НЯБА́БА Марцін (?, г. Карастышаў Жытомірскай вобл., Украіна — 26.6.1651),

чарнігаўскі палкоўнік казацкага войска ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. У 1648 пасланы Б.​Хмяльніцкім на Пд Беларусі, дзе аб’яднаўся з паўстаўшымі сялянамі і гар. нізамі. Авалодаў Лоевам, Гомелем і інш. У 1651 на чале чарнігаўскага і нежынскага палкоў (15 тыс. чал.) пасланы для аховы лоеўскіх перапраў цераз Дняпро, каб не дапусціць на Украіну войскі ВКЛ на чале з гетманам польным ВКЛ Я.​Радзівілам. Частку войска ён накіраваў пад Гомель (гл. Гомеля аблога 1651), а атрад у 3 тыс. чал. — на ахову лоеўскіх перапраў. 6.7.1651 частка войска ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім (2500 чал.) разбіла казацкую «старожу» каля перапраў. З намерам знішчыць атрад Мірскага Н. рушыў да Лоева, куды падышло ўжо войска Радзівіла. У час бітвы (гл. Лоеўская бітва 1651) некалькі тысяч казакоў, у т. л. і Н., былі забіты. У знак павагі да мужнасці Нябабы Радзівіл загадаў «над яго магілай зрабіць вялікі насып».

В.​І.​Мялешка.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧАРД I Львінае Сэрца

(франц. Richard Coeur de lion, англ. Richard the Lion-heart; 8.9.1157, Оксфард, Вялікабрытанія — 6.4.1199),

кароль Англіі [1189—99]. З дынастыі Плантагенетаў. Выхоўваўся ў Аквітаніі, дзяцінства і юнацтва правёў на Пд Францыі. Меў добрую адукацыю, віртуозна валодаў зброяй, перамагаў на турнірах. Б.ч. жыцця правёў па-за межамі Англіі, удзельнічаў у бесперапынных войнах. У час 3-га крыжовага паходу 1189—92 захапіў в-аў Кіпр і крэпасць Акру ў Палесціне. Па дарозе назад каля Вены трапіў у палон да аўстр. герцага Леапольда V, які перадаў яго герм. імператару Генрыху VI; у 1194 адпушчаны за вял. выкуп. З 1194 ваяваў з франц. каралём Філіпам II Аўгустам, які імкнуўся адваяваць землі Плантагенетаў у Францыі. Смяротна паранены ў час аблогі Шамо.

Літ.:

Добиаш-Рождественская О.А. Крестом и мечом: Приключения Ричарда I Львиное Сердце. М., 1991;

Кесслер У. Ричард I Львиное Сердце: Король. Крестоносец. Авантюрист: Пер. с нем. Харьков;

Ростов н/Д, 1997.

т. 13, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ЛЫ Багдан Іосіфавіч (н. 24.6.1924, Кіеў),

украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1951). Працаваў у рэдакцыях газет, гал. рэдактарам час. «Барвінок». Аўтар паэт. і празаічных кніг для дзяцей «У ясную сонечную раніцу» (1947), «Як Барвінак і Рамонак у цёплыя краіны ляталі» (1968), «Сто прыгод Барвінка і Рамонка» (1973), «Барвінак у школе» (1977), «Мае дванаццаць месяцаў» (1985), «Маманты ў яблыневых джунглях» (1989), «Рудыкі» (1998), «Барвінак і далёкія сузор’і» (2002) і інш., дакумент. аповесці «Любі мяне пры ўсякай долі...» (1989: з У.​Ліпскім) пра моладзь, вывезеную ў час Вял. Айч. вайны ў Германію; п’ес, публіцыстычных твораў, сцэнарыя кінафільма «Закон Антарктыды» (1963). На ўкр. мову пераклаў асобныя творы Я.​Купалы, Э.​Агняцвет, М.​Аўрамчыка, В.​Віткі, М.​Калачынскага, А.​Куляшова, М.​Танка. Дзярж. прэмія Украіны імя М.​Астроўскага 1972. На бел. мову яго творы пераклалі А.​Вольскі, А.​Вялюгін, Калачынскі, М.​Маляўка.

Тв.:

Бел. пер. — Прадаўцы заморскіх сувеніраў. Мн., 1961;

Партрэт у вігваме. Мн., 1979.

т. 17, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНА́НГ (Đa Nãng),

горад у цэнтр. ч. В’етнама. Адм. ц. правінцыі Куангнам-Дананг. Каля 450 тыс. ж. (1995). Буйны порт у бухце Дананг Паўднёва-Кітайскага м., чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: металаапр., гумавая, хім., буд. матэрыялаў, баваўняная, харчовая. Музей. У час вайны ЗША у В’етнаме (1964—1973) у Д. размяшчалася буйная амер. база.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д «ТЭХНО́ЛАГ».

Дзейнічаў у 1895—1915 у Мінску. У розны час выпускаў пад’ёмныя машыны, помпы, прыводы, станкі для дрэваапрацоўкі, машыны для бровараў, маслабойні, турбіны, лесапільныя і млынавыя машыны і інш. З 1990 меў паравы кацёл і паравую машыну. У 1913 г. працавала 190 рабочых. У 1915 абсталяванне з да эвакуіравана ў Маскву.

т. 10, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУЛУНІ́ДЫ,

дынастыя ў Егіпце ў 868—905. Заснавальнік — намеснік Абасідаў у Егіпце Ахмед ібн Тулун [868—894]. Пры Т. Егіпет стаў фактычна незалежнай дзяржавай. У 878 Т. падпарадкавалі Сірыю. У час іх праўлення назіраўся ўздым егіпецкай гаспадаркі, вялося будаўніцтва. У 903 Т. пацярпелі паражэнне ад членаў радыкальнай ісмаіліцкай секты карматаў, у 905 пазбаўлены ўлады Абасідамі.

т. 16, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІЦІЛАПО́ЧТЛІ,

у стараж. рэлігіі і міфалогіі ацтэкаў вярх. бог. Першапачаткова племянное бажаство, пазней — бог блакітнага яснага неба, маладога сонца, вайны і палявання, апякун ацтэкскай знаці. У час штогадовага свята ў гонар У. ацтэкі рабілі і з’ядалі яго вялізную выяву з цеста і мёду. У Тэначтытлане існаваў храм У., дзе яму прыносіліся крывавыя чалавечыя ахвяры.

т. 16, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЯ́НСКІ ШКЛЯНЫ́ І ХРУСТАЛЁВЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1892—1905 у в. Чарняны Брэсцкага пав. (цяпер вёска ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл.). У розны час выпускаў аконнае і ліставое шкло, бутэлькі, хрусталёвы посуд. У 1900 меў 3 паравыя машыны, 3 паравыя катлы, 3 гаршковыя печы, гранільны і 115 шліфавальных станкоў. У 1905 працавала 398 рабочых.

т. 17, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСПЕРАПЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў, злучаных у адзіны вытв. паток, што забяспечвае бесперапыннае пераўтварэнне зыходнай сыравіны ў гатовы прадукт. Тэхнал. працэсы ў бесперапыннай вытворчасці арганізуюцца ў межах вытв. ліній, участкаў, цэхаў ці ўсяго прадпрыемства. Пашырана ў галінах прам-сці, якія ажыццяўляюць масавы выпуск прадукцыі на аснове спалучэння асобных дэталяў (камплектуючых) у адзінае цэлае (швейная, абутковая, гадзіннікавая прам-сць), а таксама ў галінах, на якіх бесперапыннасць вытв. працэсу абумоўлена характарам тэхналогіі (энергетыка, металургія). Апошнія працуюць кругласутачна, без спынення ў выхадныя і святочныя дні, а рамонт абсталявання ажыццяўляецца ў час работы ці з выкарыстаннем рэзервовых апаратаў і агрэгатаў. Для бесперапыннай вытворчасці характэрны высокі ўзровень механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці. Яна, як правіла, скарачае час вытв-сці прадукцыі, забяспечвае больш поўнае выкарыстанне асн. фондаў, паскарае абарачальнасць абаротных сродкаў, спрыяе росту прадукцыйнасці працы. Найб. эфект дае ў паточнай вытворчасці.

т. 3, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГЕ́ВІЧ Васіль Сямёнавіч (н. 3.1.1947, в. Жыцькава Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў фіз. ф-т Харкаўскага ун-та (1969), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1979). Працаваў выкладчыкам фізікі ў школе, на Барысаўскім шклозаводзе (1970—77), на кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1979), у час. «Маладосць» (з 1981). З 1992 — у час. «Полымя». Друкуецца з 1972. Кнігі апавяданняў і аповесцей «Спелыя яблыкі» (1976), «Калі ласка, скажы» (1978), «Жыціва» (1980), «Астравы на далёкіх азёрах» (1984). Аўтар раманаў (ад бытавога да сац.-фантастычнага) «Доказ ад процілеглага» (1985), «Мелодыі забытых песень» (1988), «Не забывай пра дом свой, грэшнік» (1990), «Кентаўры» (1993). Напісаў (разам з А.​Чарновым) навук.-дакумент. кнігу пра Чарнобыль «Сталі воды горкімі» (1991). Для яго творчасці характэрны псіхалагізм, філасафічнасць, умоўна-абагульненая форма маст. асэнсавання жыцця.

Тв.:

Карабель. Мн., 1989;

Марсіянскае падарожжа. Мн., 1990.

В.С.Гігевіч.

т. 5, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)