ПАСА́Д,

1) гандлёва-рамесніцкая частка феад. горада ў 10—18 ст. (наз. таксама перадграддзе, прадмесце) у Кіеўскай Русі, Рас. дзяржаве і ВКЛ. З часоў Кіеўскай Русі многія П. падзяляліся на канцы 1 сотні, пазней у іх складзе з’явіліся гар. слабоды. Першапачаткова П. былі неўмацаванымі, пазней іх умацаваная частка, размешчаная каля дзядзінца (замка, крамля) наз. вакольным горадам. П. мелі ўсе гарады Беларусі. Напр., у Полацку ў 16 ст. было 6 П.

2) У Расіі ў 17—18 ст. гандл.-прамысл. цэнтр, які з моманту заснавання не меў крэпасці. Як і гандл.-рамеснае насельніцтва гарадоў, жыхары такіх П. адносіліся да пасадскіх людзей.

т. 12, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.

Існавала ў 1907—15 у Мінску. Засн. па ініцыятыве скрыпача Н.​Рубінштэйна. Працавалі класы фп. (педагогі І.​Гянко, В.​Сварыка, Р.​Пінкус, Г.​Бах, Занцэвіч), спеваў (Я.​Марачнік), скрыпкі, тэорыі музыкі, гармоніі і сальфеджыо (Рубінштэйн), віяланчэлі (М.​Пестрыкаў, Л. фон Зіберштэйн). У 1913 у вучылішчы адкрылася бібліятэка-чытальня Мінскага таварыства сяброў музыкі. Вучылішча стала цэнтрам муз. жыцця горада. Выкладчыкі і навучэнцы сістэматычна наладжвалі канцэрты (5—6 камерных і сімф. канцэртаў на навуч. год са складанымі праграмамі з твораў І.​Гайдна, Л.​Бетховена, Р.​Шумана, Ф.​Мендэльсона, П.​Чайкоўскага).

Літ.:

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999. С. 137—138.

В.​П.​Пракапцова.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1386 Адбылася паміж войскам ВКЛ на чале з князямі Свідрыгайлам, Карыбутам, Лугвенам, Вітаўтам і Канстанцінам Альгердавічам і войскам вял. кн. смаленскага Святаслава Іванавіча 29 крас. Падтрымліваючы выступленне кн. Андрэя Альгердавіча ва ўнутрыпаліт. барацьбе ў ВКЛ, Святаслаў Іванавіч вырашыў вярнуць сабе страчаную раней Мсціслаўшчыну. 18 крас. ён аблажыў Мсціслаў, але аблога не мела поспеху. 29 крас. да горада падышлі войскі ВКЛ. Святаслаў заўважыў іх і першы пайшоў у атаку. На берагах р. Віхра пачалася бітва. Калі загінуў прабіты кап’ём Святаслаў, яго ратнікі кінуліся ўцякаць. Пераможцы патрабавалі ад смалян выкупу і пасадзілі на смаленскі пасад сына Святаслава Юрыя як данніка ВКЛ.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 10, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЯТНІКАВАЯ МІГРА́ЦЫЯ,

рэгулярныя перамяшчэнні людзей з аднаго нас. пункта ў іншы, ад месца жыхарства да месца працы ці вучобы і назад. У аснове М.м. — неадпаведнасць у размяшчэнні вытв-сці і рассяленні насельніцтва. Рэгулярнасць М.м. адпавядае рэжыму прац. дзейнасці або вучобы. Гал. напрамкі — з вёскі ў горад, з малога горада ў буйны. Найб. значная і ўстойлівая ў прыгарадных зонах вял. гарадоў і гарадскіх агламерацый, а таксама ў сельскай мясцовасці урбанізаваных тэрыторый. Часам да М.м. адносяць таксама рэгулярныя паездкі сельскіх жыхароў у цэнтры абслугоўвання, пераважна гарады. Важная ўмова М.м. — развіццё транспарту. У Беларусі М.м. найбольш выражана ў рэгіёнах Мінска і абласных цэнтрах рэспублікі.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНХА́ТАН, Манхэтэн (Manhattan),

цэнтральная частка г. Нью-Йорк на в-ве Манхатан. Утварае адзін з 5 адм. раёнаў горада, абмежаваны на З р. Гудзон (пратока Порт-Рывер), на У і Пд — пратокай Іст-Рывер, на ПнУ — пратокай Харлем. Пл. 35 км². Нас. каля 1,5 млн. чал. Дзелавы і гандл. цэнтр. Прычалы порта. М. перасякае гал. магістраль — Брадвей. Шмат прадпрыемстваў пераважна лёгкай і паліграф. прам-сці. У Верхнім М. (паўн. ч. М.) — музеі Метраполітэн, Натуральнай гісторыі, «Лінкальн-цэнтр» з Метраполітэн-опера і Нью-Йоркскай філармоніяй. Негрыцянскі раён Гарлем. У Цэнтр. М. — сядзіба ААН, Рокфелер-цэнтр. У Ніжнім М. — Нью-Йоркская біржа, банкі, вуліца Уол-Стрыт.

т. 10, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАГРА́ДСКАЯ АБАРО́НА 1919.

Адбывалася ў маі—ліст. 1919 у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22. Сав. войскі 7-й і 15-й армій Зах. фронту (каманд. Дз.М.Надзёжны, потым У.М.Гіціс) пры падтрымцы Балт. флоту (А.​П.​Зеляной) задушылі антыбальшавіцкае паўстанне на фартах Красная Горка і Шэры Конь (чэрв. 1919), адбілі 2 наступленні (май—жн. і вер.кастр.) арміі белай гвардыі ген. М.М.Юдзеніча, якая пры падтрымцы войск Эстоніі, Фінляндыі і брыт. флоту імкнулася авалодаць г. Петраград (асн. ўдар з тэр. Эстоніі) і ў кастр. выйшла на блізкія подступы да горада. Потым сав. войскі перайшлі ў контрнаступленне, да канца ліст. адкінулі войскі Юдзеніча ў Эстонію.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПОЛЕ́ССКАЯ ЖИЗНЬ»,

грамадска-паліт. і літ. газета ліберальнага памяркоўна-апазіц. кірунку. Выдавалася з 17(30).Ю. 1909 да 27.12.1911 (9.1.1912) [з 11(24).1 да 27.6(10.7).1910 не выходзіла] у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Прадаўжала праграму газ. «Полесская мысль». Змяшчала інфармацыю пра дзейнасць урада і Дзярж. думы, асвятляла побыт гар. «дна», надзвычайныя падзеі ў краі. Публікавала артыкулы пра жыццё і творчасць М.​Чарнышэўскага, М.​Скабічэўскага, П.​Якубовіча, мастака А.​Куінджы, знаёміла з творамі Л.​Андрэева, Шолам-Алейхема, прапагандавала этычную філасофію Л.​Талстога. Друкавала нарысы сакратара рэдакцыі М.​Л.​Бахціна (псеўд. Міхаіл Хмуры), вершы і апавяданні-замалёўкі мясц. аўтараў, асвятляла тэатр. і муз. жыццё горада, дзейнасць Гомельскага музычна-драматычнага таварыства.

У.​М.​Конан.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭФЕ́КТ (ад лац. praefectus начальнік),

1) адм. або ваен. пасада ў Стараж. Рыме, а таксама асоба, якая яе займае.

2) У шэрагу дзяржаў асобы ін-т прадстаўнікоў цэнтр. (Румынія) або рэгіянальнага (Расія) урада на месцах. Ін-т П. узнік у Францыі ў 1802, дзе да ліквідацыі яго ў 1982 у якасці прадстаўніка ўрада П. ажыццяўляў адм. нагляд за дзейнасцю органаў мясц. самакіравання і мясц. кіравання ў дэпартаментах. У Румыніі П. назначаюцца ў кожны павет і муніцыпію Бухарэст, дзе яны кіруюць службамі мін-ваў і інш. цэнтр. органаў у гэтых адм.-тэр. адзінках. У Расіі П. існуюць у Маскве, дзе назначаюцца мэрам для кіраўніцтва ў адм. акругах горада.

т. 13, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДАК,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 162 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Ліда—Баранавічы. 30,4 тыс. ж. (2000).

Паводле археал. даследаванняў, паселішча на тэр. сучаснага Н. ўзнікла ў канцы 10 ст. Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1044. Летапісныя варыянты назвы горадаНовогород, Новогородок, Новый Городок і інш. Былі развіты рамёствы, існаваў гандаль з Зах. Еўропай, Прыбалтыкай, Б. Усходам. У 13—14 ст. цэнтр удзельнага Навагрудскага княства. У 1252 кн. Міндоўг каранаваўся ў Н. як кароль літоўскі, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічыць з гэтага часу Н. сталіцай ВКЛ. Сын Міндоўга Войшалк аб’яднаў вакол Н. Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволтву, што склала аснову ВКЛ. У 13 ст. на Н. неаднаразова нападалі татары і іх саюзнікі — дружыны галіцка-валынскіх князёў, у 14 ст. — крыжакі. З 1392 Н. — адзін з цэнтраў велікакняжацкага дамена, з 15 ст. цэнтр Навагрудскага павета. У 1428 вял. кн. Вітаўт запісаў Н. у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне. У канцы 15 ст. ў Н. 3—4 тыс. ж. З 1316 Н. — цэнтр Літоўска-Навагрудскай мітраполіі, якая ахоплівала правасл. царкву ВКЛ (гл. ў арт. Кіеўская мітраполія). Пасля Брэсцкай уніі 1596 мітрапаліцкай кафедрай валодалі уніяты. У 16 ст. Н. быў адным з цэнтраў Рэфармацыі ў Беларусі. У 1507 утворана Навагрудскае ваяводства. У 1511 горад атрымаў магдэбургскае права (пацверджана ў 1562, 1595, 1776). Прывілеем 1595 зацверджаны гарадскі герб. У 1581—1775 у Н. адбываліся пасяджэнні Гал. літ. трыбунала. У 17—18 ст. дзейнічаў Навагрудскі езуіцкі калегіум. У 16—18 ст. горад моцна пацярпеў ад войн, пажараў і эпідэмій, у выніку чаго заняпаў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 цэнтр павета Гродзенскай, з 1842 — Мінскай губ. Жыхары ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 у Н. 7887 ж. У 1-ю сусв. вайну з вер. 1915 да канца 1918 акупіраваны герм. войскамі. У снеж. 1918 вызвалены Чырв. Арміяй. З 18.4.1919 да 19.7.1920 і з 1.10.1920 акупіраваны польскім войскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета і ваяводства, 6376 ж. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Навагрудскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял. Айч. вайну 4.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 45 065 чал. 8.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1963 горад абл. падпарадкавання. У 1972—20,6 тыс. ж.

У 12 ст. горад складаўся з дзядзінца (т.зв. Замкавая гара) і пасада — вакольнага горада (Малы замак). Кампазіцыйным цэнтрам былі дзядзінец і гандл. плошча з крамамі каля Замкавай гары, да якой сыходзіліся вуліцы-дарогі (гандл. шляхі). У 12—13 ст. на тэрыторыі вакольнага горада вылучаўся квартал з 2-камернымі жылымі дамамі багатых гараджан (пл. аднаго дома каля 76 м²), большасць з іх мела чарапічныя дахі, зашклёныя вокны, атынкаваныя сцены. Рэшткі такога будынка, т.зв. Навагрудскі «дом баярына», выяўлены пры археал. раскопках у пач. 1960-х г. Дамы чэлядзі былі пл. каля 30 м². Усе жылыя пабудовы наземныя і заглыбленыя, з печамі розных тыпаў. У 12 ст. пабудавана мураваная царква (гл. Навагрудская Барысаглебская царква), у 13—16 ст. — мураваны замак (гл. ў арт. Навагрудскія замкі), на тэр. дзядзінца якога ў 14—16 ст. пабудавана Навагрудская замкавая царква. У канцы 14 — пач. 15 ст. татары пабудавалі мячэць (не захавалася). У 14—17 ст. выраблялася навагрудская кафля. На гандл. плошчы былі пабудаваны: у 17 ст. Навагрудская ратуша, у 18 ст. Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў, Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Навагрудскі фарны касцёл, у пач. 19 ст. Навагрудскія гандлёвыя рады. У 17—19 ст. існаваў і Навагрудскі кляштар дамініканак. У 1751 і 1871 Н. моцна пацярпеў ад пажараў. У 1809 і 1872 складзены праекты планіроўкі горада (ажыццёўлены часткова). Планіровачная структура — няправільная радыяльная са складанай канфігурацыяй вуліц з-за асаблівасцей рэльефу. Да гандл. плошчы сыходзіліся 8 вуліц, у т. л. Бернардзінская (цяпер Гродзенская), Базыльянская (Паштовая), Троіцкая (Мінская), Слонімская (Міцкевіча), Валеўская (Леміна), Замкавая і інш. У пач. 20 ст. існавалі 2 правасл. царквы, сінагога, 6 яўр. малітоўных дамоў, мячэць, рэшткі ўмацаванняў на высокай гары і гара, вядомая як магіла Міндоўга, з помнікам тым, што загінулі ў бітве пад Хоцінам. У 1930-я г. ўзведзены цагляны будынак ваяводскага ўпраўлення. У цэнтр. частцы сучаснага Н. захавалася гіст. радыяльна-кальцавая планіроўка. Горад развіваецца паводле генпланаў 1964, 1972 і іх карэкціровак 1978 і 1985, праекта. дэталёвай планіроўкі цэнтра 1976. Прадугледжана захаванне планіровачнай структуры гіст. цэнтра, стварэнне зон ахоўных і рэгулявання забудовы, раскрыццё агульнагар. цэнтра на прыроднае асяроддзе. Арх.-планіровачны цэнтр — пл. Леніна (б. Гандлёвая плошча з мемар. скверам, музеем-сядзібай А.​Міцкевіча) з помнікамі культавай і грамадз. архітэктуры. Адм. цэнтр склаўся па вул. Міцкевіча. Капітальная забудова сканцэнтравана ў цэнтр. частцы горада, у раёне вуліц Міцкевіча, Савецкай і Леніна, мікрараёне Раднікі. Новае буд-ва вядзецца ў мікрараёнах Паўд. Захад, Паўд. Захад 2, па вуліцах Гродзенскай і Мінскай. На ўскраінах пераважае індывід. забудова сядзібнага тыпу. Прамысл. зона ў паўд.-зах. і паўн.-ўсх. частках горада. Зоны адпачынку ў Навагрудскім парку, скверах, прылеглых лясных масівах, на берагах воз. Літоўка. Праект рэгенерацыі гіст. забудовы Н. 1988 уключае тэрыторыю гіст. ядра, дзе асн. з’яўляецца зона гал. плошчы — пл. Леніна і Замкавай гары. Паводле генплана Н. 1995 арх.-планіровачнае, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне скіравана на гарманічнае ўзаемадзеянне забудовы гіст. з новай, на стварэнне ўмоў для фарміравання горада як цэнтра турызму.

Навагрудскі завод газавай апаратуры, абястлушчанага малака і агароднінасушыльны з-ды, маслакамбінат, млынкамбінат, хлебазавод, ф-кі швейная і валюшна-лямцавая, вытв. ўчастак Лідскага піўзавода, 5 буд. арг-цый і інш. Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, Навагрудскі саўгас-тэхнікум, прафесійна-тэхн. вучылішча, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Міцкевіча Адама дом-музей. Могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў вер. 1939. Помнікі Я.​Коласу, А.​Міцкевічу, Невядомаму салдату, землякам, якія загінулі ў Афганістане, памятныя знакі каля гары Міндоўга і на Замкавай гары; курган Бессмяротнасці ў гонар А.​Міцкевіча. Помнікі архітэктуры: гандл. рады (1812), жылыя дамы (19 — пач. 20 ст.) і інш. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (1930). На зах. ускраіне горада курганны могільнік 12—13 ст.

Літ.:

Королев Н.Д. Новогрудок: Ист.-экон. очерк. Мн., 1988;

Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;

Навагрудак: [Фотаальбом]. Мн., 1994;

Гайба М.П. Навагрудак: Гіст. нарыс. Навагрудак, 1992;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996.

М.​П.​Гайба (гісторыя), С.​Ф.​Самбук (архітэктура).

Навагрудак. Фрагмент гарадской забудовы.
Да арт. Навагрудак. Від на Замкавую гару і фарны касцёл. З малюнка Н.​Орды. Сярэдзіна 19 ст.

т. 11, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙПЦЫГ (Leipzig),

горад на У Германіі, у зямлі Саксонія, на р. Вайсе-Эльстэр. 490,9 тыс. ж. (1994). Важны прамысл., гандл., навук. і культ. цэнтр. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. станкабудаванне, вытв-сць с.-г. і тэкст. машын, абсталявання для паліграф., хім., харч. прам-сці; вытв-сць пластмас, гумава-тэхн. вырабаў, лакаў і фарбаў; паліграф., тэкст., швейная, пушніна-футравая, харчасмакавая, дывановая. Цэнтр кнігадрукавання (з 15 ст.). Месца правядзення штогадовых міжнар. кірмашоў, у т. л. кніжных (з 1954), кінафестываляў, пушных аўкцыёнаў. Саксонская АН. Лейпцыгскі універсітэт. Ін-т геаграфіі і геаэкалогіі. Нямецкая бібліятэка. Сімф. аркестр Гевандхаўз, хор хлопчыкаў «Таманерхор» (з 13 ст., яго кантарам быў І.​С.​Бах), кансерваторыя, оперны т-р. Музеі: выяўл. мастацтва, этнаграфіі, маст. рамёстваў, гісторыі горада, Германскі музей кнігі і пісьменнасці. У гіст. цэнтры горада — цэрквы і інш. будынкі 13—18 ст. Манумент Бітвы Народаў (1913).

З 900 паселішча прыбалтыйскіх славян (наз. Ліпск), пазней каланізаваны немцамі. Як Л. згадваецца каля 1017. Каля 1165 атрымаў гар правы, пачалося правядзенне кірмашоў. У 1409 засн. ун-т. У 1519—39 адзін з цэнтраў рэліг. Рэфармацыі ў Германіі. З 1-й пал. 19 ст. індустрыялізаваны (тэкст. вытв-сць і інш.). У час напалеонаўскіх войнаў каля Л. адбылася Лейпцыгская бітва 1813. У 1843 у Л. засн. першая ў Германіі кансерваторыя. У 1830 і 1848 адзін з цэнтраў рэв. руху ў Германіі, у 1860-я г.пач. 20 ст. адзін з цэнтраў герм. рабочага руху. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі нацыстаў тут адбыўся Лейпцыгскі працэс 1933. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)