. П. адрозніваюць таксама па ступені пашыранасці — лакалізаваныя і дыфузныя (па ўсёй поласці грудной клеткі). Пры эксудатыўным П. (пераходная форма да гнойнага) у плеўральнай поласці назапашваецца запаленчая вадкасць, у хворых павышаецца т-ра цела да 40 °C, задышка, боль у баку, кашаль. Гнойны П. (плеўральная вадкасць уяўляе сабой гнойнае змесціва) у вострай форме працякае з высокай т-рай, агульнай інтаксікацыяй. Асн. метады дыягностыкі — рэнтген, камп’ютэрная тамаграфія, пункцыя поласцей. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮРАЛІ́ЗМ (ад лац. pluralis множны),
1) філасофскае вучэнне, паводле якога існуе некалькі (мноства) незалежных пачаткаў быцця або асноў ведаў. Процілеглае манізму.
Тэрмін «П.» увёў у філасофію К.Вольф. У залежнасці ад вырашэння асноўнага пытання філасофіі П. можа быць матэрыялістычны (Эмпедокл у анталогіі, Спіноза ў гнасеалогіі) і ідэалістычны (Г.Лейбніц). Асобная формафілас. П. — дуалізм, які адстойвае незалежнае існаванне матэрыяльнага і ідэальнага (Р.Дэкарт, картэзіянцы) Філас. сістэмы мінулага, якія імкнуліся выявіць унутр. ўзаемасувязь з’яў, звесці іх разнастайнасць да адзінай асновы, мелі маністычную накіраванасць. З канца 19 ст. назіраецца ўзмацненне тэндэнцый да плюралістычнай. трактоўкі быцця і пазнання.
2) Характарыстыка дэмакр.паліт. сістэмы грамадства, пры якой сцвярджаецца неабходнасць разнастайнасці суб’ектаў эканам., паліт. і культ. жыцця; арганізацыя ўлады, якая абапіраецца на ўзаемадзеянне асн. партый, паліт. рухаў і прадухіляе манапалізацыю ўлады ў адных руках. Паліт. П. мае на мэце паслядоўнае правядзенне прынцыпу раздзялення ўлады (заканадаўчай, выканаўчай, судовай) і ажыццяўляецца ў форме прававой дзяржавы.
3) Разнастайнасць чаго-н., напр., форм уласнасці, думак, поглядаў, партый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ КІ́РХА,
лютэранская царква; помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Полацк Віцебскай вобл. Закладзена ў 1775 (верагодна, драўляная, няскончана). На мяжы 19—20 ст. (з 1901 існаваў прыход) узведзена мураваная кірха. Да асн. прамавугольнага ў плане аб’ёму з боку гал. фасада далучаецца 2-ярусная чацверыковая вежа, завершаная высокім 4-схільным дахам (першапачаткова высокі шатровы) з пінаклямі па вуглах, з процілеглага боку — 4-гранная апсіда з рызніцай. Гал. ўваход у 1-м ярусе вежы вылучаны стральчатым парталам, над якім — круглы аконны праём. Другі ярус мае 2 злучаныя стральчатыя аконныя праёмы. Абодва ярусы вежы завершаны ляпнымі накладнымі карнізамі з ажурным арнаментальным поясам, вуглы дэкарыраваны лапаткамі. Вуглы асн. аб’ёму на гал. фасадзе і каля апсіды завершаны пінаклямі. Бакавыя фасады напачатку мелі стральчатыя аконныя праёмы, цяпер іх форма часткова зменена. У 1926 П.к. прыстасавана пад краязнаўчы музей (зроблена прыбудова да бакавога фасада, зменена ўнутр. планіроўка). Цяпер у будынку размешчаны Полацкі краязнаўчы музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ МО́ВА,
мова, якая з’яўляецца сродкам вусных і пісьмовых зносін нацыі. Складваецца з мовы народнасці ў перыяд станаўлення нацыі. Функцыянуе ў некалькіх разнавіднасцях: літаратурная мова, прастамоўе, мясц. гаворкі і сац.дыялекты. Вышэйшая форма Н.м. і неабходная ўмова яе існавання — літ. мова, якая лічыцца ўзорнай і прызнаецца ўсімі носьбітамі гэтай Н.м. Адна з найб. істотных прымет нацыі — Н.м. Звычайна адна нацыя атаясамліваецца з адной Н.м. (напр., рускія — з рускай, французы — з франц. мовай). Аднак у сучасным свеце дастаткова распаўсюджаны сітуацыі, калі адна нацыя карыстаецца некалькімі мовамі (напр., у Швейцарыі функцыянуюць 4 дзярж. мовы) або адна мова можа абслугоўваць моўныя патрэбы некалькіх нацый (напр., англ. мова ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах). У апошнім выпадку фарміруюцца нац. варыянты адной мовы: англ. брытанская, англ. амерыканская, англ. аўстралійская і г.д.
Сучасная літ.беларуская мова як найвышэйшая форма Н.м. пачала складвацца ў 19 ст. Асаблівасцю яе фарміравання было тое, што новая бел.літ. мова амаль не мела традыцый пераемнасці з пісьмовай старабеларускай мовай — мовай бел. народнасці — і складвалася на нар.-гутарковай аснове. Толькі ў 1920-я г.бел. мова набыла ўсе правы і функцыі Н.м. і пасля некалькіх стагоддзяў перапынку пачала абслугоўваць усе сферы моўнага жыцця бел. нацыі. Значнае пашырэнне грамадскіх функцый спрыяла і развіццю самой бел. Н.м., найперш яе літ. формы. На сучасным этапе бел. Н.м. паспяхова выконвае свае функцыі ў розных сферах зносін паміж людзьмі, на ёй ствараецца разнастайная маст.л-ра, выдаюцца газеты і часопісы, друкуюцца навук. працы, яна гучыць па радыё і на тэлебачанні, што з’яўляецца сведчаннем высокага ўзроўню яе развіцця. Сучасная бел. Н.м. — сродак зносін бел. нацыі — функцыянуе ў 2 асн. разнавіднасцях: літ. мова і мясц. народныя гаворкі. Літ.бел. мова абслугоўвае сферы вусных і пісьмовых зносін, мясц. гаворкі з’яўляюцца сродкам вусных зносін пераважна жыхароў сельскай мясцовасці. Хоць сфера функцыянавання нар. гаворак істотна звузілася і значна зменшылася кола іх носьбітаў, яны працягваюць адыгрываць важную ролю ва ўзбагачэнні лексічных сродкаў літ. мовы. Асаблівасцю існавання сучаснай бел. Н.м. з’яўляецца яе функцыянаванне і развіццё ва ўмовах двухмоўя, г.зн., што моўныя патрэбы адной бел. нацыі абслугоўваюць 2 Н.м. — бел. і руская.
Літ.:
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;
Взаимоотношение развития национальных языков и национальных культур. М., 1980.