Мірны дагавор 1920 паміж РСФСР і Літвой, падпісаны 12 ліп. ў Маскве. Адзін з першых дагавораў Сав. Расіі, пачатак устанаўлення мірных адносін з прыбалт. краінамі. Дагавор зафіксаваў сав.-літ. граніцу, прадугледжваў урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў, устанаўленне дыпламат. і гандл. адносін. РСФСР прызнала незалежнасць Літвы, яе права на Вільню і Віленскую вобл. Краіны абавязаліся не дапускаць, каб на іх тэр. ствараліся і знаходзіліся арганізацыі і групы, накіраваныя супраць другога боку. Дагавор 1926 паміж СССР і Літ. рэспублікай аб узаемным ненападзе і нейтралітэце, падпісаны 28 вер. ў Маскве. Пацвердзіў, што асновай адносін паміж абедзвюма краінамі з’яўляецца дагавор ад 12.7.1920. Бакі абавязаліся паважаць суверэнітэт, тэр. цэласнасць і недатыкальнасць дзяржаў, устрымлівацца ад агрэсіўных дзеянняў, не ўдзельнічаць у варожых адна адной кааліцыях, прытрымлівацца нейтралітэту ў выпадку нападу на адзін з бакоў. Дагавор 1939 аб перадачы Літ. рэспубліцы Вільні і Віленскай вобл. і ўзаемадапамозе паміж СССР і Літвой, падпісаны 10 кастр. ў Маскве. Звязаны з падпісаннем пакта Рыбентропа—Молатава 1939 і зменай міжнар. адносін пасля пачатку 2-й сусв. вайны. Урад СССР перадаў Літве Вільню і Віленскую вобл.СССР і Літва дамовіліся аб сумеснай ахове літ. граніц, на тэр. Літвы ўведзены сав. войскі, што садзейнічала ўмацаванню паўн.-зах. граніц СССР, абумовіла змену дзярж. ладу ў Літве і ўключэнне яе ў склад СССР.
Публ.: Мирный договор между Россией и Литвой, 12 июля 1920 г. Вильнюс, 1990.
Літ.:
Полпреды сообщают...: Сб. док. об отношениях СССР с Латвией, Литвой и Эстонией, авг. 1939 г. — авг. 1940 г.М., 1990;
Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЁРЫ (франц. sapeur ад saper весці падкоп),
ваеннаслужачыя сапёрных (інж.-сапёрных) часцей і падраздзяленняў. Існуюць у арміях усіх дзяржаў. На Беларусі ўваходзяць у склад асобных інж.-сапёрных батальёнаў і інш. часцей і падраздзяленняў.
Атрады воінаў, якія вялі падкопы пад крапасныя сцены, рабілі завалы ў час абароны гарадоў і інш., вядомы з часоў старажытнасці. У час ваен. дзеянняў воіны ВКЛ таксама рабілі падкопы пад крапаснымі збудаваннямі праціўніка, напр., у 1535 пад Старадубам у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (1534—37), у 1581 пад Псковам у час Лівонскай вайны (1558—83) і інш. з мэтай іх разбурэння. З пач. 17 ст. ў Францыі, потым у інш. краінах, С. наз. рабочых і салдат, што рабілі падкопы пад крапаснымі збудаваннямі. У далейшым абавязкам С. стала выкананне ўсіх ваен.-інж. работ, звязаных з вядзеннем бою. З 1678 у Францыі, пазней у інш. дзяржавах (у Расіі з пач. 18 ст.) С. аб’яднаны ў спец. часці і падраздзяленні. У Расіі з 1829 піянерныя падраздзяленні (гл. Піянеры) перайменаваны ў сапёрныя (існавалі да сярэдзіны 19 ст.). У пач. 20 ст. часці і падраздзяленні С. уваходзілі ў склад інжынерных войск. У 1941—42 ў складзе сав. войск дзейнічалі сапёрныя арміі (расфарміраваны ўвосень 1942, часці і злучэнні перададзены франтам), потым — інж., інжынерна-сапёрныя і інш. злучэнні і часці. У пасляваенны час на тэр. Беларусі С. праводзілі размініраванне, у т. л. суцэльнае, ахоўвалі і ўмацоўвалі масты, дамбы і інш. збудаванні ў час паводкі, удзельнічалі ў буд-ве метро і інш. У гонар С. у Мінску ў адным з мікрараёнаў наз. вуліца Сапёраў.
Літ.:
Цирлин А.Д. Советские инженерные войска. 2 изд. М., 1969;
Данилов А. Развитие военно-инженерного искусства // Армия. 2000. №6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР I (23.12.1777, С.-Пецярбург — 1.12.1825),
расійскі імператар [1801—25]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Паўла I. Заняў трон у выніку дварцовага перавароту ў сак. 1801. У першыя гады праўлення з дапамогай т.зв. Тайнага к-та правёў памяркоўна-ліберальныя рэформы: купцы, мяшчане, казённыя сяляне атрымалі права купляць незаселеныя землі (1801); законам пра вольных хлебаробаў памешчыкам дазвалялася вызваляць сялян з зямлёй за выкуп ці адработкі (1803); стварыў мін-вы і К-т міністраў (1802); увёў новае палажэнне пра навуч. ўстановы (1803), засн. Харкаўскі і Казанскі ун-ты, пед.ін-т у Пецярбургу (1804), рэарганізаваў Віленскі ун-т. У адпаведнасці з планам М.М.Спяранскага праведзена фін. рэформа (1808—12). У англа-франц. саперніцтве за гегемонію ў Еўропе імкнуўся захаваць нейтралітэт. Аднак з пашырэннем напалеонаўскай агрэсіі Расія ўступіла ў кааліцыю супраць Францыі. Пасля паражэння пад Аўстэрліцам (1805) і Фрыдландам (1807) і заключэння Тыльзіцкага міру 1807, паводле якога да Расіі адышоў Беласток з акругай, Расія на баку Францыі далучылася да кантынентальнай блакады Англіі. Напалеон I прызнаў у 1808 правы Расіі на Фінляндыю, Малдову і Валахію, але рус.-франц. супярэчнасці абвастрыліся. Рыхтуючыся да новай вайны з Францыяй, па загадзе Аляксандра I пачата буд-ваБабруйскай крэпасці, Дрысенскага лагера. У маі 1812 ён інспектаваў войскі ў Гродне, прысутнічаў на ваен. савеце ў Дрысе. На пач.вайны 1812 выехаў у Вільню і прыняў вярх. камандаванне рус. арміяй. Падпісаў у Полацку маніфест аб нар. апалчэнні. У 1813—14 узначаліў антыфранц. кааліцыю еўрап.дзяржаў. Адзін з кіраўнікоў Венскага кангрэса 1814—15 і арганізатараў Свяшчэннага саюза (1815). У апошняе дзесяцігоддзе праводзіў рэакц.ўнутр. і знешнюю палітыку (гл.Аракчэеўшчына). Пры Аляксандры I міжнар. становішча Расіі ўмацавалася, пашырылася яе тэрыторыя: далучаны Грузія (1801), Фінляндыя (1809), Бесарабія (1812), Азербайджан (1813).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНЫ САВЕ́Т СССР,
вышэйшы пастаянна дзеючы орган дзярж. улады ў СССР у 1936—91. Да 1989 выбіраўся грамадзянамі СССР на 4 гады на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права тайным галасаваннем. Складаўся з 2 раўнапраўных палат: Савета Саюза і Савета Нацыянальнасцей. Кожная палата стварала пастаянныя камісіі.
Сесіі склікаліся не радзей чым 2 разы на год. Са складу Вярхоўнага Савета СССР выбіраўся Прэзідыум. Вярхоўны Савет СССР ствараў урад Савета Міністраў СССР, выбіраў Вярх. суд СССР, прызначаў Ген. пракурора СССР, зацвярджаў 5-гадовыя планы развіцця краіны. Скліканні Вярхоўнага Савета СССР: 1-е (1937), 2-е (1946), 3-е (1950), 4-е (1954), 5-е (1958), 6-е (1962), 7-е (1966), 8-е (1970), 9-е (1974), 10-е (1979), 11-е (1984). З 1989 склад Вярхоўнага Савета СССР фарміраваўся на з’ездзе народных дэпутатаў СССР. Паводле Закона СССР ад 5.9.1991 «Аб органах дзяржаўнай улады і кіравання Саюза ССР у пераходны перыяд» Вярхоўны Савет СССР складаўся з 2 самаст. палат: Савета Рэспублік і Савета Саюза. Прадугледжвалася, што ў Савет Рэспублік павінна ўваходзіць па 20 дэпутатаў ад кожнай суверэннай рэспублікі з нар. дэпутатаў СССР і рэспублік. Іх дэлегавалі вышэйшыя органы дзярж. улады гэтых рэспублік. У адпаведнасці з пастановай Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 18.9.1991 у склад Савета Рэспублік было дэлегавана 9 нар. дэпутатаў СССР і 11 нар. дэпутатаў Беларусі. Савет Саюза фарміраваўся дэпутацыямі суверэнных рэспублік толькі з нар. дэпутатаў СССР па ўзгадненні з вышэйшымі органамі дзярж. улады рэспублік. Ад Рэспублікі Беларусь у Савет Саюза ўваходзіла 10 дэпутатаў. Вярхоўны Савет СССР сумеснымі рашэннямі абедзвюх палат мог уносіць змены ў Канстытуцыю СССР, прымаць у склад Саюза ССР новыя дзяржавы, заслухоўваць Прэзідэнта СССР па найб. важных пытаннях і інш. У снеж. 1991 у сувязі са стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў і дэнансацыяй Дагавора 1922 аб стварэнні СССР Вярхоўны Савет СССР спыніў сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ АБАРО́НА сістэма агульнадзяржаўных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў мірныя і ваенныя часы ў мэтах засцярогі насельніцтва ад зброі масавага паражэння і інш. сродкаў нападу праціўніка, або выратавальных ці неадкладных аварыйна-аднаўленчых работ у ачагах паражэння і раёнах стыхійных бедстваў. Грамадзянская абарона набыла асаблівае значэнне ў сувязі з праяўленнем і развіццём ракетна-ядзернай і інш. зброі масавага паражэння. У 1950—60-я г. грамадзянская абарона створана ў большасці буйных дзяржаў. У СССР грамадзянская абарона створана ў 1961 на базе мясц. проціпаветр. абароны (МППА), заснаванай у 1932. У Рэспубліцы Беларусь захавалася структура былой агульнасаюзнай грамадзянскай абароны. Паводле Палажэння аб грамадзянскай абароне, зацверджанага Вярх. Саветам у 1991, грамадзянская абарона Рэспублікі Беларусь арганізуецца на ўсёй тэр. краіны паводле тэр.-вытв. прынцыпу. Агульнае кіраўніцтва грамадзянскай абароны ажыццяўляе Савет Міністраў, непасрэднае — МУС (з 1994; да гэтага сілы грамадзянскай абароны падпарадкоўваліся Мін-ву абароны). Адказнасць за грамадзянскую абарону на месцах нясуць выканкомы Саветаў дэпутатаў, мін-вы, ведамствы, прадпрыемствы і ўстановы, кіраўнікі якіх з’яўляюцца нач. грамадзянскай абароны. Пры іх ствараюцца штабы грамадзянскай абароны, якія штодзённа займаюцца пытаннямі арганізацыі і матэрыяльнага забеспячэння. Штаб грамадзянскай абароны рэспублікі ўзначальвае міністр унутр. спраў.
У сучасных умовах на грамадзянскую абарону краіны ўскладзены наступныя задачы: засцярога насельніцтва ад вынікаў стыхійных і экалагічных бедстваў, буйных аварый і катастроф, прымянення праціўнікам сродкаў паражэння ў ваен. час; каардынацыя дзеянняў органаў кіравання краіны па прагназаванні, папярэджанні і ліквідацыі вынікаў гэтых бедстваў, аварый і катастроф; правядзенне аварыйна-выратавальных і інш. неадкладных работ у ходзе ліквідацыі вынікаў надзвычайных сітуацый і ў ачагах паражэння; стварэнне і падтрыманне ў гатоўнасці сістэм кіравання, апавяшчэння, сувязі; арганізацыя назірання і кантролю за радыяцыйным, хім., бактэрыял. становішчам; удзел у ажыццяўленні мер, накіраваных на павышэнне функцыянавання аб’ектаў і галін эканомікі ў экстрэмальных умовах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯРЫ́НЫ СТЫЛЬ,
у мастацтве, умоўная назва шырока распаўсюджанага ў стараж. мастацтве стылізаванага ўвасаблення жывёл, частак іх цела ці кампазіцый з некалькіх жывёл. Узнік у бронзавым веку, найб. пашыраны ў жал. веку і мастацтве раннекласавых дзяржаў. Першапачаткова звязаны з культам жывёлы (гл.Татэмізм). Найб.стараж. ўзоры З.с. вядомы ў Егіпце і Месапатаміі, Закаўказзі і Паўн. Каўказе (3-е тыс. да н.э.), у Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Індыі, Кітаі, Паволжы, Паўд. Сібіры (2-е тыс. да н.э.). Найб. развіты ў скіфа-сармацкім мастацтве Паўн. Прычарнамор’я і мастацтве плямён Паўд. Сібіры 1-га тыс. да н.э. і першых стагоддзяў н.э. Скіфскі З.с. склаўся пад уплывам мастацтва Ірана і Пярэдняй Азіі, Прычарнамор’я — стараж.-грэч. мастацтва. Для яго характэрны дынамічнасць кампазіцыі, рэаліст. перадача форм і рухаў жывёл. Найб. пашыраны зааморфныя выявы. Прыёмы ўвасаблення разнастайныя: гравіроўка па метале, ліццё, разьба па дрэве і косці, аплікацыі са скуры і лямцу; вядома таксама татуіроўка чалавечага цела ў З.с. Пераплеценыя целы жывёл, што ўтваралі арнаментальныя кампазіцыі, аздабляліся каляровымі ўстаўкамі з эмалі, шкла і інш. З часам рэаліст. пачатак быў выцеснены рысамі дэкар. умоўнасці і стылізацыі. З.с. мастацтва нарманаў (8 ст.) характарызуецца экспрэсіўнасцю, надзвычай стылізаваным адлюстраваннем звяроў, птушак і змей, што губляюцца ў складаных перапляценнях геам. ўзору. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. З.с. паступова страціў сваё значэнне. Дэкар. выявы жывёл, пазбаўленыя свайго першапачатковага магічнага сэнсу, працягвалі існаваць у сярэдневяковым мастацтве (ювелірныя вырабы, кніжная мініяцюра, разьба па дрэве, косці і камені, каменны арх. дэкор і інш.) і нар. творчасці.
Літ.:
Тяжелов В.Н. Искусство средних веков в Западной и Центральной Европе. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ,
працэс узаемнага прыстасавання, гасп. і паліт. аб’яднання нац. гаспадарак дзвюх і больш краін для ажыццяўлення міждзярж. эканам. палітыкі. Засн. на глыбокіх устойлівых інтэрнац. узаемасувязях і міжнар.падзеле працы, узаемадзеянні эканомік на розных узроўнях і ў разнастайных формах. На мікраўзроўні ажыццяўляецца шляхам узаемадзеяння прадпрыемстваў і фірмаў розных краін на аснове фарміравання эканам. адносін паміж імі, у т. л. стварэнне філіялаў за мяжой; на міждзярж. узроўні — эканам. аб’яднанняў накшталт транснац. карпарацый (ТНК) і інш.гасп. комплексаў. Развіццё інтэграцыйных сувязей выклікае неабходнасць міждзярж. або наддзярж. рэгулявання, накіраванага на ўзгадненне сумеснай эканам., навук.-тэхн., сац., валютна-фін. і інш. палітыкі, свабоднага перамяшчэння прадукцыі (тавараў, паслуг), капіталу і прац. рэсурсаў паміж краінамі. У выніку могуць стварацца гасп. комплексы з адзінай валютай, фін. фондамі, інфраструктурай, агульнай эканам. стратэгіяй і агульнымі органамі кіравання. І.э. можа быць у форме зоны свабоднага гандлю (адмяняюцца гандл. абмежаванні паміж краінамі-ўдзельніцамі) або мытнага саюзу, які можа быць дапоўнены плацежным саюзам (узаемная канверсаванасць валют і функцыянаванне адзінай разліковай грашовай адзінкі). Больш складанымі формамі І.э. з’яўляюцца агульны рынак (гл.Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва), эканам. і валютны саюз, які ўключае ўсе інш. формы інтэграцыі і мае агульную эканам. і валютна-фін. палітыку.
Фарміраванне інтэграцыйных працэсаў ажыццяўляецца на аснове ўзаемных пагадненняў, што маюць прававую базу. Сярод іх вылучаюцца: Еўрап. саюз, Паўн.-Амер. пагадненне аб свабодным гандлі (ЗША, Канада, Мексіка), Азіяцка-Ціхаакіянская эканам. садружнасць (яе членамі з’яўляюцца 18 краін, у т. л. Аўстралія, Канада, Кітай і інш.), Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). Рэспубліка Беларусь праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку, але гал. ўвагу аддае інтэграцыйным сувязям з краінамі СНД. У адпаведнасці са Статутам Саюза Беларусі і Расіі найважнейшай задачай у эканам. сферы з’яўляецца стварэнне ўмоў для свабоднай эканам. інтэграцыі гасп. суб’ектаў, дасягненне вышэйшага ўзроўню І.э. дзвюх краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДЗЕ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,
назва дзвюх стараж.-яўр.дзяржаў у Паўд.Палесціне. Першая (раннерабаўладальніцкая) дзяржава ўзнікла ў 928 да н.э. ў выніку распаду Ізраільска-Іудзейскага царства (існавала з 11 ст. да н.э.) і знаходзілася пад уладай нашчадкаў Давіда. Сталіца — Іерусалім, дзе знаходзіўся храм бога Яхве — гал.рэліг. цэнтр іудаізму. Аснову эканомікі складалі земляробства і жывёлагадоўля. Уварванне егіпцян у гады праўлення Рэхаваама (928—911 да н.э.) і войны з Ізраільскім царствам аслабілі І.ц. Аднак пры цару Узіі [785—733 да н.э.] яно аднавіла кантроль над Ідумеяй і атрымала выхад да Чырвонага мора. Пасля разгрому Ізраільскага царства асірыйцамі (722 да н.э.) І.ц. стала даннікам Асірыі. Асірыйскае панаванне ліквідавана пры цару Іасіі [639—609 да н.э.], які далучыў да І.ц. большую ч.тэр. Ізраільскага царства. У 587 да н.э. І.ц. заваявана вавілонскім царом Навухаданосарам II, Іерусалім і храм разбураны, большасць насельніцтва выведзена ў палон. Другое І.ц. ўзнікла ў выніку паспяховага нац.-вызв. паўстання іудзеяў супраць улады сірыйскіх правіцеляў Селеўкідаў (167 да н.э.). Яго межы не былі пастаяннымі, тэр. ядро разам з уласна Іудзеяй складалі Галілея і Самарыя. Сталіца — Іерусалім. У 165—37 да н.э. на чале ўлады знаходзілася дынастыя Хасманеяў, прадстаўнік якой Арыстобул I [104—103 да н.э.] першы афіцыйна прыняў царскі тытул. Хасманеі ваен. шляхам далучылі да І.ц. новыя тэр., насельніцтва якіх прымусова іудаізавалася. У 63 да н.э. Іерусалім захапіў рым. палкаводзец Пампей Вялікі. З гэтага часу І.ц. знаходзілася пад пратэктаратам Рыма, а яго правіцелі былі рым. стаўленікамі. Апошнімі іудзейскімі царамі, пад уладай якіх знаходзіліся ўласна Іудзея, Самарыя, Галілея і інш. тэрыторыі, былі прадстаўнікі Ідумейскай дынастыі: Ірад I [37—4 да н.э.] і яго ўнук Агрыпа I [41—44 Н.э.]. У 6—41 і з 44 н.э. Іудзея — рым. правінцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЎСКАЯ У́НІЯ 1385,
дзярж. саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай, заключаны 14.8.1385 у Крэўскім замку. Акт К.у. — дакументальнае зацвярджэнне вял. князем ВКЛЯгайлам папярэдне прынятых абавязацельстваў перайсці ў каталіцтва і ахрысціць паводле лацінскага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў, а таксама стварыць дзярж. саюз (унію) ВКЛ і Кароны Польскай. У акце зафіксавана таксама абяцанне польскіх паслоў ад імя сваёй дзяржавы аддаць кн. Ягайлу ў жонкі малалетнюю каралеву Ядвігу, а з ёю і польскую карону. Акт падпісалі Ягайла, князі Скіргайла, Лугвен, Карыбут, Вітаўт. Агульным гал. фактарам саюзу была барацьба абедзвюх дзяржаў з Тэўтонскім ордэнам, небяспека з боку якога ўзмацнілася і пагражала стратай зямель Польшчы і ВКЛ. Польская шляхта хацела спыніць ваенныя канфлікты з ВКЛ з-за Валыні, а каталіцкая царква — мірным шляхам ахрысціць апошні язычніцкі народ у Еўропе. 2.2.1386 на з’ездзе польскай шляхты ў Любліне Ягайлу абралі каралём Польшчы. Ён прыбыў у Кракаў, прыняў са сваімі братамі каталіцтва і атрымаў імя Уладзіслаў. 18.2.1386 Ягайла ажаніўся з Ядвігай, а 4.3.1386 быў каранаваны. Абедзве дзяржавы аб’ядноўваў адзін манарх (праўда, ненадоўга), але кожная з іх захоўвала сваю сістэму кіравання, праводзіла самаст. палітыку. Працягам К.у. была Віленска-Радамская унія 1401. Аддаленыя вынікі К.у. — даволі трывалы дзярж. саюз (трымаўся на персанальнай уніі) ВКЛ і Польшчы на працягу 14—16 ст., да заключэння Люблінскай уніі 1569, паступовае збліжэнне дзярж. інстытутаў ВКЛ і Польшчы, а таксама культ. збліжэнне вярхоў грамадства. Дзякуючы саюзу ўдалося ліквідаваць пагрозу з боку Тэўтонскага ордэна, перамагчы яго ў Грунвальдскай бітве 1410, адкрыць гандл. шляхі ў Зах. Еўропу. На ўсходзе ВКЛ з дапамогай Польшчы ўдалося стрымліваць націск з боку Маскоўскай дзяржавы. Адным з вынікаў уніі быў шырокі дыпламатычны выхад ВКЛ у Еўропу, а таксама культ. збліжэнне з інш. краінамі Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТАРЫ́НГІЯ (Lorraine),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на ПнУ Францыі. Уключае дэпартаменты Мозель, Мёрт і Мозель, Мёз, Вагезы. Пл. 23 тыс.км². Нас. каля 3,4 млн.чал. (1995). Гал. гарады і прамысл. цэнтры Нансі і Мец. Большую ч. тэрыторыі займае Латарынгскае ўзв., на Ў горы Вагезы. Клімат умераны. Гал. раён жалезаруднай і металургічнай прам-сці. Здабыча жал. руды, вугалю і каменнай солі. Прам-сць: металаапр., маш.-буд. (выпуск металаканструкцый, абсталявання для горнай і металургічнай прам-сці, с.-г. машын, трансп. сродкаў, эл.-тэхн. вырабаў і інш.), тэкст., дрэваапр., хім., нафтаперапрацоўчая. Пасевы збожжавых, цукр. буракоў, бульбы. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.
У сярэднія вякі Л. наз. розныя дзярж. і тэр. ўтварэнні. У 855—900 пасля распаду Франкскай дзяржавы і падзелу ўладанняў імператара Лотара I (адсюль назва) у бас. ніжняга і сярэдняга Рэйна ўзнікла каралеўства Л.; з 925 герцагства ў складзе Герм. каралеўства, у 959 падзелена на 2 герцагствы — Ніжнюю Л. і Верхнюю Л. У 11—12 ст. Ніжняя Л. распалася на графствы Лувен, Намюр, Лімбург і інш. Пазней Ніжняя Л. ўвайшла ў склад Бельгіі і Нідэрландаў. Герцагства Верхняя Л. (менавіта яе тэрыторыі адпавядае гіст. вобласць Л.) з 12 ст. паралельна наз. герцагствам Л. У 13—15 ст. за валоданне ёю сапернічалі Германія і Францыя, у выніку чаго герцагі Л. прызнавалі сябе васаламі абедзвюх дзяржаў. З 2-й пал. 16 ст. пачалося далучэнне латарынгскіх зямель да Францыі, якая ў 1633 пашырыла сваю ўладу на ўсю тэр. Л. Ў 1697 герцагства Л. ўвайшло ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Паводле Венскага мірнага дагавора (1738) перададзена ў пажыццёвае ўладанне каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Ляшчынскаму, пасля смерці якога (1766) у складзе Францыі на правах асобнай правінцыі. У 1871 Усх. Л. і Эльзас далучаны да Германіі (імперская прав. Эльзас-Л.), у 1919 вернуты Францыі. Ў 1940 яны анексіраваны фаш. Германіяй, у 1944 вызвалены і вернуты Францыі.