РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,
перадача і прыём інфармацыі з дапамогай радыёхваль; від электрасувязі. Бывае адна- і двухбаковая сувязь, адна- і многаканальная сувязь. На вял. адлегласці (гл. Далёкая сувязь) інфармацыю перадаюць сродкамі касмічнай сувязі. У залежнасці ад формы перададзенай інфармацыі адрозніваюць радыётэлегр., радыётэлеф. сувязь, тэлебачанне, фотатэлеграф і інш.
Зыходная інфармацыя ў радыёперадатчыку пераўтвараецца ў радыёсігналы — эл. ваганні нясучай частаты, прамадуляванай на амплітудзе, частаце ці фазе ў адпаведнасці з зададзеным паведамленнем (гл. Мадуляцыя), якія выпрамяняюцца перадавальнай антэнай у навакольнае асяроддзе, дасягаюць прыёмнай антэны і паступаюць у радыёпрыёмнік. дзе пераўтвараюцца ў сігналы, адэкватныя перададзенаму паведамленню.
А.П.Ткачэнка.
т. 13, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́РМУЛЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
формулы для абазначэння саставу і структуры малекул з дапамогай знакаў хімічных (хім. сімвалаў) і лічбавых індэксаў. Колькасць атамаў у малекуле пішуць у падрадковым індэксе справа ад сімвала элемента (адзінку апускаюць), напр., H2O.
Вылучаюць Ф.х. эмпірычныя (паказваюць прасцейшыя колькасныя суадносіны паміж элементамі), малекулярныя (колькасць атамаў, якія ўваходзяць у малекулу гэтага злучэння), рацыянальныя (пры абазначэнні вылучаюць функцыян. групы) і структурныя (характарызуюць размяшчэнне атамаў, парадак сувязі і валентнасць кожнага атама ў малекуле). Напр., для воцатнай к-ты эмпірычная Ф.х. CH2O, малекулярная — C2H4O2, рацыянальная — CH3COOH, структурная —
.
З дапамогай Ф.х. кадзіруюць хім. злучэнні, складаюць даведнікі і інш. Гл. таксама Наменклатура хімічная.
т. 16, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Х,
дваццаць чацвёртая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай х («хер»), якая адпавядала грэка-візант. устаўнай Χ («хі»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гукі «х», «х’» («мохъ», «тихий»). Мела лічбавае значэнне «шэсцьсот». У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія фрыкатыўныя заднеязычныя зычныя гукі «х», «х’» («хата», «хітры» — «х’ітры»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
А.М.Булыка.
т. 16, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́ДРАЎСКАЕ МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з 1941 да вер. 1942 у в. Хідра Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Аб’ядноўвала 17 чал. (кіраўнікі А.П.Гутараў, І.В.Новікаў, А.А.Талбатаў, С.М.Юшко), складалася з груп у в. Балачанка, Дукаўка, Забалева, Падкамень, Падсобнае, Ясная Паляна і інш. Падпольшчыкі збіралі і перадавалі партызанам зброю, вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, праводзілі дыверсіі на лесапільні, лесаскладзе, кардоннай ф-цы, псавалі лініі тэлеф. сувязі, узрывалі масты на шашэйных дарогах і інш. У вер. 1942 падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. За час дзеяння падполля загінула 9 падпольшчыкаў.
т. 17, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ШЫЦЫ,
вёска ў Беларусі, у Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдЗ ад Лагойска, 28 км ад Мінска. 689 ж., 218 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі.
Упершыню ўпамінаецца ў 1449 як маёнтак пад назвай Острожчычы. Належаў Судзімонтавічам, Кежгайлам, Шамётам, з 1590 Крыштофу Радзівілу, потым Тышкевічам (да пач. 20 ст.). У 1747 тут пабудавана уніяцкая царква. У 1870 вёска Астрашыцка-Гарадоцкай вол. На пач. 20 ст. паселішча Астрошыцы складалася з панскага двара (55 ж.) і вёскі (150 ж., 21 двор). З 1924 цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага, з 1931 Лагойскага р-наў.
т. 2, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,
штодзённая паліт., літ. і эканам. газета. Орган Гродзенскага бел. нац. к-та, з 23.11.1920 — Цэнтр. бел. нац. к-та. Выдавалася з 2.10.1920 да 7.1.1921 у Гродне на бел. мове. Інфармавала пра падзеі на Беларусі, у Польшчы, міжнар. падзеі. Паліт. жыццё асвятляла з пазіцый барацьбы за нац. вызваленне бел. народа, у гэтай сувязі палемізавала з польск. афіц. прэсай. Крытыкавала палітыку нац. ўціску ў Польшчы: зняволенне ў турмы бел. інтэлігенцыі, рабункі і фізічныя пакаранні сялян польск. салдатамі, надзяленне бел. і ўкр. землямі польск. вайскоўцаў, праследаванні бел. настаўнікаў, паланізацыю школы. Асвятляла сац.-паліт. жыццё ў СССР і БССР. Выйшла 78 нумароў.
А.М.Пяткевіч.
т. 2, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЛЬВА»
(Volvo A.B.),
самае буйное машынабудаўнічае акц. т-ва Швецыі. Засн. ў 1915 як даччына фірма па зборцы аўтамабіляў швед. падшыпнікавага канцэрна СКВ. Выпускае аўтамабілі з 1927. З 1935 самастойнае. З 1979 супрацоўнічае з франц. аўтам. кампаніяй «Рэно». Адзін з найб. у свеце вытворцаў рухавікоў для суднаў, у Зах. Еўропе — грузавых аўтамабіляў вял. грузападымальнасці, аўтобусных шасі і буд. машын. Выпускае (1992) 304 000 легкавых і 46 500 грузавых аўтамабіляў, 5700 аўтобусаў (уключаючы шасі). Вырабляе таксама авіяц. маторы, абсталяванне для суднаў і сувязі, харч., харчасмакавую і біятэхнал. прадукцыю. Гал. цэнтры вытв-сці: Гётэбарг, Удэвала і Кальмар у Швецыі, Гент у Бельгіі, Борн (прав. Лімбург) у Нідэрландах, Галіфакс у Канадзе.
т. 4, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.
У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.
т. 2, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВА Вольга Іванаўна (н. 28.1.1954, Мінск),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыла БДУ (1976). З 1980 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі аптымальнага кіравання. Распрацавала адаптыўны метад лінейнага і квадратычнага праграмавання; канструктыўныя метады пабудовы кіравання тыпу адваротнай сувязі; апорныя метады рашэння нелінейных задач аптымальнага кіравання.
Тв.:
Конструктивные методы оптимизации. Ч. 3—4. Мн., 1986—87 (у сааўт.);
Исследование решений семейства линейных задач оптимального управления, зависящих от параметра // Дифференциальные уравнения. 1998. Т. 34, № 2.
т. 8, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІЧ,
вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Пціч; чыг. ст. на лініі Лунінец—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на У ад г. Петрыкаў, 161 км ад Гомеля. 1057 ж., 379 двароў (2001). Камбікормавы з-д, лясніцтва, база раённай нарыхтоўчай канторы. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква хрысціян веры евангельскай. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. У вёсцы ў Вял. Айч. вайну партызаны правялі Пціцкую аперацыю 1942.
т. 13, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)