санітарна-проціэпідэмічная ўстанова, якая ажыццяўляе сістэму мер па знішчэнні ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб чалавека і жывёл. Праводзіць прафілакт. і проціэпідэмічную дэзінфекцыю, эвакуацыю інфекц. хворых і падазроных на гэтыя хваробы, сан. апрацоўку людзей, якія былі ў кантакце з інфекц. хворымі. Ажыццяўляе кантроль за станам дэзінфекц. тэхнікі і правядзеннем штодзённай дэзінфекцыі лячэбна-прафілакт. ўстановамі і інш. На Беларусі першая Д.с. адкрыта ў 1939 у Мінску. У 1997 дзейнічаюць 3 Д.с. Асн. структурныя аддзяленні Д.с.: эвакуацыі інфекц. хворых і ачаговай дэзінфекцыі; камернай дэзінфекцыі і сан. апрацоўкі; прафілакт. дэзінфекцыі; лабараторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНТЫ́КУЛЫ (ад лац. denticulus зубец),
зубчыкі, сухарыкі, у класічнай архітэктуры рад невял. дэкар. выступаў на карнізе ў іанічным карынфскім і адным з варыянтаў рымска-дарычнага ордэраў (гл.Ордэр архітэктурны). Правобраз іх — рады тарцоў бэлек-брусоў, што перакрывалі порцік у арх. збудаваннях Стараж. Грэцыі. На Беларусі Д. выкарыстоўвалі як дэкор у культавай і грамадз. архітэктуры сярэдзіны 18—19 ст. (Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, жылыя дамы ў Мінску, Гродне, палац у в. Сноў Нясвіжскага р-на і інш.). Былі пашыраны ў архітэктуры 1950-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСО́ЎЕЎСКІ СКАРБ,
манетны скарб, знойдзены ў 1974 у в. Засоўе Лагойскага р-на. Схаваны не пазней 1608. Складаўся з 741 сярэбранай, 8 залатых і 5 фальшывых манет. Асн. частка З.с. — трохграшовікі часоў Стафана Баторыя (61 экз.), трохграшовікі (598) і шасціграшовікі (31) Жыгімонта III Вазы. У скарбе былі контрамаркіраваныя паўталеры Іспаніі Карла I і Філіпа II, манеты герцагства Браўншвейг-Вольфенбютэль, Венгрыі, Германскай імперыі, Іспаніі, Іспанскіх Нідэрландаў, эрцгерцагства Карынтыя, герцагства Курляндыя, курфюрства Саксонія, Злучаных правінцый, герцагства Цешын, княства Трансільванія, Чэхіі, Турцыі. Скарб зберагаецца ў Нумізматычным кабінеце БДУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД НАСТА́ЎНІКАЎ МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ 1906.
Адбыўся нелегальна 9—10(22—23).7.1906 у в. Мікалаеўшчына Мінскага пав. Прысутнічала 16 чал. Адзін з арганізатараў з’езда К.М.Міцкевіч (Я.Колас). З’езд абраў часовае бюро, прыняў рэзалюцыю аб стварэнні настаўніцкага саюза. Адозва з’езда заклікала працаўнікоў школы змагацца за свае сац., нац. і прафес. правы, за ліквідацыю царскага самаўладдзя. Паліцыя арыштавала ўсіх удзельнікаў з’езда, яны былі пазбаўлены пасад і больш за 2 гады знаходзіліся пад следствам. Часовае бюро працягвала дзейнасць нелегальна.
Літ.:
З жыццяпісу Якуба Коласа: Дак. і матэрыялы. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 2 ½»,
пашыраная назва Міжнар. рабочага аб’яднання сацыяліст. партый (ці Венскага інтэрнацыянала), якое існавала ў 1921—23. Створаны на міжнар. канферэнцыі ў Вене (22—27.2.1921). Аб’ядноўваў партыі і групы т.зв. «цэнтрысцкага» кірунку, якія парвалі з «правым» «апартуністычным» Бернскім інтэрнацыяналам і не далучыліся да «левага» Камуністычнага Інтэрнацыянала. У ім былі прадстаўлены партыі і групы з многіх краін Еўропы і ЗША, а таксама рас. меншавікі і эсэры. Не маючы трывалай ідэйнай асновы, паступова перайшоў на пазіцыі Бернскага інтэрнацыянала, з якім у маі 1923 зліўся ў Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАЕ́ДЗІЦА,
старадаўняе бел. свята язычніцкага паходжання, водгалас пакланення мядзведзю. Звязана з татэмізмам. Спраўлялі ў пач. вясны, калі заканчвалася спячка мядзведзя і ён вылазіў з бярлогі. На К. гатавалі камы (адсюль і назва), сушаны рэпнік, аўсяны кісель, якія лічыліся любімай ежай мядзведзя і былі абрадавымі стравамі святочнага абеду; пасля сяляне клаліся на палаці і пераварочваліся з боку на бок, імітуючы звычкі мядзведзя. У 19 ст. К. адзначалі ў сакавіку перад Дабравешчаннем; паступова страціла першапачатковы сэнс і стала традыц. забавай. У канцы 19 ст. знікла з побыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКІСТАДО́РЫ (ад ісп. conquistador заваёўнік),
іспанцы (збяднелыя дваране, наёмныя салдаты, часам крымін. злачынцы), якія заваёўвалі тэрыторыі ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ў канцы 15—16 ст. Паходы (экспедыцыі) К. суправаджаліся вынішчэннем і занявольваннем індзейскіх плямён і народаў, рабаваннямі і інш. гвалтоўнымі і прымусовымі дзеяннямі. Частку здабычы камандзіры К. адпраўлялі ісп. каралю, ад якога атрымлівалі вял. прывілеі аж да права самастойна кіраваць заваяванымі землямі. Найб. вядомымі кіраўнікамі К. былі П. дэ Вальдывія, Э.Картэс, Ф.Пісара і інш.
Літ.:
Олива де Коль Х. Сопротивление индейцев испанским конкистадорам: Пер. с исп. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́-ТЭПЕ́,
узгорак каля г. Кадырлі (Турцыя), дзе былі адкрыты руіны горада 9—7 ст. да н. э. У выніку раскопак, якія вяліся з 1947, выяўлены 2 брамы і часткова палац. Брамы ўпрыгожаны каменнымі рэльефамі з выявамі розных сцэн: рытуальных, палявання, марской бітвы, музы́каў і інш. Рэльефы характэрны для навахецкага мастацтва. Знойдзены іерагліфічны надпіс (8 ст. да н. э.) на хецкай і ханаанскай мовах, якія дазваляюць меркаваць, што К.-Т. ўваходзіў у склад дзяржавы данунітаў, якая ў пач. 1-га тыс. да н. э. падначаліла хецкія пасяленні на ПдУ М. Азіі.
украінскі ваен. і дзярж. дзеяч. Пры гетмане Мазепе на вышэйшых пасадах у Гетманскім урадзе: ген. пісар (1687—99), ген. суддзя (1699—1708). Удзельнік Азоўскіх паходаў (1695—96). Паведаміў Пятру I пра тайныя перагаворы Мазепы са швед. каралём Карлам XII і польскім каралём Станіславам Ляшчынскім. Уцёк у Расію, але Пётр I, давяраючы гетману, выдаў яго Мазепе разам з палк. І.І.Іскрай. Пасля катаванняў пакараны смерцю. Калі стала вядома аб здрадзе Мазепы, К. і Іскра былі пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕРУ́ХІІ (грэч. klēruchiai ад klēros зямельны надзел + echō валодаю),
ваенна-земляробчыя пасяленні ў Стараж. Грэцыі. Засноўваліся буйнымі полісамі на тэр. падначаленых ці саюзных дзяржаў для ваен.-паліт. кантролю над імі, а таксама для надзялення зямлёй (за абавязак несці ваен. службу) беззямельных грамадзян. Найб. колькасць К. стваралася афінянамі, асабліва ў час існавання Дэласкага саюза (каля 478—404 да н.э.), іх жыхары заставаліся афінскімі грамадзянамі. К. выклікалі незадавальненне саюзнікаў і да часу стварэння Другога Афінскага марскога саюза (378/77 да н.э.) афіняне былі вымушаны ад іх адмовіцца.