МАСКО́ЎСКАЕ ВЯЛІКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая ў канцы 15 ст. стала ядром Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Цэнтр — г. Масква. Утварылася каля сярэдзіны 14 ст. ў выніку росту Маскоўскага княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. вылучылася як удзел Уладзіміра-Суздальскага княства. У час княжання Данілы Аляксандравіча [1276—1303] Маскоўскае княства стала незалежным, да яго былі далучаны Каломна (1301), Пераяслаўль-Залескі (1302) і Мажайск (1303). Асновы паліт. і эканам. магутнасці Масквы заклаў кн. Іван I Данілавіч Каліта [1325—40], які дамогся ад хана Залатой Арды права збору тат. даніны з зямель паўн.-ўсх. Русі. Па яго ініцыятыве цэнтр агульнарус. правасл. мітраполіі ў 1326 перанесены ў Маскву. Паслядоўная палітыка Івана Каліты і яго пераемнікаў па пашырэнні тэр. М.в.к. шляхам скупкі і захопу зямель, дынастычных шлюбаў і г.д. абумовіла ператварэнне Масквы ў гал. паліт., эканам. і рэліг. цэнтр паўн.-ўсх. Русі. Вял. кн. Дзмітрый Іванавіч Данскі [1359—89] замацаваў за Масквой вял. Уладзімірскае княжанне, за якое яна з пач. 14 ст. вяла барацьбу з Цвярскім, а ў 1350—60-я г. і з Суздальска-Ніжагародскім княствамі. Яго перамога над войскам Залатой Арды ў Кулікоўскай бітве 1380 спрыяла замацаванню вядучай ролі М.в.к. паўн.-ўсх. Русі. З 14 ст. М.в.к. вяло барацьбу за ўплыў на сумежныя рус. землі з ВКЛ, якое да сярэдзіны 15 ст. мела перавагу. Пры вял. кн. Васілю II Васілевічу Цёмным [1425—62] у выніку працяглай феад. вайны была падаўлена апазіцыя ўдзельных князёў. Вял. кн. Іван III [1462—1505], які скінуў манг.-тат. няволю (1480), далучыў да М.в.к. Наўгародскую феадальную рэспубліку (1478), у асн. завяршыў аб’яднанне вакол Масквы інш. рус. зямель і адваяваў значныя тэрыторыі ў ВКЛ, першы пачаў называць сябе вял. князем і «государём всяе Руси».

Літ.:

Черепнин Л.В. Образование Русского централизованного государства в XIV—XV вв. М., 1960;

Алексеев Ю.Г. Под знаменем Москвы: Борьба за единство Руси, М., 1992.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 10, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІР»,

арбітальная станцыя для палёту вакол Зямлі; праграма яе распрацоўкі і запускаў да яе касм. апаратаў. Створана ў СССР на аснове арбітальнай станцыі (АС) «Салют». Прызначана для працяглай работы касманаўтаў, прыёму экспедыцый, правядзення навук. даследаванняў і эксперыментаў, у т. л. па міжнар. праграмах.

Базавы блок «М.» выведзены на арбіту 20.2.1986; яго даўж. 13 м, дыяметр 4,2 м, маса каля 20 т, аб’ём жылых адсекаў 100 м³. Мае 6 стыковачных вузлоў, што дало магчымасць прыстыкаваць да яго астрафіз. модуль «Квант» (1987), модуль дааснашчэння «Квант-2» (1989), тэхнал. модуль «Крышталь» (1990), даследчыцкі модуль «Спектр» (1995) і навук. модуль «Прырода» (1996). Стыковачны адсек на модулі «Крышталь» дае магчымасць стыкаваць «М.» з касмічным караблём (КК) «Спейс шатл» (ЗША). У арбітальны комплекс могуць уваходзіць 1 ці 2 пілатуемыя КК «Саюз», аўтам. трансп. КК «Прагрэс» і КК «Спейс шатл» (агульная маса каля 250 т; габарытныя памеры па восях 33 × 31 × 27,5 м; аб’ём герметычных памяшканняў больш за 400 м³; энергасілкаванне забяспечваецца сонечнымі батарэямі пл. больш за 100 м²). «М.» і ўсе модулі выводзіліся на арбіту ракетамі-носьбітамі «Пратон». Касманаўты і грузы дастаўляліся КК «Саюз Т-15», «Саюз ТМ-2» — «Саюз ТМ-28», трансп. КК «Прагрэс-М» (Расія) і КК «Аглантыс», «Індэвар», «Дыскаверы» (ЗША). Першы экіпаж «М.» — Л.​Дз.Кізім і У.А.Салаўёў. На станцыі працавалі (да 29.8.1999) 103 касманаўты з 12 краін і Еўрап. касм. агенцтва, у т. л. 41 рас. (сав.) і 62 замежныя (з іх 44 з ЗША) касманаўты. Выканана (на 1.10.1999) 24 міжнар. касм. праграмы, 17 тыс. навукова-тэхн. эксперыментаў, дастаўлена 14 т навук. абсталявання. З жн. 1999 «М.» знаходзіцца ў аўтам. палёце.

У.​С.​Ларыёнаў.

Схема арбітальнай станцыі «Мір»: 1 — сонечныя батарэі; 2 — модуль «Спектр»; 3 — базавы блок; 4 — КК «Прагрэс-М»; 5 — модуль «Квант»; 6 — модуль «Прырода»; 7 — модуль «Квант-2»; 8 — КК «Саюз-ТМ»; 9 — пераходны адсек; 10 — стыковачны адсек; 11 — модуль «Крышталь».

т. 10, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ ПА́РКІ,

асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (акваторыі), якія маюць экалагічную, гіст., эстэт. каштоўнасць і амаль не змененыя дзейнасцю чалавека. Ствараюцца для захавання пэўных прыродных комплексаў і выкарыстання іх у рэкрэацыйных, асв., навук. мэтах. Вылучаюцца своеасаблівым спалучэннем натуральных і культ. ландшафтаў. У Н.п. праводзяцца мерапрыемствы па ўзнаўленні ландшафтаў, захаванні рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Тэрыторыя Н.п. звычайна падзяляецца на зоны: запаведную, гасп., рэкрэацыйную і (часам дадаткова) буферную (вакол Н.п.). Статус Н.п., прыняты Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП) у 1969, мае пэўныя патрабаванні да арганізацыі парку: адносна вял. тэрыторыя, наяўнасць каштоўных у навук. і пазнавальных адносінах прыродных ландшафтаў або аб’ектаў, адносная захаванасць прыродных комплексаў, дазвол наведвання парку турыстамі пры спец. умовах. У большасці краін Н.п. — найб. распаўсюджаная катэгорыя дзярж. ахоўных тэрыторый з розным рэжымам аховы. Н.п. маюць асаблівыя адм. дзярж. органы, якія з’яўляюцца асн. землекарыстальнікам на тэрыторыі Н.п. або ў яго адпаведнай зоне.

Першы Н.п. створаны ў ЗША (1872, Йелаўстонскі нацыянальны парк). У пач. 20 ст. Н.п. з’явіліся ў Паўд. Амерыцы — Наўэль-Уапі (Аргенціна, 1903), Ігуасу (Бразілія, 1909); у Еўропе — Пельву (Францыя, 1913), Энгадзін (Швейцарыя, 1914), Кавадонга (Іспанія, 1915) і інш. Існуе больш за 2,3 тыс. нац. паркаў (у т. л. ў Еўропе — больш за 160) агульнай плошчай больш як 400 млн. га. Каля 30 Н.п. свету маюць плошчу больш за 1 млн. га — Грэнландскі нацыянальны парк (Данія, 7 млн. га), Вуд-Бафала (Канада, 4,5 млн. га), Серэнгеці (Танзанія, 2 млн. га), Цэнтральнакалахарскі (Батсвана, 5,3 млн. га), Габійскі (Манголія, 5 млн. га) і інш.

На Беларусі існуюць 4 Н.п.: Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі, Прыпяцкі, агульнай пл. каля 327 тыс. га.

Літ.:

Заповедными тропами зарубежных стран. М., 1976;

Реймерс Н.Ф., Штиль марк Ф.Р. Особо охраняемые природные территории. М., 1978.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБЕ́СНАЯ СФЕ́РА,

уяўная сфера адвольнага радыуса, на якую праектуюцца нябесныя свяцілы. Служыць для зручнасці вызначэння нябесных каардынат свяціл і вуглавых адлегласцей паміж імі.

На Н.с. і ўнутры яе фіксуюцца гал. лініі і пункты, адносна якіх праводзяцца ўсе вымярэнні вуглавых велічынь. Звычайна цэнтр Н.с. змяшчаюць у пункт знаходжання вока назіральніка. Прамая ZOZ′, якая праходзіць праз цэнтр O Н.с. і супадае з напрамкам ніткі адвеса ў месцы назірання, наз. вертыкальнай лініяй. Яна перасякае Н.с. ў пунктах зеніту (Z) і надзіра (Z′). Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна вертыкальнай лініі, перасякае Н.с. па акружнасці SWNE, якая наз. матэматычным ці сапраўдным гарызонтам. Ён падзяляе Н.с. на бачную і нябачную паўсферы. Дыяметр РР’, вакол якога адбываецца вярчэнне Н.с., наз. воссю свету. Яна перасякае Н.с. ў Паўночным (P) і Паўднёвым (P′) полюсах свету. Вугал φ паміж воссю свету і плоскасцю гарызонта роўны геагр. шыраце месца назірання. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна восі свету, перасякае Н.с. па акружнасці QWQ′E, якая наз. нябесным экватарам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на 2 паўшар’і — паўночнае і паўднёвае. Нябесны экватар перасякаецца з матэм. гарызонтам у 2 пунктах — пункце ўсходу (E) і пункце захаду (W). Плоскасць, што праходзіць праз вось свету і вертыкальную лінію, перасякае Н.с. па акружнасці PZQSP′Z′Q′N, якая наз. нябесным мерыдыянам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на ўсходняе і заходняе паўшар’і. Нябесны мерыдыян перасякаецца з матэм. гарызонтам у пункце поўначы (N) і пункце поўдня (S); прамая NS — паўдзённая лінія. Вялікі круг Н.с., які праходзіць праз зеніт, свяціла М і надзір, наз. кругам вышыні, ці вертыкалам свяціла. З прычыны сутачнага вярчэння Зямлі становішча свяціл на Н.с. зменьваецца: яны апісваюць паралельныя нябеснаму экватару акружнасці — нябесныя, ці сутачныя паралелі свяціл. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с., полюсы свету і свяціла, перасякае Н.с. па акружнасці, якая наз. гадзінным кругам ці кругам схілення свяціла.

А.​А.​Шымбалёў.

Нябесная сфера.

т. 11, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬМІ́РА,

старажытны горад на тэр. Паўн.-Усх. Сірыі (паблізу сучаснага г. Тадмар). Як буйны цэнтр караваннага гандлю і рамесніцтва ўпершыню згадваецца ў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. У канцы 2-га тыс. да н.э. разбурана асірыйцамі, у 10 ст. да н.э. адбудавана ізраільска-іудзейскім царом Саламонам. У 1 ст. н.э. ў час праўлення Тыберыя прызнала вярх. ўладу Рыма, але захавала аўтаномію. Найб. росквіту дасягнула ў 1—3 ст. н.э., калі гандлявала з гарадамі Паўд. Месапатаміі, Скіфіі, Сярэдняй Азіі, Паўд. Аравіі. Развівалася сельская гаспадарка; былі пабудаваны падземныя водаправоды і рэзервуары для арашэння палёў і садоў вакол П. У 3 ст. н.э. ў часы праўлення Адэната і Зенобіі дасягнула вял. паліт. магутнасці (валодала ўсёй Пярэдняй Азіяй і Егіптам). У 272 рым. імператар Аўрэліян захапіў П. У 273 пасля антырым. паўстання рымляне зруйнавалі горад, а яго жыхароў прадалі ў рабства.

Арх. ансамблі П. вылучаюцца маштабамі, веліччу і пышнасцю форм, багаццем скульпт. дэкору. З 19 ст. праводзяцца сістэм. раскопкі П. Выяўлена частка руін ант. горада з рэгулярнай планіроўкай і вуліцамі ў абрамленні грандыёзных карынфскіх каланад. Арх. помнікі: свяцілішча Бела на высокай платформе (з храмам у цэнтры, 1 ст.), храмік Баалшаміна (2 ст.), «Вялікая каланада» з 3-пралётнай манум. аркай (1100 м; 2—3 ст.), агора, т-р (3 ст.), частка гар. сцяны (2-я пал. 3 ст., адноўлена ў сярэдзіне 6 ст.), т.зв. лагер Дыяклетыяна (канец 3 — пач. 4 ст.). з «Храмам знамёнаў». Па-за гар. сценамі даследаваны некропаль з грабніцамі 3 тыпаў: вежавымі, падземнымі і ў выглядзе дамоў з атрыямі. Знойдзены шматлікія статуі, рэльефы, мазаікі, размалёўкі. Археал. запаведнік П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Слова П. стала сімвалам горада мастацтва.

А.​У.​Казленка.

Пальміра. «Вялікая каланада» з трохпралётнай аркай. 2—3 ст.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУТО́Н,

дзевятая па адлегласці ад Сонца і апошняя з вядомых планет Сонечнай сістэмы. Астр. знак ♇. Адкрыты К.​Томба (1930, ЗША). Існаванне П. тэарэтычна памылкова прадказаў амер. астраном П.​Ловел (1915) з аналізу ўзбурэнняў, якія П. быццам аказвае на рух планеты Нептун. Вывучэнне арбіты П. паказала, што Ловел памыліўся ў разліках і адкрыццё П. было выпадковым.

Бляск П. 14,7 візуальнай зорнай велічыні (простым вокам не назіраецца). Абарачаецца вакол Сонца па вельмі выцягнутай арбіце з перыядам 247,7 зямнога года і сярэдняй скорасцю 4,7 км/с; перасякае арбіту планеты Нептун. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 39,4 а.а. Мае вял. спадарожнік Харон, параўнальны па памерах з П., таму сістэму П. — Харон наз. падвойнай планетай. Яны знаходзяцца блізка адзін ад аднаго і першапачаткова пры назіранні зліваліся ў адно цела (памеры П. былі завышаныя). Пры дапамозе касм. тэлескопа імя Э.​Хабла (1995, НАСА) атрыманы відарысы П. і Харона; вызначаны дыяметры П. — 2320 км і Харона — 1270 км, радыус арбіты Харона 19 130 км; перыяд абарачэння спадарожніка роўны перыяду вярчэння самога П. — 6,387 зямных сутак (сінхронная арбіта). Сярэдняя шчыльнасць П. 2,06∙10​3кг/м³, Харона 2,18 ∙10​3кг/м³. Абодва целы складаюцца ў асноўным з лёду; спектраскапічнымі метадамі на паверхні П. выяўлены замёрзлы метан; т-ра паверхні каля -228 °C Маса П. каля 1,79∙10​22 кг. У 1999 Міжнар. астр. саюз перавёў П. у разрад планет-астэроідаў з прысваеннем парадкавага нумара астэроіда і з захаваннем статуса планеты Сонечнай сістэмы.

Літ.:

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984;

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Плутон і яе спадарожнік Харон (касмічны тэлескоп імя Э.​Хабла, 1995, НАСА).

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЫНЬ І КІРУ́НАК у літаратуры і мастацтве,

эстэтычныя гісторыка-маст. катэгорыі, якія абазначаюць светапогляднае або творчае адзінства літ.-маст. з’яў, характэрных для асобных творцаў ці літ.-маст. аб’яднанняў. Суадносяцца з паняццямі метаду мастацкага і стылю, на практыцы нярэдка атаясамліваюцца з імі, што вядзе да метадалагічнай невыразнасці. Плынь узнікае і развіваецца звычайна ўнуры складаных маст.-творчых з’яў (стыль, кірунак), дзе існуюць розныя магчымасці вырашэння агульных задач (напр., плыні «рубенсістаў» і «пусэністаў» у мастацтве франц. класіцызму канца 17 ст.: неакласічная і неарус. ў рус. архітэктуры мадэрна 1910-х г.; рэліг.-маралістычная і грамадз. плыні ў л-ры еўрап. рамантызму канца 18—1-й трэці 19 ст.; «сумарокаўская» і «ламаносаўская» плыні ў л-ры рус. класіцызму 18 ст. і інш.). Плынь існуе адносна непрацяглы час, часта перарастае ў больш сістэматызаваную і складаную форму — кірунак. Кірунак абазначае прынцыповую агульнасць літ.-маст. з’яў на працягу значнага адрэзка часу. У адрозненне ад стылю, які бярэ за аснову класіфікацыі агульнасць вобразнай сістэмы і сродкаў маст. выразнасці, крытэрыі кірунку маюць духоўны, сацыяльны характар, адносяцца да свету ідэй, эстэт. поглядаў і прынцыповых адносін мастацтва да рэчаіснасці. Разыходжанні паміж стылем і кірункам вызначыліся з 2-й пал. 18 ст. (кірункі сентыменталізму і перадрамантызму ў межах стылю класіцызму і інш.). Пачынальнікамі новых плыней і кірункаў з’яўляюцца, як правіла, арыгінальныя творцы, вакол якіх ствараюцца аб’яднанні на аснове дэкларацый, статутаў, маст. школ, літ. выданняў (напр., кірункі сімвалізму, імажынізму, футурызму ў л-ры і мастацтве мадэрнізму, супрэматызму ў абстрактным мастацтве пач. 20 ст., плыні этнаграфізму, міфалагізму, рэтраспектывізму, неасімвалізму ў бел. выяўл. мастацтве 2-й пал. 20 ст. і інш.). Сучасная маст. культура характарызуецца разнастайнасцю П. і К. — ад традыц. да мадэрнісцкіх і постмадэрнісцкіх.

Літ.:

Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.

У.​М.​Конан, Я.​Ф.​Шунейка.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ГАРАДНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя, якая з’яўляецца знешнім планіровачным поясам горада, знаходзіцца з ім у цеснай функцыян., эканам., экалагічнай і арх. узаемасувязі. Параметры П.з. і рэгламенты яе развіцця вызначаюцца пры распрацоўцы рэгіянальных і генеральных планаў гарадоў. Рацыянальнае выкарыстанне тэр. П.з. — неабходная ўмова ўстойлівага развіцця вял. гарадоў. Пры яе фарміраванні ўлічваюцца інтарэсы развіцця гар. гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання тэр. рэсурсаў. Арх. планіровачнае вырашэнне П.з. распрацоўваецца з улікам прыярытэтаў захавання зялёных насаджэнняў, водных прастораў і інш. тэрыторый, якія маюць прыродаахоўнае і сан.-гігіенічнае значэнне. У межах П.з. размяшчаюцца гарады-спадарожнікі і інш. паселішчы, катэджныя забудовы, асобныя прамысл. прадпрыемствы, аб’екты камунальнай гаспадаркі, элементы трансп. (аэрапорты, чыг. станцыі і інш.) і інш. (водазаборы, трубаправоды і інш.) інфраструктур, свабодныя эканамічныя зоны, лесапаркі, зоны адпачынку, курорты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. Значныя плошчы адводзяцца пад зоны масавага адпачынку, дачныя пасёлкі, санаторыі, пансіянаты, спарт.-аздараўленчыя лагеры. На Беларусі ўсе буйныя гарады маюць П.з. Прыкладам комплекснага развіцця горада і яго П.з. з’яўляецца Мінск. У межах П.з. Мінска вылучаюцца паясы: унутраны — лесапаркавы (радыус 15—20 км) і знешні (радыус каля 50 км). Лясы вакол Мінска ў радыусе 50—80 км фарміруюць зялёную зону горада. Планіровачны каркас тэр. Мінска і яго П.з. мае радыяльна-кальцавую структуру, сфарміраваную аўтамаб. і чыг. дарогамі, рэкамі і азялененымі прасторамі. Яго важнай планіровачнай і кампазіц. воссю з’яўляецца водна-зялёны дыяметр. Склад гар. функцый, вынесеных у П.з. Мінска, ахоплівае ўсе віды гасп. і сац. дзейнасці. У межах П.з. фарміруюцца спецыялізаваныя паселішчы, якія паводле свайго функцыян. прызначэння з’яўляюцца працягам Мінска (Мачулішчы, Гатава, Калодзішчы, Самахвалавічы, Навінкі і інш.). Да структурных элементаў П.з. адносяцца курорт Ждановічы, зоны адпачынку Мінскае мора, Астрашыцкі Гарадок, Пціч, Вясёлка і інш., заказнікі рэсп. значэння Падсады, Прылуцкі, Кайкаўскі, Пекалінскі і інш., свабодная эканам. зона «Мінск». Своеасаблівае арх.-планіровачнае вырашэнне маюць П.з. інш. гарадоў, напр., Гродна, Віцебска.

Н.​А.​Юргенсан.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМЕТРЫ́Я КРЫШТАЛЁЎ,

уласцівасць крышталёў заканамерна паўтараць аднолькавыя грані, рэбры, вяршыні або сумяшчацца з сабой пры паваротах вакол восі, у прамых і перавернутых адлюстраваннях, паралельных пераносах і інш.; аснова класіфікацыі крышталёў. Сіметрыя знешняй формы (агранкі) крышталя залежыць ад сіметрыі яго атамнай будовы або крышталічнай рашоткі, якая абумоўлівае сіметрыю яго фіз. уласцівасцей. Форма крышталя і сіметрыя ўнутр. яго будовы вызначаюцца з дапамогай элементаў сіметрыі. Гал. элемент С.к. — паваротныя восі сіметрыі 1—4-га і 6-га парадкаў, плоскасць люстэркавага адлюстравання і цэнтр сіметрыі. Перавернутыя адлюстраванні вызначаюцца інверсійнымі восямі і цэнтрам сіметрыі. Інверсійныя восі маюць тыя ж парадкі, што і асн. восі. Парадак паваротнай восі сіметрыі паказвае, колькі разоў крышталь сумяшчаецца з сабой пры павароце на 360° (напр., куб — 4 разы, 6-гранная прызма — 6 разоў). Плоскасць сіметрыі падзяляе крышталь на 2 палавіны, якія люстэркава адлюстроўваюцца. Восі і плоскасць праходзяць праз цэнтр сіметрыі, што ўяўляе сабой пункт унутры фігуры, адносна якога ўсе супрацьлеглыя падобныя элементы крышталя знаходзяцца на аднолькавай адлегласці. Існуюць таксама элементы С.к.: плоскасць слізготнага люстэркавага адлюстравання (камбінацыя адлюстравання ў плоскасці з адначасовай трансляцыяй) і вінтавая вось (сумяшчае паварот і трансляцыю ўздоўж восі павароту, мае 2-і—4-ы і 6-ы парадкі). Пэўная сукупнасць элементаў сіметрыі ў адным крышталі вызначае від (групу, клас) сіметрыі. Вядомы 32 віды размяшчэння элементаў сіметрыі ў трохмернай прасторы, вызначаныя ням. мінералогам І.​Геселем (1830), у больш строгай матэм. форме — рус. вучоным А.​В.​Гадаліным (1867). Віды сіметрыі групуюцца ў 7 крышталеграфічных сістэм (сінганій). Найб. сіметрычны від С.к. кожнай сінганіі наз. галаэдрычным. Крышталі аднаго мінералу маюць адзін від сіметрыі і пастаянны вугал паміж дзвюма адпаведнымі гранямі. С.к. вывучае крышталяграфія. З дапамогай С.к. вызначаюць мінералы і іх уласцівасці.

Літ.:

Современная кристаллография. Т. 1. Вайнштейн Б.К. Симметрия кристаллов. Методы структурной кристаллографии. М., 1979;

Егоров-Тисменко Ю.К., Литвинская Г.П., Загальская Ю.Г. Кристаллография. М., 1992.

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЛЯ́ (ад агульнаслав. зем — падлога, ніз),

трэцяя ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Астранамічны знак ♁ або . Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце, блізкай да кругавой (з эксцэнтрысітэтам 0,017) з сярэдняй скорасцю каля 30 км/с. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 149,6 млн. км (1 астр. адзінка), перыяд абарачэння 365,24 сярэдніх сонечных cутак (трапічны год). На сярэдняй адлегласці 384,4 тыс. км ад З. вакол яе абарачаецца прыродны спадарожнік Месяц, а з канца 1950-х г. запушчана шмат штучных спадарожнікаў. З. абарачаецца вакол сваёй восі, якая мае нахіл да плоскасці экліптыкі, роўны 66°33′22″, за 23 гадз 56 мін (зорныя суткі). Перыяд абарачэння адносна Сонца (сонечныя суткі) 24 гадз. З абарачэннем вакол Сонца і нахілам зямной восі звязана змена на З. пораў года, а з вярчэннем яе вакол восі — змена дня і ночы. Мае форму, блізкую да трохвосевага эліпсоіднага сфероіда (геоіда), сярэдні радыус якога 6371 км, экватарыяльны — 6378,2 км, палярны — 6356,8 км; даўж. акружнасці экватара 40 075,7 км. Пл. паверхні З. 510,2 млн. км² (у т. л. суша 149,1 млн. км², або 29,2%, мораў і акіянаў 361,1 млн. км², або 70,8%), аб’ём 1083∙10​12 км³, маса 5976∙10​21 кг, сярэдняя шчыльн. 5518 кг/м³. Беларусь займае 0,139% тэр. сушы (207,6 тыс. км²). Мае гравітацыйнае, магн. і эл. палі. У саставе З. пераважаюць жалеза (34,6%), кісларод (29,5%), крэмній (15,2%) і магній (12,7%). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў, З. ўтварылася каля 4,7 млрд. гадоў назад з рассеянага ў пратасонечнай сістэме газа-пылавога рэчыва. Геал. яе гісторыя падзяляецца на 2 няроўныя этапы: дакембрый (каля 3 млрд. гадоў) і фанеразой (каля 570 млн. гадоў). У выніку дыферэнцыяцыі рэчыва З. пад уздзеяннем яе гравітацыйнага поля, ва ўмовах разагравання нетраў узніклі і развіліся розныя паводле хім. саставу, агрэгатнага стану і фіз. асаблівасцей абалонкі — геасферы З. У цэнтры яе знаходзіцца ядро Зямлі з радыусам 3,5 тыс. км. Т-ра яго прыкладна 5000—6000 °C, ціск дасягае 3,6∙10​11 Па, шчыльн. каля 12500 кг/м³ Большую ч. аб’ёму (83%) і масы (67%) «цвёрдай» З. складае мантыя Зямлі. Над мантыяй знаходзіцца зямная кара. Паводле складу і інш. асаблівасцей адрозніваюць мацерыковую кару (магутнасцю ад 35—45 км пад раўнінамі да 75 км у горных абласцях) і акіянічную (магутнасцю 5—10 км). У зямной кары вылучаюць рухомыя вобласці — геасінкліналі і адносна спакойныя — платформы. Верхняя ч. мантыі і зямная кара ўтвараюць літасферу — цвёрдую верхнюю абалонку З. таўшчынёй ад 50 да 200 км. Асабліва важную ролю ва ўтварэнні асадкавага покрыва З. адыгрывае кара выветрывання — слой таўшчынёй звычайна да некалькіх дзесяткаў метраў, размешчаны ў зоне кантакту літасферы з паверхняй З., дзе актыўна працякаюць працэсы фіз., хім. і біял. выветрывання. Большую ч. паверхні З. пакрываюць воды акіянаў і мораў. У акіянах і морах больш за 96% вады гідрасферы, астатняя яе частка размеркавана паміж паверхневымі і падземнымі водамі сушы, ільдамі (пераважна ў высокіх шыротах) і снягамі; нязначная колькасць вільгаці знаходзіцца ў паветры і жывых арганізмах. Агульная колькасць вады на З. ацэньваецца ў 1,4—1,5 млрд. км³. Сусв. акіян падзяляецца на Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны; у Паўд. паўшар’і зрэдку вылучаюць Паўд. акіян. Сярэдняя глыб. акіянаў 3711 м, найбольшая — 11 022 м (у Марыянскім глыбакаводным жолабе Ціхага ак.). У Паўн. паўшар’і вада пакрывае 61%, у Паўд. — 81% паверхні. Працэсы перамешвання і марскія цячэнні звязваюць воды акіянаў у адзінае цэлае, таму іх салёнасць мяняецца мала — сярэдняя 35 г/л. Вял. роля акіянаў у кругавароце рэчываў на З. і ў фарміраванні клімату яе асобных раёнаў.

Над акіянамі ўзвышаюцца асобныя масівы сушы, якія ўздымаюцца ў сярэднім на выш. 875 м над узр. м. і ўтвараюць 6 мацерыкоў (Еўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Антарктыда і Аўстралія), а таксама шматлікія астравы. Большая ч. сушы знаходзіцца ў Паўн. паўшар’і, а пры падзеле на Зах. і Усх. паўшар’і — ва Усходнім. У рэльефе пераважаюць раўніны і нізкагор’і выш. да 1000 м, якія складаюць каля ​2/3 паверхні. Сярэднія і высокія горы займаюць каля ​1/3 паверхні сушы (самая высокая адзнака — 8848 м, г. Джамалунгма ў Гімалаях). Асобныя невял. ўнутр. раёны сушы ляжаць ніжэй узр. м. (самая нізкая яе адзнака -400 м у Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Мёртвага м.). Рэльеф сушы і марскога дна ў асобных рэгіёнах надзвычай разнастайны, што абумоўлена складанымі ўзаемасувязямі эндагенных (пераважна тэктанічных) і экзагенных (эразійных, эолавых, карставых і інш.) рэльефаўтваральных працэсаў. З. акружае паветр. атмасфера, якая складаецца ў асноўным з сумесі азоту (78,08%) і кіслароду (20,95%); у нязначнай колькасці ёсць інертныя газы, вадзяная пара і інш. Агульная маса паветра 5,1510​15 т, з вышынёй яго ціск і шчыльнасць памяншаюцца. Атмасфера мае слаістую будову (вылучаюць трапасферу, стратасферу, мезасферу, іонасферу, тэрмасферу, экзасферу, якія паслядоўна зменьваюцца ад паверхні З. і адрозніваюцца адна ад адной тэмпературай, шэрагам фіз. і хім. уласцівасцей). Атмасфера затрымлівае значную частку сонечнай энергіі і амаль непразрыстая для цеплавога выпрамянення З.; у выніку наяўнасці ў ёй вуглякіслага газу і вадзяной пары стварае парніковы эфект. Яна таксама ахоўвае паверхню З. ад разбуральнага ўздзеяння большасці метэарытаў. На выш. 20—25 км знаходзіцца азонавы слой (азонасфера), які затрымлівае б. ч. вельмі шкоднага для жывых істот караткахвалевага касм. выпрамянення. Паміж атмасферай і зямной паверхняй адбываецца абмен цяплом і вільгаццю, што выклікае пастаянны кругаварот вады з утварэннем воблакаў (пакрываюць пастаянна не менш ​1/2 паверхні З.) і выпадзеннем ападкаў. Паветра знаходзіцца ў бесперапынным руху; яго цыркуляцыя, абумоўленая пераважна нераўнамерным награваннем паверхні З. ў розных шыротах, моцна ўплывае на надвор’е і клімат розных абласцей. Рэзкая верхняя мяжа атмасферы адсутнічае, шчыльнасць яе газаў на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў ад паверхні паступова набліжаецца да шчыльнасці міжпланетнай прасторы. Самая вонкавая і працяглая абалонка — магнітасфера Зямлі, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем З.; у ёй на выш. 3—4 тыс. км і 22 тыс. км над экватарам знаходзяцца ўнутр. і вонкавы радыяцыйныя паясы З. Асн. крыніцай энергіі, што паступае на паверхню З., з’яўляецца электрамагн. выпрамяненне Сонца, якое праходзіць праз атмасферу. Агульная колькасць сонечнай энергіі і цяпла ў выніку рознага нахілу зямной паверхні да сонечных промняў заканамерна памяншаецца ад тропікаў да полюсаў, што з’яўляецца гал. прычынай кліматычнай і геагр. занальнасці. На зямным шары вылучаюць экватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя, трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы, а таксама субарктычны і арктычны (у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я), субантарктычны і антарктычны (у высокіх шыротах Паўд. паўшар’я), якія адрозніваюцца паміж сабой тэмпературнымі ўмовамі і інш. асаблівасцямі клімату і ландшафтаў. Сярэдняя т-ра прыземнага слоя паветра на планеце 14 °C, у пустынях Паўн. Афрыкі і Каліфорніі адзначаліся максімальныя т-ры 57—58 °C, самыя нізкія т-ры на паверхні З. назіраліся над ледавікамі цэнтр. раёнаў Антарктыды (каля -90 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на зямным шары каля 1000 мм, найб. іх выпадае ў гарах Усх. Індыі і Гавайскіх а-воў (да 12 000 мм за год), найменш — у некат. субтрапічных і трапічных пустынях (некалькі міліметраў, месцамі — не кожны год), а таксама ў ледзяных пустынях высокіх шырот Арктыкі і Антарктыкі (амаль выключна ў цвёрдым выглядзе). Колькасць ападкаў і іх сезонная зменлівасць у розных рэгіёнах З. вызначаюцца ў асноўным умовамі цыркуляцыі атмасферы і мясц. араграфічнымі асаблівасцямі. Клімат З. значна мяняўся ў розныя геал. эпохі. Найважнейшая асаблівасць З., што адрознівае яе ад інш. планет Сонечнай сістэмы, — існаванне жыцця, якое ўзнікла каля 3—3,5 млрд. гадоў назад (ёй садзейнічала наяўнасць на З. фіз. і хім. умоў, неабходных для сінтэзу складаных арган. малекул).

Вобласць актыўнага жыцця ўтварае асобную абалонку З. — біясферу, склад, будова і энергет. працэсы ў якой ў значных рысах абумоўлены дзейнасцю жывых арганізмаў, што ўтвараюць у сукупнасці жывое рэчыва; у біясферы адбываецца біял. кругаварот рэчыва на З. Працяглая гісторыя развіцця біясферы і значныя прасторавыя адрозненні прыродных умоў садзейнічалі вял. разнастайнасці жыццёвых форм. На З. існуе каля 2 млн. відаў жывёл і раслін (па колькасці відаў пераважаюць жывёлы, па аб’ёме біямасы — расліны). Найб. колькасць жывёл і раслін жыве ў цёплых і вільготных раёнах сушы — у вільготных тропіках, найменшая — у сухіх і гарачых трапічных пустынях і ў ледзяных пустынях Арктыкі і Антарктыкі. Біямаса сушы (6,5∙10​12 т) у сотні разоў перавышае біямасу акіянаў. Найб. дыферэнцыраваныя склад і будову ў межах З. мае геаграфічная абалонка, што аб’ядноўвае цесна ўзаемадзейныя ніжнія слаі атмасферы, верхнія тоўшчы літасферы, амаль усю гідрасферу і ўсю біясферу, паміж якімі адбываецца бесперапынны абмен рэчывам і энергіяй. Яе магутнасць не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, але ў яе межах назіраецца вял. дыферэнцыяцыя прыродных ландшафтаў, што асабліва ўзмацняецца ў гарах, дзе на фоне шыротнай занальнасці адзначаюцца праяўленні вышыннай пояснасці. Каля 30% паверхні сушы ўкрываюць лясы, каля 20% — саванны і рэдкалессі, каля 20% — пустыні і паўпустыні, больш як 10% — ледавікі, каля 10% — астатнія матуральныя ландшафты, больш за 10% пад ворнымі землямі і урбанізаванымі тэрыторыямі. Са з’яўленнем чалавека (не менш як 3 млн. гадоў назад) жыццё на З. дасягнула разумнай формы. У ходзе грамадскага развіцця геагр. абалонка дае чалавеку прыродныя рэсурсы і ўмовы існавання, зазнае ўсё большае антрапагеннае ўздзеянне на ўсе кампаненты і на ландшафты ў цэлым; гэтым яна адрозніваецца ад інш. абалонак З. Працэсы ўзаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя, іх экалагічныя, сац., эканам., паліт. вынікі набываюць планетарны характар. Ад вырашэння праблем, якія ўзніклі ў ходзе гэтага ўзаемадзеяння, залежыць будучае З. і чалавецтва. З. вывучаюць геадэзія (даследуе фігуру і памеры З.), астраномія (рух З. як нябеснага цела), геафізіка (стан рэчыва З. і фіз. працэсы ва ўсіх геасферах), геахімія (размеркаванне хім. элементаў З. і працэсы іх міграцыі), геалогія (гісторыю развіцця З., склад, будову зямной кары і больш глыбокіх сфер), фізічная геаграфія і біялогія (прыродныя працэсы і з’явы, што адбываюцца ў геагр. абалонцы і біясферы). З. з’яўляецца канчатковым аб’ектам даследавання ўсіх навук, якія вывучаюць законы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства. На З. знаходзіцца 191 дзяржава і шэраг несамастойных тэрыторый (1997).

Літ.:

Мильков Ф.Н. Общее землеведение. М., 1990.

В.​П.​Якушка.

Да арт. Зямля. Выгляд Зямлі з космасу. Бачны Афрыка, частка Антарктыды, Аравійскі паўвостраў.
Да арт. Зямля. Касмічны здымак паўднёва-заходняй часткі Гімалаяў.
Да арт. Зямля. Частка рэльефнай карты дна Ціхага акіяна.

т. 7, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)