БАГУШЭ́ВІЧ (Францішак Бенядзікт Казіміравіч) (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),
бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм.ф-тПецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш.Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел.нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел.літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.Карловіча і Э.Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.
Тв.:
Творы. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1976;
Творы. Мн., 1991.
Літ.:
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;
Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;
Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;
Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83, Амерыканская рэвалюцыя,
рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыя рэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт. тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць ў бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс.чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ.калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс.чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776 аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш.еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс.рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ.ген. Ч.Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс.англ.гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс.еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.
Літ.:
Война за независимость и образование США М., 1976;
Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Аркадзь Аляксандравіч) (6.2.1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.1978),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1968). Засл. работнік культ. Украіны (1973). Вучыўся ў Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», на Бел. радыё (1934—36), літ. кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1936—37). У 1941—43 у армейскай газ. «Знамя Советов», потым у БШПР. У 1945—46 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1958—67 нач. сцэнарнага аддзела, гал. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932) апявалі новую рэчаіснасць, выяўлялі (часам рытарычна) юначую захопленасць жыццём, сац. перспектывамі. Паэмы «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Гарбун» (1934) выявілі пошукі новых сродкаў адлюстравання ў паэт. эпасе мінулага і сучаснасці, хоць не пазбаўлены фармаліст. перакосаў і штучнасці. У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў нар.-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я г., пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы. Барацьбе народа супраць ням.-фаш. захопнікаў прысвечана паэма «Сцяг брыгады» (нап. 1942; Дзярж. прэмія СССР 1946). Прасякнутая верай у перамогу, насычаная драм. падзеямі пач. перыяду вайны, сурова велічная ў паказе абставін, яна стала адным з буйнейшых дасягненняў паэзіі таго часу. Вершы ваен. гадоў («Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет» і інш.), паэмы «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24» (абедзве нап. 1944) паказваюць духоўны свет людзей у ваен. выпрабаваннях, раскрываюць моц нар. духу, іх жыццетрываласць і непераможнасць. У пасляваен. лірыцы мацнеюць публіцыст. матывы (верш «Слова да Аб’яднаных Нацый»). У паэмах «Новае рэчышча» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «Толькі ўперад» (1950) адлюстравана мірная стваральная праца, падсумоўваецца вопыт пакалення паэта. Гісторыка-рэв. паэма «Грозная пушча» (1955) пра барацьбу працоўных Зах. Беларусі. Зб. «Новая кніга» (у пер. на рус. мову, 1964) выявіў узбагачэнне і ўскладненне свету сучасніка, якому ўласціва ўсё больш шырокае і поўнае далучэнне да навук.-тэхн. уяўленняў, адчуванне асабістай адказнасці за лёс чалавецтва. У зб-ках «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), паэмах «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970—71) складаныя калізіі часу атрымалі лірыка-філас. вытлумачэнне; асабісты лёс героя ўпісваецца ў гіст. шлях грамадства, пачуцці паэта набываюць маштаб і значнасць як якасці светаўспрымання сучасніка, які ўсведамляе сваё месца ў свеце. Паэма «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечана А.Твардоўскаму), напісаная ў форме трагедыйна-лірычнага маналога, сцвярджае ідэю адказнасці паэта перад грамадствам, выяўляе сувязь маральных і грамадзянскіх асноў асобы з усімі духоўнымі і творчымі пачаткамі жыцця. Раскрываючы праз прызму агульначалавечых праблем драматызм і складанасць свайго часу, паэзія К. паўстае як цэласны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі; узбуйненае абагульненае лірычнае перажыванне не траціць пры гэтым адзнак асабістасці, разгортваецца як індывід. духоўны, творчы пошук. Драм. паэма «Хамуціус» (1975) — пра лёс і подзвіг К.Каліноўскага, паказ духоўнага і маральнага росту асобы ў змаганні за шчасце народа. Стыль К. вызначаецца рамантычнай адухоўленасцю, разгорнутай метафарычнасцю, багаццем вобразна-асацыятыўных сувязей. Паводле матываў паэмы «Песня аб разведчыках» («Песня аб слаўным паходзе», нап. 1935—51) у 1967 створана тэлеопера «Ранак» (муз. Г.Вагнера). К. — сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (1958, з А.Кучарам) і «Першыя выпрабаванні» (паводле матываў трылогіі «На ростанях» Я.Коласа, 2 серыі, 1960—61, з М.Лужаніным). Выступаў з літ.-крытычнымі артыкуламі. На бел. мову пераклаў «Яўгенія Анегіна», паэму «Цыганы», асобныя творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, С.Ясеніна, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, А.Малышкі, М.Рыльскага, М.Нагнібеды, К.Куліева і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970 за пераклады вершаў і паэм М.Лермантава, «Энеіды» І.Катлярэўскага, «Спеву аб Гаяваце» Г.Лангфела. Імя паэта прысвоена Магілёўскаму ун-ту, школам у Мінску і Саматэвічах, у Мінску, на доме, дзе ён жыў, мемарыяльная дошка. У 1979 устаноўлена літ. прэмія імя К. Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Саматэвічах створаны літ. музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1966—67;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1974—77.
Літ.:
Грынчык М. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;
Бярозкін Р. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1978;
Твардовский А. Аркадий Кулешов: Поэма «Знамя бригады»: Зрелость таланта // Собр. соч.М., 1980. Т. 5;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ ((Mickiewicz) Адам) (24.12.1798, в. Завоссе Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; паводле інш. крыніц, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 26.11.1855),
польскі паэт беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Паходзіў са старадаўняй збяднелай бел. шляхты роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай». Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), Віленскі ун-т (1819). У час вучобы ва ун-це — адзін з лідэраў тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Настаўнічаў у Коўне (1819—23). Быў арыштаваны, з кастр. 1824 у ссылцы. Жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. Зблізіўся з дзекабрыстамі і А.Пушкіным. З мая 1829 у эміграцыі. Жыў пераважна ў Рыме, часам у Швейцарыі. З 1832 у Парыжы, разам з І.Лялевелем — адзін з лідэраў левага дэмакр. крыла польск. эміграцыі, рэдагаваў час. «Pielgrzym Polski» («Польскі пілігрым»), які быў трыбунай свабодалюбівых ідэй. У 1839 праф. Лазанскага ун-та. З 1840 узначальваў кафедру слав. л-р у Калеж дэ Франс у Парыжы. У гэты час на М. моцна паўплывалі містычна-месіянскія ідэі і настроі А.Тавянскага. У 1848 далучыўся да рэв. падзей, што ўскалыхнулі ўсю Еўропу. Выехаў у Італію, дзе ўзначаліў польскі легіён, які змагаўся поруч з войскамі італьян. паўстанцаў. Для польск. легіёна напісаў «Звод прынцыпаў», у якім адбіліся яго дэмакр. і нац.-вызв. ідэі. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў прагрэс.дэмакр.газ. «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»), у сваіх артыкулах выступаў як духоўны лідэр еўрап. дэмакратыі. З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855 выехаў у Турцыю, дзе ствараў польск. атрады для барацьбы супраць царскай Расіі. Памёр раптоўна ў Канстанцінопалі. Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці М. знайшлі адлюстраванне яго грамадска-паліт. погляды на гісторыю і лёс роднага краю, ролю нац.-вызв. барацьбы ў гіст. працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамант. вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асн. тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс...», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага краю, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыят. абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нац.-вызв. пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» М., у якіх змешчаны «Балады і рамансы» (1822), паэмы «Гражына» і «Дзяды» (ч. 2 і 4, 1823). Са з’яўленнем гэтых твораў постаць М. ў польск. л-ры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літ. жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага маст. кірунку — рамантызму, асн. прынцыпы народнасці і нац. самабытнасці якога М. сфармуляваў у літ. маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на бел.гіст. і фалькл. матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыят. пафасам, а ў аснове сюжэта «Дзядоў» стараж.-бел. язычніцкі абрад памінання продкаў. У перыяд рас. ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыят. пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусв. л-ры. У іх паэт. майстэрства М. дасягнула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гіст. змагання стараж. ліцвінаў-беларусаў супраць крыжакоў. У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне М. пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардока», а таксама 3-ю частку драм. паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрап. народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны маст. твор М., вял.нац. эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834; аднайм. кінафільм 1999, рэж. А.Вайда). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясц. шляхты, дадзены шырокая панарама нар. жыцця на Беларусі пач. 19 ст., яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы. Маст. спадчына М. завяршаецца невял. цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі слав. л-р. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на ўсё далейшае развіццё бел. л-ры. У 19 ст. ён адчуваецца ў творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.Вярыгі-Дарэўскага, В.Каратынскага, Я.Лучыны, Ф.Багушэвіча, у пач. 20 ст. — Я.Купалы, Я.Коласа, у сучаснай л-ры — у творчасці У.Караткевіча. З сярэдзіны 19 ст. да сучаснасці яго творы актыўна перакладаліся і перакладаюцца на бел. мову Дуніным-Марцінкевічам (першы перакладчык), А.Ельскім, А.Гурыновічам, Я.Купалам, Я.Коласам, М.Танкам, А.Куляшовым, П.Панчанкам, І.Багдановіч, У.Мархелем, К.Цвіркам і інш. Балады «Тры Будрысы» і «Удагонку» пераклаў Я.Купала, баладу «Пані Твардоўская» — Я.Купала, В.Сёмуха, паэму «Гражына» — С.Дзяргай, П.Бітэль, паэму «Конрад Валенрод» — Вярыга-Дарэўскі, Бітэль, паэму «Мешка, князь Навагрудка» — Караткевіч, паэму «Дзяды» — С.Мінскевіч. Паэма «Пан Тадэвуш» у пер. Б.Тарашкевіча выдадзена ў 1981, у пер. Я.Семяжона — у 1985, у пер. Бітэля — у 1998. У Навагрудку створаны Міцкевіча Адама дом-музей, на Замкавай гары ў яго гонар насыпаны мемарыяльны курган. У Завоссі створаны музей-сядзіба М. і пастаўлены абеліск. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў («Даліна Міцкевіча» М.Калачынскага, «Адаму Міцкевічу» Я.Пушчы, «Вадаспад Адама Міцкевіча» М.Танка і інш.), творы мастакоў. У 1998 грамадскасць Беларусі шырока адзначыла 200-гадовы юбілей М.: адбыліся міжнар.навук.-тэарэт. канферэнцыі ў Гродне, Брэсце, Навагрудку, Мінску, выйшлі новыя выданні яго твораў.
Тв.:
Dzieła. T. 1—16. Warszawa, 1955;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1955;
«Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мн., 1969;
У кн.: Ажэшка А. Зімовым вечарам;
Міцкевіч А. Свіцязанка: Вершы, балады, паэмы. Мн., 1996;
Да Нёмна. Мн., 1998;
Санеты=Sonety. Мн., 1998;
Дзяды=Dziady. Т. 1—2. Мн., 1999;
Рус.пер. — Ода к молодости: Стихотворения. Поэмы. Мн., 1997.
Літ.:
Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Мірачыцкі Л.П. Светлым ценем Адама Міцкевіча. Мн., 1994;
Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;
Мархель У.І. «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел.літ.Мн., 1998;
Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1998. Witkowska A. Mickiewicz: Słowo i czyn. Warszawa, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́КСЕМБУ́РГ (люксембургскае Lëtzebuerg, франц. Luxembourg, ням. Luxemburg),
Вялікае Герцагства Люксембург (люксембургскае Groussherzogtum Lëtzebuerg, франц. Grand-Duché de Luxembourg, ням. Grossherzogtum Luxemburg), дзяржава ў Зах. Еўропе, паміж Бельгіяй, Германіяй, Францыяй. Пл. 2586 км². Нас. 425 тыс.чал. (1998). Афіц. мовы — люксембургская, нямецкая і французская.
Сталіца — г.Люксембург. Падзяляецца на 3 акругі. Нац. свята — 23 ліп. (дзень нараджэння вял. герцага Жана).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзеючая канстытуцыя прынята ў 1868. Кіраўнік дзяржавы — Вял. герцаг Люксембургскі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Палаце дэпутатаў (60 дэпутатаў), якая выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы кансультатыўны орган пры герцагу па пытаннях заканадаўства і права — Дзярж. савет (21 саветнік), які пажыццёва назначаецца герцагам. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Л. — узвышаная і ўзгорыстая краіна, пераважна на выш. ад 300 да 500 мнадузр. м. Паўночная яе частка занята схіламі Ардэнаў (найвыш. пункт 559 м), паўд. — узгорыстае ўзвышша, парэзанае далінамі рэк. Карысныя выкапні: жал. руда (каля 240 млн.т), буд. матэрыялы, гаручыя сланцы. Клімат умерана цёплы, марскі. Сярэдняя т-растудз. на Пд 3 °C, у Ардэнах каля 0 °C, ліп. 18 і 14 °C адпаведна. Рачная сетка густая, рэкі адносяцца да бас.р. Мозель. Лясы і хмызнякі займаюць 21% тэрыторыі. Лясы з дубу, грабу, буку і пасаджаныя з хвоі, елкі пераважна ва ўзвышаных раёнах. Некалькі рэзерватаў, частка прыроднага парку (уваходзіць і ў межы Германіі).
Насельніцтва. 71% складаюць люксембуржцы, 29% — выхадцы з краін Еўропы, у т. л. партугальцы — 10%, італьянцы — 5%, французы, бельгійцы, немцы і інш. 97% вернікаў католікі. Сярэднегадавы прырост 1,16% (1997). Сярэдняя шчыльн. 164,3 чал. на 1 км². У прамысл. раёне на Пдшчыльн. дасягае 1000 чал., у Ардэнах падае да 30—40 чал. на 1 км². У гарадах жыве 90% насельніцтва краіны. Найб. гарады Люксембург, Эш, Дыкірх, Дыферданж, Петанж. У прам-сці занята 16% працоўных, у буд-ве — 11%, у транспарце, сувязі, складской справе — 8%, у сельскай гаспадарцы і лясной справе 1%, у абслуговых галінах — 61%.
Гісторыя. Тэр. Л. заселена чалавекам у эпоху мезаліту (каля 7 тыс. гадоў назад), у старажытнасці — кельтамі, з 1 ст. да н.э. — рымлянамі, у раннім сярэдневякоўі — франкамі (іх вобл. Аўстразія). У выніку Вердэнскага дагавора 843 уладанне Лотара I (унук Карла Вялікага), з 959 у складзе герцагства Латарынгія. У 963—1083 самаст. графства Л. (да 19 ст.наз. Лютцэльбург), з 1354 герцагства (тэрытарыяльна было большае за сучасны Л., правіла дынастыя Люксембургаў). З 1441 у складзе Бургундыі, з 1477 пад уладай Габсбургаў (з 1555 іх ісп. лініі), частка гіст.Нідэрландаў. З 1659 паўд. частка, у 1684—94 і 1795—1814 увесь Л. пад уладай Францыі, у 1697—1794 — зноў Габсбургаў (у 1714—95 іх аўстр. лініі). Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 утворана Вял. герцагства Л. (у 1815—66 у складзе Герм. саюза, у 1842—1919 таксама ў мытным саюзе з Германіяй) у персанальнай уніі (спынена ў 1890) з Нідэрландскім каралеўствам. Паводле бельг.-нідэрл. дагавора 1839 устаноўлены сучасныя межы Л. (да Бельгіі адышла валонская частка Л. — цяпер бельг. правінцыя Л.). 11.5.1867 на міжнар. канферэнцыі прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Прусіі, Францыі і Расіі ў Лондане вырашана т.зв. Люксембургскае пытанне (спрэчкі за ўплыў у Л. і прэтэнзіі на яго тэр. Прусіі і Францыі) і Л. абвешчаны «вечна нейтральнай» дзяржавай. У 1921 Л. заключыў мытны і эканам. саюз з Бельгіяй. У парушэнне нейтралітэту Л. ў 1-ю і 2-ю сусв. войны яго акупіравалі герм. войскі (1914—18, 1940—45; у 1940—45 вял. герцагіня Шарлота, якая правіла ў 1919—64, і ўрад Л. знаходзіліся ў эміграцыі ў Лондане). У лют. 1945 краіна вызвалена англа-амер. войскамі. У 1948 з канстытуцыі Л. выключаны артыкул аб яго нейтралітэце.
Пасля 1945 Л. актыўна ўключыўся ў працэс еўрап. інтэграцыі (у 1948 далучыўся да Брусельскага пакта, у 1951 — Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі, у 1955 — Заходнееўрапейскага саюза, у 1957 — Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі, ратыфікаваў Маастрыхцкі дагавор 1992); у г. Люксембург размясціўся шэраг устаноў аб’яднанай Еўропы. З 1964 кіраўнік дзяржавы — вял. герцаг Жан (сын Шарлоты). У 1984—95 прэм’ер-міністрам Л. быў Ж.Сантэр. Л. — чл.ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Бенілюкса (з 1960), Еўрапейскага саюза (з 1992), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з ліп. 1992.
Дзейнічаюць Хрысц.-сац. партыя, Люксембургская сацыяліст. рабочая партыя, Дэмакр. партыя, Камуніст. партыя Л., экалагічная партыя «Зялёная альтэрнатыва», Ген. канфедэрацыя працы Л. і інш. грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. Л. — высокаразвітая індустр. дзяржава, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у свеце. Штогадовы даход на 1 чал. — 24,5 тыс.дол. (1995). У прам-сці ствараецца 21% валавога ўнутр. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 74%. Аснова прам-сці — чорная металургія, дае 29,3% агульнага аб’ёму прамысл. вытв-сці. Развіваецца ў асн. на прывазной сыравіне. Здабыча жал. руды (каля 4—5 млн.т штогод) задавальняе 30% патрэб чорнай металургіі. Штогод выплаўляецца каля 4 млн.т высакаякаснай сталі (1-е месца ў свеце на душу насельніцтва). Металургічныя прадпрыемствы сканцэнтраваны на ПдЗ, дзе здаўна вядзецца здабыча жал. руды; асн. цэнтры Эш, Шыфланж, Дыферданж, Дзюдэланж, Раданж. Прадпрыемствы кантралююцца пераважна бельгійска-герм. канцэрнам «Арбед». Хім.прам-сць дае 21,3% усёй прамысл. прадукцыі: вытв-сцьаўтамаб. шын (г. Калмар-Берг), сінт. валакна (г. Эхтэрнах), поліэфірнай плёнкі (г. Кантэрн) і інш.Вытв-сць электраэнергіі 1,4 млрд. кВт∙гадз (1995). Працуе гідраакумуляцыйная электрастанцыя на р. Ур каля г. Віяндэн (выпрацоўвае 40% электраэнергіі краіны), некалькі буйных ЦЭС. Каля 6 млрд.кВтгадз электраэнергіі імпартуецца з суседніх краін. Развіты гарбарна-абутковая, цэм., фаянсавая, дрэваапр., швейная, харчасмакавая, у т. л. тытунёвая, галіны. Сельская гаспадарка высокаінтэнсіўная. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 116 тыс.га (45% тэр. краіны), у т. л. пад ворывам 62 тыс.га, пад пашай 54 тыс.га. Сельская гаспадарка забяспечвае палавіну патрэб насельніцтва краіны ў харч. прадуктах. Пераважае мяса-малочная жывёлагадоўля (каля 80% кошту с.-г. вытв-сці). Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 250, свіней — каля 80. Развіты таксама птушкаводства, трусагадоўля, пчалярства. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, жыта, бульбу, кармавыя культуры. Садоўніцтва (яблыкі, грушы, слівы, вішні). Вінаградарства ў даліне р. Мозель. Кветкаводства. Л. — буйны міжнар. фінансавы цэнтр; банкаўскія аперацыі адыгрываюць значную ролю ў даходах краіны (да 16%). У краіне 193 банкі, сканцэнтравана 10% актываў усяго еўравалютнага рынку. Л. — краіна развітога турызму (каля 500 тыс. замежных турыстаў штогод, даход каля 300 млн.дол.). Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 275 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5,1 тыс.км. 75% грузаабароту прыпадае на міжнар. перавозкі. Суднаходства пар. Мозель. Л. мае марскі гандл. флот грузападымальнасцю 860 тыс. дэдвейт т, базіруецца ў партах Бельгіі і Нідэрландаў. Міжнар. аэрапорт каля г. Люксембург — вузел унутрыеўрап. паветр. ліній. У 1995 экспарт склаў 7,3 млрд.дол., імпарт — 9,1 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць сталь, пракат, хім. прадукты, цэмент, кераміка, віны, у імпарце — сыравіна для чорнай металургіі, нафта, электраэнергія, машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, тканіны, харч. тавары і інш.Гал.гандл. партнёры: Германія (28% экспарту, 25% імпарту), Бельгія (адпаведна 15 і 38%), Францыя (18 і 11%), Нідэрланды (5 і 4%). З 1921 Л. знаходзіцца ў эканам., у т. л. мытным, саюзе з Бельгіяй. Грашовая адзінка — люксембургскі франк.
Літ.:
Килль Ж. Тысячелетний Люксембург: Пер. с нем. М., 1965;
Шнеерсон Л.М. В преддверии франко-прусской войны: Франко-германский конфликт из-за Люксембурга в 1867 г.Мн., 1969;
Дробков В.А. На перекрестке дорог, культур, истории: Очерки о Бельгии и Люксембурге. М., 1989.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Герб і сцяг Люксембурга.Да арт.Люксембург. Частка ўрадавага квартала ў г. Люксембург.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯНДА́Р,
выданне ў выглядзе табліцы або кніжкі, у якім змешчаны пералік месяцаў года, дзён тыдня, святы, астранамічныя, гіст., статыстычныя і інш. звесткі. Пашыраны К. перакідныя, адрыўныя, настольныя, насценныя, ілюстраваныя агульнай тэматыкі або спецыяльныя (жаночыя, юбілейныя і Г.Д.).
Найб. стараж. К., што захаваўся, — рымскі К. 354 н.э. У Кіеўскай Русі пасля прыняцця хрысціянства рукапісныя каляндарныя звесткі (святцы для вызначэння пераходных свят, Вялікадня) складалі духоўныя асобы. Першыя ўказанні, што рабіць або не рабіць у пэўныя дні змешчаны ў «Ізборніку Святаслава» 1075. Пазней такія звесткі збіраліся ў «отреченных книгах», грамоўніках і інш. У 1493 у Парыжы выйшаў першы нар. К. У Польшчы з 15 ст. складаліся астранамічныя К., у 16 ст. з’явіліся К. з прадказаннямі. У Расіі сістэматычны выпуск К. пачаўся пры Пятру I (першы рус. друкаваны К. выдаў у Амстэрдаме ў 1702 беларус І.Ф.Капіевіч).
Вытокі бел. друкаванага К. ў «Пасхаліі» — заключнай частцы «Малой падарожнай кніжкі» Ф.Скарыны (каля 1522). Гэта першы ўсх.-слав. друкаваны царк.-астранамічны К. на 1523—43. Пасля Брэсцкай уніі 1596 К. ў ВКЛ выдаваліся на польск. мове. У Любчанскай друкарні ў 1650-я г. выходзіў «Каляндар штогодніх свят і рухаў нябесных цел» С.Фурмана (не выяўлены). У архіве Радзівілаў збярогся рахунак Слуцкай друкарні за 1673—79, у якім значацца «календары ў чацвёрку фармату — 1000 экзэмпляраў, календары меншыя — 200 экзэмпляраў» (не выяўлены). У канцы 17—1-й пал. 18 ст. на Беларусі пашыраліся К., што друкаваліся ў Кракаве. Яны змяшчалі звесткі і пра Беларусь. З 1713 у Супрасльскай друкарні выдаваўся «Каляндар польскі і рускі», у якім змяшчаліся і матэрыялы пра ВКЛ. Надворны тэолаг кн. Радзівіла Я.Пашакоўскі першы пачаў выдаваць паліт. К. са звесткамі па ўсеагульнай і царк. гісторыі, гісторыі і культуры ВКЛ: «Каляндар палітычны і гістарычны» на 1737—39, «Каляндар езуіцкі большы Літоўскай правінцыі», «Каляндар езуіцкі меншы Літоўскай правінцыі», «Францысканскі каляндар» (усе на 1740). З 1730-х г. на Беларусі пашыраліся К., выдадзеныя ў Варшаве на ўзор віленскіх езуіцкіх. З 1760 выходзіў «Каляндар віленскі» са спісамі ўлад, гіст. і геагр. звесткамі пра Карону і ВКЛ. На Беларусі распаўсюджваліся «Каляндар палітычны для Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага» (1774—94), «Каляндарык, цікавы для Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага» (на 1776), «Новы эканамічны каляндар для гаспадароў у Кароне і Вялікім княстве Літоўскім» (на 1776), «Каляндар краёвы і замежны для Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» (на 1793).
У канцы 18—пач. 19 ст. ў Гродне і Вільні Т.Дубіткоўскі выдаваў на польск. мове «Каляндар гаспадарчы» (1776—1800) і «Каляндар гродзенскі» (1801—07). У Магілёве на польск. мове выходзілі «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783», «Каляндар беларускі» (на 1784—95). У канцы 18 ст. ў Вільні на польск. мове выходзіла 5 К. Указам ад 10.12.1800 яны забаронены, але праз год іх дазволілі друкаваць. З 1840 у Вільні выдаваўся К. на рус. мове «Гаспадарчы месяцаслоў». Пасля паўстання 1863—64 па просьбе асобага к-та забаронены ўвоз на тэр.Рас. імперыі К. з Польшчы. 3.10.1864 выйшла 1-я кн. «Заходнярускага месяцаслова» (выдаваўся да 1917, у 1868—76 пад назвай «Літоўска-рускі месяцаслоў»). З 1883 выходзіў «Віленскі каляндар».
У 1889—90 у Маскве пад рэд. М.В.Доўнар-Запольскага выдаваўся «Каляндар Паўночна-Заходняга краю» з мэтаю пашырэння ведаў пра Беларусь. «Паўночна-заходні каляндар» на 1892 і 1893 (пад рэд. А.І.Слупскага; Мінск) змясціў нар. К., спіс чыгунак, параходстваў на рэках Беларусі, артыкулы па гісторыі Мінска і Магілёва, вершы Я.Лучыны. У 1895—1918 у многіх гарадах Беларусі друкаваліся выданні з каляндарнымі звесткамі. У 1907—20 на польск. мове выходзіў «Мінскі каляндар». У Вільні на польск. мове У.Дважачак выдаў кішэнны К. «Над Свіслаччу» (на 1913 і 1914) з інфармацыяй пра Мінск. У 1920 у Мінску на польск. і рус. мовах выйшаў «Каляндар-даведнік «Увесь Мінск». У Маладзечне выдадзены «Маладзечанскі каляндар на 1928 год».
У 1910—13 газ. «Наша ніва», а з 1914 Бел. выдавецкае т-ва ў Вільні выдавалі «Беларускі каляндар» (на бел. мове, кірыліцай і лацінкай), які публікаваў бел. фальклор, творы бел. пісьменнікаў, розныя парады. Пры садзеянні газ. «Гоман» выйшаў К. на 1917 і 1918. Бел. К. «Сваяк» на 1919 (выдавец В.Ластоўскі, Вільня) змясціў артыкул пра развіццё дзяржаўнасці і асветы ва ўсх. Беларусі. Бел. К. «Крыніца» на 1920 (Вільня, скл.
А.Станкевіч) і на 1921 змясціў артыкулы пра бел. мову, неабходнасць стварэння бел. школ. Бел.выд-ва ў Вільні выпусціла «Беларускі каляндар» на 1921 і на 1922 (скл. П.Станкевіч) з інфармацыяй пра розныя партыі Зах. Беларусі, выд-вы, газеты, з парадамі па стварэнні бел. школ, матэрыяламі пра Т-вабел. школы. «Беларускі каляндар» на 1923 змяшчаў біягр. звесткі пра бел. паслоў у польскі сейм і сенат; на 1924 — пра гісторыю Беларусі ад часоў Полацкага княства, К. на 1925 — законы польск. ўрада аб правах нац. меншасцей, іх мовах; на 1927 — пра арганізацыю гурткоў ТБШ, Бел.сял.-работніцкай грамады, рэпрэсіі польскіх улад да яе гурткоў; на 1928 — пра мэты і задачы ТБШ, бел. гімназіі ў Зах. Беларусі і інш. У 1925—39 у Вільні выдаваўся бел. адрыўны К. У 1928 паралельна выдадзены бел. адрыўны, нар. і «Каляндарык «Хрысціянскай думкі» на 1929. На 1931 выйшлі кішэнны каляндарык «Шляху моладзі», адрыўныя К. т-ва «Культура» і бел.выд-ва, гасп. «Рольнік» і гумарыстычны. «Беларускі сялянскі каляндар» на 1937—39, задуманы як «Сялянская энцыклапедыя», змясціў багаты гіст. матэрыял. Бел. К. выдаваліся ў Латвіі.
У Мінску першы К. на бел. мове «Заранка» выйшаў у 1919 (правасл і каталіцкі). Першы бел. насценны К. у Мінску выйшаў у 1926. Выходзілі і адрыўныя К. «Беларускі сялянскі настольны каляндар» на 1928—30 (скл. А.Матусевіч, выд.газ. «Беларуская вёска») змяшчаў багаты гіст., юрыд., літ. матэрыял. У Вял.Айч. вайну пад кантролем герм. улад у 1942—44 у Мінску выходзіў «Беларускі народны каляндар». У 1943—44 у Беластоку выдаваўся К. «Гаспадар». У 1947 выйшаў арыгінальны штомесячны адрыўны К. школьніка «Дванаццаць месяцаў» (скл. В.Няміра). З 1971 выходзяць настольныя перакідныя К. на бел. мове. З 1990 выд-ва «Беларусь» выдае адрыўны К. «Родны край». Выдаюцца плакаты-К. З 1995 выходзіць «Беларускі праваслаўны каляндар» на бел. мове. З 1996 у Мінску выходзіць «Каляндар татар-мусульман Беларусі».
З 1957 Бел. грамадска-культ.т-ва ў Польшчы (Беласток) выдае «Беларускі каляндар». Выдаваліся бел. К. і на эміграцыі (у Аргенціне, Францыі, ЗША, Канадзе і інш.).
Літ.:
Мальдзіс А. Першыя календары Беларусі // ЛіМ. 1970. 7 жн.;
Яго ж. Календары, выдадзеныя ў Беларусі ў XVIII ст. // Книговедение в Белоруссии. Мн, 1977;
Миловидов А.И. Русский календарь в Северо-Западном крае, его историческое значение. Вильна, 1908.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБА́ДАС (Barbados),
дзяржава на аднайм. востраве ў Вест-Індыі, у групе Малых Антыльскіх а-воў, у Атлантычным ак. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 431 км². Нас. 300 тыс.чал. (1994). Сталіца — г.Брыджтаўн. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліст.).
Дзяржаўны лад. Фармальна канстытуцыйная манархія, чл. брытанскай Садружнасці. Дзейнічае Канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — брытанскі манарх, прадстаўлены прызначаным ім ген.-губернатарам. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму парламенту з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Востраў складзены з вапнякоў, абкружаны каралавымі рыфамі. Паверхня ўзнімаецца тэрасамі да выш. 340 мнадузр. м. Невял. запасы нафты і прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ўвесь год каля 25—27 °C. Ападкаў да 1400 мм за год, дажджлівы сезон з чэрв. да лістапада. Частыя ўраганы. Глебы — вельмі ўрадлівыя Карычнева-чырвоныя латэрыты. Прыродная расліннасць амаль не захавалася.
Насельніцтва. Каля 80% негры, 16% мулаты, 4% еўрап. паходжання. Большасць вернікаў — пратэстанты. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 700 чал. на 1 км². Каля палавіны насельніцтва гарадское, амаль усё ў г. Брыджтаўн і яго прыгарадах. Сярэдняя працягласць жыцця 75,3 года (1992).
Гісторыя. З першых стагоддзяў нашай эры на востраве жылі індзейскія плямёны аравакаў і карыбаў. У 1518 яго адкрылі іспанцы і назвалі Барбадас (ад ісп. barbudo барадаты; з-за мноства фігавых дрэў, абвітых падобнымі на бароды эпіфітамі). Іспанцы вывозілі мясц. індзейцаў як рабоў на в-аў Гаіці. У 1625 Барбадас захапілі і каланізавалі англічане, яны стваралі плантацыі па вырошчванні тытуню і бавоўніку, для працы на якіх прывозілі з Афрыкі неграў-рабоў У 1628 засн.г. Брыджтаўн. З 1652 Барбадасам кіраваў англ. губернатар. У 2-й пал. 17 ст. гаспадарка вострава пераарыентавана на вырошчванне цукр. трыснягу (у 1680 Англія атрымала тут 60% імпарту цукру). Да 1838 (адмена рабства) Барбадас — перавалачны пункт у англ. гандлі рабамі-неграмі У 1948 нац.-дэмакр. сілы дамагліся ўвядзення на востраве абмежаванага ўнутр. самакіравання, у 1950 — усеаг. выбарчага права. У 1958—62 Барбадас уваходзіў у Вест-Індскую федэрацыю, з 1961 меў поўнае самакіраванне, 30.11.1966 атрымаў незалежнасць.
Барбадас — чл.ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва і інш., мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць партыі: Барбадаская лейбарысцкая, Дэмакр. лейбарысцкая, Рабочая, Нац.дэмакр.; прафс. аб’яднанне Саюз рабочых Барбадаса.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм і вытв-сць цукру. У сельскай гаспадарцы занята 8,5% насельніцтва, ствараецца 7,2% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і каля палавіны экспарту. У земляробстве выкарыстоўваецца 77% тэр. Барбадаса. Каля палавіны пасяўных плошчаў занята пад цукр. трыснягом, роля якога ў гаспадарцы паступова памяншаецца. З 1960-х г. развіваецца баваўнаводства. Вырошчваюць таксама кукурузу, тытунь, батат, маніёк, трапічную садавіну і гародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, козаў і авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. У прам-сці пераважаюць перапрацоўчыя галіны. Здабыча нафты (каля 100 тыс.т штогод), прыроднага газу (каля 20—30 млн.м³), вапняку. Вытв-сць электраэнергіі — штогод каля 0,5 млрд.кВт∙гадз. Традыцыйныя галіны вытв-сці: харч. (вытв-сць цукру — каля 100 тыс.т штогод, рому, патакі, садавінна-кансервавых, тытунёвых і мяса-малочных вырабаў), тэкст., швейная, вытв-сць цацак. Развіваюцца зборка з імпартных дэталяў складаных вузлоў і кампанентаў для электронікі, а таксама мэблевая, цэлюлозна-папяровая, лакафарбавая галіны прам-сці. Працуюць нафтаперапр. і цэм. з-ды. Замежны турызм дае каля 15% ВУП, абслугоўваннем турыстаў занята каля 20% насельніцтва. У апошнія гады развіваюцца страхавая справа і міжнар. банкаўская сфера. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 2,5 тыс.км. Асн. марскі порт — Брыджтаўн, каля яго — міжнар. аэрапорт. Імпарт (дэталі і паўфабрыкаты, машыны і абсталяванне, паліва, харч. прадукты) перавышае экспарт (электроннае абсталяванне, цукар-сырэц, патака, ром, адзенне) больш як у 3 разы. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Венесуэла. Грашовая адзінка — барбадаскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБШЧЫ́НА,
устойлівая форма сацыяльнай арганізацыі, якая характарызуецца пэўнай ступенню калектыўнай уласнасці на сродкі вытворчасці, асаблівасцямі працэсу вытворчасці і сацыяльна-грамадскага жыцця. Узнікла як арг-цыя крэўных родзічаў (радавая, сямейная абшчына) у першабытнаабшчынную эпоху, калі прымітыўны ўзровень развіцця прадукц. сіл і вытв. адносін не дазваляў людзям паасобку здабываць неабходныя для існавання сродкі. Першабытнай абшчыне ўласцівыя калект. ўласнасць на сродкі вытв-сці, калект. размеркаванне прадуктаў працы, роўнасць усіх членаў. Базісам радавой абшчыны была зямля як уласнасць усяго калектыву. З узнікненнем прыватнай уласнасці радавая абшчына паступова трансфармавалася ў суседскую (тэрытарыяльную). У ходзе яе развіцця адбывалася вылучэнне ў якасці сямейна-індывід. уласнасці асобных надзелаў зямлі, жывёлы, прылад працы, жылля. Але абшчына заставалася вярх. уласнікам усёй тэрыторыі вёскі, лясоў, пашаў і інш. зямель агульнага карыстання. Члены суседскай абшчыны некаторыя работы выконвалі сумесна, але кожная сям’я вяла асобную гаспадарку. Абшчына існавала як адносна самастойны адм.-прававы інстытут, якому належалі значныя судовыя, павіннасныя, гасп. і інш. паўнамоцтвы т.зв.звычаёвага права. Ва ўсх. славян станаўленне суседскай абшчыны («вервь», «мір») адбывалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя. У 9—12 ст. абшчына была адносна самаст. арг-цыяй сельскага насельніцтва, яе члены лічыліся свабоднымі людзьмі. З паступовым падпарадкаваннем абшчыны княжацкай уладзе з’явілася праслойка людзей, якія абаранялі інтарэсы гэтай улады (цівун, агнішчанін і інш.). На землях Беларусі ў перыяд яе знаходжання ў Вялікім княстве Літоўскім абшчына (называлася грамада) выконвала значную ролю ў арганізацыі сял. землекарыстання, самакіравання і выплаты феад. рэнты. На чале грамады стаяў старац, яму дапамагалі дзесяцкія. Поруч са старцамі ў гаспадарскіх валасцях прызначаліся велікакняжацкія намеснікі. Грамада перашкаджала феадалам павялічваць павіннасці, рэгулявала парадак карыстання абшчыннымі ўгоддзямі і выплаты падаткаў, чыніла конны суд. У ходзе агр. рэформы сярэдзіны 16 ст. роля грамады паменшала, асабліва ў зах. і цэнтр. Беларусі, дзе была праведзена валочная памера, якая ўводзіла падворнае землекарыстанне. Але яе роля павялічвалася ў часы войнаў, эпідэмій, ва ўмовах гасп. разрухі. У 18 ст. грамада яшчэ карысталася пэўнай самастойнасцю, аднак яна ўсё больш ператваралася ў залежны ад феадала орган. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (1772—95) «Палажэннем аб валасным і сельскім кіраванні» (1797) у дзярж. уладаннях уводзілася сістэма сельскага абшчыннага кіравання, аналагічная расійскай. Правы сял. абшчыны ў дзярж. маёнтках не ахоўваліся законам. У выніку сялянскай рэформы 1861 абшчына і яе выбарныя органы сталі ніжэйшым звяном адм. кіравання ў вёсцы на землях сялян усіх катэгорый. Функцыі абшчыны, абавязкі і правы валаснога і сельскага сходаў, выбраных імі валаснога старшыны і сельскага старасты, а таксама сял. валаснога суда вызначаны «Агульным палажэннем аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці». На Беларусі ўтварэнне пав. устаноў пасял. справах (канец 1870-х г.) і ўвядзенне інстытута земскіх участковых начальнікаў (пач. 20 ст.) павялічвалі адм.-паліцэйскі кантроль над органамі абшчыннага самакіравання. З сярэдзіны 19 ст. пытанне аб сутнасці абшчыны займала прыкметнае месца ў гістарыяграфіі (гл.Абшчынная тэорыя), у ідэйным і грамадска-паліт. жыцці. Вялікае значэнне абшчыне надавалі народнікі, якія лічылі яе зародкам сацыяліст. адносін у вёсцы (гл.Народніцтва). Развіццё таварна-грашовых адносін, разлажэнне сялянства як класа (на сялян, буржуазію і сельскі пралетарыят) вялі да распаду абшчыну, што найбольш яскрава праяўлялася ў пазбаўленні збяднелых сялян зямлі. У Рас. імперыі, у т. л. ва Усх. Беларусі, абшчыннае землеўладанне моцна падарвала сталыпінская аграрная рэформапач. 20 ст. У многіх месцах Беларусі абшчыннае землекарыстанне існавала да канца 1920-х г. Абшчына як суседскае аб’яднанне сялян-аднаасобнікаў ліквідавана ў выніку суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі.
Абшчына мела месца ў гісторыі многіх народаў (задруга ў паўд. славян, марка ў Германіі і інш.). Яна існавала да пранікнення ў земляробства капіталіст. адносін.
Літ.:
Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы // Маркс К., Энгельс Ф. Выбр.тв.Мн., 1952. Т. 2 (Соч. 2 изд. Т. 21);
Ковалевский М. Общинное землевладение, причины, ход и последствия его разложения. Ч. 1. М., 1879;
Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв.Т. 3 (Полн. собр. соч.Т. 3);
Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́,
архіпелаг вулканічных астравоў паміж Ахоцкім м. і Ціхім ак., ад п-ва Камчатка (Расія) на Пн да в-ва Хакайда (Японія) на Пд. Уваходзяць у склад Сахалінскай вобл.Рас. Федэрацыі. Уключаюць больш за 30 значных і шмат дробных астраўкоў і скал. Пл. каля 15,6 тыс.км². Складаюцца з Вялікай (даўж. 1200 км) і Малой (даўж. 120 км) Курыльскіх град. К.а. падзелены Курыльскімі пралівамі. Глыбокія пралівы Крузенштэрна і Бусоль падзяляюць Вял. граду на 3 групы а-воў: паўн. (Шумшу, Парамушыр, Анекатан, Шыяшкатан і інш.), сярэднюю (Сімушыр, Кетой, Расшуа, Райкоке і інш.), паўд. (Кунашыр, Ітуруп, Уруп і інш.). На У ад в-ва Кунашыр за Паўд.-Курыльскім пралівам Малая Курыльская града (в-аў Шыкатан і інш.). Кожны востраў — вулкан, частка вулкана або ланцуг вулканаў (больш за 160 вулканаў, з іх каля 40 дзеючых), якія зліліся падножжамі або злучаны нізіннымі перашыйкамі. Астравы складзены пераважна з вулканагенных і вулканагенна-асадкавых парод. З карысных выкапняў ёсць сера і тэрмальныя воды. Бываюць землетрасенні і цунамі. Рэльеф гарысты, пераважаюць выш. 500—1000 м, макс.выш. 2339 м (г. Алаід на аднайменным в-ве). Клімат умерана халодны, мусонны. Сярэдняя т-ралют. каля -7 °C, жн. ад 10 °C на Пн да 17 °C на Пд. Ападкаў за год да 1000 мм на Пд, каля 600 мм на Пн. Халоднае Курыльскае цячэнне ахалоджвае ціхаакіянскія берагі астравоў. Зах. схілы паўд. астравоў абагрэты цёплым цячэннем Соя. Зімовы мусон і цыклоны палярнага фронту прыносяць частыя мяцеліцы і штормы. На значных астравах густая сетка рэк і ручаёў. Шмат азёр, у т. л. кратэрных. Глебы пераважна дзярновыя, лугавыя і алювіяльныя, пад лесам — слабападзолістыя са значнымі дамешкамі вулканічнага матэрыялу. На паўн. астравах альхова-рабінавае крывалессе, кедравы сланік, нізкія кусцікі шыкшы (варанікі). На Пд трапляецца крывалессе з каменнай бярозы, курыльскі бамбук, ялова-піхтавыя і шыракалістыя лясы з ліянамі і бамбукам, месцамі рэдкалессе з курыльскай лістоўніцы. Для наземнай фауны характэрны мядзведзь, гарнастай, чорна-буры і чырвоны лісы, бурундук. Шмат птушак, асабліва марскіх, на скалах птушыныя базары. Мора багатае рыбай, асабліва ласасёвымі, крабамі, марскім зверам (нерпа, сівуч, марскі коцік, калан). Рыбалоўства, на Пд лясная гаспадарка. Развіта рыбаперапрацоўчая і кансервавая прам-сць. Гарады Курыльск (на в-ве Ітуруп), Севера-Курыльск (на в-ве Парамушыр). Пра гаспадарку К.а. гл. ў арт.Сахалінская вобласць.
Гісторыя. Да пач. 20 ст. К.а. насялялі айны. Першым з еўрапейцаў астравы наведаў нідэрл. мараплавец М.Г. дэ Фрыз у 1644. У Расіі першыя звесткі пра К.а. атрыманы ад землепраходца У.В.Атласава ў 1697. У 1711 астравы даследаваў, падрабязна апісаў і склаў іх чарцёж рас. служылы бел. паходжання І.П.Казырэўскі. У 1721 І.М.Яўрэінаў (таксама паходзіў з Беларусі) разам з Ф.Ф.Лужыным па заданні Пятра I правёў геад. вывучэнне К.а. і ўпершыню пазначыў іх на карце Расіі. У 1745 б.ч. астравоў нанесена на «Генеральную карту Расійскай імперыі» ў Акад. атласе. З канца 18 ст. пачалася рас.-яп. каланізацыя К.а. Паводле рас.-яп. дагавора 1855 в-аў Ітуруп і інш. астравы на Пд ад яго адыходзілі да Японіі, астатнія К.а. прызнаваліся ўладаннем Расіі. У 1875 у абмен на прызнанне Японіяй рас. суверэнітэту над в-вам Сахалін Расія перадала ёй сваю частку К.а., якія да 1945 знаходзіліся пад яп. кіраваннем. У час 2-й сусв. вайны ў адпаведнасці з рашэннем Крымскай канферэнцыі 1945 (апубл. ў лют. 1946) К.а. перададзены СССР і заняты сав. войскамі ў час Курыльскай дэсантнай аперацыі 1945; яп. насельніцтва з іх было эвакуіравана і заменена рас. перасяленцамі. З 1947 астравы ў складзе Сахалінскай вобл. Расіі. Японія не пагадзілася з перадачай Сав. Саюзу паўд. К.а. (Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан, града Хабамаі) і да гэтага часу выказвае свае правы на іх, што стала прычынай нязгоды Японіі падпісаць Дагавор аб міры з СССР, а з 1991 з Расіяй як яго правапераемніцай.
Літ.:
Бондаренко О.Я. Неизвестные Курилы: Серьезные размышления о статусе Курильских островов. М., 1992;
Высоков М.С. История Сахалина и Курил в самом кратком изложении. Южно-Сахалинск, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЕ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
выраб літых загатовак або дэталей (фасонных адлівак) спосабам запаўнення расплаўленым металам (сплавам) ліцейных форм; адна з асн. галін металургіі і машынабудавання. Уключае: прыгатаванне фармовачных сумесей і стрыжнёвых сумесей, выраб ліцейных мадэлей, форм і стрыжняў, плаўку металу і заліўку яго ў формы, выдаленне зацвярдзелых адлівак, іх ачыстку і абрубку. Рознымі спосабамі ліцця вырабляецца большасць прадукцыі машынабудавання з сталі, чыгуну і каляровых сплаваў.
Ліцейныя стрыжні і формы робяць на стрыжнёвых і фармовачных машынах, на паточных або аўтам. лініях з выкарыстаннем пескадуўных машын, пескастрэльных машын і інш. Зборка ліцейных форм (устаноўка стрыжняў, літніковай сістэмы, злучэнне верхніх і ніжніх апок) робіцца ўзгоднена з плаўленнем металу ў вагранках, полымных печах, дугавых і індукцыйных электрапечах і інш. Пасля заліўкі і зацвярдзення металу адліўкі (а таксама стрыжні з поласцей адлівак) выбіваюць, вызваляюць ад літніковай сістэмы, ачышчаюць ад прыгарэлых фармовачных сумесей і перадаюць на фарбаванне або тэрмічную апрацоўку (для паляпшэння мех. уласцівасцей). Для ачысткі адлівак выкарыстоўваюцца шротакідальныя, шротаструменныя, пескагідраўлічныя, электрахім. і электрагідраўлічныя ўстаноўкі, спец. прэсы і інш. Л. в. аснашчаецца ліцейнымі аўтаматамі, канвеерамі, аўтам. лініямі, электроннымі прыладамі і сістэмамі кіравання.
Вытв-сць літых вырабаў вядома з глыбокай старажытнасці. Прадметы рэліг. культу, хатняга ўжытку, зброю пачалі выплаўляць (пераважна з бронзы) у 4—3-м тыс. да н. э. ў краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі, на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н. э. ў Еўропе (гл.Бронзавы век). У 13—14 ст. адлітымі вырабамі славіліся Візантыя, Венецыя, Генуя, Фларэнцыя. У 12—13 ст. складаныя адліўкі выраблялі кіеўскія ліцейшчыкі. У рус. дзяржаве ў 14—15 ст. адлівалі бронзавыя і чыгунныя гарматы, ядры і званы, у 1479 у Маскве пабудаваны першы ліцейны з-д. Майстар-ліцейшчык А.Чохаў адліў шэраг буйных гармат, у т. л. «Цар-пушку» (у 1586, каля 40 т). У 1735 адліты «Цар-звон» (больш за 200 т). У 1873 зроблена адна з самых вял. адлівак у свеце — шабот (ніжняя ч.) паравога молата (650 т). Адліваліся помнікі, скульптурныя групы і інш. У распрацоўку тэарэт. асноў Л. в. ўклад зрабілі вучоныя П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, А.А.Байкоў, А.А.Бочвар, М.С.Курнакоў, А.В.І.Вейнік, П.П.Берг, А.М.Ляс і інш.
На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачалася ў 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. З 14 ст. адлівалі бронзавыя гарматы, алавяныя і бронзавыя ядры. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — Баранская кульня (майстэрня па выплаўцы куль і ядраў). Ў 16—18 ст. невял. людвісарні — «дзелалейні» існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Быхаве, Магілёве, Друі, Віцебску, Полацку і інш. гарадах, якія адлівалі гарматы для сваёй абароны. Захаваліся імёны некаторых ліцейшчыкаў-людвісараў: запрошаны ням. майстар Г.Мольтцфельд, мясц. майстры Сцяпан і Пятро ў Нясвіжы (канец 16 — пач. 17 ст.), К.Ганусаў у Быхаве (2-я пал. 16 ст.), быхаўскія майстры Юрка і Мікалай, якія рабілі разавыя адліўкі ў Магілёве (сярэдзіна 17 ст.). У 18 ст.артыл. гарматы адлівалі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. У 1768 А.Тызенгаўзам пабудавана Маларыцкая металургічная мануфактура. Пазней дзейнічалі Вішнеўскі і Барысаўшчынскі металургічныя, Старынкаўскі чыгуналіцейны з-ды (гл. адпаведныя арт.), Налібоцкі металургічны камбінат, Досаўская медзеплавільная мануфактура. У 1990-я г. працуюць: Беларускі (у Жлобіне) і Магілёўскі металургічныя з-ды (гл. адпаведныя арт.), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», высокаразвітая Л.в. на трактарным, аўтамабільным, маторным, падшыпнікавым, станкабудаўнічых, с.-г. машынабудавання і інш. з-дах. Над удасканаленнем тэхналогіі Л.в. і распрацоўкай ліцейнага абсталявання працуюць ліцейнай вытворчасці Беларускі навукова-даследчы і канструктарска-тэхналагічны інстытут, Фізіка-тэхн. ін-т, Ін-т тэхналогіі металаў (г. Магілёў) Нац.АН Беларусі, кафедры Л.в. Бел.політэхн. акадэміі і Гомельскага тэхн. ун-та і інш.
Д.М.Кукуй, У.М.Сацута.
Да арт.Ліцейная вытворчасць. А — чарвячная машына для ліцця пад ціскам палімерных матэрыялаў: 1 — ліцейная форма; 2 — выраб; 3 — цыліндр з расплаўленым матэрыялам і абагравальнікамі; 4 — прывод чарвяка. Б — атрыманне адліўкі цэнтрабежным ліццём на машыне з вертыкальнай воссю: 1, 2 — ніжняя і верхняя паўформы; 3 — літніковая сістэма; 4 — стрыжань.